Беларусы ў свеце. І для ўсяго свету...

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Міжнародны музычны форум у Мінску

/i/content/pi/mast/63/1076/11.jpg
Дырыжор Інэса Бадзяка
Больш як паўтара месяца ішоў у сталіцы XXXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». А ўнутры яго ладзілася яшчэ адна, папраўдзе грандыёзная акцыя — 
Міжнародны музычны форум «Беларусы свету». Абодва праекты прысвячаліся 75-годдзю Беларускай дзяржаўнай філармоніі і 80-гадоваму юбілею Акадэміі музыкі — нязменнай крыніцы кадраў для філарманічных калектываў.

Што прыдумаў Гільдзюк?

Ідэю форуму «Беларусы свету», што сабраў у сябе дома лепшых прадстаўнікоў айчыннай музычнай культуры, прыдумаў мастацкі кіраўнік філармоніі, вядомы піяніст і педагог Юрый Гільдзюк. Сутнасць яе ў тым, каб з’яднаць у адным фестывалі і прадставіць меламанам лепшых выканаўцаў, якія выраслі і набылі музычную адукацыю ў Беларусі, а цяпер працуюць па ўсім свеце. Ладзяць сольную кар’еру, як піяністы Юрый Бліноў ці Андрэй Паначэўны, або выступаюць у самых прэстыжных калектывах.

У Мінск з’ехаліся музыканты з 15 краін (сярод іх Германія, Грэцыя, ЗША, Італія, Літва, Расія). Форум складаўся з 16 праграм, шыкоўных па змесце і ўзроўні ўвасаблення. Сама «Музычная восень» прэзентавала ўдвая болей праектаў. Акцэнт сёлета зрабілі на інструментальных жанрах (у межах «Восені» прайшоў і вакальны конкурс імя Александроўскай, але пра яго асобная гаворка).

Залы заўсёды былі поўныя, часта назіраўся аншлаг. Невыпадкова «Беларусы свету» выклікалі каласальную цікавасць музычнай грамадскасці. Ну дзе яшчэ вы пачуеце сольныя канцэрты піяністаў Юрыя Блінова і Цімура Сергіені ці арганіста Расціслава Выграненку? Цымбалістаў Вольгу Мішулу, Кацярыну Анохіну, Ангеліну Ткачову? Выступленні Андрэя Паначэўнага ці Івана Карызны? Усе згаданыя музыканты неверагодна занятыя, планы многіх распісаныя на гады наперад, але ад удзелу ў канцэртах, прысвечаных двайному юбілею, напэўна, не змаглі адмовіцца.

Філармонія зрабіла ўсё магчымае, каб кошт квіткоў быў дэмакратычны: мінімум 20-30, максімум 80-100 тысяч. Не абышлося без падтрымкі Міністэрства культуры і галоўнага спонсара — банка БелВЭБ. Заўважу, гэты кошт квіткоў на канцэрты артыстаў, што прайшлі ў межах форуму, непараўнальны з тым, які ён у іншых краінах.

Парад аўтарскіх вечарын

У форуме аказаліся занятыя практычна ўсе сталічныя сімфанічныя і камерныя аркестры, хары, ансамблі салістаў-інструменталістаў. У кулуарах неаднойчы даводзілася чуць, што праграма задаволіла самыя розныя густы — шырокага слухача і элітарнага, аматараў фартэпіяна і джаза, прыхільнікаў арганнай музыкі і выканальніцтва на баяне і акардэоне.

У межах «Беларусаў свету» адбылося некалькі аўтарскіх вечароў. Сачыненні Дзмітрыя Смольскага і Уладзіміра Карызны былі прэзентаваны ў вялікай зале, Віктара Войціка і Віктара Капыцько — у зале імя Шырмы. Вечарыны атрымаліся надзіва розныя — у адпаведнасці з асаблівасцямі музычнай мовы і стылю, жанру. Адкрывала фестываль праграма, прысвечаная 75-годдзю Дзмітрыя Смольскага, аднаго з найбольш аўтарытэтных беларускіх кампазітараў. Яна змясціла Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, дзе саліраваў Юрый Бліноў, «Песню апошняга трубадура» (сачыненне для барытона і аркестра) і прэм’еру 15-й сімфоніі. Зайздросная актыўнасць сталага майстра! Асабліва калі ўлічыць, што зусім нядаўна ў Оперным адбылася прэм’ера новай рэдакцыі яго «Сівой легенды».

