Магутнае рэха «Легенды»

№ 11 (356) 01.11.2012 - 30.11.2012 г

Героі Караткевіча — на опернай сцэне

/i/content/pi/mast/62/1068/33.jpg

Сяргей Франкоўскі (Раман), Станіслаў Трыфанаў (Кізгайла).

Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета адкрыў юбілейны сезон маштабнай прэм’ерай «Сівой легенды» паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча (музыка Дзмітрыя Смольскага). Нацыянальная опера, пастаўленая на гістарычны сюжэт, тым больш на беларускай (!) мове — з’ява такая рэдкая, жаданая і доўгачаканая, што яе хочацца прааналізаваць падрабязна і дэталёва. Заўважыць дасягненні, заваёвы і «праколы», без якіх не абысціся ў такой сур’ёзнай справе.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча займае ў душы кожнага культурнага беларуса асаблівае месца. Сачыненні многіх яго сучаснікаў ужо даўно трапілі ў Лету, а ім па-ранейшаму зачытваецца моладзь. Пісьменнік пражыў не надта доўгае жыццё, але пакінуў нам творы, якія хвалююць глыбокай філасофіяй кахання і смерці, яркімі і жывымі вобразамі, рамантычным пафасам. У савецкі час яго раманы, аповесці, вершы зрабілі, а ў гады незалежнасці робяць для абуджэння нацыянальнай свядомасці больш, чым працы многіх літаратараў, якія сышлі разам з часам, што іх нарадзіў. Веданне мінуўшчыны Беларусі, краіны замкаў, свабода пачування сябе ў розных вяках і эпохах айчыннай гісторыі — гэтыя якасці пісьменніка аказаліся надзвычай запатрабаваныя і ў ХХІ стагоддзі.

На нашай опернай сцэне Караткевіч з’яўляецца не ўпершыню. «Дзікае паляванне караля Стаха», напісанае Уладзімірам Солтанам, было пастаўлена яшчэ ў 1990-м. Опера ідзе больш за два дзесяцігоддзі — няхай з перапынкамі, не так часта, як хацелася б, але — гэта рэкорд! Беспрэцэдэнтны выпадак у нацыянальным рэпертуары.

Думаю, прычына даўгалецця ў тым, што ўсё сышлося і супала. Пярэдадзень незалежнасці і надзвычайная цікавасць да ўласнай гісторыі. Містыка, прывіды і ХІХ стагоддзе. Замкі і рэха легенд. Каханне, жудасць і нечаканыя смерці. Рамантычная паненка і высакародны рыцар, здольны яе выратаваць. Кампазітар Уладзімір Солтан, рэжысёр Вячаслаў Цюпа, сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт. Чым часцей слухаеш і глядзіш «Дзікае паляванне», тым больш усведамляеш: гэта наша музычная і сцэнічная класіка, якой наканавана доўгае жыццё.

Існаванне на мяжы сіл і магчымасцей, празмернасць эмоцый, якія ўласцівы персанажам Караткевіча, надзіва дакладна адпавядаюць духу оперы, якая шукае гераічных учынкаў, магутных герояў, патрабуе напалу падзей і віру страсцей.

Такі ж напал прапануе аповесць «Сівая легенда». Прэм’ера оперы, напісанай Дзмітрыем Смольскім, адбылася ў 1978 годзе. Спектакль паставіў рэжысёр Сямён Штэйн, а лібрэта было створана самім пісьменнікам. Ды справа ў тым, што не толькі цяперашняя моладзь, але і людзі больш сталага веку таго спектакля ўжо не памятаюць. Новы час — іншае грамадства. Новыя сцэнічныя і пастановачныя магчымасці патрабуюць новага прачытання твора. У тым, што кампазітар зрабіў 2-ю рэдакцыю сваёй оперы, а тэатр звярнуўся да «Сівой легенды», ёсць свая логіка і ўнутраная заканамернасць.

Між замкам і храмам

Партытура, увасобленая аркестрам (дырыжор-пастаноўшчык Віктар Пласкіна), робіць надзвычай яркае ўражанне. Дзмітрый Смольскі — адна з ключавых постацей у айчыннай музыцы. Сёлета ён адзначае юбілей, уласнае 75-годдзе. Але прасякнутая эмоцыямі музычная плынь «Сівой легенды» мае моцную энергетыку. У ёй ёсць і пяшчота, і сум, і грозная сіла, і трывога, і экспрэсія барацьбы — безліч пачуццяў і перажыванняў.

