Партрэт дачкі

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

«Дзяўчынка ў чырвоным» Якава Кругера -- адзін з першых партрэтаў беларускіх мастакоў даваеннага перыяду, набытых Дзяржаўнай карціннай галерэяй у 1940 -- 1941 гг.

Партрэт паступіў у фонды пасля смерці Якава Маркавіча і адразу пачаў вандраваць: трапіў на выставу, прысвечаную дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, потым, вясной 1941 г., -- на выставу ў галерэі імя Ю.Пэна ў Віцебску. Менавіта гэтая апошняя акалічнасць выратавала карціну ад фашысцкага рабавання: творы з галерэі вывезлі ў Саратаў, дзе яны амаль два гады захоўваліся ў сырым бомбасховішчы і ледзь не загінулі ад вільгаці. Аднак зноў пашанцавала: былая супрацоўніца карціннай галерэі Алена Аладава, якая ў 1941 -- 1943 гг. працавала намеснікам дырэктара па навуковай працы Саратаўскага мастацкага музея імя М.Радзішчава, знайшла грошы на рэстаўрацыю беларускіх твораў, каб паказаць іх на выставе да 25-годдзя БССР у Маскве. У 1943 г. партрэт быў перавезены з Саратава ў Маскву, а ў 1945 г. вярнуўся ў Мінск, у Дзяржаўную карцінную галерэю, куды пераехала ўся маскоўская выстава.
«Дзяўчынка ў чырвоным» адразу была адзначана мастацтвазнаўцамі як выдатны твор дарэвалюцыйнага беларускага мастацтва і адзін з лепшых партрэтаў Я.Кругера. Па жывапісных дасягненнях, цеплыні перадачы вобраза, глыбіні пранікнення ў душэўны свет юнай мадэлі, па ўнутранай сабранасці і цэльнасці ён не меў аналагаў сярод беларускіх партрэтаў не толькі дарэвалюцыйнага, але і даваеннага часу. Жывапіс, насычаны паўнагучнымі адценнямі чырвонага, -- артыстычны і ўпэўнены, малюнак -- далікатны і дакладны. Галоўнае ж -- у партрэце адчуваюцца чароўная трапятлівасць, чысціня і адкрытасць юнай душы. Я.Кругер падкрэсліў у вобразе не вонкавую прыгажосць дзяўчынкі-лялькі, а сур’ёзнасць самастойнай асобы.
Доўга заставалася загадкай яе імя. Партрэт не быў падпісаны і датаваны, а гэта рэдкасць для Я.Кругера. Супрацоўнікі галерэі ў 1940 г. чамусьці не палічылі неабходным удакладніць ва ўдавы імя мадэлі. Так і засталося б, каб не два шчаслівыя выпадкі. Першы -- нечаканае знаёмства з унучкамі мастака: Марынай Чарняк і Людмілай Кругер, якія не загінулі з бацькамі ў мінскім гета, як меркавалася раней, а жывуць у Пецярбургу і Маскве. Другі -- выпадковая знаходка ў Канатопе (Украіна) рэдкага каталога мінскай мастацкай выставы 1910 г. (у памяшканні Камерцыйнай вучэльні), ніводнага экземпляра якога не захавалася ў бібліятэках Беларусі. У ім пазначана карціна Я.Кругера з пяшчотнай назвай «Партрэт маёй дачушкі». Адразу ж прыгадалася безыменная «Дзяўчынка ў чырвоным» -- можа, гэта той самы партрэт?
Параўнанне партрэта і фотаздымкаў дачкі Кругера з сямейных альбомаў унучак мастака пацвердзілі гэтую версію: тыя ж вочы, авал твару, нават непаслухмяны завіток валос на лобе! Родныя распавялі пра лёс «дзяўчынкі ў чырвоным». Ёй, як і усім з яе пакалення, народжанага на самым пачатку ХХ ст., давялося перажыць дзве сусветныя вайны.
Яе імя -- Шэйна, па руску -- Сафія. Нарадзілася ў канцы 1902 г. у цэнтры Мінска: на Захар’еўскай вуліцы, у вялікай кватэры, якую здымалі Якаў Маркавіч і Фрума-Злата Лейзераўна Кругеры. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу ў 1901 г. бядняк Я.Кругер ажаніўся «па разліку» -- з дачкой багатага млынара, але шлюб, нягледзячы на гэты самы «разлік» і непісьменнасць жонкі, аказаўся шчаслівы і надзейны -- на ўсё жыцце. Хутка нарадзіліся дзеці -- Шэйна (Сафія) і Майсей (Марк).
Гэта былі нядоўгія гады сямейнага дабрабыту -- з вялікай кватэрай, прыслугай, замовамі, першымі поспехамі на выставах у Мінску. Трывалы прыбытак давала і прыватная мастацкая школа (1904 -- 1915), якую наведвалі розныя людзі -- ад дырэктара гімназіі Канстанціна Фальковіча да памочніка рэтушора Хаіма Суціна, будучай зоркі «парыжскай школы». Дзяўчынка расла ў заможнасці і была ўлюбёнкай бацькі, пра што сведчыць і назва партрэта. Дома яе вучылі музыцы і вышыванню. Я.Кругер марыў, каб дачка атрымала добрую адукацыю. У 1912 г. ён спрабаваў раней тэрміну ўладкаваць яе ў мінскую Марыінскую гімназію і пісаў у заяве ў губернскае праўленне, што «дзяўчынка фізічна развітая, аб чым прадстаўляецца сведчанне ўрача». Сапраўды, васьмігадовая дзяўчынка выглядае на партрэце 12-13-гадовым падлеткам. Тады Кругеру адмовілі, і засталося невядомым, ці паступіла Сафія ў гімназію наступным годам. Калі ж і так, дык правучылася яна нядоўга: у 1915 г., ратуючыся ад вайны і пагромаў, Кругеры эвакуіраваліся ў Казань, адкуль вярнуліся ўжо ў савецкі Мінск толькі ў 1921 г.
Я.Кругер пачаў выкладаць на рабфаку, яго сын Марк паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт і пасля яго заканчэння паехаў працаваць у Ленінград, а Сафія ў 1930 г. выйшла замуж за журналіста і тэатральнага крытыка, выхаванца Казанскага універсітэта Льва Шварца і пераехала ў Маскву. Яна працавала машыністкай ва «Учительской газете». Жылі сціпла -- сям’я з двума дзецьмі займала пакойчык у Ніжнекіслаўскім завулку; туды ж пасля смерці Я.Кругера пераехала і ўдава мастака -- маці Сафіі. У 1944 г. Леў Шварц пайшоў добраахвотнікам на фронт, а Сафію з маці і двума дзецьмі эвакуіравалі ў Башкірыю. Наступствам цяжкіх галодных гадоў ва Уфе сталася ў Сафіі хвароба печані. Яна памерла ў Маскве ў 1951 г. Яе дзеці, Марына і Аляксандр, засталіся з новай жонкай бацькі, былой іх нянькай і хатняй работніцай. Мачаха не шанавала сямейных рэліквій. Марына Чарняк згадвае, што партрэт маці 1930-х гг. пэндзля Я.Кругера выкарыстоўваўся як падстаўка пад патэльні.
Пасля вандровак цягам ваеннага ліхалецця цудам ацалелы партрэт заняў годнае месца ў галоўным музеі Беларусі, сцвярджаючы сваё права называцца жывапісным знакам эпохі.

 

                                                                                                                 Надзея УСАВА