Юбілейная вечарына Уладзіміра Карызны, прысвечаная яго 50-годдзю, прадставіла розныя пакаленні адной музычнай дынастыі. Бацька кампазітара, Уладзімір Іванавіч Карызна, — знакаміты паэт, на чые вершы напісана больш за 200 харавых твораў і песень. Многія з іх створаны ў суаўтарстве з сынам-кампазітарам, іх любяць выконваць шматлікія калектывы краіны. У 1-м аддзяленні «сольніка» адбыўся своеасаблівы парад харавых калектываў. Узорны хор «Ліра» СШ № 66 Мінска, канцэртны хор Акадэміі музыкі, Дзяржаўны камерны хор, нарэшце, Акадэмічны народны хор імя Цітовіча. Падалося, харавая творчасць Уладзіміра Уладзіміравіча больш арыгінальная і каштоўная, чым эстрадныя песні, якія гучалі ў 2-м аддзяленні.

Але прадоўжу расповед пра дынастыю. Віяланчэліст Іван Карызна, лаўрэат апошняга конкурсу імя Чайкоўскага, — унук паэта і сын кампазітара. Ён і яго сястра Настасся навучаюцца музыцы ў кансерваторыях Парыжа. Абое спецыяльна прыляцелі ў Мінск на творчую вечарыну бацькі. Івана мы ў апошні час чулі. А вось Настасся аказалася адкрыццём! У дуэце з мамай-піяністкай яна прадстаўляла твор бацькі — Санату для скрыпкі і фартэпіяна. На маю думку, гэта быў самы ўзнёслы і прачулы нумар усёй праграмы. Які гук інструмента, які артыстызм! Зрэшты, хто лепей за дзяцей-выканаўцаў зразумее творчыя памкненні бацькі-кампазітара? «Геніяльная сям’я...» — дакладна зазначыла са сцэны Інэса Бадзяка, мастацкі кіраўнік і дырыжор канцэртнага хору Акадэміі музыкі.

Канцэрт для Паначэўнага з аркестрам

Юбілейная вечарына, прысвечаная 75-годдзю філармоніі (у ёй удзельнічалі сімфанічны аркестр філармоніі, харавая капэла, салісты), прывабіла шмат чым. Урачыстыя імпрэзы часам грашаць доўгімі прамовамі, зачытваннем вітальных адрасоў. У выніку гаворкі болей, чым уласна музыкі. Але тут атрымалася іначай — строга, стыльна, з густам. Нічога лішняга. Без сумненняў, праграму фарміраваў Аляксандр Анісімаў. Таму сачыненні сабраліся не «зайграныя», светлыя па гучанні, хоць і не пазбаўленыя часам драматызму. Бетховен, Глебаў, Шасон, Джардана, Чайкоўскі.

Фантазія для фартэпіяна, хору і сімфанічнага аркестра Бетховена. У сачыненні, якім звычайна адкрываецца выкананне цыкла ўсіх сімфанічных твораў нямецкага класіка, саліраваў Андрэй Паначэўны. Па выглядзе — еўрапеец. Арыстакратычны твар. Філігранная тэхніка. Кранальна-пяшчотныя, працяглыя сола на пачатку твора. Таямнічыя акорды аркестра, якому адгукаюцца пасажы фартэпіяна…

У Паэме для скрыпкі з аркестрам, найбольш вядомым сачыненні Эрнэста Шасона, прадстаўніка ранняга імпрэсіянізму, саліраваў Арцём Шышкоў. Унікальны беларускі выканаўца. Арцём іграў на інструменце Гварнэры, прадастаўленым нашай Акадэміяй музыкі. Ён — адзіны беларускі скрыпач, які трапіў у фінал апошняга конкурсу імя Чайкоўскага. А нядаўна Шышкоў стаў лаўрэатам прэстыжнага Міжнароднага конкурсу імя каралевы Лізаветы ў Брусэлі. Усё гэта спрыяла рамантычнасці і вастрыні ўспрымання паэмы. Экспрэсіўная аркестравая плынь — і эмацыйныя разгорнутыя сола скрыпкі. Сапраўдныя «разлівы» ўзнёслых эмоцый і сурова-хмурыя музычныя тэмы. Нарэшце, радасна-светлы світанак...

Пры канцы праграмы прагучала віртуознае «Італьянскае капрычыа» Чайкоўскага. Мажорна-радасны, зіхатлівы твор, які апявае радасць жыцця, услаўляе яго як свята. Музычная экспрэсія ў фінале дасягае, здаецца, найвышэйшай кропкі.

