Артэфакты+

№ 1 (358) 01.01.2013 - 31.01.2013 г

Падзеі і тэндэнцыі

Нам — 30!

Людміла Грамыка

Мала хто памятае: «Мастацтва Беларусі» — вынік плённых намаганняў творчай інтэлігенцыі БССР. Перад тым як часопіс быў заснаваны, ініцыятарам давялося доўга даводзіць у высокіх кабінетах ЦК КПСС, што ён жыццёва неабходны. А як жа інакш — мастацтва ў рэспубліцы ёсць! Часопіс быў створаны як тыповы, на той час у многіх рэспубліках былога СССР існавалі падобныя выданні. Пад адной вокладкай — аналітычныя артыкулы: тэатр, музыка, кіно, эстэтыка, народная творчасць... Чорна-белы друк на слонімскай мелоўцы з дзвюма каляровымі ўклейкамі — выключна для выяўленчага мастацтва. Меркавалі, пачатковы тыраж будзе прыкладна 10 000. З гэтым памыліліся. На першым нумары «Мастацтва Беларусі» больш сціплая лічба — 2156. З астатнім атрымалася выдатна.

Памятаю, адно з першых інтэрв’ю на кватэры Уладзіміра Караткевіча. І ягоны ўсхваляваны голас у суседнім пакоі: «Новы часопіс. Аддалі маладым». Так і было. Сярод першых юбілеяў у рэдакцыі найчасцей адзначалі трыццацігоддзе...

А потым трыццаць гадоў запар часопіс змяняўся разам з намі. Міналі эпохі, але нават цяпер: перагортваеш старонкі — і паўстаюць адметныя вобразы, абліччы, прымушаюць задумацца важкія словы. 357 кніжак. Ілюстраваная энцыклапедыя сучаснага мастацкага жыцця. Праверана часам. Рэдакцыя не абмінула ніводнай значнай падзеі, ніводнай знакавай асобы. Зараз падобныя выданні называюць аналагавымі. Хуткаплынны інтэрнэт выкідвае ў сваё зменлівае поле шмат інфармацыі, якая неўзабаве сціраецца з памяці. На старонках «Мастацтва» ўсё па-ранейшаму захоўваецца назаўжды. Можна не толькі прачытаць, адкласці ў архіў, а яшчэ і ўбачыць — праілюстраванае якаснымі фотаздымкамі. Такую падрабязную і руплівую працу цяпер амаль што ніхто не робіць. Яна — на нашых старонках.

Першы нумар «Мастацтва» за 2013 год — юбілейны. І мы змяняем фармат. З’явіліся новыя рубрыкі, стасункі з творчымі асобамі становяцца больш трывалымі. Рэдакцыі важна не толькі распавесці, але і наладзіць адкрыты дыялог з самімі творцамі. З надзеяй — у будучыню.

ПАДЗЕЯ

ІII Міжнародны калядны оперны форум, які ладзіць Нацыянальны тэатр оперы і балета, мае велізарны рэзананс і ў краіне, і за яе межамі. Сёлета да нас прыехалі салісты з 15 краін, крытыкі і музыказнаўцы з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Непадробную цікавасць выклікалі ўсе паказы форуму. І кожны раз на гэта меліся прычыны. «Сівой легендай» Дзмітрыя Смольскага, нацыянальнай операй, якіх заўжды мала ў рэпертуары кожнага калектыву, адкрываўся фэст. У вядучых партыях «Яўгенія Анегіна» і «Князя Ігара», дзвюх нядаўніх нашых прэм’ер, выступалі запрошаныя салісты. У першым — прадстаўнікі Акадэміі маладых спевакоў Марыінкі, у другім — салісты Вялікага тэатра Расіі. Высокі градус чаканняў і сапраўды ажыятажны інтарэс суправаджаў пяцігадзінны спектакль «Зігфрыд» Рыхарда Вагнера ў інтэрпрэтацыі Сафійскага тэатра оперы і балета. «Зігфрыд» уваходзіць у славутую тэтралогію «Кальцо нібелунга» і ніколі не гучаў у Мінску.

Адметнай падзеяй Каляднага форуму і яго «разынкай» сталася правядзенне «Competizione dell’Opera», сусветна знакамітага конкурсу выканаўцаў італьянскай оперы. Ён існуе 16 гадоў, з 2001-га ладзіўся ў Дрэздэне, у 2011-м яго паўфінал і фінал адбыліся на сцэне Вялікага тэатра Расіі. Напрыканцы 2012 года конкурс завітаў у Мінск (шкада, што такая падзея сталася эксклюзіўнай і адбылася толькі аднойчы!). У якасці сяброў журы да нас прыехалі славутыя спевакі з многіх краін, мастацкія кіраўнікі праслаўленых оперных тэатраў свету. Мо, справа ў тым, што Мінск паступова становіцца адным з прызнаных оперных цэнтраў Еўропы?

