Нязломны духам

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Яўген Кулік. Міфалогія жыцця і творчасці

/i/content/pi/mast/63/1088/42.jpg
Наваградскі замак. З нізкі «Замкі Беларусі». Папера, акварэль, каляровыя алоўкі. 1991.
У мастацтве другой паловы ХХ стагоддзя Яўген Кулік — асоба легендарная і шмат у чым вызначальная. Чалавек магутнага духу, надзвычай мэтанакіраваны ў грамадскім жыцці і творчасці, ён запальваў сваімі ідэямі многіх, умеў пераканаць творчую грамаду ў тым, што важкія ўчынкі трэба рабіць тут і цяпер, не чакаючы лепшых часоў.

Мне надарылася быць побач з мастаком у апошнія яго гады і дні, бо Яўген Кулік, нарэшце, рашыўся занатаваць свае ўспаміны. Здароўе творцы было слабое, сіл хапала дыктаваць не болей за гадзіну ў дзень, потым энергія яго пакідала. Са стужкі дыктафона я старанна пераносіла запісы на паперу, потым аддавала яму на рэдактуру, якая Куліка асабліва турбавала. Далей тэкст перадрукоўваўся начыста, і толькі пасля гэтага Яўген Сяргеевіч пачынаў настройвацца на аповед пра наступны этап уласнай біяграфіі. Агулам увесь працэс заняў некалькі месяцаў, але вынік пераўзышоў мае спадзяванні... Фрагменты ўспамінаў Яўгена Куліка, падмацаваныя словамі яго сяброў і калег, ляжаць у аснове гэтага артыкула, які выходзіць у юбілейны для мастака год — да яго 75-годдзя.

Хрост у Нямізе

Яўген Кулік нарадзіўся перад вайной (1937) у Мінску на вуліцы Віцебскай у сям’і Сяргея Гаўрылавіча і Вольгі Антонаўны Кулікоў. У раннім маленстве з будучым мастаком адбылася сімвалічная гісторыя. Яго маці з ім на руках — немаўляткам, завінутым у пялюшкі ды коўдру, па мастку пераходзіла рышток рэчкі Нямігі, што цякла пасярэдзіне вуліцы з той жа назвай. Гэта было ў галалёдзіцу, і матуля паслізнулася ды ўпусціла дзіця ў раку. Дзякуй Богу, рэчка была мелкаводная, і ўсё абышлося. Але вось такі Хрост у гістарычнай Нямізе давялося прайсці хлопчыку. Выпадак з Яўгенам згадвалі ў сям’і як прарочы.

Пазначаны Перуном

Вайна ў памяці чатырох-шасцігадовага хлапчука захавалася ў выглядзе абрывістых успамінаў, самых уражальных эпізодаў. На пачатку акупацыі немцы арганізавалі ў раёне Нямігі, дзе жылі Кулікі, яўрэйскае гета і сям’ю перасялілі — з вуліцы Віцебскай у кватэру на Камсамольскай, дзе раней жыла жанчына па прозвішчы Разенталь. Ад новага месца ў памяці Яўгена застаўся яскравы эпізод. Уздоўж сцяны пад аркай дома быў нацягнуты дрот, як потым высветлілася — пад напругай. Дзеці, гуляючы ў двары, яго заўважылі, малы Яўген вырашыў пагушкацца і ўхапіўся за яго рукамі. Хлапчука пачало біць токам, але выпусціць дрот не атрымлівалася. Усё скончылася б трагічна, калі б не сусед, што калоў паблізу дровы. Ён падбег і перасек дрот сякерай. Яўген нібыта мяшок паваліўся на зямлю і потым марудна ачуньваў...

Левая ці правая?

У кватэры на Камсамольскай хлапчук пачаў актыўна маляваць. Не маючы паперы, Яўген выкарыстоўваў замест яе шырокія падаконнікі. Мама злавалася, асабліва калі ў справу ішоў хімічны аловак. Кулік быў ляўшун — ад нараджэння і да той пары, пакуль сусед з іншай кватэры, здабыўшы недзе пачак каляровых алоўкаў, не сказаў юнаму мастаку: «Вось, Генік, калі будзеш маляваць правай рукой, атрымаеш у падарунак». І Яўген перавучыўся і да апошніх сваіх дзён пісаў і маляваў правай рукой.

