З клубком нітак ад Арыядны

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Юбілейная «Выстава габеленаў» Ларысы Густавай і Людмілы Пуцейка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» стала значным мажорным колерава-вобразным акцэнтам у кантэксце мінскай мастацкай вясны.

 /i/content/pi/mast/4/107/Z-klubkom-nitak1.jpg
 Л.Густава. Азёрны край. Гладкае ткацтва. 2007.

Абедзве мастачкі -- выпускніцы кафедры тэкстылю тады яшчэ не Акадэміі, а Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Абедзве -- заўзятыя габеленшчыцы. Яны скампанавалі ў экспазіцыі свае працы 1970 -- 2000-х гадоў у арыгінальным рэтраспектна-перспектыўным напрамку. Іх рэтраспектывізм спалучаны з развіццём класічнага гладкага і ручнога габеленнага ткацтва, якое грунтуецца на традыцыях карэліцкіх мануфактур XVIII ст., а свой новы вытворчы размах набыло з 1960-х гадоў на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Іх мадэрнізм -- гэта актыўны ўдзел у развіцці мастацтва выставачнага аўтарскага габелена 1990 -- 2000-х гг., незалежнага ад сацыяльных заказаў, вольнага ад «маштабнасці», прывязкі да стандартных інтэр’ераў.
Л.Густава і Л.Пуцейка
-- мастачкі вядомыя. На жаль, вельмі мала сказана пра іх творы і добрых слоў, і крытычных, а іх жа тэкстыльныя кампазіцыі заслугоўваюць значна большай увагі. Негатыўную ролю адыграла інерцыя эстэтычных поглядаў у постсавецкія часы. Тэматычнаму габелену адводзілася другаснае, дадатковае месца ў былой іерархіі відаў і жанраў мастацтва. Разам з тым, гэта дазваляла найбольш свабодна вырашаць у ім вобразныя задачы, звязаныя з адлюстраваннем рэальнага, фантастычнага, гістарычнага, міфалагічнага, беспрадметнага свету. Перад мастакамі адкрывалася выратавальная творчая сцяжынка з лабірынта ідэалагічных шораў, ад якіх цярпела большасць творцаў, -- трэба было толькі не выпускаць з рук клубочкі і шпулькі рознакаляровых нітак, а яны ўжо самі падказвалі свежыя альтэрнатыўныя ідэі.
А праца заставалася ранейшай -- маруднай і адказнай: за дзень -- прыблізна 5-6 сантыметраў вытканага поля з дэкаратыўным малюнкам, які ўжо практычна немагчыма выправіць. А «здабытая свабода» абарочвалася адсутнасцю перспектыў стаць у хуткім часе «жывым класікам». Але Л.Густава і Л.Пуцейка былі прыхільніцамі тэкстыльнага рамантызму, які ахапіў нашу маладзёжную дэкаратыўную творчасць з 1970-х гадоў, і таму не надта думалі пра званні і ўзнагароды. Іх радасць і хваляванне, смутак і надзея спляліся ў тканых карцінах, дзе спакваля паўставаў дзівосны свет двухмерных вобразаў і сімвалаў, гучных колеравых суквеццяў, абстрагаваных плям, цалкам незалежных ад заказной руціны, ідэйнай сервільнасці і патэтыкі, непадобных на салонную «вылізанасць» і халоднае тэхнічнае рамяство.
Тэкстыльны жывапіс, як і станковы алейны, экспануецца ў рамах. У свае камерныя па памерах габеленныя «акенцы» ў навакольны свет мастачкі ўнеслі шмат метафарычнасці, алегарычнасці, эстэтычнай умоўнасці. Ад гэтага габеленна-жывапісны свет, бліжэйшы «сваяк і сябра» рэальнага, успрымаецца яшчэ больш сучасным, вобразным, неардынарным.

 /i/content/pi/mast/4/107/Z-klubkom-nitak2.jpg
 Л.Густава. Конікі. Гладкае ткацтва. 1998.