Т.М.

МАСТАЦТВА ДЛЯ «МАСТАЦТВА»

Добрыя ідэі прыходзяць нечакана. Так з’явілася думка размясціць на вокладках часопіса «Мастацтва» работы на сугучную з яго назвай тэму. То-бок дванаццаць творцаў у дванаццаці нумарах 2013 года прадставяць сваё бачанне мастацтва. Што гэта — сродак камунікацыі, самавыяўлення ці шлях уласнага развіцця? Спосаб баўлення часу, натхненне ці насланнё? Такія простыя вызначэнні з візуальных аповедаў, канешне ж, не прачытаюцца. Верагодна, нешта варта будзе выказаць словамі, таму просім ад аўтараў тэкставых тлумачэнняў задум сваіх прац.

Дванаццаць твораў сфарміруюць умоўную экспазіцыю, у якой праз розныя сродкі выяўлення, у розных тэхніках і матэрыялах увасобяцца і будуць суіснаваць аўтарскія развагі над няпростай тэмай.

Першую вокладку займае фрагмент беларуска-польскага праекта Валянціны Шобы і Збігнева Цярэпкі. Так выпадкова атрымалася, што вектар іх сённяшняга пошуку супадае з нашай ідэяй, і такім чынам адзін з твораў праекта, які яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы, трапляе на старонку студзеньскага нумара. Вось што распавядаюць аўтары пра сэнс і значэнне іх уласнай апантанай дзейнасці:

— Для нас мастацтва — гэта жыццё, якое ўтварылася па волі 
Божай, і менавіта таму за аснову графічнай працы ўзята работа Orazio Gentileschi пад назвай «Благавешчанне», што азначае тайну зараджэння нечага новага — твора ці жыцця. Асноўнай ідэяй сумеснага польска-беларускага праекта з’яўляецца роздум над тым, што магло ўтварыцца ў прасторы, якая падзяляе Дзеву Марыю і архангела — носьбіта добрай весткі. І што гэта за вестка?.. Мажліва, магло быць мноства іншых навін, здольных змяніць існаванне. Наш роздум доўжыцца
ў гэтым кірунку...

АДНЫМ СКАЗАМ

Акрэсліваем сімптаматыку сучаснага мастацтва: «Што вас засмучае 
ў нашым арт-працэсе?»

Наталля Руднева, народная артыстка Беларусі, кіраўнік стажорскай групы Нацыянальнага тэатра оперы і балета:

— Маладыя артысты, якія прыходзяць у тэатр, занадта задаволены жыццём і сабой, таму не імкнуцца шмат працаваць.

Алена Таболіч, салістка оперы:

— Засмучае імкненне любой цаной «асучасніць» класічную оперу падчас яе новай пастаноўкі.

Міхаіл Жданоўскі, кінарэжысёр, кіраўнік майстэрні дакументальнага кіно ў Беларускай акадэміі мастацтваў, прафесар:

— Наш час зрабіў усіх роўнымі, лідары чамусьці не з’яўляюцца і духоўнае асяроддзе таленты не спараджае.

Кацярына Махава, кінарэжысёр:

— Не хапае зваротнай сувязі, вельмі вузкае кола гледачоў цікавіцца дакументальнымі стужкамі.

Леанід Хобатаў, мастак, намеснік старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці:

— Нашаму мастаку вельмі складана «ўпісацца» ў сусветную арт-прастору, трэба прыкладаць надзвычай шмат намаганняў, 
калі рабіць гэта самастойна, без падтрымкі мясцовых структур.

Мікалай Бялько, мастак:

— У нашым мастацкім жыцці — гэта тычыцца і творцаў, і арт-інстытуцый — назіраецца свайго роду кланавасць, самаізаляцыя, 
няма ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва; яшчэ турбуе адсутнасць сур’ёзнай куратарскай дзейнасці.

Генадзь Аўсяннікаў, народны артыст СССР, акцёр Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы:

— Легкадумнасць і легкаважнасць спектакляў драматычных тэатраў, увасобленых як суцэльнае сцэнічнае шоу.

Эмілія Пранскутэ, актрыса Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага:

— Відавочная страта педагогікі і тэатральнай школы.

ЧАМУ?

«Мастацтва» звяртаецца да рэжысёраў, акцёраў, музыкаў з пытаннямі, якія ў дадзены момант «лунаюць у паветры», небеспадстаўна хвалююць прафесійную супольнасць. Мяркуем, шчыры адказ здатны дапамагчы адэкватнаму ўспрыманню любой сітуацыі.