Але, як ні дзіўна, больш за ўсё на канцэрце кранулі сачыненні Яўгена Глебава. Не сакрэт, часам гучныя падзеі ў музычным жыцці краіны абыходзяцца і без айчынных аўтараў. Таму такія ўвага і павага ўдвайне каштоўныя. Трыпціх уключаў творы чутыя і вядомыя — «Ціль Уленшпігель» (дакладней, «Нараджэнне Ціля»), «Маленькі прынц», «Мушкецёры», але іх выкананне прымусіла думаць пра тое, што творчасць кампазітара па-ранейшаму актуальная, музычная мова вострая. А колькі захаплення выклікаюць ягоныя аркестроўкі! Творы кантрасныя, усім уласціва выкарыстанне нечаканых тэмбраў. «Калючая», дасціпная мова «Ціля» — у зададзеным рытме ўжо адчуваецца і бачыцца малюнак будучага танца. Лірычна-пяшчотная, журлівая тэма Нэле. Нарэшце, у фінале нарастае яркасць, дынаміка, маштаб відовішча!

«Мушкецёры», у якіх чуецца водгулле імклівых беларускіх полек, хоць і былі ўвасоблены ў танцы, але міжволі марыш пабачыць новую харэаграфічную версію. Такія яны імпэтна-дынамічныя і мажорныя... Адажыа з «Маленькага прынца» хочацца слухаць бясконца. Дзівіцца адухоўленай, трапяткой мелодыі, акварэльна-празрыстай пяшчоце. Касмічная музыка! Напісаная тры дзесяцігоддзі таму, але жывая, кранальная і надзіва сучасная...

Там і тут

Форум атрымаўся. Маштабны, феерычны. Сапраўдны выканальніцкі марафон. Можна колькі заўгодна пераконваць сябе, што музычнае мастацтва касмапалітычнае. Што ноты — і ў Афрыцы ноты, універсальная мова ўзаемаразумення. І ўсё-такі па-здрадніцку шчымела сэрца, калі вядучая чарговага канцэрта аб’яўляла прозвішчы вядомых выканаўцаў і дадавала назвы краін, якія цяпер яны прадстаўляюць: Ангеліна Ткачова (Грэцыя), Расціслаў Выграненка (Польшча), Вольга Мішула (Германія), Кацярына Анохіна (Расія)... Значыць, там ім лепей, чым тут?

Варыянтаў адказу на гэтае пытанне шмат. Музыкант калісьці перарастае межы адной канцэртнай залы і краіны. (Дарэчы, ці шмат у нашай, амаль 10-мільённай краіне менавіта філарманічных пляцовак? Кожны абазнаны ў праблеме выканаўца скажа: мала! Дык мо прыспеў час пабудаваць, як у Маскве, Міжнародны Дом музыкі? У расійскай сталіцы ён — надзвычай прэстыжная сцэна.) Кожнаму піяністу ці скрыпачу для прафесійнага росту патрэбны майстар-класы, творчыя вандроўкі, прэстыжныя гастролі. Еўропа, ды і неабдымная Расія, пэўна, маюць большую, чым мы, патрэбу ў музыцы акадэмічных жанраў. У нас жа «папса» (якая існуе за грошы дзяржаўныя, а не прыватныя!) — асаблівасць нацыянальнага баўлення вольнага часу.

Адзінае суцяшэнне: зоркі, якія так віртуозна выступалі на форуме «Беларусы свету», нарадзіліся, навучаліся і сталелі на нашай зямлі. Яны — годныя прадстаўнікі айчыннай выканальніцкай школы. Жывое і пераканаўчае сведчанне таго, што ўзровень музычнай адукацыі ў Беларусі надзвычай высокі. Што існуюць моцныя школы (прынамсі, фартэпіянная і цымбальная), якія складаюцца з адметных асоб. Што паміж навучаннем і практыкай (паміж гімназіяй-каледжам, Акадэміяй музыкі і філармоніяй) існуе трывалая сувязь. Форум яскрава прадэманстраваў сінтэз нацыянальных выканальніцкіх культур, іх узаемадзеянне і ўплывы. Так што будзем сачыць за далейшым росквітам талентаў. І чакаць наступных канцэртаў зорных музыкантаў на радзіме...

Таццяна МУШЫНСКАЯ