Георгій Скрыпнічэнка: «У творчасці нікога не падманеш"

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

"Сюжэты для сваіх карцін я шукаю не ў прыродных уражаннях, хоць, выязджаючы на вёску, з задавальненнем пішу эцюды, а ў жыццёвых калізіях і сітуацыях. Пішу характары і абставіны вакол іх. Імкнуся злоўлены матыў увасобіць у знакавых вобразах, і раблю гэта няспешна, у майстэрні. Бывае, вяртаюся да недаробленай ці нават зробленай работы праз некалькі гадоў. Здаецца, што менавіта сёння я змагу ўхапіць трымценне ўласнай думкі, знайсці адпаведнае колеравае вырашэнне. Кожны свой твор, што дзіця, з рук выпускаць не хачу. І таму рэдка прадаю, яшчэ радзей -- дару".

 /i/content/pi/mast/4/109/Skrypnichenka-2-2.jpg
 Аўтапартрэт. Алей. 1970.

«Першыя мае дзіцячыя ўспаміны адрывістыя і недакладныя. Ішоў 1944 год. Бацька ваяваў, а мама і я, трохгадовы хлапчук, жылі на Украіне (у Роўна) з родзічамі. Жылі цяжкавата, у звычайнай хаце-мазанцы, крытай саломай, печка для гатавання стаяла проста на двары. Бацька, ён быў старшыной, знайшоў нас толькі ў 1947 г., калі ўжо атабарыўся разам са сваёй вайсковай часткай у Слуцку. Памятаю, як упершыню, калі мы ехалі на цягніку ў Слуцк, мама купіла мне шакаладку. Памятаю тагачасны Слуцк, дзе мы жылі ўтраіх у невялікім пакойчыку, перагароджаным паркалёвай занавескай».

«У школе майго першага настаўніка малявання (і, па сумяшчальніцтве, батанікі) звалі Якаў Яфімавіч, гэта быў такі маленькі яўрэйчык з рыжымі «гітлераўскімі» вусікамі. Пазней у наш гарадок прыехаў Уладзімір Садзін. Ён кіраваў студыяй у Палацы піянераў, якую акрамя мяне наведвалі абодва браты Басалыгі -- Міша і Валодзя, Валодзя Федаровіч, а таксама мой бліжэйшы сябра Коля Карзоў. Уладзімір Сцяпанавіч яшчэ бадзёры, нядаўна мы ездзілі адзначаць яго васьмідзесяцігоддзе. Жонка і сёння сочыць, каб не піў гарэлкі, і раўнуе да маладых дзяўчат. Такая вось каларытная асоба. Гэта менавіта ён нас, блазнюкоў, выхаваў, даў імпэт для будучай творчасці. Усе мы, яго вучні, паступілі ў Мінскую мастацкую вучэльню, дадому амаль ніхто не вярнуўся. Мо гэта і добра. Пазней, калі я ў складзе савета па манументальным мастацтве Мінскага мастацкага камбіната часта наведваў родныя мясціны, з болем у душы бачыў: многія мае аднагодкі, што засталіся ў Слуцку, спіліся, кагосьці забілі, кагосьці пасадзілі ў турму. Сумна... »

«Мяне пакінулі на другі год у дзевятым класе. І тады раззлаваны бацька -- як жа, гультай вырас, двоечнік і прагульшчык! -- выправіў мяне праз знаёмых на будоўлю ў Салігорск: хай жыццё паспытае на смак. У панядзелак нас адвозілі туды на «пазаўскіх» аўтобусіках, у пятніцу прывозілі ў Слуцк. У той час горад шахцёраў толькі будаваўся, назваць яго хацелі спачатку Новастаробінскам, але хутка перадумалі і далі больш гучную назву. Там я жыў на кватэры ў пісьменніка Аляксея Кулакоўскага. Працаваў і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У ёй і атрымаў атэстат. А яшчэ ў кожную вольную хвіліну, кінуўшы вёдры з растворам, маляваў. Рабіў эцюды, накіды, акварэльныя замалёўкі. За тыдзень, бывала, напрацоўваў іх да трохсот штук і ў выхадныя прывозіў паказаць Садзіну. Памятаю, якая была для мяне трагедыя, калі аднойчы забыў папку са сваімі малюнкамі ў нейкай краме на прылаўку... Там, у Салігорску, я пазнаёміўся з Віктарам Шматавым і Леанідам Асядоўскім. Яны пазней згадвалі, як угледзелі на вуліцы падлетка, што, не заўважаючы нікога навокал, засяроджана замалёўваў навакольныя дамкі». 

«У Мінскую мастацкую вучэльню паступаў двойчы. Першы раз мяне не прынялі. Я па сваёй дзіцячай дурноце напісаў у анкеце, што бацька вайсковец. Дырэктар вучэльні, мабыць, прыняў мяне за сына вялікага начальніка і чакаў нейкіх «падзяк». А што я мог даць? Бацька меў сто рублёў заробку і на гэтыя грошы ўтрымліваў сям’ю з двума дзецьмі.

