З нагоды Апакаліпсісу

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Кіеўскае біенале сучаснага мастацтва

/i/content/pi/mast/60/1024/33.jpg

Чыгару Шыота (Японія).Пасля мары.Інсталяцыя. 2012.

Першае Кіеўскае біенале сучаснага мастацтва стала сапраўдным выпрабаваннем для яго ініцыятараў: на падрыхтоўку мерапрыемства, пра неабходнасць правядзення якога сталі гаварыць з дзясятак гадоў таму, было выдзелена ўсяго восем месяцаў. Куратар Дэвід Эліёт на такія ўмовы пагадзіўся, як толькі зразумеў, што арганізатары асэнсавалі ўвесь цяжар свайго рашэння і здольны вытрымаць біенальны фармат. Яго рамкі ён акрэсліў у шматлікіх інтэрв’ю... Каб біенале атрымалася, трэба прымаць да ўвагі мясцовы кантэкст — оптыка куратара павінна быць абумоўлена геаграфіяй. Важна, каб узровень 
мясцовых мастакоў быў такі ж высокі, як і запрошаных. І апошняе: біенале — падзея двухгадовай цыклічнасці, яно мусіць сканцэнтравацца на тым, што адбываецца ў мастацтве тут і цяпер, а таксама рабіць прагноз на будучыню.

Першае біенале ў Кіеве стала несумненнай удачай і свае задачы выканала: і ў кантэкст упісаліся, і сваіх мастакоў свету паказалі, і крытэрыі мясцовай прасторы задалі. Мерапрыемства аказалася гучным, але і надзвычай дарагім. Палову сумы кампенсавалі Міністэрства культуры і адміністрацыя горада Кіева. Гэты іміджавы для дзяржавы праект зрабіўся новай кропкай адліку і для ўкраінскага мастацтва. Але каб падзея нарэшце адбылася, павінна было супасці некалькі чыннікаў.

Па-першае, мусіла саспець культурная прастора. У сярэдзіне 2000-х тут узнік сапраўдны бум на сучаснае мастацтва — адчыняліся галерэі, мясцовыя творцы ўдзельнічалі ў прэстыжных міжнародных мерапрыемствах. Тым не менш многія выдатныя асобы не вядомы за межамі краіны, таму адной з важных задач біенале было «прарвацца» на міжнародную арэну і раскрыць свету ўкраінскае мастацтва.

Па-другое, мусіла з’явіцца і выкшталтавацца прафесійная каманда, здольная вытрымаць міжнародны фармат. Рухавіком і камісарам біенале стала генеральны дырэктар Мысцецкага Арсенала Наталля Забалотная — аўтар і кіраўнік вялікай колькасці паспяховых праектаў, сярод іх — вядучы часопіс па мастацтве ART Ukraine, кірмаш ART KYIV contemporary, Вялікі скульптурны салон, Вялікі антыкварны салон і шэраг іншых. Яна запрасіла ў куратары англічаніна Дэвіда Эліёта, спецыяліста па заходнім, усходнееўрапейскім і азіяцкім мастацтве, што кіраваў музеямі ў Оксфардзе, Стакгольме, Стамбуле і Токіа, а з пачатку 1980-х правёў шэраг выстаў, мэтай якіх сталася інтэграцыя незаходняга, асабліва азіяцкага, мастацтва ў заходні кантэкст. Таксама ён лічыцца знаўцам мастацтва постсавецкай прасторы (напрыклад, у 1999 годзе курыраваў выставу «Пасля сцяны», на якой была прадстаўлена і значная колькасць украінскіх творцаў). Эліёт удала абыграў геапалітычнае становішча Кіева — на перакрыжаванні традыцыйных шляхоў, паспрабаваўшы акрэсліць яго сучасныя каардынаты: куратар прынцыпова не прымае тэрмін «постсавецкая прастора».

