Vivat, трэці музычны!

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Падзея, пра якую так доўга і амаль безнадзейна марылі, нарэшце адбылася. Лірычнай операй «Іаланта» ў Маладзечне адкрыўся трэці ў краіне музычны тэатр. Трэці -- пасля Тэатра оперы і Музычнага тэатра (былой музкамедыі). Так што -- vivat, vivat, vivat!

 /i/content/pi/mast/4/106/Vivat1.jpg
 «Іаланта» П.Чайкоўскага. Н.Шыбко (Іаланта), А.Сіўко (Кароль Рэне).

Маладзечна здавён прэтэндавала на статус песеннай сталіцы Беларусі. Але, як высветлілася, адных песень яму замала. Горад замахнуўся на большае -- займець оперны тэатр! Калегі і знаёмыя, ведаючы, з якой нагоды выпраўляюся ў Маладзечна, недаверліва перапытвалі: «Дык у іх запрошаныя артысты? Як -- самі?! Спектакль цалкам?.. Не можа быць!..»
Оперныя прэм’еры, якія адбываюцца ў сталіцы, рэдка выклікаюць такую ўсеагульную, татальную цікавасць. На прэм’еру, што сталася і адкрыццём тэатра, прыехаў ці не ўвесь мінскі бамонд. Думаю, што мы прысутнічалі пры сапраўды гістарычнай падзеі. Радаснай і шматабяцальнай. Размовы пра неабходнасць мець яшчэ хоць адну музычную сцэну, камерную ці эксперыментальную, вядуцца ў краіне два дзесяцігоддзі. Шмат было спроб -- і ўсё няўдалых. Здавалася, фінансавыя і бюракратычныя перашкоды непераадольныя.
У Маладзечне -- усё склалася. Усё атрымалася. Рухавіком і галоўным «генератам ідэй» аказаўся дырэктар музычнай вучэльні Рыгор Сарока.
Сімфанічны аркестр пад яго кіраўніцтвам здолеў эмацыйна і захоплена ўзнавіць і літару і дух апошняй, сапраўды геніяльнай оперы Чайкоўскага. «Іаланта» толькі на першы погляд здаецца простай для ўвасаблення. Дырыжоры аднадушна сцвярджаюць, што опера належыць да ліку найбольш складаных партытур кампазітара. Падчас спектакля думалася і пра тое, што кожны выкладчык вучэльні -- у глыбіні душы яшчэ і выканаўца, нерэалізаваны аркестрант, які марыць пра ўласнае творчае самавыяўленне. І таму такое эмацыйнае суладдзе, такія напал і чуласць прысутнічалі ў музычнай інтэрпрэтацыі «Іаланты».
Рэжысура У.Экнадзіёсава была ўспрынята больш спакойна -- салісты стаялі там, дзе трэба, рухаліся натуральна, хор, які пакінуў добрае ўражанне, утвараў маляўнічыя групы, але вялікіх навацый заўважана не было.
«Іаланта» -- вельмі трапны выбар для прэзентацыі тэатра, бо маладых герояў спяваюць маладыя артысты, а ўвесь пафас магутна-жыццесцвярджальнай оперы Чайкоўскага пераконвае ў перамозе кахання. Сярод выканаўцаў сольных партый аказалася шмат і педагогаў вучэльні, і студэнтаў, і выпускнікоў, якія цяпер удасканальваюцца ў Акадэміі музыкі. Зразумела, што студэнты не могуць і не павінны спяваць як салісты акадэмічнай оперы.
Найбольшае ўражанне пакінулі Анатоль Сіўко (кароль Рэне) і Наталля Шыбко (Іаланта) -- дарэчы, лаўрэат міжнароднага конкурсу «Убельская ластаўка». Танюткая і грацыёзная, Н.Шыбко стварыла вельмі кранальны і светлы вобраз галоўнай гераіні. Ярка прагучалі ўсе найбольш вядомыя, амаль шлягерныя нумары оперы -- арыя Іаланты («Отчего это прежде не знала я...»), арыя Раберта («Кто может сравн
иться с Матильдой моей?..»), дуэт Іаланты і Вадэмона («Дар природы, дар бесценный…»).
Гледачы ў паўнюткай зале Палаца культуры слухалі оперу ў абсалютнай цішыні. Пасля кожнай сольнай арыі -- такія гарачыя авацыі, як быццам на сцэне Пласіда Дамінга альбо Джоан Сазерленд. Дзякуючы такой рэакцыі артысты часам пераўзыходзілі ўласныя магчымасці.
Мінаблвыканкам і гарадскія ўлады здолелі фінансава падтрымаць гэты надзвычай цікавы музычны і культуралагічны праект. Праўда, грошы былі выдзелены толькі на сцэнаграфію. Касцюмы галоўных герояў пазычыў тэатр оперы. Калектыў працаваў на грамадскіх пачатках. У тым ліку і рэжысёр, які на рэпетыцыі ездзіў з Мінска.
Да прэм’еры Палац культуры выпусціў вялізную каляровую афішу, буклет, праграмку. У планах нованароджанага тэатра -- і запрашэнне да ўдзелу ў «Іаланце» салістаў нашай оперы і славутай Марыінкі (імёны некаторых з іх ужо пазначаны ў праграмцы спектакля), і пастаноўка «Яўгенія Анегіна». Энтузіязму ў Р.Сарокі і ягоных калег шмат, новыя спектаклі будуць! Гэта бясспрэчна...
Так што добрага шляху табе, новы музычны тэатр Беларусі!

                                                                                                              Таццяна ФЁДАРАВА