Мастак надпачуццёвага складу

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У невялікай майстэрні Георгія Скрыпнічэнкі ўражваюць стосы палотнаў на паліцах і ў спецыяльна прыстасаваных для іх захоўвання скрынях. «Тыдзень маглі б тут сядзець, дзень і ноч разглядваючы мае працы», -- гаворыць мастак. Веру, што так яно і ёсць. Нямногім выпадае шчасце грунтоўна пазнаёміцца з творчасцю майстра. Нават яго бліжэйшыя сябры не заўжды маюць уяўленне, колькі ім напрацавана з вучнёўства да сённяшняга дня.

 /i/content/pi/mast/4/108/Skrypnichenka-2-5.jpg
 "Дзень схіліўся к ночы". Алей. 1976-2001.

Г.Скрыпнічэнка не з тых творцаў, якія любяць быць навідавоку, штогод прэзентаваць сябе на выставах. Апошняя значная персанальная экспазіцыя мастака адбылася амаль дзесяць гадоў таму. Безумоўна, ён удзельнічаў у справаздачах Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, у выставах суполкі «Пагоня», сябрам якой з’яўляецца. Неаднаразова прэзентаваў невялікія, лакальнай тэматыкі экспазіцыі, напрыклад, у мастацкім цэнтры «Жылбел», у галерэі салона-магазіна «Мастацтва», рыхтуе экспазіцыю, прысвечаную юбілею Мінска, у малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе прадставіць свае шматлікія замалёўкі старых вулачак і будынкаў сталіцы. Гэтыя работы, дарэчы, зусім не настальгічнае назапашванне ўспамінаў: проста цягавіты ў творчасці мастак вельмі добрасумленна год за годам занатоўваў тое, што бачыў навокал. Эцюды сталі своеасаблівай школай майстэрства, ён рабіў іх дзесяткамі, а пасля клаў на паліцы -- як чарговы этап мастакоўскай працы. Вобразы і відарысы былі падсумаваны пазней у яго грунтоўных і знакавых жывапісных палотнах.
На сценах майстэрні вісяць і прафесійна напісаныя, рэалістычныя краявіды. Як жа сапраўдны мастак абыдзецца без іх, асабліва выязджаючы штогод летам на вёску? Але не ў гэтым жанры адбылося сапраўднае «нараджэнне» майстра. Г.Скрыпнічэнка меў свой адметны погляд на рэчаіснасць яшчэ ў гады вучобы ў мастацкай вучэльні. У майстэрні мастака захаваліся некаторыя работы таго часу. Яны яшчэ даволі простыя па кампазіцыйнай будове, але нават у звычайных пастановачных нацюрмортах адчуваецца імкненне да абагульнення форм, іх адасаблення ад навакольнага асяроддзя. Што ж да жывапісных работ вольнага характару, дык там адрыў ад рэальнасці быцця яшчэ большы: малады мастак дэфармуе прапорцыі пад уплывам кубістычных ідэй Пікаса, змяняе вугал агляду, пазбягае дэталізацыі. Чаго варты адзін толькі маленькі чалавечак, які згубіўся сярод шматпавярховых дамоў: ён згарае, знікае на іх фоне...
У работах Г.Скрыпнічэнкі ёсць штосьці, што адпачатку абяззбройвае ахвотнікаў пакрытыкаваць мастака. Гэта -- іронія. Пра вельмі сур’ёзныя рэчы мастак умее разважаць нібы з усмешкай. Ён дае простаму сюжэту мудрагелістую назву, сумяшчае на прасторы палатна ці аркуша несумяшчальныя ў жыцці рэчы, але сэнс пакідае на паверхні -- для ўважлівага гледача.
Ёсць у мастака невялікая карціна, якая мае назву «Выкраданне Еўропы». І бык, і жанчына на яго спіне, і зорнае неба над імі -- знаёмы ўсім сюжэт, але ў інтэрпрэтацыі Г.Скрыпнічэнкі.

 /i/content/pi/mast/4/108/Skrypnichenka-2-3.jpg
 Падзенне Ікара. Змешаная тэхніка. 1965-1969.