Школа

У канцы вайны Яўген пайшоў у школу. Вучыўся выдатна. І ўвесь час перамалёўваў ілюстрацыі з кніжак, якія траплялі ў рукі. Напрыклад, з кнігі Склярэнкі пра Святаслава, а яшчэ вельмі падабалася выданне пра Залатое руно з арганаўтамі. Да любімых належалі казкі Пушкіна з ілюстрацыямі Білібіна — выклікалі асаблівую цікавасць. А яшчэ малы Яўген у заклад перамаляваў вельмі складаную ілюстрацыю «Раніца на Куліковым полі» мастака Бубнова. У 1952 годзе Яўген Кулік скончыў сёмы клас 48-й сярэдняй школы Мінска. З успамінаў пра той час — нелюбоў да працы ў насценнай газеце: трэба было штосьці туды механічна перамалёўваць, напрыклад — сюжэты з жыцця Джугашвілі. Любіў чытаць Гогаля, і вельмі падабаліся ілюстрацыі мастака Кібрыка. Гэтая кніжка прайшла з Куліком праз усё жыццё. Яна падахвоціла хлопчыка не толькі да перамалёвак, але і да першых самастойных творчых работ. Па заканчэнні 7-га класа за добрую вучобу Яўген Кулік атрымаў грамату і падарунак — шыкоўны том «Мёртвых душ» Гогаля з ілюстрацыямі Баклеўскага: усе ведалі пра яго чытацкае захапленне.

Шанец імя Івана Краснеўскага

Па заканчэнні школы хлопчык вырашае паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча. Маці да мастацтва асаблівай цікавасці не мела, але сына падтрымала. Калі яны адчынілі дзверы ў кабінет дырэктара вучылішча Івана Рыгоравіча Краснеўскага, убачылі на сценах пакоя малюнкі — узоры для паступаючых. Маці Яўгена патлумачыла дырэктару, што яе сын надта ж любіць маляваць. Іван Рыгоравіч запытаў: «А вось так ён умее?» — і паказаў рукой на сцены, дзе былі развешаны работы. Яўгену не ставала досведу натурных штудый, і хлапцу давялося шмат папрацаваць, каб не праваліцца на іспытах, але выпрабаванне прайшоў.

Чароўныя фарбы ад Луцэвіча

Да паступлення ў вучылішча Яўген з паўгода хадзіў у студыю выяўленчага мастацтва Палаца піянераў да Алега Вікенцьевіча Луцэвіча. Там хлопчык і засвоіў першыя азы малявання з натуры. Аднойчы пасля хваробы ён прынёс Алегу Вікенцьевічу альбом малюнкавых кампазіцый, выкананых дома, большасць з якіх была на гістарычныя тэмы. Настаўнік урачыста пахваліў яго перад усімі студыйцамі, потым адамкнуў шафу, дзе захоўваліся прыстасаванні для малявання, і дастаў адтуль бляшанку акварэльных фарбаў. Да гэтага Яўген маляваў пераважна алоўкамі ці ўжываў сухія таблетачкі фарбаў, слаба прыдатных для выкарыстання, тым больш калі ўлічыць яго прагу да працы далікатнай і тонкай. Да падарунка настаўнік дадаў два акварэльныя пэндзлі вялікага памеру. Для пачынаючага малявальшчыка такі прэзент меў фантастычную каштоўнасць. Так Алег Луцэвіч адзначыў юнага Яўгена Куліка ў пачатку яго вялікай дарогі ў мастацтва.

