Сяргей Лазніца: «Папрасіць парады ў Бога»

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

«Золата “Лістапада”» — фільму «У тумане»

/i/content/pi/mast/63/1075/9.jpg 
"У тумане". Уладзіслаў Абашын (Бураў), Сяргей Колесаў (Войцік), Уладзімір Свірскі (Сушчэня). 
Сёлетні XIX Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» меў 
надзвычайны грамадскі і глядаці рэзананс. У ім удзельнічалі карціны 43 краін (улічваючы капрадукцыю). Конкурсную і пазаконкурсную праграмы склалі 150 фільмаў.

Стужкі, у цітрах якіх пазначана: «Беларусьфільм», нячаста ўдзельнічаюць у ігравым конкурсе «Лістапада». А калі і ўдзельнічаюць, дык яшчэ радзей трапляюць у лік пераможцаў, бо канкурэнцыя сярод карцін, адзначаных на іншых прэстыжных форумах, вельмі моцная.

Фільм «У тумане» Сяргея Лазніцы, зняты паводле аповесці Васіля Быкава, — сумесная прадукцыя пяці краін: Германіі, Расіі, Латвіі, Беларусі і Нідэрландаў. Карціна сёлета адкрывала фестываль і ўваходзіла ў асноўны конкурс. Ажыятаж, які выклікаў фільм, аказаўся вялізным. Тры паказы на розных пляцоўках не маглі спатоліць глядацкую смагу.

Вядома ж, гонар перапаўняў айчыннага гледача, калі было аб’яўлена, што сёлета Гран-пры «Золата “Лiстапада”» за лепшы фільм прысуджаны менавіта карціне «У тумане»! У прафесійнасці журы ігравога конкурсу, якое ўзначальваў Андрэй Звягінцаў, сумнявацца не даводзіцца.

За мінулы год «У тумане» сабраў букет узнагарод — Гран-пры двух міжнародных кінафорумаў — «Люстэрка» імя Андрэя Таркоўскага і «Залаты абрыкос» у Ерэване. Ці не самая прэстыжная адзнака — прыз ФІПРЭСІ за лепшы фільм асноўнага конкурсу на сёлетнім 65-м Канскім кінафестывалі.

Поспех фільма «У тумане» — сур’ёзная нагода, каб больш уважліва прыгледзецца да рэжысёра і пачуць яго думкі. Яны занатаваны падчас абмеркавання карціны, якое адбылося ў мінскім Доме кіно. Пытанні Сяргею Лазніцу і выканаўцам галоўных роляў Уладзіміру Свірскаму і Уладзіславу Абашыну задавалі гледачы.

Сяргей Лазніца: Васіль Быкаў — вельмі значны пісьменнік. Аповесць «У тумане» настолькі мяне ўсхвалявала, што зразумеў: я павінен рабіць карціну. Здарылася тое дастаткова даўно. Дзесяць гадоў, пакуль чакаў, — гэта сур’ёзны тэрмін.

Як ішла ваша праца над сцэнарыем на працягу гэтага часу? Ці адбываліся нейкія змены?

— Сцэнарый быў гатовы, і я не рабіў новых варыянтаў. Шукаў грошы і магчымасць паставіць фільм. Дапрацоўваў гады два таму, перад тым як здымаць. Імкнуўся захаваць думку аўтара...

З самім Васілём Быкавым вы не сустракаліся?

— У 2002 годзе некалькі разоў тэлефанаваў яму. Васіль Уладзіміравіч у той час жыў у Франкфурце-на-Майне. Мы гутарылі... Галоўная просьба пісьменніка была аб тым, каб яго не прыцягвалі да працы над сцэнарыем. Напэўна, ён імкнуўся завяршыць няскончаныя творы. Пажадаў мне ні пуху, ні пер’я...

Ці лічыце вы сябе экзістэнцыйным рэжысёрам?

— У сэнсе К’еркегора або ў сэнсе Ніцшэ? (Апладысменты залы.) Справа ў тым, што К’еркегор казаў пра выбар, а Ніцшэ — пра волю...

А ў якім сэнсе экзістэнцыйнасць разумееце вы?

— У дадзеным выпадку — у сэнсе К’еркегора. Ці з’яўляюся экзістэнцыйным рэжысёрам, не ведаю, але аповесць — менавіта пра выбар. Пра ўнутраны маральны стрыжань... І што для мяне вельмі важнае — герой не філосаф. Ён не задае сабе такія пытанні.

А чаму фільм на рускай мове?