Гэтым разам наш карэспандэнт сустрэўся з мастацкім кіраўніком 
Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандрам Гарцуевым.

Чаму вы, заняўшы пасаду мастацкага кіраўніка РТБД, для першай пастаноўкі абралі п’есу Андрэя Курэйчыка «Тры Жызэлі», якую некалькі гадоў таму ўвасобілі на сцэне Новага драматычнага тэатра?

— Я вырашаў адразу некалькі задач. Патрэбна была п’еса, каб пазнаёміцца з трупай: у спектаклі заняты амаль усе акцёры РТБД. У сваю чаргу, акцёрам неабходна было пазнаёміцца са мной, з маім спосабам рэпетыцый. Вопыт пастаноўкі «Трох Жызэляў» у Новым драматычным сведчыць, што п’еса можа выклікаць у публікі цікавасць. Таму, думаю, мне ўдасца прыцягнуць глядацкую ўвагу і заявіць сваю праграму надалей. Наступным будзе «Раскіданае гняздо», потым — «Прымакі». Гэтыя творы — усе разам: сучасная драма, класічная трагедыя і камедыя — 
і пацвярджаюць рознаскіраванасць маіх падыходаў і разнажанравасць зацікаўленняў.

КНІГА СКАРГАЎ

Адкрываем свой «тэлефон даверу»: на нашых старонках кожны можа 
паскардзіцца на нястачу грошай, творчы крызіс ды іншыя перашкоды, што стаяць на шляху да таленавітага выказвання.

Рыгор Сітніца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў:

— Найбольшай праблемай Беларускага саюза мастакоў па-ранейшаму з’яўляецца непамерна высокая плата, якая спаганяецца з творцаў за іх рабочыя месцы — майстэрні. Асабліва гэтая праблема абвастраецца ў зімовы перыяд, калі мастакі вымушаныя плаціць за цяпло ў сваіх майстэрнях па тарыфах, якія сёння роўныя тарыфам для прамысловых прадпрыемстваў. Гэта прыводзіць да таго, што сума, неабходная для аплаты працоўнага памяшкання, часта значна перавышае пенсію альбо месячны заробак мастака.

Дадайце да гэтага гіпертрафаваныя цэны на мастацкія матэрыялы і паслугі, і стане зразумела, што існаванне такой прафесіі, як мастак, знаходзіцца пад пагрозай.

На вялікі жаль, гэтая вострая праблема не знаходзіць належнай увагі ва ўладных кабінетах: усе нашы намаганні і шматразовыя звароты ў розныя дзяржаўныя інстанцыі пакуль не прынеслі ніякіх пазітыўных вынікаў. Больш за тое, у адказ на просьбы публічна было заяўлена, што мастакі, якія не здатныя сябе ўтрымліваць, павінны падумаць, ці тым яны ў жыцці займаюцца.

З гэтага вынікае, што большасць мастакоў, асабліва народныя і заслужаныя, займаюцца не той справаю.

Як кажуць — злазьма, прыехалі.

Аднак жа надзея памірае апошняю, і мы спадзяемся, што дзяржаўнае кіраўніцтва ў рэшце рэшт зверне ўвагу на нашы праблемы і дапаможа нацыянальнаму мастацтву выжыць.

НАД ЧЫМ ПРАЦУЕЦЕ?

Сярод самых захапляльных рэчаў — зазірнуць за заслону, 
убачыць жывапісца за мальбертам або пабываць на здымках фільма — то-бок асэнсаваць працэс, вынік якога — твор. Таму пытанне пра 
планы мы будзем няспынна задаваць усім крэатыўным асобам.

Уладзімір Кандрусевіч, кампазітар:

— Новая партытура, над якой заканчваю працу, мае назву «Каханне і карона». Галоўныя героі — Ягайла, вялікі князь літоўскі і кароль польскі, і Соф’я Гальшанская, у будучым польская каралева.

Па жанры мусіць атрымацца або мюзікл, або опера-фэнтэзі. Гістарычная тэма дае прастор для ўяўлення, бо там ёсць і яркія, каларытныя характары, і вострыя канфлікты. Дастаткова доўга шукаў лібрэтыста, у выніку ім зрабілася Алена Турава. Частку вершаў напісаў сам. Над партытурай працаваў некалькі гадоў. Яна разлічана на сімфанічны аркестр, але выкарыстаны народныя і сучасныя інструменты (гітара, бас-гітара, сінтэзатар). Мяркуецца, што ў творчую каманду ўвойдуць дырыжор Юрый Галяс, рэжысёр Міхаіл Кавальчык, сцэнограф Барыс Герлаван, балетмайстар Уладзімір Іваноў.