Пасля няўдалай спробы паступіць вярнуўся дадому. Дасталося мне ад бацькі!.. Але што рабіць? Уладкаваў ён мяне працаваць на аўтабазу: пісаць нумарныя і дарожныя знакі, маляваць плакаты. Я пачаў зарабляць, нават падарыў бацьку радыёлу -- вялікую, на ёй можна было і пласцінкі слухаць. Вельмі ўлагодзіў старога. А вось у іншым... Любіў я апранацца. І быў сапраўдным стылягам. Насіў вузкія штаны, кашулю навыпуск. Дзяўчаты ажно вішчэлі. Мяне, мабыць, ведалі ў Слуцку ўсе -- адзіны быў такі «франт». Калі ішоў на танцы ў Дом афіцэраў, вахцёркі заўважалі здалёк ды дамаўляліся між сабой: не пушчаць «Кацьчынага сынка», будзе там бугі-вугі (так яны называлі невядомыя ім рок-н-рольныя мелодыі) скакаць, а сам расхрыстаны, брудны. А я не крыўдаваў, калі сустракаў на вуліцы, заўжды вітаўся: здароў, цётка Маня ды Валянціна Фёдараўна.

Наступным годам іспыты я здаў на адны пяцёркі. Мне паклалі стыпендыю -- 14 рублёў, ды тры рублі кватэрных. А насамрэч мы за пражыццё плацілі гаспадыні дзесяць рублёў. Каб з дому не дасылалі яшчэ дваццатку, мабыць, давялося б і пагаладаць. А так хапала грошай нават у Маскву з’ездзіць (надта хацелася паглядзець на манежную выставу 1962 года, якую разграміў Хрушчоў), у Рыгу, Вільню, Ленінград. Куплялі кніжкі, некаторыя і сёння ў маёй бібліятэцы».

«У вучэльні я працаваў шмат. Хадзіў на эцюды штодзень: і раніцай, і ўвечары. Але і тут любіў падфранціць. Памятаю, як Коля Карзоў не пусціў мяне халтурыць -- «пішы эцюды», сказаў. А сам са сваіх «левых» заробкаў падарыў мне чорны чэшскі касцюм за 60 рублёў. У мяне былі да яго чырвоны гальштук, вузканосыя туфлі. Гэтак хадзіў на танцы ў музычнае вучылішча каля кансерваторыі, дзе збіралася, на наш погляд, эліта -- мастакі, музыканты і балерыны. Асабліва прываблівалі дзяўчаты з харэаграфічнага вучылішча -- даўганогія і худзенькія. Памятаю, як нам з Колем Селешчуком спадабалася адна і тая ж прыгажуня, якая іграла на струнных інструментах. Коля ад знаёмства з ёю сарамліва адмовіўся. Дый у мяне нешта не атрымалася...

Усім маім аднакурснікам здавалася, што менавіта такім і павінен быць сапраўдны мастак: стыльна, «з іголачкі» апрануты, падцягнуты, элегантны. Хлапчукі, што толькі адарваліся ад сем’яў, глядзелі на мяне з захапленнем. І вось я, увайшоўшы ў ролю ледзь не мэтра дазваляў сабе спазняцца на заняткі, рабіць фармальныя кампазіцыі замест тэматычных -- карацей, трохі «строіў з сябе», паказваў, як мне здавалася тады, сапраўдныя адносіны да жыцця. За фармалізм у работах мяне некалькі разоў амаль што выключалі. І выключылі б, каб не падтрымалі, дзякуй ім, выкладчыкі Альгерд Малішэўскі і Леанід Шчамялёў. Менавіта яны сказалі дырэктару: калі выгнаць Скрыпнічэнку, дык каго тады пакідаць?..»

 
«У вучылішчы мы не разумелі, што такое сучаснае мастацтва. Ды і не маглі гэтага разумець -- нас не вучылі, кніг адпаведных не было. Памятаю, аднойчы нам сказалі, што ў жонкі дырэктара з’явілася кніга з рэпрадукцыямі Пікаса. Прозвішча такое мы чулі. А вось работ у вочы не бачылі ніколі. Адзіная даступная літаратура -- кніга «Мастацтва буржуазнага свету» з чорна-белымі дробненькімі няякаснымі ілюстрацыямі на танюткай паперы. Што ты там зразумееш? Як Мерсэль Душан цягае прастытутку па палатне? А Джэк Полак пырскае і робіць фарбай неўразумелыя плямы? Або тое, як малпа малюе абстрактныя кампазіцыі, што выдаюцца за творы сучаснага мастацтва?.. Мы жылі як за кратамі, а сапраўднае сучаснае мастацтва развівалася вельмі далёка ад нас...»

 
«На дыпломе я рабіў манументальную мазаіку на Мінскім заводзе будаўнічых дэталей. Задача была нескладаная -- прадставіць мажорную кампазіцыю на тэму працы. А што я? Зрабіў фрагмент, на ім накруціў нейкіх каменных баб, падмуркі старых касцёлаў з вялізных камянёў-валуноў... Паставілі мне чацвёрку. Але мой твор з пакоя вынесці на вуліцу не змаглі, не разлічылі яго памеры ў пачатку работы. Не бурыць жа дах! Які лёс мазаікі -- не ведаю. Мабыць, яе ўрэшце проста разбілі адбойным малатком.»

 
«Паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут мог, але не меў жадання. Імкнуўся працаваць. Было велізарнае жаданне маляваць... Памятаю, гадзіна застаецца да спаткання, а я не адрываюся ад пэндзля, бо павінен скончыць эцюд. Ёсць апошні штрых -- і я, задаволены, іду на сустрэчу. А іначай -- ніякага не было б спаткання, якая прыгажуня мяне ні чакала б. У мастацтве нікога не падманеш. Не мае значэння, колькі часу ты аддаеш працы, галоўнае -- вынік, шчыры і прафесійны. Бо і конь таксама працуе, але твораў мастацтва ад яго ніхто яшчэ не атрымаў. Я лічу: пакуль малады -- шукай, эксперыментуй».