2012: падзеі і тэндэнцыі

№ 12 (357) 01.12.2012 - 31.12.2012 г

Для рэдакцыі часопіса 2012 год ператварыўся ў бясконцы шэраг мастацкіх увасабленняў...


Зрэшты, як звычайна, гэты год праходзіў паміж творчымі здзяйсненнямі і праваламі. З’яўляліся яркія імёны і запальваліся зоркі, сыходзілі прызнаныя майстры. Адбываліся пошукі новага, шанаваліся традыцыі, ладзіліся дыскусіі, у якіх вызначаліся найбольш адметныя дасягненні і страты. Падводзячы творчыя вынікі, мы звярнуліся да прафесійных экспертаў з просьбай вылучыць «падзею» і «расчараванне» года ў асобных відах мастацтва. Своеасаблівы рэйтынг, які дапаўняе аналітычныя агляды, быў зроблены шляхам простага арыфметычнага падліку.

ПУНКЦІРАМ ПА АРЫЕНЦІРАМ

/i/content/pi/mast/63/1074/Untitled-1.jpg
Экспазіцыя Сяргея Кірушчанкі ў Палацы мастацтва
Мегашоу.
Маецца на ўвазе множны лік, але лінгвістычна гэта пазначыць немагчыма. Групавых выстаў з размахам (па мясцовых мерках) сапраўды было некалькі, і адбываліся яны не на пляцоўцы Палаца мастацтва, што аказалася замалой для куратарскіх амбіцый.

Спачатку кола мастакоў асвоіла пакінутае індустрыяльнае памяшканне завода «Гарызонт», спарадзіўшы мары пра арт-кластар: аб’яднанне прадпрыемстваў творчых індустрый у адной прасторы, часта на плошчах закінутых заводаў. Ён вельмі папулярны ў Еўропе, актыўна развіваецца ў суседніх краінах, але ў нас, на жаль, на з’яўленне ў бліжэйшы час гэтай формы крэатыўнай індустрыі спадзявацца цяжка.

Месца стварае стыль — менавіта пра гэта сведчыць творчасць мастакоў Парыжскай школы (пра яе пазней). Выстава на «Гарызонце» — ініцыятыва цалкам прыватная, надзвычай фактурна ўвасобленая. Творам было вольна сярод прамысловага трэшу, хоць не ва ўсіх хапіла досведу працы ў брутальных абставінах. Экспазіцыя сталася часткай даследчага праекта «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых», які выразна маркіраваў супярэчнасці арт-працэсу: адсутнасць прызнаных аўтарытэтаў, размежаванасць даследчыкаў і размытасць крытэрыяў ацэнкі.

Наступны выдатны праект, які, на жаль, бачылі нямногія, — «Палацавы комплекс», што адбыўся ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Па рознага кшталту адміністрацыйных прычынах праіснаваў толькі дзень — 18 мая, у «Ноч музеяў». Меў больш выразную, чым у папярэднім выпадку, канцэпцыю асваення прасторы і, што важна, выразную рэфлексію з нагоды гэтай прасторы. Кожны з праектаў, «насаджаных» на агульную ідэю, меў і сваю выразную ідэю. Гэта яркая падзея года паказала патэнцыял пісьменнай куратарскай працы (хоць ініцыятар Міхаіл Гулін адмаўляе яўны куратарскі нагляд), даступнага публіцы і прыемнага для дасведчаных тэкставага суправаджэння (Таццяна Кандраценка) і важнасць мясцовай ініцыятывы, у дадзеным выпадку музея Румянцавых-Паскевічаў. Запрашэнне ў праект беларускіх творцаў, што жывуць у Еўропе і развіваюцца ў прынцыпова іншым кантэксце, узбагаціла экспазіцыю. Зноў жа прыходзяць асацыяцыі з выставай мастакоў Парыжскай школы — пара завязваць з тэндэнцыяй знаёміцца з творчасцю суайчыннікаў у далёкай гістарычнай перспектыве.