Мастацкі кіраўнік Беларускага музычнага тэатра Адам Мурзіч пацвердзіў, што калектыў цяпер актыўна заняты працай над будучым спектаклем і плануе прэм’ерай «Кахання і кароны» закрыць свой сезон.

Арт-практыкі

«Родчанка 120»
Плакатная акцыя 
10-га Міжнароднага біенале 
графічнага дызайну «Залатая пчала»
Куратары Сяргей Сяроў, 
Анастасія Кулажэнка
Галерэя TUT.BY

«Што для вас Родчанка?» Дваццаць прафесійных графікаў натхніліся асобай авангардыста-канструктывіста, які аказаў каласальны ўплыў на развіццё сусветнага дызайну, і адказалі на гэта пытанне. У працах мільгае чорна-белая постаць Аляксандра Родчанкі з люлькай у роце, абыгрываецца яго двайны фотапартрэт. Эркен Тагараў складвае гіпнатычныя 3D-узоры з фатаграфіі Родчанкі «Лесвіца» (1930), у выніку яго твор набывае аб’ём, пульсуе і трымціць.

Родчанку называюць прадвеснікам сучаснага мастацтва рэкламы. Але калі плакаты ад тандэма Маякоўскі — Родчанка былі зброяй у барацьбе з рынкам, цяперашняя рэклама служыць развіццю рынкавых адносін. Ігар Гуровіч спрабуе прымірыць гэтыя падыходы, аб’ядноўваючы выявы Мікі Маўса (найяскравейшы маскульт) і чырвона-зялёнага чалавечка з рэкламы гумовага трэста. Гібрыд атрымаўся жудасны, але сімпатычны.

Андрэй Шалюта параўноўвае Родчанку з Чэ Геварам («rodCHEnko si»: маўляў, скажам «так!» справе вялікага дызайнера-канструктывіста). Яму іранічна пярэчыць Уладзімір Чайка, што выставіў павялічаную фатаграфію вітрыны паштовага аддзялення: яе запаланілі пярэстыя віншавальныя паштоўкі «з ружачкамі», а на цэнніку пазначана — «Рускі дызайн». Пётр Банкоў увогуле настроены песімістычна: айчынная візуальная культура — гэта дрэва, усе галіны яго, пазначаныя літарамі з прозвішча Родчанкі, адсечаны; ацалеў адзін кволы парастак, які пакідае нейкую надзею.

Алена Каваленка.

Аляксандра Чарняўская, Ганна Панэк
«Бяссонніца»
Музей сучаснага 
выяўленчага мастацтва

...Пачынаючы новы праект, польскія мастачкі Ганна Панэк і Аляксандра Чарняўская «always do a research»: распрацоўваюць тэму, збіраюць матэрыял, вывучаюць месца будучай экспазіцыі — бо іх выставы заўсёды звязаны з горадам, у якім адбываюцца. Асацыяцыя для Мінска абрана нечаканая — бяссонніца. Разгадка — у «Малой падарожнай кніжцы па Горадзе Сонца» Артура Клінава, якую мастачкі чыталі, рыхтуючы свой праект: у Сонечным Горадзе Мрояў цякла рака Няміга, назва якой у перакладзе з мовы старажытных балтаў азначае «бяссонніца». Кругазварот парушаных станаў свядомасці, галавакружэнне, страх, адзінота... Назва выставы — «Бяссонніца» — стала пунктам адліку, праз які тэма развіваецца ў розных напрамках.

Інспіратары Аляксандры Чарняўскай — яе сям’я, а таксама лес, з якім мастачку звязваюць моцныя эмацыянальныя ўспаміны. Асноўны прынцып працы: размясціць стары фотаздымак з сямейнага альбома ў прасторы, якая з гэтым здымкам асацыюецца. Яе творы — на мяжы з прымітывам, ёсць у іх штосьці падазрона аматарскае, блізкае да вучнёўскага капіравання, але сама мастачка тлумачыць: тое адмысловы прыём. Наратывы Чарняўскай укладаюцца ў твор з дапамогай сімультанізму. Героі яе палотнаў праступаюць праз сон, нібы ўспаміны.

Ганна Панэк займаецца жывапісам і малюнкам, эксперыментуе з прасторай. Яе «фірмовыя» працы — вялікага фармату: мастачка распісвае ўнутраныя сцены галерэй. На выставе ў Мінску мастачка прадставіла фатаграфічныя работы — чорна-белыя сонныя «Партрэты», якія перагукаліся з чорна-белымі жывапіснымі «Партрэтамі» Чарняўскай, і цыкл «Абстрактная кампазіцыя з небам».

