Грані анапскага «Кінашоку»

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Фестываль без экстрыму, але з сюрпрызамі

/i/content/pi/mast/62/1070/41.jpg 
 «У тумане». Рэжысёр Сяргей Лазніца.
У горадзе-курорце Анапа прайшоў XXI Адкрыты фестываль «Кінашок», 
на якім былі прадстаўлены фільмы краін СНД, Грузіі і Балтыі. Гран-пры паехаў ва Узбекістан, аднак журы не абышло ўвагай і беларусаў.

За час існавання анапскага кінафестывалю склалася, так бы мовіць, кола яго «абарыгенаў» — народных і заслужаных артыстаў СССР і саюзных рэспублік, якіх ведалі па стужках 1950-х–1980-х гадоў. Заўсёднікамі фэсту былі расіяне Лідзія Смірнова, Клара Лучко, Іна Макарава, Зінаіда Кірыенка, Людміла Касаткіна, Яўген Мацвееў, латыш Івар Калныньш, грузін Кахі Каўсадзэ, узбек Рустам Сагдулаеў, муж і жонка з Туркменіі — рэжысёр Хаджакулі Нарліеў і актрыса Маягазель Аймедава.

З той кінематаграфічнай плеяды сярод гасцей ХХІ «Кінашоку» засталіся трое апошніх ды 97-гадовы заслужаны «пастух» Савецкага Саюза Уладзімір Зельдзін («Свінарка і пастух» — па-свойму культавая камедыя). Затое ў чарговы раз прыехаў рускі пісьменнік Андрэй Бітаў, які прамовіў некалі афарыстычныя словы: «Імперыя распалася, але імперыя кіно засталася. У Анапе адна нацыянальнасць — кінематаграфіст».

Выступаючы сёлета на дыскусіі «Нацыянальнае кіно ў глабальным свеце» («“Кінашок” як мультыкультурны праект»), літаратар сказаў: «Я адпомсціў савецкай уладзе тым, што не заўважаў яе, як і яна мяне. “Кінашок” навучыў многаму, перш за ўсё таму, што савецкі рэжым знік, але савецкая псіхалогія засталася. Цяперашні рэжым я заўважыў і пачаў адстойваць правы рускай мовы. Па-руску ўсюды гавораць лепей, чым у Маскве — там мова ніжэй плінтуса. Гэта палітыка, якая ўвасобілася ў тэлесерыялах. Адстойваю мову і на Захадзе, бо ў часы СССР былі добрыя пераклады, а цяпер на адзін добры — шэраг няякасных».

Як бачым, і ў суседзяў, на мове якіх гаворыць большая частка беларусаў, ёсць свае праблемы. Прыемным сюрпрызам для ўсіх можна лічыць з’яўленне на фестывалі іншага расійскага пісьменніка Уладзіміра Вайновіча, які савецкую ўладу заўважыў яшчэ ў 1970-я гады і быў выключаны з Саюза пісьменнікаў СССР. У 1980-м ён з’ехаў у Германію і знаходзіўся там да гарбачоўскіх часоў. У гутарках Уладзімір Мікалаевіч распавядаў, што не меў намераў рабіць замах на савецкі рэжым — толькі жадаў адлюстроўваць жыццё такім, якое яно ёсць. За «бугром» яму давялося пабадзяцца, нягледзячы на тое, што яго раман-анекдот «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» пераклалі амаль у трыццаці краінах. «Чонкіна» хацеў экранізаваць Эльдар Разанаў, але паміж аўтарам і рэжысёрам здарыўся канфлікт, і фільм паставіў чэшскі камедыёграф Іржы Менцэль, а потым Аляксей Кірушчанка зрабіў у Расіі тэлесерыял. Усяго па творах пісьменніка знята шэсць фільмаў.