У вялікай ступені маштаб біенале вызначыла і месца правядзення: грандыёзны комплекс Мысцецкі Арсенал — былыя збройныя склады і майстэрні часоў Кацярыны Вялікай, у савецкі час — адзін з цэхаў завода «Арсенал», найбуйнейшага індустрыяльнага прадпрыемства УССР. Пакуль біенале ахапіла толькі 24 гектары з 63 магчымых. З пэўнай алюзіяй на Венецыю яно атрымала назву «ARSENALE 2012». Да 2014 года Арсенал павінен ператварыцца ў Нацыянальны музей украінскага мастацтва, а ў 2015-м прадставіць маштабную экспазіцыю ўраджэнца Кіева Казіміра Малевіча.

Для галоўнага праекта выставы Дэвід Эліёт выбраў назву «Лепшыя часы, горшыя часы. Адраджэнне і апакаліпсіс у сучасным мастацтве», асэнсаваўшы тэму канца свету ў кантэксце схілу эпохі Асветы: тытул узяты з рамана Чарльза Дзікенса «Гісторыя пра два гарады», падзеі якога разгортваюцца ў часы французскай рэвалюцыі. «Калі людзі пачынаюць думаць, што жывуць у вельмі добрыя часы, ім варта быць асцярожнымі, многія жахі адбываліся пад покрывам лепшых часоў», — папярэджвае куратар, асэнсоўваючы дыялектыку гісторыі: «У “горшым” утрымліваецца адкупленне, а “лепшае” — гэта ілюзія, што звычайна выношвае насенне ўласнага разбурэння». У трактоўцы Эліёта развагі пра апакаліпсіс і новае адраджэнне — найперш аповед пра метамарфозы посттаталітарнага і постындустрыяльнага развіцця свету. Пратэстных рэчаў у экспазіцыі дастаткова — для таго, каб прыўнесці пэўны драйв, але і не парушыць кампазіцыйную раўнавагу. Найперш, гэта мастацкія выказванні з нагоды экалогіі, палітыкі і стану сучаснага грамадства, што перапляталіся з надзвычай эфектнымі карцінамі катастроф. Палітычная пазіцыя куратара ярка выяўлена ва ўступным артыкуле: «Крызіс сацыялізму і ідэі публічнай прасторы ў цэлым, перыпетыі Альянсу ў Затоцы і Афганістане, карпаратыўная прагнасць і віртуальны заняпад капіталізму, “язмінавыя рэвалюцыі” ў Паўночнай Афрыцы празрыста выкрылі тое, як абвінавачаную гегемонію Захаду фатальна кампраметуе яе ўласны асабісты інтарэс. Сёння сусветная беднасць дасягае рэкордных узроўняў, нягледзячы на наяўнасць рэсурсаў для паляпшэння сітуацыі. Рабаванне навакольнага асяроддзя доўжыцца, і гэта, безумоўна, знішчае нашу будучыню. Ідэалы свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека цынічна лічацца дадаткам улады — таварамі, якія, накшталт гуманітарнай дапамогі, размяркоўваюцца скупа, распаўсюджваючы на сваім шляху цішыню і пакорлівасць. Вымалёўваецца адзіная схема: багатыя становяцца багацей, і ніхто не хоча ні ад чаго адмаўляцца. Але ў гэтым шалёным віры зусім незразумела, ці ёсць магчымасць адшукаць якія-небудзь прымальныя альтэрнатывы».

Мастакі, зазначае Эліёт, не мусяць гэтыя праблемы вырашаць. Яны, хутчэй, натхняюць сваім прыкладам: «Крытычныя, сарданічныя, часам гумарыстычныя ці іканаборчыя погляды на свет гэтых аўтараў, іх здольнасць думаць і бачыць за рамкамі, якія мы час ад часу ствараем, іх выразнасць і адданасць праўдзе мастацтва дораць нам энергію для руху наперад — каб тонка засведчыць і ацаніць чыннікі і наступствы жыцця, якое насамрэч і ёсць крыніца мастацтва. І гэта неабходная прэлюдыя да дзеяння».

