Жыццё ёсць трагедыя... Ура?!

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Развітанне з дырыжорам Аляксеем Шутом

У гэта немагчыма паверыць: у кастрычніку памёр Аляксей Шут, стваральнік і нязменны мастацкі кіраўнік музычнай капэлы «Санорус», якая сёлета адзначыла сваё 20-годдзе. Немагчыма паверыць, бо кожнаму, хто быў з ім знаёмы ці судакрануўся з творчасцю калектыву, Аляксей Аляксандравіч заўжды здаваўся ўвасабленнем эмацыйнай экспрэсіўнасці, энергіі і нястомнага развіцця.

Пра «Санорус» я ведала даўно, бывала на яго канцэртах, што ладзіліся ў Мінску на розных пляцоўках. Але з самім Аляксеем Аляксандравічам мы пазнаёміліся дастаткова блізка гадоў сем ці восем таму і з таго часу досыць часта сустракаліся пасля прэм’ер ці паказаў новых праграм. Ён лічыў — і небеспадстаўна — што ягонае дзецішча абдзелена ўвагай крытыкаў. Таму яго цікавілі меркаванні наконт новых работ капэлы. Да папярэдняга юбілею, 15-годдзя «Саноруса», я рыхтавала буклет і тады належным чынам ацаніла маштаб зробленага Шутом і ўсім калектывам. Некаторыя музычныя спектаклі, напрыклад, «Маленькі прынц» (на музыку Андрэя Мдывані) або прысвечаная Ганне Ахматавай «Споведзь кахання» (на музыку Уладзіміра Саўчыка), ствараліся на маіх вачах. На прэм’еру дзіцячага музычнага спектакля «Стойкі алавяны салдацік» мы разам з музыкантамі ездзілі ў Дзяржынск, родны горад кампазітара Марыны Марозавай. Таму за гады ўражанняў назбіралася шмат.

На чале кожнага творчага згуртавання звычайна стаіць лідар. Ён жа — рухавік, матор. Чалавек, з ідэй і памкненняў якога ўсё пачынаецца. «Санорус», адзін з найбольш яркіх мастацкіх калектываў не толькі Міншчыны, але і ўсёй краіны, нарадзіўся ў 1992-м як абласны камерны хор, які ў той час базіраваўся ў Маладзечне. Як згадваў потым сам дырыжор, там яны мелі выдатную матэрыяльную базу: класы для індывідуальных заняткаў, прасторнае рэпетыцыйнае памяшканне. Але праз нейкі час мастацкі кіраўнік зразумеў, што музычнае жыццё ўсё-такі віруе ў сталіцы — тут працуюць кампазітары, ёсць публіка, здольная належным чынам ацаніць эксклюзіўныя праграмы. Усяго праз некалькі гадоў пасля свайго стварэння хор (услед за ім узнік і аркестр) перабраўся ў Мінск.

Ды толькі жыццё і тут не аказалася лёгкім. Адміністрацыя існавала ў будынку Абласной бібліятэкі імя Пушкіна, у паўпадвальным памяшканні, што мяне заўжды абурала: ну як так можна! Музыку — і ў падвал!.. Для рэпетыцый арандавалі памяшканні ў Палацы культуры Трактарнага завода, дзе часам праз 10 хвілін спеваў не было чым дыхаць. Некалькі гадоў таму неверагоднымі намаганнямі кіраўніка «Санорус» атрымаў для працы больш прыдатную тэрыторыю — частку Дома культуры Мінскага раёна. Тут размясціліся велізарная нотная бібліятэка, сцэнічныя касцюмы. Меліся прыстойная зала і сцэна. Адзіная «закавыка»: будынак, хоць тэрыторыя і гарадская, знаходзіцца за кальцавой. Згадзіцеся, артыстам трэба моцна любіць мастацтва, каб штодня (на асабістым транспарце або на прыгарадных аўтобусах) дабірацца на рэпетыцыю. А ці паедзе за кальцавую меламан? Шут не падманваў сябе ілюзіямі і арандаваў для прэм’ер прэстыжныя пляцоўкі ў цэнтры Мінска — Палац прафсаюзаў, Палац ветэранаў. Пасля капрамонту яны выглядалі імпазантна і добра стасаваліся з праграмамі, якія прэзентаваў «Санорус».