Алена Каваленка.

«Terra Nova»
Фестываль лічбавага мастацтва
Куратар Фёдар Ястраб
Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Традыцыйна ў конкурснай праграме пяць намінацый — адпаведна жанрам прадстаўленых работ, а па-за конкурсам ладзіцца прагляд стужак фіналістаў форуму альтэрнатыўнага кіно «КінаVarka 2012».

У агульнай плыні творчасці гасцей і ўдзельнікаў чацвёртай «Terra Novа» можна вызначыць дзве цікавыя тэндэнцыі: наяўнасць нестандартных рашэнняў у плане зместу і свядомы зварот аўтараў да нацыянальных культурных каштоўнасцей.

З праграмы форуму «КінаVarka» прыкметна вылучылася стужка маладога рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага «To Ruth». Актуальнасць праблематыкі фільма не пакідае сумненняў — ён распавядае пра сіндром «хікікаморы» — самаізаляцыю чалавека ў грамадстве, звязаную з яго сыходам у віртуальны свет.

Надзвычай моцны блок айчыннай анімацыі. Мультфільм Міхаіла Тумелі «Як служыў жа я ў пана», створаны па матывах беларускай народнай песні, распавядае пра лёс «тутэйшага» чалавека, а вобразная мова стужкі вытрымана ў стылістыцы традыцыйнай выцінанкі.

У намінацыі «Відэаарт» звярнуў на сябе ўвагу фільм Вольгі Сазыкінай «Дыялогі», які нібы заклікае да размовы прадстаўнікоў айчыннай арт-сцэны. Аўтар паказвае буйным планам рукі і жэсты людзей, што стаяць на розных жыццёвых і эстэтычных пазіцыях, і тым самым выяўляе іх узаемаадносіны.

У намінацыі «Рэкламны ролік» запомнілася серыя сацыяльнай рэкламы Наталлі Будыхінай «Бацькі і дзеці», якая, наперакор усталяванай завядзёнцы, выступае супраць празмернай апекі і навязвання дзецям будучай прафесіі паводле меркавання дарослых.

Алесь Сухадолаў.

Арт-срыжаванні

«У вечнай вандроўцы» Выстава, што праходзіла ў дзюсельдорфскай галерэі Канцэрна E.ON, аб’яднала 18 творцаў. Крытэрыем адбору ў экспазіцыю сталі два фактары — рускамоўнасць і краіна пражывання (Германія). З беларускіх творцаў удзельнічалі Глеб Шутаў, Ягор Галуза, Жанна Грак і Максім Вакульчык. Ды і куратар Марына Снайдэр нарадзілася ў Віцебску. Жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура і відэа — творчы пошук перасягае любыя межы, а месцы нараджэння і пражывання становяцца для мастака даволі ўмоўнымі кропкамі адліку.

Асаблівую ўвагу на дзюсельдорфскай выставе прыцягнула візуальнае даследаванне Глеба Шутава «Ubereinstimmend». Каб стварыць аналітычную карціну творчасці нейкага майстра, Глеб накладае некалькі дзясяткаў яго прац адна на адну. Вынік — адзін твор, у якім характар каларыту і ўпадабаныя кампазіцыйныя схемы вялікіх мастакоў выяўляюць сябе ў напаўабстрактнай выяве.

«-o-l-o-g-y» Выстава, якая адбылася ў Амстэрдаме, — вынік канцэптуальнага праекта Адрыэля ван Дрымелена і Максіма Тымінько. У ёй прынялі ўдзел каля шасцідзесяці творцаў, у тым ліку і беларускіх.

«-o-l-o-g-y» — гэта анлайн-анкета, адказы на якую і сталі складнікам выставы. Пытанні тычыліся ўласнай мастацкай практыкі творцаў. На думку арганізатараў, даследаванне можа прадставіць канцэптуальны аналіз сучаснага мастацтва ў дадзены адрэзак часу.

Беларуска-літоўскі праект «Карані» Першы паказ выставы адбыўся ў сталіцы Літвы, потым экспазіцыю пабачылі ў Гомелі і Мінску. У праекце бралі ўдзел па 15 мастакоў з беларускага і літоўскага бакоў. І калі ў Вільнюсе творцаў раздзялілі па нацыянальнай прыкмеце і размясцілі ў розных залах, то на выставе ў Мінску работы выстаўляліся ўпярэмешку і гучалі эфектным міжнацыянальным шматгалоссем.