Музыка надзіва меладычная, што нават нязвыкла для сучасных аўтараў. Выходзіш з тэатра, і яшчэ доўга «круцяцца» ў памяці ўлюбёныя фрагменты — арыі Кізгайлы «Зямля, не пракляні мяне...» і Любкі «Ты прыпомні, як лотаць у лугах мы збіралі...», фінальны дуэт «О, Раман, маё святло, маё каханне...» Музыка — ад напружана-драматычнай, трывожнай уверцюры да прачулага, узнёсла-трагічнага фіналу — «прабівае» кожнага.

Не сакрэт, час ад часу трапляеш на такія праекты, калі праз дзесяць хвілін ужо задаеш сабе два сакраментальныя пытанні: «Што я тут раблю?» і «Калі гэта скончыцца?». «Сівая легенда» трымае ў напружанні ад пачатку да апошніх сцэн. Прычым тугі вузел канфлікту завязваецца адразу ж. Першая палова спектакля дынамічная, насычаная падзеямі, змаганнем, экспрэсіяй баёў. Другая больш камерная, засяроджаная на адносінах герояў.

Агульнае візуальнае рашэнне оперы (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка) шматпланавае і шматузроўневае. Элементы сцэнаграфіі трансфармуюцца хутка і нечакана. Ствараецца ўражанне, што мантаж сцэн амаль кінематаграфічны. Паляванне ў лесе, дзе паўстае шырокая, расхінутая прастора. Далей камерная, але экспрэсіўная сцэна ў спальні Любкі і Кізгайлы. Далей — змрочная і велічная прастора замка. Напружанасці дадае і трансфармацыя элементаў інтэр’ера. Калоны ў спальні раптам ператвараюцца ў зубцы абарончай вежы. Магутная свяцільня замка Кізгайлы ў фінале становіцца вогнішчам, што асвятляе месца пакарання герояў. А факелы ператвараюцца ў свечкі тых, хто моліцца за пакутнікаў.

Галоўную ідэю спектакля пастаноўшчык бачыць «у проціпастаўленні і супрацьстаянні дзвюх сфер — страшнага, змрочнага, жорсткага свету вайны, варожасці, крыві, ажылых зданяў старога, разбуранага ржой і тленам замка і чыстага, высокага свету кахання ў залатых абразах зіхатлівага храма».

Важкая роля ў агульнай структуры адведзена святлу (мастак Сяргей Шаўчэнка, Расія) і камп’ютарнай графіцы (Алена Ахрэменка, Павел Сувораў, Расія). Яны пашыраюць прастору спектакля. Думаю, гэта адзін з моцных сродкаў наблізіць оперу як жанр да сучаснага гледача, для якога звыклыя шматлікія відэаэфекты.

Любка і Кізгайла

Трансфармацыя вобразаў літаратурных у оперна-музычныя — тэма асобнага артыкула. У «Сівой легендзе» дзеянне рухаюць узаемаадносіны чатырох герояў. Гэта нобілі Кізгайла і Раман Ракутовіч, Любка, жонка Кізгайлы, а таксама Ірына, прыгонная Кізгайлы і каханая Рамана.

Пачнем з Любкі. У апошняй прэм’еры яе выконвае Аксана Якушэвіч. Без перабольшання, артыстку можна назваць адным з адкрыццяў «Легенды»! Прыгожая, эфектная Якушэвіч спявае многія партыі мецца-сапрана — Кармэн, Амнерыс, Ульрыку. Але часам мне здавалася, што салістцы крыху не хапае такога напалу эмоцый, ад якога віхрыцца прастора. А вось яе Любка менавіта такая! Танклявая, смуглявая красуня добра адчувае сваю ўладу над Кізгайлам (той трапна заўважае: «Мы круцім светам, намі бабы круцяць!»). Але высакамерная Любка літаральна «растае» ад погляду на Рамана. Выразнай выглядае яе сапраўды змяіная пластыка. Пераконваюць усе сцэны з удзелам Якушэвіч, яе сольныя арыі, дуэты з Кізгайлам і Раманам. Сапраўды шэкспіраўская, зменлівая па градусу эмоцый (ад просьбы да адчаю і праклёнаў) сцэна з Ірынай у турме.

Кізгайлу спяваюць Уладзімір Громаў і Станіслаў Трыфанаў. Абодва пераканаўчыя, прадстаўнічыя, па-тэатральнаму эфектныя. Герой Громава паўстае арыстакратычна-вытанчаным. Калі ў першых сцэнах ён забаўляецца з прыгоннымі, адчуваецца, што гэтаму Кізгайлу крыху няёмка. Герой Трыфанава ў згаданых эпізодах больш «прыземлены» і крыху развязны, а таму натуральны.