Чаму так падрабязна пра ўмовы? Бо вельмі часта яны не толькі не спрыялі натхненню, але псавалі нервы, прымушалі марнаваць сілы і час. Каб умовы былі іншымі, магчыма, і калектыў развіваўся б больш інтэнсіўна, і Аляксей Аляксандравіч не сышоў так рана. Ён заўжды пакідаў уражанне чалавека трывалага, здатнага пераадольваць цяжкасці…

Асаблівасць беларускай (ці наогул славянскай) ментальнасці ў тым, што ў нас часцей любяць і шануюць мёртвых, але не жывых! Калі б хоць на якім канцэрце дырыжору падаравалі столькі кветак, колькі ляжала на ягонай труне, калі б пры жыцці сказалі хоць частку ўзнёслых слоў, што прагучалі падчас грамадзянскай паніхіды («Вялікі дырыжор, вялікі музыкант!»), энергетыкі прызнання хапіла б яшчэ на гады. А мо, калі чалавек памірае, пераходзіць нябачную мяжу, якая аддзяляе свет жывых ад свету мёртвых, імгненна забываецца, знікае дробязна-паўсядзённае, тое, што раздражняла, і становіцца заўважным маштаб зробленага?

Дзеля справядлівасці заўважу: па-за сцэнай Аляксей Аляксандравіч паўставаў чалавекам не надта простым. Думаю, музыканты, якія з ім працавалі, не заўжды пачувалі сябе камфортна і псіхалагічна ўтульна. Часам мне здавалася, што яму не хапае дыпламатычнасці, умення прамаўчаць дзе трэба. Што не заўсёды ён стрыманы ў эмоцыях. Занадта экспансіўны і наступальны. Калі-нікалі аўтарытарны і катэгарычны ў ацэнках.

Але за гэтым стаяла адказнасць за вынік, за ўсіх і кожнага, велізарная, фанатычная любоў да музыкі і твораў, якія ён выконваў, да кампазітараў, чые сачыненні ён выводзіў «у людзі». З ім, чалавекам амбітным і азартным, які небанальна і нестандартна мысліць, было надзвычай цікава спрачацца. Дагэтуль памятаю гарачую дыскусію пра ацэнку цэнтральных жаночых вобразаў у операх «Травіята» і «Чыа-Чыа-сан». Перад табой паўставаў дасведчаны прафесіянал, інтэлектуал, годны праціўнік, і трэба было добра пашукаць аргументы, здатныя пераканаць яго ці хоць часткова абвергнуць выказаныя ім меркаванні.

Так, Шут ніколі не выглядаў рахманым анёлкам, але калі ўлічыць маштаб зробленага «Санорусам» за два дзесяцігоддзі (а ён без перабольшання — уражвае), дык прыходзіш да высновы, што анёлападобны кіраўнік не здолеў бы вырашаць пытанні і творчыя, і арганізацыйныя, і фінансавыя (падрыхтоўка праграм, выязных канцэртаў, замежных гастроляў, а значыць — дамовы, візы, транспарт), што менавіта з такім досыць «нязручным» лідарам і можна было ўвасобіць гэткую колькасць агромністых вакальна-сімфанічных сачыненняў.

У апошнія гады «Санорус», лаўрэат пяці міжнародных конкурсаў, паўставаў як дынамічны калектыў, у творчым багажы якога больш за 400 (!) сачыненняў. Літургічная музыка Бартнянскага, Чайкоўскага, Рахманінава, Архангельскага, Часнакова. Буйныя вакальна-сімфанічныя творы — «Месія» Гендэля і «Рэквіем» Моцарта, «Літанне» Манюшкі і «Нямецкі рэквіем» Брамса, «Сімфонія № 3» Шастаковіча і «Магніфікат» Ратнера. А яшчэ Гайдн, Керубіні, Шуберт, Вердзі, Брамс. Капэла з поспехам гастралявала ў многіх краінах — Германіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі, Францыі.

Калектывам, якія працуюць на эстрадзе або ў жанрах, блізкіх да фальклору (кшталту народных хароў), існаваць лягчэй. І таму, што яны бліжэй да масавай свядомасці, і таму, што часцей забаўляюць і весяляць. Займацца асветніцтвам, пашыраць музычныя далягляды слухачоў праз класічныя сачыненні кантатнага і аратарыяльнага кірунку, праз лепшыя опусы нацыянальных аўтараў куды больш складана! «Санорус» выбраў высакародную, але шмат у чым няўдзячную сцежку.