Вайновіч з’яўляецца членам баварскай і расійскай Акадэмій мастацтваў, узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Расіі за сатырычны раман «Манументальная прапаганда». У Анапу быў запрошаны ачольваць вялікае журы. Забягаючы наперад, скажу, што ў крытыкаў, журналістаў і прафесійных кінематаграфістаў выклікала здзіўленне рашэнне журы аддаць Гран-пры ўзбекскаму фільму «Нябёсы — мой прыстанак» («Парызод»). Не лічу, што мастацкіх вартасцей у яго вобмаль, але ж у конкурсе ўдзельнічалі больш моцныя фільмы з Расіі, Літвы, Грузіі, якія атрымалі прызы ў асобных намінацыях. Аднак у журы, напэўна, былі нейкія свае матывіроўкі.

На дыскусіі высветлілася, што ў былых савецкіх рэспубліках кінематограф развіваецца нераўнамерна. Найбольш здабыткаў у Расіі, бо там у 1996-м дзеячы кіно атрымалі льготы на пяць гадоў, што дазволіла стартаваць і «аперыцца» многім незалежным кінакампаніям (яны ўдзельнічалі ў конкурсных праектах Міністэрства культуры Расіі разам з дзяржаўнымі кінастудыямі). Цяпер у краіне выпрацоўваецца новая мадэль: сем найбольш паспяховых прадзюсарскіх кінаструктур атрымліваюць прыкладна па 9 мільёнаў долараў на пастаноўкі з Фонду сацыяльнай і эканамічнай падтрымкі айчыннай кінематаграфіі. Іх дзейнасць знаходзіцца ў полі зроку, іх вопыт вывучаецца і аналізуецца. На «Кінашоку-2012» лепшым прадзюсарам краін СНД і Балтыі быў прызнаны Цімур Бекмамбетаў, які працуе ў Маскве і ЗША і адным з першых пачаў рабіць паспяховае масавае кіно («Начны дазор», «Дзённы дазор», «Іронія лёсу-2», «Елкі»).

Далей ідзе кіно Казахстана, дзе таксама даўно на роўных умовах дзейнічаюць дзяржаўны «Казахфільм» і шматлікія самастойныя кампаніі. Потым — Узбекістан: там штогод ствараецца 5-6 мастацкіх стужак па дзяржаўнай замове і амаль 80 (!) фільмаў у незалежным сектары. Сярод апошніх пераважаюць камедыі і музычныя меладрамы на індыйскі капыл, якія маюць масавы попыт, невялікі пастановачны бюджэт і таму хутка акупляюцца. Цікавая з’ява, якой больш няма нідзе на тэрыторыі блізкага замежжа.

Усе сцягі ў госці...

Сёлета ў конкурсах «Кінашоку» (іх было чатыры) прымалі ўдзел фільмы ўсіх колішніх «рэспублік-сясцёр» акрамя Туркменіі (пра яе кінематаграфію ўвогуле няма інфармацыі; усе вядомыя кінамайстры жывуць за мяжой).

Кіраўнікі анапскага форуму прэзідэнт Віктар Мярэжка і генеральны дырэктар Ірына Шаўчук зрабілі шмат, каб практычна зблізіць кінематаграфістаў былога СССР. У першыя гады «парада суверэнітэтаў» выпускнікі Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі і Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў з Бішкека, Баку, Кіева, Кішынёва, іншых сталіц шукалі нейкага «чароўнага сродку», каб узнавіць агульную пракатную прастору і вытворчасць фільмаў на парытэтнай аснове. Савецкі менталітэт прымушаў спадзявацца, што калі заслужаныя асобы калектыўна будуць апеляваць да новых урадаў, дык усё хутка наладзіцца і зноў можна будзе глядзець казахскія стужкі ў Тбілісі і Мінску, азербайджанскія — у Цэнтральнай Азіі і гэтак далей. Аднак надзеі аказаліся марнымі — у адных рэгіёнах з-за міжнацыянальных канфліктаў, у другіх — з-за страты прэстыжу мастацтва (у тым ліку кіно), у трэціх — па фінансавай прычыне.

На «Кінашоку» зразумелі: прыватнаму прадзюсару адной краіны лягчэй дамовіцца пра сумесную пастаноўку, яе продаж і пракат з кіраўніком незалежнай студыі іншай краіны, чым дасылаць петыцыі дзяржаўным арганізацыям. Чацвёрты год у Анапе ідзе конкурс сумесных кінапраектаў. Тры стужкі ўжо былі зроблены.