Нарэшце, трэцяя вялікая падзея, яна адбылася пры канцы года: І Мінскае трыенале сучаснага мастацтва «БелЭкспаАрт-2012». Экспазіцыя атрымалася разнастайнай па формах і цалкам задавольвала глядацкую скіраванасць не на куратарскія гісторыі, якія мусяць чытацца ў нагружаных сэнсамі і падтэкстамі работах, а на забаўляльнае шоу. Ажывіць структуру традыцыйнай выставы спрабавалі і арганізатары з Саюза мастакоў на Біенале жывапісу, графікі і скульптуры: яны расчынілі дзверы Палаца на пачатку фарміравання выставы, каб плённы творчы хаос стаў даступны шырокай публіцы. Шкада, што гэта ніяк не адбілася на характары экспазіцыі.

Галоўны музей. Нацыянальны мастацкі музей гэтым годам варта вылучыць асабліва — як і належыць, ён стаў цэнтрам прыцяжэння мастацкага жыцця. У пэўны перыяд у ім адначасова праходзілі тры выдатныя выставы. Унікальны арт-праект «Мастакі Парыжскай школы» — ідэя Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і Белгазпрамбанка. Апошні стаў ініцыятарам вяртання карцін мастакоў, што нарадзіліся ў Беларусі і сталі сусветна вядомымі за яе межамі: у прыватных калекцыянераў і на міжнародных аўкцыёнах было набыта каля паўсотні твораў. «Марк Шагал: жыццё і каханне» — наступная значная выстава прадставіла творы з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім), у асноўным — кніжныя ілюстрацыі. Экспазіцыя «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600–1800» з калекцыі Музея Вікторыі і Альберта пазнаёміла гледача з багатым перыядам развіцця еўрапейскай культуры.
Мастак і яго выказванне. Персанальных выстаў было, як заўсёды, шмат. Гэта і юбілейныя экспазіцыі членаў Саюза мастакоў, што па традыцыі праводзіліся ў Палацы мастацтва і Мастацкім музеі (Уладзімір Савіч, Уладзімір Скрыпнічэнка), віцебскі акварэліст Фелікс Гумен выставіўся разам з вучнямі, уражальны праект прапанаваў у Палацы Сяргей Кірушчанка: ён задзейнічаў выразны прасторавы кампанент і разнастайныя медыі. Уразілі выстава маладой мастачкі Жанны Гладко (вельмі асабісты і моцны праект) і «Яно тут» Антаніны Слабодчыкавай.

Навацыі. Галерэя «Ў» пры канцы года заявіла пра змену фармату (мы пра гэта пісалі), у горадзе насамрэч бурліць жыццё — сачыце за навінамі. Новы праект «Еўрапейскае кафэ» прапаноўвае лекцыі пра сучаснае мастацтва, дзе выступаюць вядучыя айчынныя і замежныя спецыялісты, паказваецца відэа- і фотаматэрыял, праводзяцца дыскусіі. Знакавая падзея для горада — увасабленне (на кароткі час) паблік-арт-аб’екта Алеся Кудрашова «Люстэркавы пакой» у парку Сімона Балівара.

Чаго не было. Гучных, знакавых, рэзанансных праектаў у правінцыі. Хоць з’явіліся выразная канкурэнцыя ідэй і шыкоўныя аўтары, але не паўсталі аўтарытэты, да якіх прыслухоўваюцца і якія аспрэчваюць, не хапае ўмення прафесійна весці дыскусію, ну і банальнага — сродкаў і прыдатных пляцовак, каб рэалізаваць задуманае. На гэтым фоне ўражвае Белгазпрамбанк, які стварыў лепшую ва Усходняй Еўропе калекцыю твораў мастакоў Парыжскай школы. Яму і аддамо сімвалічныя лаўры года.

Алеся БЕЛЯВЕЦ

Падзея года: Выстава ў Нацыянальным мастацкім 
музеі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў».

Расчараванне года: І Мінскае трыенале сучаснага 
мастацтва «БелЭкспа-Арт-2012».

