Вулей усіх нацый

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Мастакі Парыжскай школы ў Мінску

/i/content/pi/mast/63/1087/41.jpg
Роберт Генін. Каля крыніцы. Кардон, алей. 1913.
Тэрмін «Парыжская школа» ўвёў французскі крытык Андрэ Варно ў 1920-х гадах, такім чынам абазначыўшы інтэрнацыянальнае кола творцаў, што працавалі ў сталіцы мастацтва на пачатку ХХ стагоддзя. Яны былі з’яднаныя не стылем ці творчай манерай, а асаблівага роду прафесійнымі стасункамі, пастаянным імкненнем да актыўнага пошуку. У гэтым плённым асяроддзі ўзнікалі новыя стылі, кшталтаваліся творчыя індывідуальнасці.

Акрэсліваючы тэрмін «Парыжская школа», Андрэ Варно найперш усё ж меў на ўвазе шматлікіх імігрантаў з краін Еўропы і Амерыкі, менавіта яны, як людзі, што мусілі ўжывацца ў новае для сябе асяроддзе, падначальвалі сабе абставіны і стваралі драйв, нерв тагачаснага мастацкага жыцця. Значную ролю ў тым парыжскім асяродку адыгрывалі і выхадцы з Беларусі, але наша краіна да нядаўняга часу не магла пахваліцца значнымі калекцыямі твораў гэтых мастакоў.

Ініцыятарам вяртання работ знакамітых землякоў стаў Белгазпрамбанк, які ў 2011 годзе распачаў стварэнне карпаратыўнай калекцыі набыццём двух шэдэўраў — Марка Шагала і Хаіма Суціна. На выставе твораў мастакоў Парыжскай школы ў Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлена больш за сорак карцін з калекцыі банка, сорак — з прыватных збораў, графічныя творы з Дома-музея Марка Шагала ў Віцебску і Нацыянальнага мастацкага (дзве гравюры Шагала — падарунак Белгазпрамбанка). Выстава арганізавана пры падтрымцы дыпламатычных колаў, Міністэрства культуры і Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь.

На пачатку ХХ стагоддзя з беларускіх мястэчак і гарадоў на вучобу ў Парыж з’ехалі дзясяткі таленавітых маладых людзей, выношваючы ў душы надзею на мастакоўскую рэалізацыю... Галоўным чынам гэта былі яўрэі, якім у Расійскай імперыі не было чаго губляць. Прыклад выхадца з Вільні вядомага скульптара Марка Антакольскага, які жыў у Парыжы, для многіх стаў пуцяводнай зоркай. У вачах яўрэйскіх бацькоў прафесія мастака паступова страчвала рэпутацыю жабрачай... Шмат хто прайшоў увесь магчымы шлях у Расіі — гімназія, рысавальная школа ў Адэсе ці Вільні. Далей ішла Акадэмія мастацтваў у Пецярбургу, магчымасць стабільнага заробку і выкладання. Але шанцы на паступленне былі невялікія, пра што сведчыць статыстыка: за 40 гадоў з 1500 выпускнікоў Віленскай рысавальнай школы акадэміка Івана Трутнева толькі 50 скончылі пецярбургскую акадэмію. Рыса аселасці не давала права жыць у сталіцах, а трохпрацэнтны цэнз закрываў многім шлях да вышэйшай мастацкай адукацыі. Яўрэі з’язджалі з-за адсутнасці перспектывы.

Сёння вядома 18 імёнаў парыжскіх мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі: Якаў Балглей, Роберт Генін, Яўген Зак, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч, Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч, Восіп Цадкін, Шрайга Царфін, Антуан (Натан) і Навум Пеўзнеры, Лейба Гаспар Шульман, Оскар Мешчанінаў, Леон Ідэльбаум, Ізраіль Левін, Якаў Мілкін.

Гэта малая частка з тых, хто вучыўся ў Парыжы. Таленавітая моладзь ехала не назаўжды, толькі дзеля вучобы, каб мець магчымасць зарабляць на радзіме. Многія хацелі вярнуцца, але вайна і рэвалюцыя незваротна змянілі лёсы...