Сёлета сярод пераможцаў такога конкурсу (трэцяя прэмія) — беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка разам з латышскім прадзюсарам Гацісам Упмалісам (раней ён прадзюсаваў стужку «Адзінокі востраў»). Яны прапанавалі тэму «Ліхар. Рускі эпізод Освальда» (дакладней было б — савецкі) — аб двухгадовым перыядзе жыцця Лі Харві Освальда, які афіцыйна прызнаны забойцам прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Плануецца пастаноўка з удзелам Латвіі, Беларусі, Фінляндыі, Расіі.

Трэцяе месца заняў і расійска-казахстанскі праект прадзюсара-рэжысёра Хаджакулі Нарліева «Туркменскі Іван», створаны па навеле Андрэя Платонава «У цудоўным і ярасным свеце», а першае месца аддадзена расійска-ўкраінскаму праекту — драме «Змешаныя пачуцці».

Пра асноўныя інстынкты

У конкурсе кароткаметражак «Межы шоку» былі прадстаўлены фільмы працягласцю ад адной хвіліны да паўгадзіны. Яго арганізатары, маскоўскія кіназнаўцы Лідзія Асокіна і Віктар Пракоф’еў, імкнуліся сутыкнуць розныя стылі, прадэманстраваць сённяшнюю дыфузійнасць кіно (спалучэнне ігравога, дакументальнага і анімацыйнага). У «Межах шоку» паказалі таксама арт-спробы і кароткія гісторыі, знятыя на мабільны тэлефон. Атрымалася рознабаковая і змястоўная, а галоўнае — актуальная і па-мастацку цікавая праграма.

Адзін з фільмаў уяўляе сабой іранічную замалёўку пра юную фанатку, што закахалася ў прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Вядомы ў Расіі і замежжы рэжысёр Аляксей Фядорчанка («Аўсянкі») зняў невялікі фільм «Хранавока», выкарыстаўшы матывы біяграфіі Рыгора Перэльмана, матэматычнага генія з Пецярбурга. У шэрагу стужак розных краін закрануты праблемы міграцыі, эміграцыі і разглядаюцца іх прычыны.

Не засталіся незаўважанымі беларускія гарэзлівыя мініяцюры «Машы. Сашы» маладога рэжысёра Любові Журомскай і кінадраматурга Ірыны Пісьменнай. Цыкл з дзевяці аднахвілінных, быццам знятых схаванай камерай эпізодаў пра паводзіны дзяўчын і мужчын быў адзначаны ў пратаколе журы за мастацкі пошук.

Галоўны прыз у гэтым конкурсе атрымаў фільм «Ядзерныя адходы» ўкраінскага рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага. Ён уражвае аўтарскім роздумам пра вялікую небяспеку, якую хавае распаўсюджванне ядзернай энергетыкі і, адпаведна, з’яўленне шматлікіх могільнікаў перапрацаваных ядзерных рэчываў. Гэта можа адняць у мужчыны і жанчыны пачуцці і ператварыць іх у бяздушных істот для вытворчасці нашчадкаў.

Так, украінская стужка заслугоўвае кампліментаў, але ўсё ж я аддаю перавагу чорна-белай кароткаметражцы расійскага кінематаграфіста Антона Більжо «Сказ пра нас з Яўгеніяй».

...Жанчына закладвае патрон у дубальтоўку, выходзіць на прастору і страляе ў чараду птушак. Да яе ног падае мужчына. Яны спяць у адным ложку, у яе расце жывот, а потым яна нараджае велізарнае яйка. Ён і яна ідуць прагуляцца, сустракаюць іншую пару, потым яшчэ некалькі. Кожны прадстаўнік моцнага полу перавязаны бінтамі — гэта горад падстрэленых мужчын. Калі прыходзіць вясна, муж Яўгеніі пачынае некуды рвацца і аднойчы ўздымаецца ў паветра. Жанчына зноў страляе, аднак да яе ног падае іншы мужчына. Яны жывуць разам, але па начах муж ціхенька ходзіць у клуб джэнтльменаў-самцоў — тут яны з тугой і настальгіяй глядзяць па тэлевізары, як, вольна расправіўшы крылы, лётаюць іх сабраты...