Любоўная сцэна Кізгайлы і Любкі, досыць смелая па мізансцэнах, разгортваецца... у ложку. Шок! Таму ў пэўны час мо і не чуеш, пра што пяюць, а сочыш выключна за пластыкай. Некага эпізод абурыў, але, думаю, свядомыя сцэнічныя правакацыі — сродак пазбавіцца ад шматлікіх оперных штампаў. І праўда, чаму любоўныя дуэты пяюцца на адлегласці, а не ў абнімку?!

Моцна і пераканаўча гучаць у абодвух артыстаў арыя «Зямля, не пракляні мяне...» Калі Любка незнарок, нібы праз сон, выдае прычыну стаўлення да Ірыны («А ты, Рамане, ты, Рамане, будзеш мой!»), герой Трыфанава, як уджалены, літаральна адскоквае ўбок. І глядзіць на жонку, якая толькі што патрабавала пяшчоты і жарсці, амаль вар’яцкімі вачыма. Трыфанаў у партыі Кізгайлы (як і ў многіх іншых) умее надзвычай верагодна перадаць стан сумненняў, глыбокай трагічнай разгубленасці. Нельга не заўважыць выдатнае, менавіта беларускае вымаўленне, якому могуць пазайздросціць нават артысты-купалаўцы.

Громаў таксама пераканаўчы ў гэтых сцэнах, але іначай. Уражанне: гром грымнуў, нябёсы раскрыліся. Менавіта ва ўсведамленні подласці і двурушніцтва Любкі для героя — пачатак трагедыі. Разлом, які прывядзе да фізічнай пагібелі. «Будзе воран граць над намі, Драпежны грай паганы...» — словы з ягонай арыі, якая ўспрымаецца як прадчуванне хуткай смерці. Жыццё Кізгайлы заканчваецца ў фінале 1-й дзеі, і нават шкада развітвацца з такім героем.

Адзіная заўвага. Рэжысёр лічыць: Кізгайла «пакутуе з-за страшнага граху ў выглядзе з’яўлення на яго роднай зямлі замежных наймітаў». У тыя часы наёмнае войска было звыклай справай, таму не думаю, што рэаліст і ў пэўным сэнсе цынік Кізгайла з такой нагоды пакутаваў.

Ірына і Раман

Гераіня, вакол якой узнікае вір страсцей, мае ў оперы не надта вялікі вакальны матэрыял. Арыя з хорам на пачатку («Закруцілі дзеўкі ў чыстым полі калясо») — хутчэй асобныя яркія рэплікі. У 2-й дзеі — прачулая і трапяткая арыя ў турме. Сцэна і дуэт з Любкай, рэльефныя, зменлівыя па настроі. Нарэшце фінальны дуэт закаханых, які гучыць пасля пакарання. Але як караля іграе акружэнне, так і вобраз гераіні ўзнікае праз падзеі, што адбываюцца вакол: нават калі Ірыны няма на сцэне, усе размовы і ўчынкі так ці іначай звязаны з ёй.

У Ірыне спявачкі Алены Золавай, блізкай візуальна да літаратурнага вобраза (там гераіня «тонкая-тонкая», з вялікімі выразнымі вачыма), шмат трапятлівасці, маладога трымцення пачуццяў. І неакрэсленага прадчування будучай драмы нават у першых сцэнах. Гераіня Анастасіі Масквіной больш сталая, а яе вобраз атрымаўся больш маштабным. На пачатку оперы ў яе болей мажору, радасці жыцця, той вітальнай сілы, якая і вабіць Рамана. Абедзве артысткі пераканаўча праводзяць сцэну ў турме, а таксама трагічны і ўзнёслы фінал.

Каханая жанчына як увасабленне радзімы — менавіта такі ракурс ёсць і ў Караткевіча, і ў Смольскага, і ў Панджавідзэ. І ў спявачак таксама. Таму ў арыі Рамана і ўзнікаюць прачулыя радкі: «Яна мне — сонца і месяц сіні...» Потым гэты вобраз неаднойчы трансфармуецца ў оперы, а словы Рамана будуць узнаўляць (кожны на свой капыл, са здзеклівай ці іранічнай інтанацыяй) Любка і Кізгайла. Герой — асобна ад каханай, і каб з’яднацца з ёй, яму трэба прайсці праз пакуты і грамадзянскую смерць.