Мэтай былі два гарады з найбольш прагрэсіўнай мастацкай адукацыяй — Мюнхен і Парыж. Асабліва вабіла сталіца мастацтваў. Нездарма ў тыя часы нарадзілася прымаўка «Шчаслівы, як габрэй у Парыжы». Горад мастакоў і маршанаў (прадаўцоў карцін), акадэмій і кафэ. Вольныя акадэміі са знакамітымі педагогамі, кіпучы мастацкі рынак, багацце галерэй і музеяў... Горад, які дае славу. Так здавалася. І тое было праўдай. Але быў і іншы бок гэтай праўды. У той час, акрамя французскіх мастакоў, у Парыжы пражывала сорак тысяч замежных з усіх краін свету. Горад нараджаў вялікую канкурэнцыю не толькі пры продажы карцін, але нават на права выставіцца адной ці некалькімі працамі ў галерэі. У такіх умовах выжывалі далёка не ўсе. Лайдакі і слабыя духам не маглі пратрымацца без старонняй помачы. Нельга забываць пра моўны бар’ер, пра неабходнасць увесь час думаць пра тое, як зарабіць грошы на пражыццё. Стыпендыі і фінансавая дапамога родных былі хутчэй выключэннем, чым правілам. Падтрымку дабрадзеяў, крытыкаў, маршанаў атрымлівалі адзінкі. Шмат хто вяртаўся пасля вучобы ў Парыжы поўны ўражанняў, але з гаркатой у сэрцы і страчанымі надзеямі на хуткі поспех.

Парыжскі этап творчасці быў у жыцці многіх беларусаў.

Якаў Кругер, які адкрыў у Менску першую прыватную школу, 8 гадоў пражыў у Парыжы. Там вучыліся і працавалі менскія мастакі Яраслаў Тышыньскі, Мікалай Бонч-Асмалоўскі, Пальміра Мрачкоўская, Зянон Ленскі, Генрых Вейсенгоф.

Але замежны этап жыцця гэтых вядомых жывапісцаў цяжка параўнаць з лёсамі герояў Парыжскай школы. Першыя былі цалкам рэспектабельныя — родам з дробнай шляхты, мелі маёнткі і дамы ў цэнтры Менска, займаліся творчасцю для ўласнага задавальнення і самаўдасканалення. Парыж быў этапам іх адукацыі, неабходным еўрапейскім кампанентам мастацкай школы.

Ленскі, Тышыньскі і Вейсенгоф эмігравалі ў Варшаву пасля грамадзянскай вайны, Мрачкоўская і Кругер засталіся ў СССР і ўліліся ў шэрагі мастакоў Савецкай Беларусі, яны працавалі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, памерлі сваёй смерцю (Кругер нават стаў заслужаным мастаком БССР і меў тры персанальныя выставы).

З васямнаццаці названых вышэй жывапісцаў Парыжскай школы — выхадцаў з Беларусі вядомасці дамагліся нямногія, а сусветнай — толькі трое: Шагал, Суцін і Цадкін.