Побач са знакамітымі

Настаўнікамі ў вучылішчы былі досыць славутыя асобы. Напрыклад, Леў Маркавіч Лейтман. Дзівак-чалавек, на погляд Куліка. Наступны выкладчык, Альгерд Малішэўскі, тады лічыўся мадэрністам, надта ж хвацка ён распраўляўся з колерам. І пры тым вельмі прыгожа. Ад натуры нібы і не адыходзіў, але і «ў лоб» яе не перадаваў — здзяйсняў сапраўдны акт мастацтва. На фоне жывапісу Малішэўскага кантрастам успрымаўся метад працы Яўгена Харытоненкі, прыхільніка карычневых, жоўтых, вохрыстых тонаў...

Першы дыплом

Арыентацыя Яўгена на нацыянальную тэму праявілася ў дыпломнай працы. Умоўна яна называлася «Іван Грозны з пушкарамі», на карціне з правага боку размясціліся цар, баяры і служкі, а з левага — магутныя дзецюкі, выразныя беларускія тыпы — паводле тагачаснага бачання маладога Куліка. Тэма на той час была нераспрацаваная, але апантанага юнака падобныя праблемы не толькі не засмучалі, але нават надавалі дадатковага імпэту. Ён напоўніцу імкнуўся выказацца ў дыпломе на беларускую тэму. На жаль, ні сам дыплом, ні эскізы не захаваліся. Задума была складаная, але яму дазволілі і не памыліліся — дыплом быў абаронены на выдатна.

Інстытуцкія бунтарствы

У вучылішчы мастакоў выхоўвалі на досведзе перасоўнікаў, а ў тэатральна-мастацкім інстытуце Яўген і яго сябры сталі вывучаць мастакоў, блізкіх да школы Архіпава. Яны прагнулі колеравых навацый, напрыклад, пісалі пастановачныя кампазіцыі пры дапамозе каляровых шкельцаў, атрымліваючы за непажаданы эксперымент калы ды двойкі. Увесь курс, на якім вучыўся Кулік, знаходзіўся тады ў канфрантацыі з адміністрацыяй (рэктарам быў Аскар Марыкс). Аднойчы адбыўся вялізны скандал. Хтосьці са студэнтаў падчас рэктарскага прагляду схаваўся ва аўдыторыі ў шафу, а потым пераказаў пачутае аднакурснікам. Ім нешта не спадабалася, і была ўчынена вялікая буча. Тады ўсіх па чарзе пачалі выклікаць у рэктарат. Яўген у адной з такіх гутарак неасцярожна назваў дзеянні адміністрацыі судзілішчам. Скончылася выключэннем, аднак, з улікам добрых адзнак, ён быў адноўлены. Потым гісторыя з выключэннем паўтарылася — на гэты раз з-за несвоечасовага жарту ў прысутнасці настаўніка — Віталя Цвіркі. Быў узноўлены, і ў 1963-м Яўген Кулік паспяхова абараніў дыплом жывапіснай карцінай «Суботнік. 1920-я гады» і распачаў самастойную творчую дзейнасць.

З жывапісца ў графікі

Яшчэ ў гады вучобы ў інстытуце Кулік імкнуўся зарабляць нейкія грошы, каб набываць патрэбныя кнігі і мець магчымасць вандраваць. Таму афармляў усё, што прапаноўвалі. Паступова заказы сталі больш складанымі. У 1961 годзе яму дасталася маленькая дзіцячая кніга Алега Лойкі — казачка «Як Тоня рэха шукала». У ілюстрацыях да яе ён спалучыў калаж і лінеарную прамалёўку акварэллю — яго першае самастойнае вынаходства ў кніжнай графіцы. З часам Куліку пачалі трапляцца добрыя праекты, і незаўважна творца пераарыентаваўся з жывапісцаў у графікі ды стаў актыўна супрацоўнічаць з рэспубліканскімі выдавецтвамі. Неўзабаве мастаку была прапанавана пасада мастацкага рэдактара дзіцячага часопіса «Бярозка», пасля — часопіса «Вясёлка», на базе якога Яўген заснаваў серыю кніжак-малютак «Энцыклапедыя “Вясёлкі”» і здзейсніў яе выпускі: «Замкі Беларусі» (1976), «...З падстрэшша рук Скарынавых» (1977), «Мікола Гусоўскі» (1980) і іншыя. З любоўю і ахвотай аздабляў дзіцячыя кніжкі. Найболей удалымі лічыў «Чарнічку» (1964) Артура Вольскага, «Як звяры да зімы рыхтуюцца» (1966) Івана Бурсава, «Экзамены» (1968) Рыгора Барадуліна, «Што такое мікратое» (1971) Артура Вольскага і «Сонечны клубочак» (1972) Васіля Зуёнка. Самым дарагім творцу быў праект, здзейснены супольна з Пятром Драчовым — падручнік «Беларуская мова» для першага класа (1969).