«Лес — гэта колер, паветра, месца, дзе людзі са старажытных часоў знаходзілі сабе ежу, дровы, матэрыял для жытла. Але ў лесе схаваны казкі, наш фальклор, традыцыі, генетыка, — кажа куратар Таццяна Бембель. — Лес прасякнуты міфамі...» Сапраўды, на выставе асаблівае месца займала магія — тое, што называецца лясным чарадзействам: у такіх лясах друіды песцяць аднарогаў, а рыцары б’юцца з драконамі пад святлом зеленаватай поўні. Сакральнае месца, запаветнае месца, куды чалавек павінен заходзіць асцярожна, з павагай, схіліўшы галаву, нібы ў храм, а то падхопяць яго лясныя нячысцікі, што паціраюць далонькі на афортах Валерыя Славука, — і памінай як звалі.

Алена Каваленка.

«Мір. Любоў. Прыгажосць. Бясконцасць» — гэта работа Віктара Ціханава насамрэч мае тры сотні аўтараў: наведвальнікам сваёй майстэрні творца прапаноўваў узяць у рукі пэндзаль і намаляваць на карціне некалькі каляровых кропак. Фінальныя мазкі былі пакладзены падчас акцыі «У колеру ёсць душа» ў Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта акцыя — толькі адна з шэрагу рэаліці-экшэнаў, што праходзілі ў рамках гульні «Музейныя лабірынты». 10 сталічных музеяў распрацавалі ўнікальныя маршруты з пытаннямі і заданнямі па экспазіцыях для сямейных каманд і суполак сяброў.

Алена Каваленка.

«Шлях», Персанальная выстава 
Анатоля Кузняцова,
Палац мастацтва

Сам Анатоль Кузняцоў называе свой жывапіс беспрадметным ці нефігуратыўным. Можна вызначыць яго як неміметычны ці абстрактны (хоць з апошнім тэрмінам мастак рашуча не згодны). Але сутнасць не ў тонкасцях тэрміналогіі. Яркая своеасаблівасць работ Анатоля Кузняцова ў складанасці тэхнікі, незвычайнай колькасці дэталей, шматстайнасці сюжэтаў яго карцін, фантастычнай працаздольнасці. Натуральна, хочацца разгадаць таямніцу ўздзеяння гэтага жывапісу, расшыфраваць яго эзатэрычную мову.

Жыццё душы з яе неверагоднай зменлівасцю, складанасцю і непрадказальнасцю найлепшым чынам выяўляецца ў музыцы. Фарбы і лініі абстрактнага жывапісу суадносныя з гукамі музыкі: змест твора і таго і другога мастацтва немагчыма перакласці на мову звыклую ці навуковую. Найбольш сугучныя творчасці Кузняцова мадэрністы Шонберг, Пендэрэцкі, Шнітке, Губайдуліна, Веберн, Айвз. Сам мастак, адказваючы на пытанні гледачоў, раіў ім не разважаць, а ўключыць уяўленне, даць волю эмоцыі — і тады прыхаваная сутнасць жывапісу, яго «дхвані-раса» раскрыецца сама сабой.

Л. Міронава.

Тэатр

«Чароўныя пярсцёнкі Альманзора» па п’есе Тамары Габэ на сцэне Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага паставіў Сяргей Кавальчык. Прэм’ера адбылася напярэдадні Новага года і сталася добрым падарункам малодшым школьнікам падчас зімовых канікул. Спектаклі для дзяцей, некалі абавязковыя для ўсіх і кожнага, цяпер займаюць не надта пачэснае месца ў рэпертуарных афішах. Прынамсі, колькасць іх ва ўсіх сцэнічных калектывах прыкметна паменшылася. Ды толькі Сяргей Кавальчык падышоў да гэтай праблемы з заўважнай адказнасцю. «Я паўгода патраціў на тое, каб у тэатры не вымаўлялі словы “дзіцячая казка”, — распавёў галоўны рэжысёр. — Гэта спроба размаўляць з маленькімі гледачамі сродкамі драматычнага тэатра». У «Чароўных пярсцёнках Альманзора» заняты лепшыя акцёрскія сілы. Сярод выканаўцаў — Аляксандр Ткачонак, Вераніка Пляшкевіч, Уладзімір Шэлестаў, Руслан Чарнецкі, Валерый Шушкевіч. Штучны казачны свет, які бадай што здатны выклікаць настальгію ў бацькоў сённяшніх падлеткаў, узнавіла Ала Сарокіна. Асабліва кідаюцца ў вочы плоскія абрысы дрэў з бліскаўкамі на лістах, сінтэтычны мох вакол фантана і заднікі з пакамячанай тканіны. Акцёры насамрэч іграюць і думаюць па-сапраўднаму. Наіўнай і чыстай прынцэсе Апрэліі (Вераніка Пляшкевіч) супрацьстаіць прагная і зласлівая прынцэса Аўгуста (Алена Стацэнка). Яны такія розныя і такім чынам ідэйна запраграмаваныя, што маленькім гледачам толькі і застаецца — палюбіць адну і зненавідзець другую. Зрэшты, у такіх спектаклях своеасаблівыя высновы-падказкі проста непазбежныя. Ва ўсіх хітраспляценнях сюжэта абавязкова прыхаваны маральны ўрок. Дабро, шчырасць і каханне перамагаюць. Не думаю, што сёння хтосьці пачне аспрэчваць карыснасць падобных вітамінных ін’екцый. Праўда, пытанне: ці неабходна пры гэтым ужываць сучасную сцэнічную мову і ўсялякую віртуальную лічбавую атрыбутыку? — застаецца адкрытым. Ды толькі дабро — яно і ў Афрыцы дабро. Л.Г.

