«Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігаро»
П’ера Бамаршэ
Рэжысёр Віктар Чэпелеў
Сцэнаграфія Георгія Пашына
Мастак па касцюмах Кацярына Кочурава
Музычнае афармленне
Святланы Фёдаравай
Харэаграфія Варвары Каменскай
Гомельскі абласны драматычны тэатр
«Фігаро.tut»
Рэжысёр Сяргей Кавальчык
Сцэнаграфія Алены Ігрушы
Кампазітар Аляксандра Сандлер
Харэаграфія Наталлі Старчанка
Сучасны мастацкі тэатр
Сёлета нечакана для ўсіх нават Янка Купала застаўся на другіх ролях — драматургічным флагманам стаў П’ер Бамаршэ і яго «Жаніцьба Фігаро». На творчыя намінацыі прэтэндуюць ажно дзве пастаноўкі твора — на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра і ў Сучасным мастацкім тэатры.
Чым жа гэтыя спектаклі збіраюцца падкупляць гледачоў? Рэжысёрскі выбар менавіта гэтай п’есы палягае ў яе традыцыйным успрыняцці як насычанай інтрыгамі камедыі, патэнцыяльна цікавай для шырокай глядацкай аўдыторыі. Як выявілася на практыцы, уся інтрыга ў творы існуе на ўзроўні літаратуры — у дасціпных маналогах, тэкставых дыялогах-дуэлях, філігранна выбудаваных масавых «партытурах». Сцэнічнае пераадоленне аўтарскага тэксту і стала асноўнай закавыкай — бар’ерам, праз які мусілі скакаць рэжысёры-пастаноўшчыкі.
У Гомельскім абласным драматычным тэатры ў спектаклі «Шалёны дзень, альбо Жаніцьба Фігаро» рэжысёр Віктар Чэпелеў вырашыў, што здолее раскрыць твор прыёмамі псіхалагічнага тэатра, паяднанага з візуальнай опернай стылістыкай. Опернасць выявілася ў статычна-геаметрычнай пабудове мізансцэн спектакля і прынцыпе выхаду на першы план персанажаў — удзельнікаў той ці іншай канкрэтнай сцэны. Псіхалагізм жа мусіў абазначыцца як форма пабудовы ўзаемаадносін паміж героямі, як выяўленне ўласных ацэнак таго, што адбываецца на падмостках. Аднак ні адно ні другое так і не пацэліла ў яблычак: насуперак асноўнай аўтарскай задуме оперная статуарнасць зрабіла пастаноўку непаваротлівай і цяжкаважнай, а пошукі акцёрскага псіхалагізму там, дзе неабходна ўмець іграць сцэнічную інтрыгу, дадалі затарможанасці самім персанажам і іх рэакцыям.
У пастаноўцы «Фігаро.tut» Сучаснага мастацкага тэатра Сяргей Кавальчык інтуітыўна адчуваў гэтую прынцыповую праблему, таму паспрабаваў вырашыць яе за кошт пошуку сучасных жанрава-відавых аналагаў у сферы нашага побыту. І — спыніўся на серыяльным «мыле». Пачынаючы з няхітрага, а часам нават банальнага разыгрывання сюжэта, ад сцэны да сцэны Кавальчык усё актыўней нарошчвае пераход ад камедыі становішчаў да меладрамы. А ў другой дзеі размяшчае персанажаў франтальна да гледачоў і прапаноўвае ім... спяваць «хіты» з мексіканска-калумбійскіх мыльных серыялаў.
Іншая справа, што гэтае небеспадстаўнае і вартае асобнай увагі адкрыццё міжчасавых жанрава-культурных паралелей у дачыненні да мінскага спектакля засталося выключна на ўзроўні рэжысёрскай знаходкі. Акцёры ж не адчувалі спецыфікі і тэкставых адсылак да рэпрызнасці ў сцэнічным існаванні, таму «прасаджвалі» сцэны адну за другой, іграючы кожную з іх як самастойную закончаную гісторыю, з-за чаго «серыял» ператварыўся ў «шматсерыйны фільм». Але пры такім раскладзе эмацыянальнага акцёрскага мінімуму для персанажаў аказалася надзвычай мала.
На сцэне СМТ Фігаро ўвасабляе Сяргей Юрэвіч. Бліскучы і тэмпераментны, ён умее быць розным, вострахарактарным альбо «слізкім» і амаль няўлоўным у сваіх акцёрскіх нюансах, але гэтым разам акцёр, здаецца, адчуваў сваю разгубленасць перад Бамаршэ. Яго Фігаро — старэючы на службе мараліст-пурытанін, якога займае толькі адно — жаданне забяспечыць сабе жыццё і сям’ю «як мае быць».
Ад гэтага ягоны авантурызм абарочваецца помслівасцю, а інтрыгі больш нагадваюць урокі дыдактыкі. Невыпадкова, што на ягоным фоне граф Альмавіва ў выкананні Уладзіміра Ушакова падаецца нашмат больш адпаведным зададзенай жанрава-стылёвай сістэме каардынат спектакля.
На сцэне гомельскага тэатра гледачы перадусім бачаць улюбёнца публікі Юрыя Фейгіна (дон Гусман Брыдуазон), які, скарыстоўваючы напрацаваныя прыёмы кантакту з залай, у чарговы раз цягне з яе смех. Фігаро ў выкананні Андрэя Бардухаева выглядае прыгнечаным і зняважаным панскім прыгонным. Для яго героя барацьба за гонар — тое ж самае, што і класавая барацьба: столькі задуменна-псіхалагічнай тугі і дакору мы бачым у яго вачах.
Усё ж думаецца, што асноўная праблема абедзвюх пастановак, якая так і не дала ім шанцаў узняцца да высокага мастацкага ўзроўню, — адсутнасць нефармальнага, жывога кантакту з драматургічным матэрыялам. Гэта не залежыць ад ведання аўтарскага тэксту і агульнай начытанасці пастановачнай групы «па тэме». За вырашэннем глабальных пастановачных задач і пошукамі канцэпцый прачытання класічнага твора рэжысёры аддаліліся ад галоўнага: Бамаршэ стварыў сваю п’есу ў манеры амаль што правакатыўнай хуліганскай лёгкасці і нязмушанасці. І зусім не для таго, каб кляйміць і выкрываць, а таму, што хацеў разам з гледачамі пасмяяцца з апісаных сітуацый. Паказаць, што можна быць паўсюды і нідзе. Нашы ж беларускія Фігаро чамусьці лічаць, што гэта не яны, а вакол іх мусіць круціцца ўвесь свет...
Таццяна Команава