Шагал валодаў неверагодным талентам (і не толькі ў выяўленчым мастацтве, але і ў літаратурнай творчасці, тэатральнай дэкарацыі), яркай знешнасцю, таварыскім і згодлівым характарам, меў лінгвістычныя здольнасці і лёгка кантактаваў з іншаземцамі. Хутка засвоіў рускую і нямецкую мовы, потым і французскую. Ён сапраўдны пястун лёсу, які нібы вёў яго, абмінаючы ўсе падводныя камяні. Шагал быў адным з нямногіх, хто атрымліваў стыпендыю ад пецярбургскага мецэната Вінавера, у Парыжы не бедаваў і меў магчымасць аддавацца творчасці цалкам. Своечасова пакінуў Парыж перад Першай сусветнай вайной, аднак паспеў завесці там знаёмствы не толькі з парыжскай інтэлектуальнай багемай, але і з рускімі крытыкамі накшталт Анатоля Луначарскага. Ён ажаніўся з дачкой багатага ювеліра прыгажуняй Бэлай Разенфельд — яго музай і вернай памочніцай. Дзякуючы сувязям яе сям’і не патрапіў у мясарубку Першай сусветнай і застаўся жывы ў гады грамадзянскай вайны, своечасова вярнуўся ў Віцебск і атрымаў там пасаду ўпаўнаважанага па справах мастацтваў. Ён здолеў стварыць мастацкую ўстанову ў горадзе, дзе мірна ўжываліся рэалісты і заўзятыя знішчальнікі асноў класічнага мастацтва. У 1919-м ён выставіўся ў Зімовым палацы, і 12 яго карцін купіла дзяржава. І нават сварка з запрошаным ім у Віцебск Казімірам Малевічам і здрада вучняў паслужылі яму на карысць: ён пакінуў Віцебск, пераехаў у Маскву і здолеў своечасова эміграваць з Расіі напярэдадні эпохі вялікіх перамен (з дапамогай Луначарскага — наркама асветы). Шагал удала ўпісаўся ў нямецкае мастакоўскае кола, дзе атрымаў замовы на ілюстрацыі, у 35 год напісаў бліскучую лёгкую і вясёлую кнігу пра сваё жыццё (цяпер бы гэта назвалі пышным піяр-праектам), якую Бэла пераклала на французскую мову. Шагал хутка аднавіў парыжскія сувязі і стаў мастаком, запатрабаваным маршанамі: яго карціны, абсалютна арыгінальныя, з местачковай настальгіяй, працялі сэрцы шматлікіх парыжскіх і амерыканскіх калекцыянераў. Шагалу ўдалося выбрацца з Парыжа да яго акупацыі фашыстамі і пераехаць у ЗША. Там мастака дагнала сапраўднае гора, ад якога ён не мог акрыяць дзевяць месяцаў: раптоўная смерць каханай Бэлы. Але праз два гады ад домакіраўніцы, маладой англічанкі Вірджыніі Хагард Мак-Ніл, у яго нарадзіўся сын Давыд — і жыццё падаравала новыя фарбы. Наступны ўдар лёсу — сыход Вірджыніі праз сем гадоў — Шагал перажыў, ажаніўшыся з Валянцінай Бродскай, якая ўзяла на сябе ролю не толькі жонкі знакамітага мастака, але і менеджара. З ёй мастак і завяршыў сваё доўгае жыццё (памёр у 98 гадоў), у ягоным апагеі распісаўшы плафон парыжскай Гранд-апера, стварыўшы ілюстрацыі да Бібліі і зрабіўшы вітражы для некалькіх нямецкіх сярэднявечных храмаў. Ні дня не правёў без працы і не страціў густу і пачуццёвай асалоды ад жыцця да глыбокай старасці. Шагал пазбягаў усялякіх хваляванняў, якія маглі парушыць яго творчую раўнавагу: падчас паездкі ў СССР у 1973 годзе адмовіўся наведаць магілы бацькоў і горад юнацтва Віцебск, які пісаў усё жыццё, бо баяўся разбурыць аўру ўспамінаў і страціць магчымасць уяўляць і маляваць свой «чароўны Віцебск», які палюбіў увесь свет. Шагал заснаваў музей «Біблейскае пасланне» ў Ніцы. Віцебскі музей Марка Шагала быў адкрыты ў 1992 годзе ў ацалелым старым доме на Пакроўскай вуліцы. Пакуль там няма ніводнай яго жывапіснай карціны. Тры выдатныя графічныя аркушы майстра (яны прадстаўлены на выставе ў Мінску) за год да смерці падаравала музею дачка Іда.

Сусед Шагала па «Вуллі» Хаім Суцін, выхадзец са Смілавіч пад Мінскам, прыехаў у Парыж з Вільні — з рысавальнай школы акадэміка Івана Трутнева. Яго шлях на мастацкі Алімп быў больш пакручастым: даводзілася працаваць і грузчыкам на вакзалах, і рабочым на «Рэно», і натуршчыкам, і рэтушорам. Суцін не грэбаваў ніякай працай, каб пракарміцца. Ён быў надзвычай сарамлівы, хворы на язву, кепска размаўляў па-французску, але шмат чытаў і вучыўся ў старых майстроў у Луўры. Першым незвычайны талент каларыста Суціна заўважыў Амадэа Мадыльяні, які звёў яго з парыжскімі маршанамі, найперш з Леапольдам Збароўскім, які адыграў у жыцці Суціна вырашальную ролю. Збароўскі фінансава падтрымаў мастака на пачатку шляху, літаральна не даўшы памерці з голаду. Ён вывез Суціна на поўдзень Францыі, да сонца, і яго палітра ўвабрала ззянне святла. Суцін змагаўся з галечай на працягу дзесяці год, пасля ў яго лёсе адбыўся чароўны і кардынальны пералом — 52 карціны купіў амерыканскі мільянер доктар Барнс. Кошты на карціны Суціна тут жа падскочылі, мастак, нарэшце, пакінуў «Вулей» і зняў майстэрню, пасля набыў вілу ў цэнтры Парыжа, завёў машыну з асабістым кіроўцам і ператварыўся ў парыжскага дэндзі, на якога палявалі калекцыянеры і прыгажуні ў надзеі на падарунак у выглядзе карціны (Суцін меў рэпутацыю напаўзвар’яцелага мастака, які скупляе і рве ўласныя палотны). Творца ліставаўся з маці і малодшай сястрой у Смілавічах, дапамагаў ім грашыма, але, у адрозненне ад Шагала, родных мясцін ніколі не пісаў. У гады вайны, нягледзячы на запрашэнне старэйшай сястры са ЗША, не змог (не захацеў?) пакінуць Францыю, жыў у вольнай зоне на поўдні краіны, увесь час асцерагаючыся арышту і адпраўкі ў канцлагер. Даўняя хвароба абвастрылася, і ён памёр ад перытаніту пасля аперацыі ў Парыжы, куды яго таемна даставіла апошняя каханка пасля асабліва пакутлівага прыступу. Суцін быў нежанаты і бяздзетны, і ўсе яго карціны апынуліся ў руках маршанаў, якія выгадна прадалі іх ужо ў паваенны час. Трагічны лёс Суціна, дзівацтвы яго характару, легендарны ўзлёт і сяброўства з Мадыльяні, багемнае жыццё ў «Вуллі», а галоўнае — кошты на яго рэдкія творы, расхапаныя сусветнымі музеямі, зрабілі яго легендай Манпарнаса. Адзіная карціна Суціна, якая дэманстравалася на выставе, «Вялікія лугі ў Шартры» (1934), дае ўяўленне пра яго выдатнае колеравае бачанне і экспрэсію пісьма.