Выстава ўключыла работы каля ста мастакоў, а галоўны аповед разгарнуўся вакол чатырох асноўных тэмаў, якія, паводле куратара, павінны служыць для разваг пра выставу і пра тое, як яна звязана з Украінай і светам: «Нястомны Дух» (погляд на тое, якім чынам мы атрымліваем сілу ад вераванняў, міфаў і канцэптаў Сусвету), «У імя Парадку» (даследаванне таго, як пад прыкрыццём рацыянальнага ўлада спрабуе дамінаваць над культурай з дапамогай стварэння меркантыльных іерархіяў), «Плоць» (чалавечае цела, яго апетыты, жаданні і абмежаванні), «Неспакойны Сон» (засяроджанасць на начных кашмарах і прадчуванне катастрофы, без чаго мы не мелі б магчымасці змяняцца).

Біенале распачынала постындустрыяльная тэма: серыя фатаграфій Барыса Міхайлава «Прамзона» пра прывіды савецкай індустрыі — закінутыя металургічныя заводы. Дызайнерская падача маштабных фатаграфій выяўляла моду на індустрыяльны трэш. У наступнай зале рэзанансам прагучалі выразныя аб’екты брытанкі Філіды Барлоу (яна стала лаўрэатам прэміі «ARSENALE AWARDS 2012» у намінацыі «За значны ўклад у развіццё сучаснага мастацтва»). Яе маштабная інсталяцыя з трох частак зроблена з улікам спецыфікі залы і пад уражаннем індустрыяльных раёнаў Кіева. Будаўнічыя рыштаванні, жывапісна пазначаныя яркімі колерамі тканіны, воўна, сетка, цэмент, пліты — прамысловы трэш быў выразна скампанаваны ў прыгожыя брутальныя, поўныя энергетыкі структуры.

Асобную пранізлівую лінію біенале запачаткавалі ўнутраныя клеткі — калектары ўспамінаў Луіз Буржуа, унутры іх размясціліся знойдзеныя і асабістыя рэчы. Луіз тлумачыла, што яе клеткі ўвасабляюць розныя віды болю: фізічны, эмацыянальны і разумовы. Кожная клетка мае дачыненне і да страху (страх — таксама боль). Клеткі Буржуа раскрывалі тэму, звязаную са страхамі — падсвядомымі і прыхаванымі аспектамі нашага існавання, гэта тэма працягнецца ў праекце Лары Баладзі — фатаграфіях кубкаў з кававай гушчай (варажба на ёй структуравала каляндар спадзеваў, што суправаджаў паміранне яе бацькі), адгукнецца міфамі і татэмамі — або ценямі —вандроўніка Аны Марыі Пачэка (чорнымі постацямі, размешчанымі за спінай галоўнага героя). Магутнае яе завяршэнне мы знойдзем у рабоце Чыхару Шыоты «Пасля мары». Тры белыя сукенкі (сімвал душы?) узносяцца ў цемры сярод перакрыжаваных нітак. А выйсце — у ілюзіі? Інсталяцыя японскай мастачкі Яйоі Кусамы «Наступствы знішчэння вечнасці» — гэта бясконцае залюстроўе, у якім глядач апынаецца сярод памножаных агеньчыкаў — пераход у свет іншай рэальнасці, што прыносіць забыццё.

Расійскі мастак украінскага паходжання Алег Кулік прадставіў медытатыўны праект — пяцідзесяціхвілінную відэаінсталяцыю «Vespers of the Sacred Virgin». Паўпразрыстыя выявы накладаліся адна на адну, раствараліся і знікалі пад чароўныя гукі музыкі Клаўдзіа Мантэвердзі.