 

НЕ ПАРАЛЕЛІЦЦА

/i/content/pi/mast/63/1074/5.jpg
"Пікавая дама" Аляксандра Пушкіна і пятра Чайкоўскага. Гродзенскі абласны тэатр лялек.
Гэты год стаўся адметным для нашага тэатра, бо нарэшце вычарпаў тэатральную сітуацыю да дна. Больш не трэба наракаць на адсутнасць маштабных падзей і зніжэнне агульнага ўзроўню; на мізэрнасць творчых намаганняў і адмысловых ідэй. Можна пэўна сказаць: не дачакаліся.

Аніякія новыя тэндэнцыі нам не пагражаюць. Парасткі новага стылю такія кволыя, што іх можна вельмі лёгка растаптаць. У лепшым выпадку — не заўважыць. Або ўкленчыць у роспачы: «Забярыце ад мяне гэтую брыдоту!» Што маем, тое маем. Дый харавыя спевы пра неўміручасць нашай акцёрскай школы можна, нарэшце, перапыніць. Нічога надзвычайнага і ў гэтым сэнсе не адбываецца. Увогуле пакуль незразумела: хто перахопіць эстафетную палачку ў Расціслава Янкоўскага? Наследуе здатнасць да метафарычнага мыслення Валерыя Раеўскага? Давядзе, як Барыс Герлаван, да бачнай дасканаласці сцэнаграфічную ідэю? І калі, нарэшце, спыніцца дыскусія пра тое, які мастак лепшы: галодны або багаты? А яшчэ — нашы рэжысёры перастануць рупіцца пра тое, як падаражэй «прадаць» публіцы артыстаў, якія ніколі не працавалі ў нашых тэатрах дзеля грошай, а проста зоймуцца мастацтвам?

Дзіўная рэч: калі згадаць усе самыя прыкметныя сёлетнія прэм’еры ў драматычных тэатрах, атрымаецца вельмі красамоўная карціна — агульная для ўсіх. Гэта разгорнуты на падмостках сюжэт, шчодра аздоблены перабольшанымі эмоцыямі, сцэнаграфіяй, спевамі і харэаграфічнымі нумарамі. Персанажы пры гэтым не вельмі запамінальныя: «я — у прапанаваных абставінах», дзе ўласнае «я», як правіла, адсутнічае. Менавіта так. Дасціпна ўвасоблены тэкст пры больш-менш вынаходліва пабудаваных мізансцэнах. Акцэнтаваныя музыкай пачуцці. І жыццёвыя гісторыі, якія забываюцца праз дзесяць хвілін пасля таго, як пакідаеш глядзельную залу. Пра вышыні прафесіі, шматузроўневыя сэнсавыя слаі, пра нечаканыя павароты добра вядомых сітуацый гаварыць не даводзіцца. Пра адметны рэжысёрскі почырк, глыбіню псіхалагічнага выканання — таксама. Усё прыблізна аднолькавае. Пра гэта сведчыць і суцэльная адсутнасць новых акцёрскіх зорак у мінскіх тэатрах. Іх болей ніхто не запальвае.

Зрэшты, на што ўвогуле зарыентаваныя нашы драматычныя тэатры, хто і як сябе пазіцыянуе і якія магчымасці перад акцёрамі адкрывае? Казаць пра поўную адсутнасць мастацкіх задач — не зусім правільна. Галоўны рэжысёр Рускага тэатра Сяргей Кавальчык гаворыць пра рускую класіку і намеры развіваць псіхалагічнае мастацтва. У Купалаўскім Мікалай Пінігін марыць паэтапна ўводзіць у свядомасць сучаснікаў айчынныя ўзоры духоўнасці. У ТЮГу Уладзімір Савіцкі займаецца пошукамі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Усё гэта — пераважна на словах і там, дзе адсутнасць ясных мэт і акрэсленых намераў недапушчальная. Што на справе? Усё прадэклараванае варта прызнаць слушным. Ды толькі зрабіць упэўненыя крокі наперад перашкаджае той самы сярэднестатыстычны спектакль, да якога ўрэшце схіляецца ўся беларуская рэжысура. (За дужкі трэба вынесці работу тэатраў лялек і тэатра танца.) Сурочыў усіх нехта, ці што? Але было ж, было! А цяпер спектаклі тэатраў, якія абвяшчаюць уласную праграму, і тэатраў, якія нічога такога на мэце не маюць, мала чым адрозніваюцца. Запрасіце артыстаў або рэжысёраў з адной пляцоўкі на другую — нічога істотна не зменіцца.