Нацыянальны тэатр імя М.Горкага адзначыў сваё 80-годдзе. Як заўсёды, на юбілейнай вечарыне найперш ушаноўваліся лепшыя. Словы ад карыфеяў — Барыса Луцэнкі, Вольгі Клебановіч, Бэлы Масумян, Аляксандра Ткачонка, Расціслава Янкоўскага — хоць і падаліся загадзя адрэпеціраванымі, усё ж краналі да слёз і выклікалі захапленне ў публікі. Шчырыя маналогі майстраў былі ўплеценыя ў канву «капусніка», які, на жаль, яшчэ раз засведчыў, што з’яўляецца ў пэўным сэнсе адыходзячым тэатральным жанрам. Жарты падаваліся «выпакутаванымі» — ні бляску, ні лёгкасці імправізацыі. Хоць спеваў і пластыкі ў аматараў «тэатра выразнай паставы» сталася даволі. Былі выкарыстаны нават асобныя нумары з заключнай цырымоніі Нацыянальнай прэміі. Зразумела, не прападаць жа дабру, тым больш што арыю Рэжысёра Уладзімір Глотаў выконвае выдатна.

Падчас юбілейнай вечарыны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў павіншаваў дырэктара тэатра Эдуарда Герасімовіча з прысуджэннем дзяржаўнай узнагароды РФ — медаля Пушкіна за ўклад у захаванне духоўнай спадчыны і ўзаемаўзбагачэнне культур.

Творчая лабараторыя тэатраў лялек пры канцы года зноў распачала працу ў Мінску. Яе ініцыятар Яўген Клімакоў зазначыў прыкладна наступнае: «Чакалі-чакалі, прасілі-прасілі і вырашылі зрабіць за ўласны кошт». Мяркуецца, што цягам сезона на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек усе дзеючыя лялечныя інстытуцыі пакажуць свае апошнія прэм’еры і выслухаюць запрошаных на прагляды крытыкаў. Першай творчую апрабацыю прайшла маладзечанская «Батлейка». Спектакль «Певень, Кот, Цмок і іншыя» па п’есе «Чарнакніжнік» Сяргея Кавалёва вытрымаў даволі жорсткія заўвагі, якія датычыліся другаснасці рэжысуры Мікалая Андрэева і «хадульнасці» драматургіі Сяргея Кавалёва. Наступным разам глядзелі «Дзяды» Адама Міцкевіча. Жадаючых выказацца пасля прагляду сабралося шмат. Прычым удзельнічалі не толькі крытыкі — звычайныя гледачы былі відавочна ўзрушаны інсцэнізацыяй Аляксандра Янушкевіча. Зносіны і абмен думкамі з рэжысёрам, які ў гэты час працаваў над спектаклем у Расіі, адбываліся па скайпе.

Відавочна, пасля ўражальнай перамогі на ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі лялькі не збіраюцца ўступаць заваяваныя пазіцыі. Для наступных паказаў у лабараторыі прапанаваны «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага да Заблоцкага» (Магілёў), «Над безданню ў жыце» (Гомель), «Вій. Жудасная помста» (Гродна), «Нататкі вар’ята» (Віцебск), «Прыгоды Нязнайкі» (Брэст). Здаецца, змястоўнае мастацкае поле цяпер насамрэч знаходзіцца ў тэатрах лялек. У гэтым няцяжка пераканацца, дастаткова патрапіць на паказы ў лабараторыі.