Фармальна біенале выбудавана настолькі дасканала, што сацыяльна вострыя творы нязмушана суседнічалі з інтравертыўным мастацтвам, ствараючы адпаведныя рыфмы. На выхадзе з залы Куліка глядач праходзіў праз завесу халоднай пары, на якую быў скіраваны паўпрывідны тэкст — работа індыйскага мастака Джыціша Калата, што выяўляла праекцыю ліста Махатмы Гандзі Гітлеру, у якім ён заклікаў апошняга пазбегнуць вайны.

Тэму няпростых стасункаў дзвюх цывілізацый — Кітая і Еўропы — раскрывае Ай Вэйвэй. Увогуле кітайскіх і ўсходніх творцаў у біенале было шмат — каля трэці. На думку куратара, іх прысутнасць была неабходна — беручы пад увагу адметнае размяшчэнне Кіева — на перакрыжаванні шляхаў паміж Усходам і Захадам, а таксама дзеля таго, каб прадставіць цалкам іншае, чым на Захадзе, разуменне сучаснага мастацтва.

Ай Вэйвэй прывёз у Кіеў дванаццаць бронзавых звярыных галоў, што ўвасабляюць знакі задыяка. У ХVІІІ стагоддзі падобныя скульптуры ўпрыгожвалі фантан у летнім палацы кітайскага імператара, пры штурме 1860 года былі нібыта разбураны, але дзве з іх усплылі на таргах у 2009 годзе. Адбыўся скандал, на які мастак прарэагаваў, паўтарыўшы ўкрадзеныя творы ў большым маштабе. Крэда гэтага мастака — не ўмешвацца, назіраць. Уражальную татальную інсталяцыю прадставіў яшчэ адзін кітайскі творца Сонг Донг. «Мудрасць бедных» — гэта вялізнае памяшканне, запоўненае разнастайнымі самаробнымі прадметамі побыту небагатых жыхароў Кітая. Узнятыя адзін на адзін прымітыўныя ложкі, расстаўленыя лаўкі, дрэва, якое прарастае скрозь сямейную пасцель (яго нельга спілаваць, але можна збудаваць дом навокал). Шкляныя кантэйнеры з танным мылам, пустымі пластыкавымі бутэлькамі, прадметамі бытавой хіміі, капуснымі качанамі... Пададзена гэта ўсё не з цынізмам, не з мэтай дыскрэдытацыі (што было б лагічным у выпадку выказвання еўрапейца), а з павагай да мудрасці людзей, што знаходзяць выйсце з няпростых варункаў свайго існавання. Галоўная ідэя мастака ў тым, што калі людзі не могуць атрымаць уладу і правы, яны выкарыстоўваюць свой розум і мудрасць, каб здабыць правы і сілу для жыцця.

Інсталяцыя Эміліі і Ільі Кабаковых — парадаксальны аспект той жа тэмы. Іх «Помнік зніклай цывілізацыі» ўяўляе сабой планшэты і макеты ідэальнага савецкага жылля — дасканалая рэалізацыя ўтопіі, увасобленыя формы якой і паказаў Сонг Донг. Украінскі мастак Мікіта Кадан — як шэраг яго землякоў — разважае пра посттаталітарны свет і памяць, што засталася ў спадчыну. «Працэдурны пакой» — шэраг выяў сподачкаў, на якіх падаюцца рэкамендаваныя да ўжывання спосабы катавання.

Асобную залу занялі браты Чэпмэны: скандальныя англічане прадставілі шматфігурную кампазіцыю з манекенамі эсэсаўцаў, што сабраліся вакол абстрактных твораў (спасылка на сумнавядомую ў Германіі выставу «Дэгенератыўнае мастацтва»).