Больш спакойным і мерным было жыццё Восіпа Цадкіна, прыяцеля Шагала па віцебскай вучэльні. Цадкін родам з заможнай інтэлігентнай сям’і, бацька — выкладчык класічных моў, маці з сям’і карабелаў, шатландка. Цадкін, вучань Пэна ў віцебскай прыватнай школе жывапісу, быў адпраўлены ў Англію авалодваць прафесіяй сталяра-чырванадрэўшчыка. Пераезд у Парыж і наведванне мастацкіх школ перайначылі яго лёс — Цадкін стаў вучыцца скульптуры ў Парыжы. У адрозненне ад Шагала, ён не змог пазбегнуць службы ў войску: быў санітарам у рускай місіі. Атручэнне газамі і шпіталізацыя моцна паўплывалі на яго душэўны стан і вызначылі многія тэмы ў мастацтве, найперш — пацыфісцкую. Цадкін захапіўся кубізмам. Але пасля ён змякчае формы і прыходзіць да ўнікальнай і выразнай пластычнай мовы, у якой ўлічаны дасягненні фігуратыўнага мастацтва і знаходкі кубізму. Як і Шагал, Цадкін імігруе ў ЗША (1940) і свае галоўныя шэдэўры стварае ў паваенныя гады. Помнік «Разбураны Ратэрдам» (1953) прынёс яму сусветную славу. Далей былі помнік братам Ван Гог у Галандыі, захапленне графікай, выставы па ўсім свеце, выкладанне ў парыжскай Акадэміі Гранд-Шам’ер, дзе калісьці працаваў сам Бурдэль. Пасля смерці бяздзетнага Цадкіна засталася майстэрня-музей у Парыжы, перададзеная гораду яго ўдавой Валянцінай.

Лёсы Пінхуса Крэменя і Міхаіла Кікоіна не вылучаюцца падзейнасцю, скандальнасцю, трагічнасцю, яны менш прывабліваюць біёграфаў і даследчыкаў Парыжскай школы. Гэтыя мастакі ўвайшлі ў арбіту «кола Суціна»: без згадвання Суціна не абыходзіцца ніводны артыкул пра іх творчасць. У Парыжы іх назвалі «тройка» — Суцін, Кікоін, Крэмень. У юнацтве Суцін карыстаўся парадамі і крытычнымі заўвагамі дабрака Крэменя, працаваў разам з Кікоіным, які пакінуў пра яго раннія гады цікавыя ўспаміны. Кікоіна называлі «прынцам жывапісу», Крэменя — філосафам, моцным фармальным жывапісцам, які ўспрыняў сістэму сезанізму і экспрэсіянізму і не здрадзіў ёй да канца творчага шляху. Кікоін і Крэмень хутка знайшлі сваіх маршанаў і ўжо ў 1920-я гады мелі стабільны поспех, які дазваляў ім весці небагатае, але цалкам забяспечанае жыццё, асабліва ў паваенны час, калі цікавасць да Парыжскай школы ўспыхнула з новай сілай.