— Тут ёсць некалькі тлумачэнняў. Я нарадзіўся ў Беларусі, у Баранавічах, але вырас у Кіеве і не валодаю беларускай мовай дасканала. Таму баюся быць прафанам. Існуе таксама пытанне з акцёрамі. Трэба, каб існавала моцная кінаіндустрыя і каб акцёрам не трэба было спецыяльна вучыць мову. Ёсць пытанне і з магчымасцямі пракату: усё-такі рускамоўная тэрыторыя налічвае 250 мільёнаў чалавек.

Якая атмасфера панавала на здымачнай пляцоўцы?

— Калі вучыўся ў ВГІКу, мой педагог казаў: «Будучы фільм патрэбен толькі табе. І шчасце, калі ты сустрэнеш аператара, які будзе думаць аднолькава з табой. І гэтак сама жадаць зняць карціну, як і ты...» Мне пашанцавала. Я сустрэў не толькі аператара Алега Муту, але і гукарэжысёра Уладзіміра Галаўніцкага (дарэчы, ён доўгі час працаваў у Беларусі). А таксама мастака-пастаноўшчыка, мастака па касцюмах, мантажора... Сустрэў выдатных акцёраў. Таму атмасфера склалася незвычайная! Адчувалася творчае адзінства. Усе хацелі зрабіць фільм. Менавіта таму знялі карціну за такі кароткі тэрмін, усяго за 28 здымачных дзён. (Апладысменты залы.) Гэта вельмі хутка! Але сваю ролю адыграла сур’ёзная падрыхтоўка. Мы шмат рэпеціравалі, гэты перыяд доўжыўся два месяцы...

Скажыце, доўгі ўступны план, калі Бураў і Войцік едуць на хутар да Сушчэні, быў зняты з першага дубля?

— Не. Здымалі яго два дні, зрабілі 15 дубляў. Гэта, магчыма, 14-ы.

Уладзімір Свірскі вельмі пераканаўча сыграў ролю Сушчэні. Пытанне яму. Як вас знайшлі?

Уладзімір Свірскі: Я сядзеў у сталоўцы ГІТІСа, абедаў і думаў: «Госпадзі, калі ласка, пашлі ролю. Галоўную, такую, каб я мог выявіць сябе...» Падыходзіць акцёр Рыгор Дабрыгін (ён сыграў у фільме «Як я правёў гэтым летам» і атрымаў «Сярэбранага мядзведзя» на Берлінскім кінафестывалі). І кажа: «Вова, не збрывай бараду, для цябе ёсць роля...» Справа ў тым, што на «Берлінале» Рыгор сустрэў рэжысёра Сяргея Лазніцу, які сказаў, што шукае акцёра на ролю Сушчэні. Рыгор адказаў: «У мяне ёсць такі хлопец...» Час ад часу мне тэлефанаваў Дабрыгін, які нагадваў, каб я не галіўся і рыхтаваўся: «Гэта вельмі важна, гэта больш, чым кіно!»

Потым рэжысёр прыехаў у Маскву. Мы сустрэліся, доўга размаўлялі. Сяргей мяне проста фатаграфаваў, нічога не рэпеціравалі. Я распавядаў, як жыву, што раблю...

Сяргей Лазніца: На самай справе я адразу зразумеў, што ён — выканаўца галоўнай ролі...

Уладзімір Свірскі: Потым выправіліся ў Латвію. Рэпеціравалі два месяцы. Падчас здымак я выкапаў 27 магіл (у фільме ёсць сцэна, калі Сушчэня, якога павінны неўзабаве расстраляць, капае сабе дол. — Т.М.). Некалькі разоў давялося мяняць дзяржанне ў рыдлёўкі, бо ламалася. Аднойчы, калі капаў магілу, ударыў аб нешта цвёрдае. Паляцелі іскры. Мо, авіябомба або снарад?.. Мы з жахам выскачылі з яміны і разбегліся ў розныя бакі. Выклікалі мінёраў. Аказалася, гэта камень, але з цягам часу ён зрабіўся гладкім...

Сяргей Лазніца: Здымалі на тэрыторыі Латгаліі. Падчас 1-й Сусветнай вайны там доўга стаяў фронт. Блізка ад паверхні хапае снарадаў. Зямля ўся параненая, у акопах...

Ці складана здымацца ў стужцы, дзе велізарная колькасць буйных планаў?

Уладзіслаў Абашын: Напэўна, колькасць буйных планаў не надта ўплывае на ступень цяжкасці працы. Мне здаецца, дыханне акцёра правяраецца на доўгіх планах. На здымачнай пляцоўцы не можа быць лёгка. Калі табе лёгка, дык вынік потым вельмі цяжка глядзець. (Смех, апладысменты.)

Уладзімір Свірскі: Цалкам згодзен з Уладам. Чым болей укладзеш, тым больш атрымаеш. Доўгія планы для мяне нашмат больш складаныя. Здымкам павінны папярэднічаць месяцы рэпетыцый, каб кожнае імгненне знаходжання перад камерай было выверана.