Гэта бліскучае ўвасабленне рэжысёрам чалавечых інстынктаў: жаночага імкнення мець сям’ю і дзяцей і мужчынскага — да свабоды.

У фокусе — Сушчэня і Серафімка

Фільм «У тумане», адзначаны на сёлетнім Канскім кінафестывалі (прыз ФІПРЭСІ, міжнароднай супольнасці кінакрытыкаў), з’яўляецца 24-й экранізацыяй твораў Васіля Быкава, а «Бліндаж» — 25-й. (Адна карціна зроблена ў Польшчы, астатнія ў Беларусі і Расіі. Маю на ўвазе поўнаметражныя фільмы, бо існуе яшчэ пяць-шэсць кароткаметражных). Абедзве стужкі спаборнічалі ў асноўным конкурсе, дэманструючы розныя падыходы да інтэрпрэтацыі прозы беларускага класіка.

Англійскі даследчык Быкава Арнольд Макмілін так трактуе назву аповесці: «Туман у творы з’яўляецца метафарай маральнай блытаніны, якая ўзнікае ад супастаўлення цяжкіх умоў вайны, хітрасці немцаў і скажонага менталітэту…»

Здаецца, аповесць зусім некінематаграфічная, бо ў ёй толькі тры дзейныя асобы, сюжэт запаволены. Чым можа прывабіць лакальная гісторыя пра тое, як двое партызан, Бураў і Войцік, павінны выканаць загад — расстраляць селяніна Сушчэню, якога лічаць здраднікам? Не магло ж так здарыцца, што траіх шкоднікаў-чыгуначнікаў немцы расстралялі, а Сушчэню, які быў разам з імі на рэйках, пакінулі жывым.

Але рэжысёр Сяргей Лазніца — не з тых кінематаграфістаў, хто арыентуецца толькі на сюжэтную канву. Ён адчувае аб’ёмнасць быкаўскіх вобразаў, усю трагічнасць і супярэчлівасць часоў акупацыі, ён дыхае пісьменніцкім паветрам, ідзе за Быкавым крок у крок і знаходзіць візуальную адпаведнасць яго слову. Блуканні траіх па восеньскім лесе пераўтвараюцца ў крыжовы шлях Сушчэні, які цягне на сабе параненага Бурава, а той пераконваецца: не вінаваты гэты чалавек — такія не хлусяць дзеля ўласнай карысці! Фільм увабраў мноства матываў прозы Быкава — яго роздум пра сапраўдную чалавечнасць і выпадковы гераізм; пра цяжкі выбар, калі сумленне і жаданне выратаваць сям’ю даражэй за жыццё; пра гістарычна-псіхалагічны вопыт беларуса і яго намаганні прыстасавацца і выжыць любымі сродкамі (у рэтраспекцыі бачым, як Войцік амаль закапаўся ў зямлю, каб схавацца ад паліцаяў і немцаў). Пра тыя горкія абставіны, калі свае вераць ворагу, а бліжняму не вераць, — вынік фарміравання жыццёвых прынцыпаў «гома савецікус».

Лазніца, як і Быкаў, разглядае канфрантацыю «сваіх супраць сваіх». Паліцаі з’яўляюцца ў кадры часцей, чым немцы. Моцнымі вобразнымі фарбамі пададзены акупант-афіцэр вышэйшага чыну: эсэсавец гер Грасмаер увасабляе езуіцкую ідэалогію фашызму, накіраваную на самазнішчэнне людзей на заваяванай тэрыторыі.