Такім чынам, сёлета ў мінскіх тэатрах было даволі прэм’ер, але толькі спектаклі Дзяржаўнага тэатра лялек «Шоўк» і «Дзяды» выклікалі да сябе цікавасць і пачуццё ўдзячнасці за магчымасць судакрануцца з творчасцю.

Галоўнай падзеяй года сталіся міжнародныя фестывалі і след тэатральных мегазорак на айчынным небасхіле. Сітуацыю абвастрыла ІІ Нацыянальная тэатральная прэмія. Пытанне «чаму такая слабая праграма?», з якім адзін да аднаго звярталіся члены журы, дагэтуль застаецца без адказу.

Людміла ГРАМЫКА

Падзея года: ІІ Нацыянальная тэатральная прэмія.

Расчараванне года: Спектаклі драматычных тэатраў 
ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У апытанні прынялі ўдзел: Галіна Алісейчык, Таццяна Арлова, Барыс Герлаван, Вячаслаў Іваноўскі, Алена Ліопа, Алена 
Мальчэўская, Лідзія Манакова, Ала Палухіна, Рычард Смольскі, Вольга Сталярова.

 

 

 

ДЫК ШТО Ў НАС САМАЕ-САМАЕ?..

Ці рэальна на адной часопіснай старонцы згадаць пра ўсё самае яркае, адметнае і грандыёзнае, што адбывалася ў музычным жыцці краіны на працягу цэлага года? Пра шматлікія прэм’еры, фестывалі, творчыя вечарыны, новыя праекты? Наўрад ці. Але ўсё-такі паспрабуем. Канспектыўна і ёмка. Не ўзнаўляючы падрабязную і дэталёвую карціну, а толькі абмалёўваючы сілуэты. Прычым, праз умоўна вылучаныя намінацыі.

Прэм’ера года. Сярод назваў, прадстаўленых двума акадэмічнымі музычнымі калектывамі, першае месца варта аддаць оперы «Сівая легенда» (музыка Дзмітрыя Смольскага). Пастаноўка атрымалася нацыянальная па духу, гістарычная і маштабная (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ).
Пераможцай у намінацыі «лепшая сцэнаграфія музычнага спектакля» зрабілася опера «Кашчэй Бессмяротны» (мастак Любоў Сідзельнікава). Бясспрэчным фаварытам у катэгорыі «самы стыльны спектакль» выглядае, на маю думку, аднаактовая «Серэнада» з харэаграфіяй Джорджа Баланчына, узноўленай францужанкай Нанет Глушак.

Здабытак года. З’яўленне на сцэне Акадэмічнага музычнага тэатра славутага і менавіта ліцэнзійнага мюзікла «Вестсайдская гісторыя» Леанарда Бернстайна (рэжысёр Анастасія Грыненка, харэограф Дзмітрый Якубовіч).
Ноу-хау года. Нечаканае адкрыццё эксперыментальнай пляцоўкі ў Тэатры оперы і балета. Сцэны, прыдатнай для пошукаў і сучасных харэаграфічных спектакляў.

Прызнанне года. Дзве выдатныя айчынныя балерыны — Вольга Гайко і Людміла Кудраўцава — ганараваныя званнем народных артыстак. Адданасць прафесіі і неверагодны талент усё-такі знаходзяць адпаведнае грамадскае прызнанне — і гэта падаецца па-сапраўднаму справядлівым.