Ведаю Уладзіміра даўно. І мне здаецца, што высокія маральныя прынцыпы былі закладзеныя ў яго характары з дзяцінства. Валодзя, у нечым ты сыграў самога сябе. І таму было лёгка ўвасабляць такога героя...

Уладзімір Свірскі: Не, было цяжка іграць — і фізічна, і ўнутрана. Але сапраўды, тое выхаванне, пра якое вы гаворыце, дапамагала.

Згадаем момант, калі Бураў цэліцца ў галоўнага героя. Яму штосьці магло перашкодзіць стрэліць, акрамя паліцаяў?

Сяргей Лазніца: Мы гэтага не ведаем, бо гісторыя склалася іначай. Сапраўды, Бураў цягнуў з момантам расправы. І калі яго падстрэлілі, у героя нараджаецца пачуццё палёгкі, што ён не ўзяў на сябе ролю забойцы.

Ці згодны вы з меркаваннем, што аповесць Быкава — амаль цалкам прыпавесць (як і ваша папярэдняя стужка «Шчасце маё»)? І герой канчае жыццё самагубствам, бо не можа зрабіць іначай?

— Папраўдзе так. Што да Сушчэні, дык у яго не было іншага шляху. Герой з такім характарам, якім ён паўстае ў аповесці, можа дзейнічаць толькі так. Ён не можа жыць з тым, што яго лічаць здраднікам. Але і даказаць уласную невінаватасць не мае магчымасці.

Што для вас як рэжысёра ў фільме беларускага? Бо калі я прачытаў аповесць, падалося, што Васіль Уладзіміравіч напісаў не пра вайну, а пра дзівосную якасць характару беларуса, якая з’яўляецца яго шчасцем і яго трагедыяй...

— Вы абсалютна правільна сфармулявалі. Цалкам падзяляю вашу думку. Характар Сушчэні выпісаны вельмі дакладна.

Фінал стужкі. Туман засцілае экран. У руках галоўнага героя пісталет. І кожны ў зале разумее, што цяпер здарыцца. Многія гледачы скалануліся, калі прагучаў стрэл. А гэтага так не хацелася! Ці не збіраліся вы пакінуць адкрыты фінал? Бо карціна трагічная...

— Абсалютна згодзен з такім фіналам, які ёсць. Трэба ставіць кропку, і ў дадзеным выпадку адкрыты фінал немагчымы. Проста па вызначэнні. Іначай губляецца думка. І сэнс карціны... Вельмі цікавая рэч: адзін гук нараджае сэнс (стрэл Сушчэні гучыць у густым белым тумане, калі ўсіх трох герояў ужо не відаць. — Т.М.). Прыбіраем яго — і будзе іншая думка!

Гэта прынцыпова, што ў фільме не выкарыстоўваецца музыка?

— Яна тут проста лішняя. На мой погляд, музыка гучала б як каментарый. А ён недарэчы... Бо ў музычнай тэме прысутнічае ўласны моцны складнік. Мне не патрэбна гэтая эмоцыя. Яна пазбаўляе вас магчымасці перажыць глыбокія пачуцці. І робіць долю гледачоў больш лёгкай.

Калі не сакрэт, які бюджэт фільма? І які ўнёсак замежнікаў?

— Не сакрэт. Два мільёны 100 тысяч еўра. Таму ўдзельнічала пяць краін. Ужо другую карціну я раблю з міжнароднай групай. У працэсе здымак фільма былі задзейнічаны грамадзяне дзевяці краін. Амаль палова бюджэту — нямецкія грошы. Усе дзяржавы прымалі сур’ёзны фінансавы ўдзел.

А якая тут роля Беларусі?

— Гэткая самая, як і роля Германіі, Расіі, іншых краін. Па-першае, калі фарміруецца бюджэт стужкі, усе складнікі істотныя. Па-другое, мне ўяўлялася важным, каб Беларусь абавязкова прысутнічала ў праекце. Хіба карціна паводле Быкава магчымая без удзелу краіны, дзе твор нарадзіўся, дзе адбываецца дзеянне і аповесці, і стужкі?

Зразумела, падчас здымак такога фільма няпросты ўвесь працэс. Але што для вас як рэжысёра было самым складаным?

— У мяне хапала часу, каб прадумаць будучую стужку. Многія моманты былі справай вопыту, тэхнікі, трэнінгу. Анджэй Вайда некалі сказаў: перад тым, як рабіць карціну, рэжысёр павінен двойчы папрасіць парады ў Госпада Бога. Спачатку — калі выбірае тэму і потым — калі прызначае акцёра на галоўную ролю. Вось два самыя «каверзныя» пытанні. Усё астатняе... Я ведаў, што і як хацеў зрабіць.