У адным з інтэрв’ю рэжысёр распавядае пра імпульс, які даў штуршок для выбару твора беларускага пісьменніка: у дзіцячым садку яго абвінавацілі ў крадзяжы, якога ён не рабіў. Лазніца кажа: «Гісторыя ў Быкава сугучна майму дзіцячаму перажыванню: вы нічога не можаце зрабіць, каб аднавіць справядлівасць. Гэта карціна — пра мяжу паміж кожным з нас і знешнім светам, якую немагчыма перасекчы, трапіць у прастору думак іншага чалавека».

Адрозная кінематаграфічная трактоўка адчуваецца ў фільме «Бліндаж», які зроблены расійскім рэжысёрам Аляксандрам Гарноўскім у пракатным і ў тэлевізійным (4 серыі па замове 1-га канала Расіі) варыянтах. Васіль Быкаў пачаў працаваць над аповесцю ў 1987 годзе, але пакінуў яе няскончанай, напісаўшы дзесяць раздзелаў. Планам яшчэ трох карысталіся сцэнарысты Міхаіл Шэлехаў і Зоя Кудра, якія далі сваю інтэрпрэтацыю лініям, акрэсленым пісьменнікам.

Стужка здымалася пад Мінскам пад кіраўніцтвам маскоўскага прадзюсара Анатоля Чыжыкава (кампанія «Медыа Фаварыт Фільм»). У ёй быкаўскае светаўспрыняцце спрошчана. Відавочна: фільм створаны для таго пакалення гледачоў, якое прывыкла да актыўнага экраннага дзеяння, да выразнага падзелу на сваіх і ворагаў, да эскізнасці характараў. Словам, тут прысутнічаюць усе адзнакі кінапрадукту, арыентаванага на масавую аўдыторыю. На прэс-канферэнцыі з удзельнікамі фільма крытыкі і журналісты былі стрыманымі, задавалі пытанні прадзюсару, рэжысёру, актрысе Ірыне Рахманавай, пазбягаючы ацэнак. Але ўсё ж не магу аднесці гэту экранізацыю да кінематаграфічнага шырспажыву. Адзначыла б прафесійную працу ўсіх — ад пастаноўшчыка і аператара Івана Паморына да мастака Аляксандра Чартовіча і артыстаў, асабліва Яўгена Князева (габрэй Нохем) і Ірыны Рахманавай, якая іграе Серафімку. Як і ў аповесці, яна — цэнтральная фігура, менавіта да яе далучаюцца астатнія персанажы, што пасля бою выпадкова апынуліся ў сховішчы ля вёскі, дзе жыла гераіня (час падзей — ліпень 1941 года, калі Чырвоная Армія цярпела паразу за паразай). Серафімка — адзін з самых праніклівых жаночых вобразаў у Быкава, яна выклікае сімпатыю і ў фільме. Чуллівая беларуская сялянка да ўсіх ставіцца міласэрна, сцягвае ў акоп, засыпае зямлёй сваіх і чужых мерцвякоў, а потым хоча прымірыць сляпога капітана Хлебнікава і былога партыйнага функцыянера Дземідовіча з нямецкім дэзерцірам доктарам Хольцам, які фактычна гіне за чужую краіну. Па словах прадзюсара, па тэлебачанні фільм пакажуць у наступным годзе, хутчэй за ўсё ў дні святкавання Перамогі над фашызмам.

Пераможцы

«Кінашок» — фестываль шматфункцыянальны. Пакуль журы ўсіх конкурсаў сядзіць у зале, хтосьці з гасцей дае майстар-клас, хтосьці спавядаецца перад мясцовымі і запрошанымі тэлевізіёншчыкамі, а групы артыстаў сустракаюцца з гледачамі. Не ў першы раз жыхары Анапы і Краснадара сардэчна вітаюць нашых шчырых і кантактных артыстаў тэатра і кіно Святлану Сухавей, Алу Проліч, Анатоля Голуба (дарэчы, апошнія двое яшчэ і добра спяваюць беларускія песні).