Бык на яго карціне мае на галаве чорна-белую чалму. Прадбачанне? Хутчэй развагі творцы над тым трывожным фактам, што ў сённяшняй Еўропе ўсё большае колькасць мусульман, якія спакваля, незаўважна могуць змяніць не толькі дэмаграфічную сітуацыю, але і светапогляд насельнікаў гэтай часткі свету. Але Г.Скрыпнічэнка не быў бы сабой, калі б не падкінуў гледачу нейкі іранічны штрых. Ён ёсць: сам мастак выглядвае з-за тулава быка і ўсміхаецца асобе жаночага полу. Ідзе гульня сэнсавымі вызначэннямі: бык у чалме заігрывае з Еўропай, а аўтар заляцаецца да жанчыны, якая раптоўна аказваецца каровай, таксама апранутай у чалму...
Усе жывапісныя палотны Г.Скрыпнічэнкі нясуць адбітак яго жыццёвай філасофіі: аўтар заўжды на баку слабых і пакрыўджаных. Так, у карціне «Гандляр», напісанай у 1996 г., усё дыхае непрымальнымі адносінамі мастака да чалавека, які шукае сваё выгаднае становішча паміж Захадам і Усходам.
Кожны мастак імкнецца да гармоніі, нават калі пры гэтым дэкларуе зусім іншае. Г.Скрыпнічэнка ідзе да гармоніі праз асэнсаванне дысанансаў і канфліктаў жыцця. Пры ўсёй фантастычнасці антуражу герояў ягоных карцін і аркушаў іх рэальныя прататыпы ўявіць няцяжка. Па «шляху жыцця» -- у аднайменнай карціне, якую мастак пісаў на працягу больш як дваццаці гадоў (1978 – 2001), ідуць побач спадарожнік з посахам і нейкія пачварныя, але чалавекападобныя істоты. Работу вызначаюць умоўнае асяроддзе, графічнасць выяў, лакальнасць і спрошчанасць колеравай гамы. І вялікая колькасць сімвалаў, якія ўводзяцца ў прастору палатна ненавязліва, але мэтанакіравана.
Усё гэта -- сведчанне імкнення творцы да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, стварэння ілюзорнай прасторы, калі кожная выява зводзіцца да абсалютна канкрэтнай абмежаванай сістэмы ўмоўнасцей, своеасаблівага пагаднення паміж мастаком і гледачом. Г.Скрыпнічэнка часта адмаўляецца ад рэпрэзентацыйнасці як прадстаўлення свету. Ён шукае сістэму ідэальных сэнсаў са сваёй логікай, законамі, характэрную для гэтай мастацкай сістэмы гульню, якая можа ажыццявіцца толькі ў зададзенай прасторы карціны. Цікавяць мастака канфлікты, сутыкненні, абмен ролямі ва ўзаемаадносінах паміж фікцыяй, рэальнасцю і ілюзіямі, пад якімі ён разумее самыя розныя выяўленчыя сістэмы. Па сутнасці, гэта -- праблемы мовы, у дадзеным выпадку -- візуальнай.

 /i/content/pi/mast/4/108/Skrypnichenka-2-4.jpg
 Ахвяра. Алей. 1996.

Цікава, што Г.Скрыпнічэнка мае звычку праз некаторы час вяртацца да сваіх карцін, многія з іх падоўгу застаюцца недапісанымі. Здаецца, схапіўшы нейкую ідэю і знайшоўшы ёй адпаведнае вырашэнне, мастак страчвае інтарэс да твора. Палотны, бывае, ляжаць у такім «паўфабрыкатным» выглядзе гадамі, а то і дзесяцігоддзямі. А потым надыходзіць момант -- час адкрыцця тэмы наноў, -- калі Г.Скрыпнічэнка зноў бярэцца за пэндзаль, дапрацоўвае, дапісвае работу. Але і тое не гарантыя, што ён стварыў канчатковы варыянт. Мабыць, гэта асаблівасць творчай асобы, якая адкрывае для сябе новыя грані ва ўласнай задуме толькі праз некаторы жыццёвы перыяд.
Яго творчасць жывіцца ілюзіямі на мяжы рэальнай формы і фантазіі. Г.Скрыпнічэнка любіць фактурны жывапіс, але ў структуры палатна сярод гучных колеравых усплескаў, калажных элементаў (уставак з дрэва і нават апельсінавых лупін) абавязкова прысутнічаюць дакладна прамаляваныя фігуры, твары або рэчы. Мастак любіць і жывапіс, які дазваляе лесіроўкамі дэталёва прамаляваць кожную постаць у кампазіцыі. І тады на палотнах узнікаюць складаныя асацыятыўныя вобразныя структуры, фантастычна разнастайныя і прыцягальныя. Усё гэта -- розныя бакі аднаго стылю. Магчыма, менавіта гэтая акалічнасць дапамагае мастаку захаваць цэльнасць, панарамнасць светапогляду.
У гэтым сэнсе карціны Георгія Скрыпнічэнкі, безумоўна, належаць да тых твораў, што ўсталёўваюць новыя маштабы ў беларускім мастацтве. Каб стварыць з дапамогай карцін уласны космас, мастак выпрацоўвае сваю, асаблівую мастацкую мову.
Яго творы грунтуюцца на інтэлекце, яны шматпланавыя і тонка прадуманыя. Яны жывяцца ідэямі надпачуццёвага складу, у іх яскрава праяўляюцца гумар і глыбінная іронія.
 

Наталля ШАРАНГОВІЧ