Што да айчынных творцаў, дык узаемаадносіны іх з капэлай — тэма асобная. Па вялікім рахунку, у краіне, дзе пакуль слаба развіта нацыянальная самасвядомасць, дзе павага да творцы ва ўяўленні шырокай публікі моцна звязана са ступенню паспяховасці ў замежжы («О, там прызналі, тады і мы паслухаем!») і матэрыяльнай заможнасцю аўтара, — айчынная музыка акадэмічных жанраў, скажам шчыра, мала каму патрэбная. Намінальна — так, а рэальна — не. Яна, прабачце за параўнанне, як прыправа ў супе. Нібыта і павінна быць, але трошкі. Для водару... Каб пераканацца ў тым, дастаткова ўважліва вывучыць афішы нават лепшых нашых калектываў.

Стварэнне і прапаганда беларускай музыкі — часцей пытанне асабістай ініцыятывы і сяброўскіх кантактаў кампазітараў і кіраўнікоў калектываў. Таму нацыянальнай музыкі ў нас ніколі зашмат не было (чамусьці падазраю, што і не будзе). Айчынная музыка публіцы ў рэшце рэшт патрэбная, але тады, калі яна, публіка, новы твор пачуе і належным чынам ацэніць. Толькі ад напісання да выканання могуць прайсці месяцы, гады, а часам і ўсё жыццё. Таму кампазітары ставіліся да Аляксея Шута як да лепшага сябра, выратавальніка, калегі, аднадумца, як да адкрывальніка музычных скарбаў. Менавіта ў «Санорусе» адбыліся прэм’еры многіх самабытных сачыненняў беларускіх кампазітараў, менавіта сюды неслі ўласныя партытуры Андрэй Мдывані і Алег Хадоска, Сяргей Бельцюкоў і Алег Залётнеў, Дзмітрый Далгалёў і Людміла Шлег.

З аднаго боку, магчымасці капэлы акрэслівалася як універсальныя: у гэтым сэнсе «Санорус» заўжды быў блізкі да філарманічнай дзейнасці — у яго былі і ёсць праекты і буйныя, і камерныя. З іншага боку, калектыў наблізіўся да музычных і оперных спектакляў. Аляксей Аляксандравіч ганарыўся, што «Санорус» няспынна пашырае магутнасць: «Мы набылі ўласную светлавую апаратуру...» Праз нейкі час: «Пашылі новыя касцюмы...» Яшчэ праз нейкі час: «Заказалі мастакам дэкарацыі да двух новых дзіцячых спектакляў...»

Важным накірункам штодзённай працы капэлы былі музычныя пастаноўкі, адрасаваныя дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі. Акрамя згаданых, у рэпертуары прысутнічалі опера-казка «Кот у ботах» Кюі, «Пеця і воўк» Пракоф’ева, «Муха-цакатуха» Марозавай, іншыя сачыненні. І тут — таксама праява асветніцтва, імкненне паўплываць на музычныя густы і дасведчанасць юнага слухача.

Раздумваючы пра будучы лёс «Саноруса», як і многія, я турбуюся: як далей будзе развівацца калектыў без свайго стваральніка і відавочнага лідара? Ці ацалее? Бо, на жаль, вельмі многае ў нашай культуры трымаецца на асабістым энтузіязме і любові да прафесіі. Ці здолее капэла застацца на заяўленай творчай вышыні? Хто будзе творчым пераемнікам?

Калі ў Аляксея Аляксандравіча пыталіся пра запаветныя жаданні, ён звычайна адказваў: «Адзіная праблема — уласны будынак, які меў бы тэатральную залу і сцэну, дзе можна было б паказваць самыя розныя праграмы. У нас быў бы свой глядач, бо маем велізарны рэпертуар, адрасаваны рознай аўдыторыі! У сваім памяшканні "Санорус" проста квітнеў бы! У тым ліку і фінансава...» Дырыжор марыў таксама пра Дзіцячы музычны тэатр (дарэчы, аналагічны даўно і паспяхова існуе ў Кіеве). Памятаю, ён казаў: «У нас хапіла б назваў, каб запоўніць афішу!»

Лепшым помнікам дырыжору Аляксею Шуту, які так заўчасна пайшоў з жыцця, было б стварэнне ў сталіцы амаль 10-мільённай дзяржавы такога тэатра. Цудоўна, каб асновай яго трупы зрабілася менавіта музычная капэла «Санорус».

«Жыццё ёсць трагедыя. Ура!» Словы, вынесеныя ў загаловак, належаць вялікаму нямецкага кампазітару Бетховену. Ура?.. Не, я катэгарычна не згодная...

 Таццяна Мушынская