Валошка з вянка Багдановічу

Дзіцячыя кніжкі і часопісы сталі добрай практыкай макетавання і канструявання. У гэты час ён адштукоўваў уласны мастацкі стыль і вызначаўся з прыярытэтамі творчай дзейнасці. Вызначальным стала аздабленне зборніка вершаў «Маладзік» (1968) і выдання для дзяцей «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» (1975) Максіма Багдановіча. Найбольш удалым атрымаўся вобраз Багдановіча. Задуменны паэт у атачэнні валошак і рамонкаў — нібы німба над галавой — углядаецца ў бездань неба. Меладычная пластыка малюнка ў спалучэнні з пяшчотнымі, празрыстымі тонамі фарбаў, неардынарная кампазіцыя, у якой партрэт размешчаны амаль на ўсю старонку па дыяганалі аркуша, — усё склалася ў дасканалы твор, што ўвайшоў у класіку беларускага мастацтва. Выявы валошак у застаўках «Маладзіка» з іх знакавай лаканічнасцю ўспрымаюцца сімвалам эпохі нацыянальнага рамантызму, у якую праявілася велічная і манументальная па стылі і ўнутраным напале і ў той жа час пранікнёная і ўзнёслая графічная творчасць Куліка.

Патаемны патранаж Караткевіча

Мастацтвазнаўца Мая Яніцкая з захапленнем распавядала, як у далёкім 1972 годзе дзякуючы Уладзіміру Караткевічу пазнаёмілася з Яўгенам Куліком. Даведаўшыся пра яе паездку на шклозавод «Нёман», пісьменнік папрасіў падкінуць да Навагрудка аднаго таленавітага мастака, які рыхтуе нізку графічных аркушаў «Помнікі дойлідства Беларусі». Караткевіч быў усцешаны тым, што Кулік працуе над гэтай тэмай, і чым мог спрыяў высакароднай справе. Знішчэнне помнікаў працягвалася, і творчыя людзі спяшаліся апісваць, фатаграфаваць і замалёўваць ацалелае... У 1960-я гэтую працу распачынаў Лявон Баразна — маральны прыклад для Куліка. Яўген у гэтай справе пайшоў далей — ажыццявіў мастацкія рэканструкцыі найболей адметных помнікаў і замкаў Беларусі. Пачалося ўсё са стварэння знакамітай серыі станковых лінарытаў «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974), большасць якіх увайшла ў хрэстаматыйныя выданні краіны. Далей мастак стварае серыю каляровых малюнкаў-мініяцюр «Замкі Беларусі» (1977) і серыю «Вандроўкі па Беларусі» (1982–1992) — у стылі вольнага малюнка ўвасабляе панарамы і вобразы старадаўніх мястэчак, курганных могільнікаў і гарадзішчаў, ветракоў і ацалелых драўляных млыноў, цэркваў, касцёлаў ды іншых сведкаў даўніны, а таксама пазнейшую нізку «Замкі Беларусі» (1991–1992), удасканаленую адпаведна з новымі гістарычнымі і археалагічнымі адкрыццямі. У пластыцы ліній і ў энергіі штрыха і стылістыцы кампазіцый творы ўтрымліваюць пачуццё настальгіі аўтара па знікаючай моцы. Свайму патрону Уладзіміру Караткевічу творца аддаў даніну ўдзячнасці за духоўную падтрымку, стварыўшы станковую ілюстрацыю да яго рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1978), якую можна прылічыць да лепшых, вызначальных твораў графіка. Манументальная кампазіцыя ўвасобіла шырокую панараму старажытнага Гродна і Хрыста на яе фоне з вялізным Крыжам на плячы.