У аповесці Раман паўстае казачным асілкам, багатыром у барвовым плашчы. Побач з ім літаратурны Кізгайла выглядае не надта прывабна. Але оперныя барытоны, якія спяваюць нягоднікаў або ахвяр, звычайна прыгажуны, што мы і бачылі на апошняй прэм’еры. Таму ў сцэнічным трохкутніку Кізгайла — Любка — Раман цяжэй дамагчыся верагоднасці.

Раман (Сяргей Франкоўскі) пераконвае не толькі вакальным майстэрствам, але і вялікай эмацыйнасцю, унутранай парывістасцю. У аповесці Раман найперш ваяр, галава паўстання, а тое, што пратэст нарадзіўся праз жаданне вызваліць каханую жанчыну, толькі стварае вакол яго арэол рамантычнасці. У оперы героем кіруюць найперш асабістыя матывы. Дзеля каханай Раман узнімае паўстанне. Каб выратаваць і вызваліць яе, бярэ штурмам непрыступны, добра ўмацаваны замак Кізгайлы (няхай толькі ў кнігах і на сцэне, але ж існавалі рыцары на беларускай зямлі!) і перамагае ў баі яго самога, былога сябра, а цяпер ворага. Любка адначасова кахае і ненавідзіць Рамана, але не можа не паважаць яго ў глыбіні душы за адданасць Ірыне, дзеля якой герой ідзе браць штурмам «кляты Магілёў». Калі глядзіш і слухаеш новую «Сівую легенду», дык усведамляеш, што спадар Шэкспір тут проста адпачывае!

Паўтаруся, у аповесці Раман — найперш ваяр. У спектаклі ён таксама і чалавек, які думае пра наступствы сваіх учынкаў (над целам забітага ім Кізгайлы ўзрушаны Раман спявае: «Нашто вось гэты роў я загаціў целамі сваіх сяброў?») і лёс радзімы (арыя «Як сэрца баліць па здраджаным краі...»).

Яркім вобразам спектакля стаўся Найміт, ад імя якога вядзецца аповед у Караткевіча. Праз яго ўспрыманне пададзена гісторыя, партрэты герояў. У оперы аповед мусіў ператварыцца ў дзеянне. У выніку Найміт зрабіўся адным з герояў. Партыю спяваюць Алег Гардынец і Алег Мельнікаў, артысты прадстаўнічыя. Герой першага — цынік, ваяка, вялікі аматар грошай. У фінале 1-й дзеі, калі пераходы замка і пляцоўка аказваюцца закіданымі трупамі, яго Найміт сядае за стол і з задавальненнем абгрызае вялізную костку. Маўляў, «вайна вайной, а абед па раскладзе!» Ад кантрасту — мёртвыя целы і звярыны апетыт — бярэ жудасць. Мельнікаў робіць вобраз больш значным і маштабным. Сярод агульнага Апакаліпсісу герой спявае тыя ж куплеты, што і на пачатку эпізоду, калі вакол весяліліся жывыя: «Смеламу грошы ў руку! А на другое нам, прыяцель, напляваць!» Але якім жахлівым сэнсам яны прасякнуты цяпер! Ягоны Найміт нібыта бачыць увасоблены наяве сэнс таго, пра што яны спявалі, пра што марылі. Цяжка словамі перадаць трагічнае ўзрушэнне героя, які пасля бою бачыць вакол нерухомыя целы былых сяброў.

Што выклікае пытанні?

А цяпер крыху пра спрэчныя моманты. На жаль, тэкст спеваў далёка не заўжды зразумелы. На прэм’еры ў якасці бягучага радка тэатр чамусьці пусціў англійскі варыянт лібрэта, хоць у зале столькі англамоўных людзей не збярэцца. На наступных паказах бягучы радок ішоў на дзвюх мовах — па-англійску і па-руску, прычым пераклад тэксту Караткевіча быў зроблены па замове тэатра паэтам Уладзімірам Скарынкіным. На ўспрыманне тэксту ўплывае шэраг акалічнасцей. Па-першае, наша публіка не прызвычаілася чуць беларускую мову менавіта ў оперы (іншая справа — у песнях і рамансах). Па-другое, Караткевіч пісаў тэкст лібрэта, калі музыка ўжо існавала. Яму трэба было «патрапіць» у зададзены рытм і малюнак, таму маглі ўзнікнуць збегі зычных і шыпячыя, якія не спрыяюць вакалу.