Асобы года. Беларуская цымбалістка Аляксандра Дзенісеня прайшла ў фінал класічнага «Еўрабачання-2012», якое ладзілася ў Вене. У музычнай сталіцы Еўропы яна выконвала сачыненне Уладзіміра Кур’яна для цымбал і аркестра. Харэограф Дзмітрый Залескі распачаў супрацоўніцтва з пецярбургскай трупай знакамітага Барыса Эйфмана. Тэнар Эдуард Мартынюк дэбютаваў у маскоўскім Вялікім тэатры ў прэм’еры «Чарадзейкі» (рэжысёр Аляксандр Цітэль). Нашай спявачкай Аксанай Волкавай зацікавіўся тэатр «Метраполітэн-опера», мецца-сапрана ўжо ездзіла туды на праслухоўванне. (Заўважу, ніхто з айчынных салістаў на працягу ўсёй гісторыі тэатра на тую сцэну пакуль не трапіў.)

Прызначэнне года. Славутая балерына Інэса Душкевіч стала мастацкім кіраўніком Беларускага харэаграфічнага каледжа. Прынцыповае абнаўленне кадраў нараджае надзею, што сітуацыя з падрыхтоўкай спецыялістаў зменіцца.

Страта года. Аляксей Шут, стваральнік і мастацкі кіраўнік музычнай капэлы «Санорус», які так нечакана пайшоў з жыцця гэтай восенню.

Юбілей года. Іх шмат, таму выбіраць нялёгка. 25-годдзе адсвяткаваў Віцебскі фестываль сучаснай харэаграфіі. Шэсць дзесяцігоддзяў радуе слухачоў Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Цітовіча. На дзесяць гадоў раней нарадзіўся яго мастацкі кіраўнік Міхась Дрынеўскі. Уласнае 70-годдзе адзначыў знакаміты віяланчэліст Уладзімір Перлін (ён быў героем цыкла вечароў віяланчэльнай музыкі, які вясной яму прысвяціла філармонія).

Гастролі года. Сёлета ў нас было багата гасцей. Грузінскі балет з дзвюма праграмамі аднаактовых пастановак і мініяцюр. Азербайджанская акадэмічная трупа, якая паказала спектакль «Сем прыгажунь». Беларуска-ўкраінскі харэограф Раду Паклітару з яго пастаноўкай «Дождж». Трупа Уэльса (Вялікабрытанія). Нарэшце, Андрыс Ліепа з балетам «Клеапатра — Іда Рубінштэйн». Але, на мой погляд, бясспрэчную перамогу ў намінацыі «гастролі» атрымаў Свярдлоўскі акадэмічны тэатр музычнай камедыі з Екацярынбурга, які на працягу месяца паказваў у Мінску свае лепшыя работы.

Фестываль года. Пераможцы ў гэтай намінацыі — два надзвычай сур’ёзныя і маштабныя праекты. Па-першае, Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі, які ладзіўся сёлета ў маі і быў арганізаваны нашым Оперным тэатрам. Ён прадставіў меламанам зорак, лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў, лепшых маладых выканаўцаў згаданых краін.
Другі бясспрэчны фіналіст намінацыі — форум «Беларусы свету», які прайшоў у межах «Беларускай музычнай восені» і прысвячаўся 75-годдзю Белдзяржфілармоніі і 80-годдзю Акадэміі музыкі. Ён сабраў ці не самых яркіх і знакамітых інструменталістаў, якія нарадзіліся і склаліся як музыканты ў Беларусі, а цяпер працуюць у розных краінах. Форум пераканаў у неверагодна высокім майстэрстве і запатрабаванасці прадстаўнікоў нацыянальнай выканальніцкай школы.

Таццяна МУШЫНСКАЯ

Падзея года: Rondo-опера Ларысы Сімаковіч «Люцыян Таполя» паводле паэмы Максіма Танка. 
Нацыянальны народны аркестр РБ пад кіраўніцтвам Міхася Казінца. Белдзяржфілармонія.