Музыка

Дзень Джэро. Такога ў нас яшчэ не было! Легенда сусветнага джаза ледзь не ва ўсіх яго адгалінаваннях, уладальнік дзевяці прэмій «Грэмі», сусветна знакаміты спявак Эл Джэро са ЗША прыехаў да нас з другім за апошнія паўтара года канцэртам. А ў дадатак правёў — майстар-клас. Дакладней, адкрытую рэпетыцыю разам са сваім калектывам і абсалютна незапланаваны сэйшн — сумеснае імправізаванае музіцыраванне з маладымі беларускімі інструменталістамі.

Акустычная рэпетыцыя, якая ў некаторых эстрадных зорак складаецца з вымаўлення «раз-два-тры, раз-два-тры» ў мікрафон і далейшага «чаравання» гукарэжысёра, у Эла Джэро ператварылася ў канцэрт — на поўны голас, з непадробным драйвам, адчуваннем самога нерва музыкі. Пры гэтым усе пытанні вырашаліся, наадварот, без нерваў, абсалютна спакойна, у поўным сэнсе слова — за філіжанкай кавы, якая ўспрымалася ўтульным дадаткам да гукарэжысёрскага пульта. Лічыцца, што ў нашым Музычным тэатры — далёка не лепшая акустыка, у чым неаднойчы даводзілася пераконвацца на ўласныя вушы. Але дзякуючы добрай апаратуры і выдатным спецыялістам здарыўся цуд. Цікава было назіраць, як працаваў гукарэжысёр: быццам бы ўсё ўжо нармальна, а ён працягвае падкручваць «гузікі» — ледзь заўважна, папросту філігранна, на ўзроўні самых тонкіх тэмбравых адценняў.

Пайшлі пытанні з залы — дарэчы, па-англійску, з добрым веданнем мовы. Майстар шчыра дзяліўся напрацаванымі прыёмамі найлепшай, на яго думку, падрыхтоўкі галасавога апарату да выступлення. Працягам тэорыі стала практыка: нашы музыканты самі пацягнуліся на сцэну. Многія засталіся і на вячэрні канцэрт: студэнтам былі прададзены 30 квіткоў па льготным кошце. Няма патрэбы казаць, што канцэрт быў папраўдзе феерычным!..

Надзея Бунцэвіч.

«Фантазіі Вольфганга Амадэя», спектакль-мініяцюра на музыку Моцарта, быў прэзентаваны ў Белай зале Палаца культуры прафсаюзаў. Гэта не першы праект прыватнага музычнага тэатра «Галерэя», які нядаўна з’явіўся ў Мінску. Яго стваральнікі — прадзюсары Аляксандр Чахоўскі і Яўген Глебаў, рэжысёр «Фантазій» — Алена Медзякова.

Інструментальныя сачыненні Моцарта, арыі і дуэты з «Дон Жуана», «Чароўнай флейты», іншых партытур былі з’яднаныя рэжысёрам так, што праз іх паўставалі тыповыя сюжэтныя калізіі з опер кампазітара. Перад намі разгортвалася гісторыя пра пачуцці, увасобленая праз геніяльную музыку.

Выканаўцаў шасцёра — тры інструменталісты і тры спевакі. Ансамбль інструменталістаў гучаў лёгка і выразна. У тым дапамагала і выдатная акустыка Белай залы, якая спрыяла і вакалістам. У фрагментах з оперы «Так робяць усе...» тэнар Аляксандр Жукаў змог выявіць уласныя магчымасці і тэмперамент. Барытон Яўген Глебаў — не толькі прадзюсар, але і адзін з непасрэдных удзельнікаў пастаноўкі. Ён належыць да вялікіх энтузіястаў спеваў. Выкананыя ім арыя Дон Жуана і дуэты прагучалі свежа і прывабна.

Галоўнай гераіняй вечара сталася сапрана Ірына Лой, магістрантка нашай Акадэміі музыкі. На ёй трымалася ўся праграма. Музыку Моцарта могуць выконваць далёка не ўсе нават вопытныя вакалісты. Яна патрабуе адпаведных вакальных даных і разумення стылю эпохі. У спевах Ірыны адчувалася трапятлівасць пачуцця. Прываблівалі мяккасць і цеплыня гучання яе голасу, лёгкасць і дакладнасць інтанавання. Рэпертуар засвоены ў Акадэміі, але не было ўражання, што спявае колішняя студэнтка, — з такім артыстызмам падаваўся кожны фрагмент.

Пляцовак, на якіх можна пачуць і ўбачыць оперныя праекты, у Мінску надзіва мала. Гарачая рэакцыя залы сведчыла: стварэнне музычнага тэатра «Галерэя» — справа актуальная. Талентаў у нас багата. Важна толькі годна іх прэзентаваць.

Вальтар Мнацаканаў.