Ткацтва ў вялікіх і камерных памерах не прыводзіць да самапаўтораў. Сапраўды, немагчыма выканаць ніткамі двойчы нешта аднолькавае. Але таксама немагчыма ўсё запланаваць на эскізе, бо сам матэрыял даволі непрадказальны. Таму ёсць у тэкстыльшчыц і недахопы, і пралікі, якія часам бачаць толькі яны самі, а часам -- і ўважлівыя крытыкі.
Л
.Густава -- непаўторны творца габеленных букетаў. Кветкавыя тэкстыльныя кампазіцыі -- самая плённая традыцыя, што прыйшла да нас з Усходу. Здавён цешаць вока кветкі і ў беларускім народным ткацтве. Мастачка здолела манументалізаваць матывы флоры да своеасаблівых «дрэў жыцця», «чарадзейных кустоў». Яны сцвярджаюць эстэтычна-калейдаскапічны дыяпазон колеравых і плоскасных асацыяцый ад фавізму 1900-х да оп-арта 1960-х гг. з прыўнясеннем індывідуальна-аўтарскага прынцыпу стылізацыі «ў буйныя кантрастныя пялёсткі». «Букеты» Л.Густавай -- асаблівыя святочна-дэкаратыўныя «пасланні» для сучасных інтэр’ераў рознага функцыянальнага прызначэння, закліканыя сцвердзіць новы, нестандартны, нон-кансерватыўны лад жыцця нашых сучаснікаў. Яны маглі б быць і яшчэ больш «мадэрнізаванымі», каб габеленшчыца не стрымлівала сябе глыбокімі, халодна-начнымі колеравымі асацыяцыямі. Кветкі -- гэта ж «дзеці сонца», носьбіты яго гарачай энергіі.
Л.Густава дэманструе сваю зацікаўленасць памежнымі з тэкстылем і далёкімі ад яго відамі мастацкай творчасці. Яна бездакорна імітуе ў тэхніцы габелена кітайскі жывапіс на шоўку, спалучае сілуэты мінскіх помнікаў архітэктуры з аркушамі картаграфіі часоў барока. Магчыма, у такіх артэфактах мастачка часам страчвае пачуццё меры ў стылізаванасці і абагульненасці, аднак зварот да арыгінальных постмадэрністычных узаемасувязей рассоўвае межы засвоенага як у прыкладным, так і ў выяўленчым мастацтве бягучага дзесяцігоддзя.

 /i/content/pi/mast/4/107/Z-klubkom-nitak3.jpg
 Л.Пуцейка. Восеньскі міраж. Гладкае ткацтва. 1989.

Л.Пуцейка стварае выдатную серыю беларускіх габеленных краявідаў. Яна распрацавала сваю аптымістычную палітру залацістых, ружовых, аксамітна-зялёных, серабрыстых колераў, якія дазваляюць ёй «на палетках» тэкстыльнай плоскасці перадаваць вобразы жнівеньскай зямлі, чароўных садоў з казачнымі птушкамі, веснавога абуджэння. Мастачка карыстаецца ў асноўным тэхнікай гладкага ткацтва, пры дапамозе якой перадае тонкія градацыі колеравых адценняў і складаную сілуэтнасць дэкаратыўных абрысаў. Яна прапануе для ткацтва футурыстычны метад кампазіцыі «аэрапітура», калі габелен успрымаецца стылізаванай праекцыяй краявіду, убачанага з вышыні. Такі асацыятыўны «палёт» выдатна «кладзецца» на тканую паверхню, не патрабуе дэталёвых удакладненняў. Габелены Л.Пуцейка прэтэндуюць на арганізацыю вялікай прасторы грамадскіх інтэр’ераў. Гэта самадастатковыя «фрагменты», «праекты» ў матэрыяле тэкстыльнага палатна, якія з часам складуцца ў штосьці тэматычна-сінтэтычнае і каларыстычна-цэласнае.
Створаная мастачкай буйная па сімвалічнай выразнасці кампазіцыя, прысвечаная флоры і фауне блакітна-васільковага і бурштынава-залацістага вострава між вялікіх рэк, што цякуць у Балтыйскае і Чорнае моры, -- гэта, зразумела, інтэрпрэтацыя беларускіх краявідаў. З цягам часу ў грамадстве абавязкова ўзнікне ўсвядомленая патрэба ўбачыць у сучасных габеленах сканцэнтраваны -- як у кроплі вады -- вобраз роднага краю. Л.Пуцейка дапамагае паскорыць нараджэнне такой актуальнай запатрабаванасці.
Выстава габелена пацвердзіла вялікія магчымасці мастацтва, якому ўжо больш за трыццаць гадоў самааддана служаць Л.Густава і Л.Пуцейка.

                                                                                                                         Яўген ШУНЕЙКА