Расчараванне года: Харэаграфічны спектакль «Метамарфозы». Эксперыментальная сцэна Тэатра оперы і балета. Выканальніцкае майстэрства беларускіх артыстаў у балеце «Серэнада».

У апытанні прынялі ўдзел: Аліна Безенсон, Вольга Брылон, Надзея Бунцэвіч, Святлана Гуткоўская, Вольга Дадзіёмава, Інэса Душкевіч, Валянцін Елізар’еў, Уладзімір Кур’ян, Анастасія Масквіна, Святлана Уланоўская.

 

 

 

 

ВАКОЛ КІНО

Год выдаўся шчодрым на кінематаграфічныя падзеі рознага маштабу — ад міжнароднага да лакальнага. У гэты вір трапілі фестывальныя форумы і асобныя стужкі. Міжнародны клас падзей азначаны ХІХ Мінскім кінафестывалем «Лістапад» і двума ігравымі фільмамі — «Адзінокі востраў» ды «У тумане».

Лакальны характар традыцыйна меў Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў у Брэсце. Яго адметнасцю стала шырокая панарама стужак, у тым ліку знятых без дзяржаўнай падтрымкі. Але галоўнае, вядома, новая прадукцыя «Беларусьфільма»: серыялы, а таксама дакументальныя фільмы студыі «Летапіс» ды нешматлікія анімацыйныя карціны. Усё гэта высветліла стан беларускага кінематографа як працяг таго дысбалансу, што даўно склаўся ў нашай кінарэжысуры. А менавіта — высокі мастацкі ўзровень дакументалістыкі і ўстойлівы заняпад ігравога кіно.

Дакументальныя фільмы Віктара Аслюка («Драўляны народ», «Цеплыня»), Вольгі Дашук («Кінааматар. Восеньскі сон»), Юрыя Гарулёва («Летапіс у промнях святла») і іншых пачынаючых ці сталых рэжысёраў прэзентавалі высокі статус фільммэйкерства гэтага профілю. Перадусім — здольнасць разглядзець нябачныя, нявонкавыя грані рэальнага чалавека, стварыць непарадны партрэт асобы ў метафізіцы часу і пабудаваць цэльны экранны вобраз.

У ігравым кіно сёлета склалася парадаксальная сітуацыя. Прадукцыя ў выглядзе серыялаў апрыёры не прэтэндавала на мастацкае вымярэнне. Жанравая арыентацыя свядома адпавядала прыярытэтам глядацкай большасці: меладрама («Усё, што нам трэба»), дэтэктыў («Сеткавая пагроза»), гісторыка-прыгодніцкі фільм («Талаш»). Праўда, зусім не рытарычнае пытанне: ці згадае беларускі глядач хоць адну з гэтых назваў? І наогул — ці разумны такі шлях камерцыялізацыі, які вядзе выключна на тэлебачанне?

На шчасце, у якасці своеасаблівага шчыта ў ігравым кіно 2012 года выступілі карціны сумеснай вытворчасці. У абодвух выпадках рэжысёры прыйшлі не з беларускай абоймы. Над фільмам «Адзінокі востраў» працаваў эстонец Пеэтэр Сім, а стужку «У тумане» зняў па ўласным сцэнарыі Сяргей Лазніца, які жыве ў Германіі. Гэтыя фільмы трапілі ў конкурсныя праграмы міжнародных кінафестываляў і атрымалі там рознага кшталту ўзнагароды. Беларуская прэса і беларускі глядач аддалі відавочную перавагу фільму Сяргея Лазніцы як экраннай адаптацыі аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Пры гэтым выказваліся разнастайныя меркаванні — ад ухвалення да крытыкі, што само па сабе ёсць з’явай пазітыўнай.

Анімацыйнае кіно, нягледзячы на перыферыйны статус у нашай кінавытворчасці, звычайна трымалася на даволі высокім узроўні. Але цяпер стала відавочна, што яно паціху здае свае пазіцыі. Яшчэ захоўваецца моцная група рэжысёраў-аніматараў (Ігар Волчак, Таццяна Жыткоўская, Ірына Кадзюкова, Аляксандр Ленкін, Уладзімір Пяткевіч, Міхаіл Тумеля), але іх фільмы заўважна буксуюць на стылістычных самапаўторах.