Асабняком у гэтай кагорце стаяць тры постаці — Царфін, Любіч і Генін. Шрайга Царфін са Смілавіч і Восіп Любіч з Гродна — сапраўдныя адкрыцці гэтай выставы — не надта вядомыя ў Францыі. Царфін з’ехаў пасля вучобы ў Вільні ў Палесціну, дзе вучыўся ў мастацкай школе Бецалель. Прыбыўшы ў Берлін, а потым — у Парыж, ён знішчыў многія свае карціны, палічыўшы іх пасрэднымі. Царфін працаваў мастаком па тканінах у Доме моды Вольгі Олбі і быў паспяховым дэкаратарам. Суцін, сустрэўшыся з земляком у Парыжы, параіў яму кінуць размалёўкі і заняцца справай — жывапісам. Царфін паслухаў старэйшага сябра і знайшоў свой стыль, які не зблытаеш ні з якім іншым. Адных ён раздражняе люмінісцэнтнай яркасцю, іншых, наадварот, прыцягвае сваёй мажорнасцю і дзіцячай каляровай надмернасцю. Карціны, створаныя да вайны, былі знішчаны ў яго майстэрні гаспадаром хаты. Царфін — жывапісец, дэкаратар, паэт і, як і Шагал, член рускай масонскай ложы «Астрэя» ў Францыі — пачаў усё спачатку. Яго жывапіс стаў больш пранізлівым, дэкаратыўным і ў той жа час — чароўна казачным. Карціны Царфіна паваеннага перыяду, што крычаць колерам, доўга не прыносілі яму вядомасці (ён некалькі гадоў саромеўся іх выстаўляць), пакуль іх у 1954 годзе не купіў амерыканскі мільянер Ротшыльд, а вядомы французскі псіхааналітык не стаў рэкламаваць гэтыя творы як псіхадэлічныя, параўноўваючы генезіз Царфіна з узыходжаннем па «лесвіцы Іакава». Пэўнае прызнанне прыйшло ў 1960-я гады, калі яго карціны сталі з’яўляцца на французскіх аўкцыёнах і была выдадзена кніга пра яго творчасць.

Іншая справа — Восіп Любіч. Яго імя, як ні дзіўна, мала вядома ў Францыі, хоць ён выстаўляўся з 1920-х гадоў і яго карціны стабільна прадаюцца з 1970-х. Любіч прыехаў у Парыж занадта позна, у 1923 годзе, і пасяліўся на Манпарнасе. Ён не жыў у «Вуллі» (аддаў перавагу асобнай майстэрні) і не быў яркім эксперыментарам-фармалістам. Гэтыя акалічнасці выключылі яго са сферы інтарэсаў французскіх даследчыкаў Парыжскай школы, хоць ён да яе, безумоўна, належыць. Любіч — замкнёны мастак, аддаваў перавагу асяроддзю акцёраў і музыкаў, а не таварыству жывапісцаў. Сам іграў на трох інструментах і не імкнуўся да багемнасці. Займаўся выкладаннем, афармленнем спектакляў і мюзіклаў. У апошнія гады — графікай і скульптурай. Яго карціны высока цаніла французская крытыка. «У карцінах Любіча б’е крыніца далікатнай паэзіі», — напісаў пра яго вядомы крытык Дзюран-Руэль.

Роберт Генін родам з Клімавічаў (гэта імя прагучала як яркая знаходка на «Шагалаўскіх чытаннях» у Віцебску дзякуючы пецярбургскаму калекцыянеру Аляксею Радзівонаву, які сабраў яго карціны ў Расіі і Германіі) — адзіны з вядомых жывапісцаў Парыжскай школы, які вярнуўся на радзіму ў СССР. Дзеля «радасці калектыўнай працы» ён пакінуў дом у горах Швейцарыі і наладжанае забяспечанае жыццё. У Маскве, перажыўшы творчае расчараванне (яго фрэска «Збор ураджаю» для павільёна «Збожжа» на ВДНГ была адхілена мастацкім саветам і зафарбавана), праз два гады пасля вяртання скончыў жыццё самагубствам, прыняўшы вялікую дозу морфію. Цвятаеўскі варыянт лёсу.

