Псіхалагічная драма па п’есе Юліі Чарняўскай «Літаркі»
Рэжысёр Кацярына Аверкава
Мастак па касцюмах Пётр Анашчанка
Музыка Антоніа Вівальдзі, Мацвея Сабурава
Відэа Мацвея Сабурава
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Прэм’ера спектакля Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра «Аднакласнікі» па п’есе Юліі Чарняўскай «Літаркі» стала паспяховым завяршэннем праекта «Чытанні». Цягам года галоўны рэжысёр тэатра Кацярына Аверкава рабіла тэатралізаваныя чыткі сучаснай беларускай драматургіі: шырокай публіцы былі прадстаўлены «Бог казытання» Мікалая Рудкоўскага, «Любоў людзей» Дзмітрыя Багаслаўскага і іншыя творы. Кацярына Аверкава — малады рэжысёр, які актыўна працуе з сучаснай драматургіяй. У сакавіку гэтага года падчас фестывалю «М.аrt кантакт» яна прадставіла прэм’еру спектакля паводле тэксту вядомага беларускага драматурга Паўла Пражко «Уладар кавярні». Асноўнай тэмай манадрамы стаў актыўны пошук ідэалаў сучаснага маладога чалавека, які вагаецца паміж уласным інфантылізмам і чужароднай для яго дзяржаўнай ідэалогіяй. Спектакль «Офіс» паводле нямецкай п’есы «Бесхрыбетнасць» Інгрыд Лаўзунд (Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы) даследуе чалавека, што пражывае механічнае жыццё офіснага клерка: сістэматычнае хаджэнне ў кабінет шэфа, дзе нормай робяцца бясконцыя аплявухі і прыніжэнні, абсурдныя размовы з калегамі і ўспаміны дзяцінства перамешваюцца з гукам кававаркі і шумам вады ў прыбіральні. У спектаклі «Галадар» паводле аднайменнай п’есы Сяргея Кавалёва (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) знакавай робіцца тэма чалавека, які адвярнуўся ад знешняга свету і не жадае ўдзельнічаць ні ў якіх грамадскіх справах. Гэтым разам Аверкава выбрала п’есу, якая максімальна адпавядае галоўнаму крытэрыю рэпертуарнага тэатра — так званай глядацкасці. Айчынны тэатрал чакае выразнай гісторыі, яго кранае эмацыйнасць акцёрскіх прац, а не адгадванне рэжысёрскіх рэбусаў і розных эксперыментальных «выкрунтасаў». У гэтым сэнсе спектакль, безумоўна, глядацкі. У аснове «Аднакласнікаў» — гісторыя Марыі (Наталля Калакустава) і Ільі (Руслан Кушнер, Аляксандр Паноў), якія праз значны час пасля заканчэння школы выпадкова сустракаюцца ў інтэрнэт-прасторы. Рэжысёр падзяляе сцэну на дзве часткі — кватэру Марыі і кватэру Ільі, арганізоўваючы папераменнае дзеянне. Ілья — навуковец, які разам з дачкой Вікай (Галіна Угначова) і аканомкай Мартай (Алена Крыванос) жыве ў Германіі. Марыя гадуе сына, хворага на аўтызм. Дарэчы, Валерый Чабатаеў, які выконвае ролю сына — Міці, спецыяльна для работы ў спектаклі наведваў людзей з гэтай хваробай у мінскім шпіталі, дзякуючы чаму яго герой атрымаўся досыць праўдзівым. Знаходзячыся ў розных краінах, Ілья і Марыя размаўляюць праз скайп. Іх электронная перапіска ўзнаўляецца на экране пасярэдзіне сцэны. Марыя распавядае, як была закаханая ў Ілью, але той нават не звяртаў на яе ўвагі. Здзіўлены Ілья нібыта ўпершыню глядзіць на сябе звонку, чужымі вачыма. Паступовае збліжэнне герояў Аверкава паказвае праз «электронны» дыялог — Марыя і Ілья прамаўляюць яго, падыходзячы адно да аднаго. Сярод акцёрскіх работ вылучаецца гераіня Алены Крыванос, вобраз якой актрыса малюе буйнымі мазкамі. Яе Марта пакорліва трывае здзекі «гаспадароў», пакутуючы праз каханне да Ільі, але ў пэўны момант не вытрымлівае і выдае сваё прызнанне: «Вы мяне не заўважаеце, я жывы чалавек, паглядзіце на мяне!» — крычыць яна, скідваючы з сябе кофтачку. Цікавая і роля Вікі, дачкі Ільі, якую выканала Галіна Угначова. Агрэсіўная ў дачыненні да бацькі і жорсткая да Марты, Віка віхурай урываецца ў дом, імкнучыся даказаць, што бацька — эгаіст, які сапсаваў жыццё сваім блізкім. Але ў фінале сцены непаразумення паміж героямі разбураюцца, і Віка ўпершыню ў сваім жыцці просіць прабачэння. У «Аднакласніках» няма адмоўных ці станоўчых герояў — на сцэне існуюць персанажы, якія мы сустракаем у жыцці кожны дзень. Але стваральнікі адкрываюць нам патаемныя душэўныя перажыванні і дэманструюць «шкілеты ў шафах», выводзячы прыватныя гісторыі на ўніверсальны ўзровень. Галоўная тэматычная лінія «Аднакласнікаў» — спадзяванне людзей на шчасце, на каханне, якое так і застаецца няспраўджаным. Фінал спектакля рэжысёр пакідае адкрытым, нібыта даючы героям шанец. «Твае літаркі, мама, прыскакалі», — кажа Міця, і Марыя кідаецца да чаканага паведамлення. Але словы распадаюцца на знакі, якімі немагчыма выразіць сэнс пачуццяў, перажыванняў, нават думак. Ёсць толькі надзея, што калі не ў тэатральнай пастаноўцы, дык у рэальным жыцці людзі здолеюць пачуць, зразумець адно аднаго. Спектакль «Аднакласнікі» такую надзею пакідае. Крысціна Смольская