У гэтым кантэксце асаблівае значэнне набывае праблема рэжысёрскай школы, якая служыць для пачаткоўцаў трамплінам у прафесію. Сёлета адбыўся выпуск рэжысёраў ігравога кіно БДАМ (майстэрня Аляксандра Яфрэмава). Прадстаўленыя ў якасці дыпломных праектаў пяць фільмаў адцянілі звыклыя плюсы (аператарскае майстэрства) і хібы нашага фільммэйкерства ў гэтай галіне: рыхласць драматургіі, «разгладжванне» прасторава-тэмпаральнага рэльефа, эскізную работу з акцёрам і, галоўнае, — абсалютную аддаленасць ад сацыякультурнай ідэнтычнасці Беларусі. Гэта, перадусім, выявілася ў тым, што ні адзін з будучых рэжысёраў не знайшоў апірышча ў беларускай літаратуры — ні класічнай, ні сучаснай.

У мой уласны спіс лепшых беларускіх фільмаў 2012 года патрапілі дзве кароткія кінакарціны: дакументальная «Драўляны народ» (рэжысёр Віктар Аслюк) і анімацыйная «Як служыў жа я ў пана...» (рэжысёр Міхаіл Тумеля). У абедзвюх стужках арганічна спалучаюцца наратыўны тэмпарытм, гука-візуальная пластыка і вобразная архітэктоніка. Тут рэжысёрская стылістыка пазнаецца ў кожным кадры, а недыдактычная аўтарская інтэнцыя лёгка запускае моцны гуманістычны імпульс.

Наталля АГАФОНАВА

Падзея года: Фільм «У тумане» (рэжысёр Сяргей Лазніца). Германія, Расія, Нідэрланды, Беларусь, Латвія.

Расчараванне года: Серыял «Скрасці Бельмандо» (рэжысёр Мікалай Князеў). «Беларусьфільм», «Белтэлерадыёкампанія».

У апытанні прынялі ўдзел: Ігар Аўдзееў, Ала Бабкова, Ірына Дзям’янава, Міхаіл Жданоўскі, Антаніна Карпілава, Юлія Ляшко, Вольга Мядзведзева, Людміла Саянкова, Антон 
Сідарэнка, Наталля Сцяжко.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

полюсы

Падзея года: Фільм «У тумане» (рэжысёр Сяргей 
Лазніца). Германія, Расія, Нідэрланды, Беларусь, Латвія.

Расчараванне года: Серыял «Скрасці Бельмандо» 
(рэжысёр Мікалай Князеў). «Беларусьфільм», «Белтэлерадыёкампанія».

полюсы

Падзея года: Rondo-опера Ларысы Сімаковіч 
«Люцыян Таполя» паводле паэмы Максіма Танка. 
Нацыянальны народны аркестр РБ пад кіраўніцтвам Міхася Казінца. Белдзяржфілармонія.

Расчараванне года: Харэаграфічны спектакль «Метамарфозы». Эксперыментальная сцэна Тэатра оперы і балета.

Выканальніцкае майстэрства беларускіх артыстаў 
у балеце «Серэнада».

полюсы

Падзея года: ІІ Нацыянальная тэатральная прэмія.

Расчараванне года: Спектаклі драматычных тэатраў 
ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

полюсы

Падзея года: Выстава ў Нацыянальным мастацкім 
музеі «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі Белгазпрамбанка, музейных і прыватных збораў».

Расчараванне года: І Мінскае трыенале сучаснага 
мастацтва «БелЭкспа-Арт-2012».

У апытанні прынялі ўдзел: Вольга Архіпава, Павел Вайніцкі, Барыс Крэпак, Ларыса Міхневіч, Уладзімір Парфянок, Вольга Рыбчынская, Рыгор Сітніца, Міхась Цыбульскі, Сяргей Шабохін, Яўген Шунейка.