Артысткі Валерыя Арланава і Вольга Водчыц прадстаўлялі стужку «Адзінокі востраў» Пеэтэра Сіма (Беларусь—Эстонія—Латвія, прадзюсары Гаціс Упманіс, Энда Лехтмец, з беларускага боку — Іван Колб). На прэс-канферэнцыі мы даведаліся, што ў Эстоніі наладжана сістэма для здымак капрадукцыі, што пачыналася карціна як дзіцячая, што праект адразу не быў арыентаваны на камерцыйны поспех. Валерыя Арланава распавядала пра ўражанні ад працы з рэжысёрам. Яна дзялілася з Сімам жыццёвым вопытам, а ён адбіраў тое-сёе для яе гераіні — маці, якая перажывае разлад з дачкой.

У адрас стужкі гучалі і крытычныя словы, але інтэгральную адзнаку можна назваць станоўчай. «Фільм зачароўвае, ён распавядае пра складанасць чалавечых адносінаў», «Фільм філігранны з боку рэжысуры», «У карціне надзвычай яскравы вобраз чыгуначных рэек, яны і небяспечныя, і адначасова спалучаюць людзей», — вось некаторыя водгукі на «Адзінокі востраў».

Журы адзначыла фільм статуэткай «Гаргіпія» за лепшы сцэнарый. За больш чым дваццацігадовую гісторыю кінафестывалю ў Анапе гэта другая ўзнагарода з беларускім «акцэнтам» (першую атрымаў Анатоль Кот за ролю князя Уладзіміра Друцкага ў касцюмнай драме «Анастасія Слуцкая»). А вось Пеэтэр Сім двойчы ўшанаваны Гран-пры — за стужкі «Добрыя рукі» і «Дапякло!»: гэта «чорныя камедыі», якія ён здымаў з латышамі.

Прыз «Гаргіпія» за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Уладзімір Свірскі — выканаўца ролі Сушчэні ў фільме «У тумане». Акцёр вучыўся ў Мінску, потым з’ехаў у Маскву, працуе ў Тэатры Пятра Фаменкі. За лепшую жаночую ролю ўзнагароджана наша суседка літоўская актрыса Яніна Лапінскайтэ (фільм «Замак спячых матылькоў»). Карціну паставіў Альгімантас Пуйпа, самы вядомы рэжысёр старэйшага пакалення ў Літве. Як і ў папярэдніх фільмах, ён, прыхільнік псіхааналізу Фрэйда, вытанчана аналізуе формы ўплыву жанчын з ніжэйшага сацыяльнага пласта на жанчыну з бамонду.

«Замак...», «У тумане», «Я таксама хачу» Аляксея Балабанава (Расія) і «Апякун» Зазы Урушадзэ (Грузія) маглі прэтэндаваць на сёлетні Гран-пры. Аднак у расійскай карціне адзначаны Аляксандр Сіманаў за аператарскую працу, а грузінскі фільм узнагароджаны за лепшую рэжысуру. Сюрпрызы! Пэўна, як час ад часу здараецца на фестывалях, журы вырашыла: ушанаваных «міжнароднікаў» Лазніцу і Балабанава не варта разбэшчваць лішняй ласкаю, няхай усе якасныя стужкі атрымаюць «па завушніцы». Рэвізаваць рашэнне бессэнсоўна, аднак выказаць уласнае стаўленне крытык мае права.

Гран-пры «Залатая лаза» паехаў у Ташкент. Стужка ўзбека Аюба Шахбідзінава «Нябёсы — мой прыстанак» («Парызод») выклікае сімпатыю зваротам да тэмы выратавальнага круга. У кішлаку з’яўляецца анёл-дзяўчына, яе перакідваюць з адной сям’і ў другую, але рахманая істота нікому не патрэбна. Фільм — з тыповых кінагісторый пра нябеснага чужынца, якога людзі не пазнаюць як дар вышэйшых сіл. Паўтару: асаблівых мастацкіх вартасцей у карціне я не ўбачыла.

Такі расклад атрымаўся на «Кінашоку-2012». На «Лістападзе» ў Мінску некаторыя фільмы ўбачылі гледачы і самі здолелі іх ацаніць. Магчыма, і паспрачаліся з крытыкам.

 Ала Бабкова