Разважаючы над шляхамі нашых землякоў у Францыі, мімаволі задаеш сабе пытанне: што б адбылося з імі, калі б вярнуліся ў Савецкую Беларусь? Варыянтаў няшмат: ці загінулі б як творцы (або літаральна), ці мімікрыравалі адпаведна дзяржаўнай ідэалогіі: сталі б сацыялістычнымі рэалістамі. Фінал жыцця ідэаліста Роберта Геніна — прыклад аднаго варыянту лёсу. Смерць 87-гадовага Юрыя Пэна, забітага ў 1937 годзе ва ўласнай хаце ў Віцебску пры загадкавых абставінах, паказала іншы варыянт. Абарвалася ў мінскім гета жыццё Абрама Бразера, мастака, які жыў у «Вуллі» да Першай сусветнай вайны. У 1912–1914 гадах ён вучыўся ў парыжскай Нацыянальнай школе прыгожых мастацтваў, а з 1923-га жыў у Менску, уваходзіў ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў і Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі, пісаў артыкулы на тэмы выяўленчага мастацтва ў мясцовай прэсе.

Вялікая персанальная выстава Бразера адкрылася ў чэрвені 1941 года за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Усе працы з гэтай выставы былі знішчаны немцамі пасля захопу горада, а сам мастак з сям’ёй у сакавіку 1942-га расстраляны ў менскім гета.

Быў і трэці варыянт, шчаслівейшы. Прыклад — творчае жыццё Заіра Азгура. Ён належаў да наступнага мастацкага пакалення, у большай ступені быў прадуктам савецкай эпохі, хоць настаўнік у яго агульны з Шагалам і Цадкіным — віцебскі творца Юрый Пэн. Розніца ва ўзросце (18 гадоў) у дадзеным выпадку неістотная. Як і Цадкін, Азгур шмат вучыўся, апрабаваўшы некалькі мастацкіх школ — у Тбілісі, Віцебску, Ленінградзе, Кіеве. Ён па-свойму ў абставінах савецкага часу спрабаваў узяць «школу», гэта значыць — разнастайнасць мастацкіх падыходаў, тое, што шчодра прапаноўвалі акадэміі Парыжа з іх знакамітымі мэтрамі. З 1925 года пачаў удзельнічаць у выставах, у 1930-м пераехаў у Менск, дзе жыццё было больш канцэнтраваным, ішло будаўніцтва і былі буйныя дзяржаўныя замовы. Уступіў у Саюз мастакоў БССР, пазбег рэпрэсій 1937 года і заўсёды верна служыў савецкай уладзе. Памёр у 1995-м. Азгур меў усе рэгаліі — ад звання Героя Сацыялістычнай Працы да асабістага дома-майстэрні, пабудаванага яму дзяржавай як народнаму мастаку СССР. Яго імем названа вуліца ў Мінску, дзейнічае мемарыяльны музей, помнікі Азгура ўпрыгожваюць вуліцы горада. Няма толькі аднаго — сусветнай славы, якую даваў Парыж.

І нарэшце, чацвёрты, апошні варыянт — парадаксальны. Гісторыя жыцця Надзі Лежэ, народжанай Хадасевіч, з вёскі Асецішчы на Віцебшчыне. Гісторыя, годная галівудскага фільма: пра таленавітую і вельмі энергічную беларускую дзяўчыну, якая мроіла пра Парыж, пра вучобу ў знакамітага Фернана Лежэ і ажыццявіла сваю мару: стала мастачкай і ўрэшце — жонкай знакамітага мэтра. Падарыла Францыі персанальны музей мужа (на што сам Лежэ і спадзявацца не мог), а радзіме — калекцыю графікі Лежэ, керамікі Пікасо і сваіх супрэматычных прац, выставу 360 рэпрадукцый і злепкаў сусветных шэдэўраў, якая выхоўвала паваеннае пакаленне савецкіх людзей падчас інфармацыйнага голаду. Узнагароджаная і ордэнам Ганаровага Легіёна ў Францыі, і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў СССР. Гэта жанчына (член Кампартыі Францыі, сябар Марыса Тарэза, удзельніца французскага Супраціву) лёгка перасягнула межы ў часы «жалезнай заслоны», сябравала з міністрамі культуры Андрэ Мальро і Кацярынай Фурцавай, знакамітымі мастакамі — Мацісам, Шагалам і Пікасо. Шчодрая і энергічная, актыўная і высакародная ідэалістка, удзячная дачка Беларусі, Расіі і Францыі.

Ёй, адзінай з усіх мастакоў-эмігрантаў, удалося немагчымае — стаць культурным амбасадарам свету, злучыць дзве краіны. Але ні ў Парыжы, ні ў Мінску няма вуліцы яе імя.

Надзея УСАВА