Каб усё стала на свае месцы, пасля генеральнай рэпетыцыі асабіста мне спатрэбілася ўважліва вывучыць тэкст, напісаны пад нотамі клавіра. Ды не ў кожнага слухача ёсць такая магчымасць. Але, думаю, усё гэта можна скарэктаваць.

У буклеце, падрыхтаваным да прэм’еры, стваральнікі «Легенды» дружна казалі пра пэўную камернасць оперы. Але на генеральнай пастановачная брыгада, відаць, пераканалася: такі ракурс звужае тэму, робіць гісторыю больш прыватнай, а спектакль менш маштабным. Таму з’явіліся сцэны, дзе караюць смерцю ўдзельнікаў паўстання, якое ўзначальваў Раман Ракутовіч. Мізансцэны атрымаліся надзвычай ёмістыя, хоць у нечым і спрэчныя (што датычыць пытанняў канфесіі). Наогул паўстанне збольшага адбываецца за межамі сцэнічнай пляцоўкі, яно часцей адлюстроўваецца ў экспрэсіі музыкі і дынамізме камп’ютарнай графікі.

Не буду разважаць пра вакальны бок выканання харавых партый, бо хор гучыць моцна і пераканаўча (хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч). Захапленне выклікае эпізод у 2-й дзеі, калі хор апавядае пра падзеі, што адбываюцца па-за сцэнай («Мы валілі як вал, Ды прыйшоў час бядзе...»). Хор размешчаны на ўзроўні бельэтажа, ствараецца ўражанне, што гук ляціць з вышыні, што ён вакол усёй залы. Такі прыём выкарыстоўваўся ў оперы «Тоска», але тут таксама спрацоўвае. І досыць моцна!

Некаторыя сумненні ёсць у мяне адносна масавых сцэн. Народ у «Легендзе» выклікае павагу не заўсёды, а толькі ў асобных эпізодах. На пачатку, калі прыгонныя дзяўчаты водзяць карагоды і пяюць «У вырай сумны правяць гусі // З лона матчынай зямлі...». Калі войска Рамана змагаецца з наёмнікамі Кізгайлы і перамагае. І ў фінале, на плошчы, дзе будуць караць герояў, калі ў паводзінах і спевах жыхароў Магілёва ёсць спачуванне, душэўнае трымценне, спагада.

Астатнія эпізоды часам нараджаюць пэўны пратэст і нязгоду з тым, што робяць «шырокія народныя масы». Яны пераважна п’юць і, прабачце за лексіку, лапаюць дзевак. Іначай не скажаш! Спачатку п’юць найміты, імі абураецца і сам нобіль. Замак пераходзіць у рукі войска Рамана — яго воі займаюцца тым жа. Павага да вояў Рамана канчаткова знікае, калі яны імкнуцца згвалтаваць Любку, якая хоць і жыве ў замку, але там ужо не гаспадыня. Разумею, так больш напружана і эфектна па мізансцэнах, але ці не занадта ўсе «заклапочаныя»? Пасля прэм’еры знаёмы кампазітар не без іроніі заўважыў: «Калі гэта росквіт ВКЛ, дык што тады было падчас заняпаду?»

Узнікаюць два пытанні. Першае: чым сяляне, якія змагаюцца за справядлівасць і ідуць услед за Раманам, лепей за наймітаў? А нічым, такія самыя! Другое: ці варта для шчасця такіх людзей ахвяраваць жыццём і асабістай свабодай, як гэта робіць Раман? ці не мае большую рацыю Кізгайла, які ставіцца да іх зневажальна? А мо не варта з нагоды народнага паўстання казаць — «узняць чэрнь». Тут няшмат павагі, а больш прыхаванай пагарды, уласцівай людзям заможным, абароненым перад ударамі лёсу, у якіх усё добра. Нагадаю, амаль усе драматургічныя творы Караткевіча так ці іначай звязаны з тэмай «народ і ўлада», з тэмай барацьбы супраць сацыяльнай несправядлівасці і ўціску.

Кода

І ўсё-такі, нягледзячы на спрэчныя моманты, прэм’ера «Сівой легенды» зрабілася яркай і маштабнай падзеяй нашага культурнага жыцця. Яна выклікала ўсплёск новай цікавасці да твораў Караткевіча, прымусіла вярнуцца да іх і перачытаць. Даўно не было ў нас опернага спектакля, які з такой экспрэсіўнасцю ўзнаўляў бы падзеі трагічнай і пакручастай гісторыі Беларусі. Прымушаў так моцна спачуваць героям, гараваць над іх лёсамі. Ганарыцца і захапляцца імі...

Таццяна Мушынская