Папярэднікі

Асобная тэма — збіральніцкая, папулярызатарская дзейнасць Яўгена Куліка. З 1977-га па 1982 год ён узначальвае камісію Саюза мастакоў па працы з народнымі майстрамі, наладжваючы з групай паплечнікаў выстаўкі і пленэры, рэстаўруючы і экспануючы творы адышоўшых мастакоў. Ён арганізаваў першую, незабыўную для многіх выстаўку маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтва (1978), якая суправаджалася чытаннем лекцый, правядзеннем экскурсій і публікацыяй артыкулаў у рэспубліканскім друку. Галоўнае дасягненне выставы і далейшай дзейнасці камісіі — увядзенне ў аналы класікі народнага беларускага і сусветнага мастацтва імёнаў Алены Кіш і Язэпа Драздовіча.

Мера вымярэння гісторыі

Праз усё жыццё Кулік займаўся навукова-мастацкай рэканструкцыяй старонак беларускай гісторыі. Яго праца грунтавалася на энцыклапедычных ведах, якія ён здабываў з навуковых даследаванняў і кансультацый. Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, Мікола Ермаловіч, Здзіслаў Сіцька, Генадзь Каханоўскі, Алег Трусаў, Генадзь Сагановіч — не поўны пералік спецыялістаў, якія лічылі Куліка сур’ёзным знаўцам. Асаблівую яго цікавасць выклікаў ранні перыяд беларускай гісторыі. Як мастак, ён імкнуўся ўзнавіць выявы выдатных князёў і дзеячаў. «Святая Еўфрасіння Полацкая» (1973), дыптых «Рагвалод — Тур» (1980), «Рагнеда — Ізяслаў» (1980), «Давыд Гарадзенскі» (1987–1993), трыпціх «Дойлід Іаан» (1996), «Еўфрасіння Полацкая» (1996), «Майстар Богша» (1996), аркуш «Усяслаў Чарадзей» (1997) — знакавыя вобразы з нізкі «Выдатныя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі». Аднаму са сваіх персанажаў, Усяславу Чарадзею, творца прысвяціў надрукаваны ў газеце «Звязда» даследчы артыкул — «Пра князя Рагвалода, пішчалу і праблемы тапанімікі» (1992), дзе ўздымае тэму ўслаўлення герояў мінуўшчыны не толькі ў артыкулах, кнігах і кіно, але і ў назвах вуліц. Гэта яшчэ раз пацвярджае прафесіяналізм, універсальнасць і комплекснасць гістарычнага бачання мастака. Пашырэнню выяўленчых магчымасцей дапамагала адукацыя жывапісца. Гэта выявілася ў серыі ілюстрацый да «Слова пра паход Ігараў»: колер канцэнтруе ўвагу на вызначальным драматычным аспекце аповеду і ўзмацняе выніковае ўражанне. Парадаксальна, але адчуванне колеру праяўляецца і ў тых творах, дзе мастак не ўжывае фарбы. У серыі ілюстрацый да твора Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1979) (адзначанай на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» дыпломам Скарыны, а на Усесаюзным — дыпломам 1-й ступені) мяккі, вібрыруючы малюнак кампазіцый нагадвае пералівы шэра-белых арнаментаў у тканых ўзорах так званых «дымак» у посцілках і ручніках Падзвіння і Панямоння.

...Чым болей часу праходзіць, там больш маштабнай становіцца постаць Яўгена Куліка ў беларускім мастацтве, культуры і гісторыі. Мы толькі пачынаем набліжацца да разумення каштоўнасці гэтай асобы. Шкада, што вялікае бачыцца на адлегласці. Юбілей мастака стаў нагодай яшчэ раз уважліва асэнсаваць яго здабыткі.

Таццяна ГАРАНСКАЯ