Пасля Апакаліпсісу (а мы — як вынікае з экспазіцыі — магчыма, яго ўжо пражываем) прыходзіць адраджэнне — такая ідэя куратара. Пра гэта — шасціканальная відэаінсталяцыя расійскай групы АЕС+Ф «Allegoria sacra», якая заварожвае плаўным рытмам і парадаксальна глянцавымі вобразамі герояў. Чысцец у трактоўцы мастакоў паўстае ў выглядзе міжнароднага аэрапорта, у якім чакаюць свайго самалёта прадстаўнікі ўсіх рас і веравызнанняў.

Гуру відэа-арта Білу Віёлу тэма біенале надзвычай імпанавала. Час і прастора даўно сталі матэрыялам яго творчасці. Ён прадставіў работу «Плыт» (з алюзіяй на жывапіс Тэадора Жэрыко), у якой даследаваў рэакцыю людзей у моманты, калі яны трапляюць у небяспеку, крызіс, а ў дадзеным выпадку —- пад нястрымны, неўтаймоўны паток вады. З папярэднім відэа твор лучыць выснова: у крытычныя моманты жыцця разбураюцца штучныя перашкоды, што размяжоўваюць людзей.

Цана прагрэсу вызначаецца колькасцю экалагічных катастроф. У інсталяцыі японскага мастака Янобе Кензі, створанай з металу і індустрыяльных рэшткаў, яркія, дзіцячыя, амаль мульцяшныя цацкі з’яўляюцца носьбітамі страху ядзернай вайны і ўвасабляюць жыццё пасля яе. Казахская мастачка Алмагуль Менлібаева ў сваім відэа «Курчатаў-22» расказвае пра мінулы і сённяшні дзень горада, узведзенага каля ядзернага палігона.

Твор японца Аіда Макота — пра экалогію працы. «Гара каляровага попелу» здалёк нагадвае выгляд знакамітай гары Фудзіямы. Пры набліжэнні можна заўважыць, што яе абрысы складаюць целы офісных супрацоўнікаў у шэрых касцюмах — ахвяры бітвы за зарплату.

Асобная частка экспазіцыі была прысвечана жывапісу — работы вядомых прадстаўнікоў украінскай «Новай хвалі» Арсена Савадава, Васіля Цаголава суседнічалі з шэрагам работ кітайскіх і карэйскіх мастакоў, якія рэфлексавалі на тэмы рэвалюцыйных і ваенных часоў. Карціны Вей Донга пра перыяд «культурнай рэвалюцыі», выкананыя ў пастэльнай гаме, нагадваюць фільмы Хічкока.

Перыпетыі ўкраінскай гісторыі раскрываюцца ў творы грэка Стэліаса Фаітакіса «Немцы ў кляшчах — рэвалюцыя Махно». Манументальныя пано на сценах Арсенала выкананы ў стылістыцы іконы.

Каля чвэрці экспанентаў — украінцы. Ад знакамітых Барыса Міхайлава і Сяргея Браткова да прадстаўнікоў маладога пакалення Мікіты Кадана і Міколы Рыднага. Эліёт падкрэсліваў, што ў сваім праекце ён спрабуе выдзеліць тры пакаленні мясцовых творцаў, аднак размешчаны гэтыя творы выпадкова і не заўсёды ў рыфму агульнай канцэпцыі. Больш поўна ўкраінскае мастацтва прадстаўлена ў спецыяльным праекце (сумесна з польскімі творцамі) «Двайная гульня» (куратары Аляксандр Салаўёў і Фабіа Кавалучы), а таксама ў паралельнай праграме.

У намінацыі «Адкрыццё ARSENALE 2012» лаўрэатамі прэміі «ARSENALE AWARDS 2012» сталі два ўкраінскія мастакі — Мікола Малышка і Андрэй Сагайдакоўскі.

Вынікамі біенале куратар Дэвід Эліёт застаўся задаволены: такая вялікая і амбіцыйная выстава магла б прайсці ў любой краіне свету. Для ўкраінскага мастацтва яго плён асабліва каштоўны: «ARSENALE 2012» задало ўзровень для далейшых праектаў, далучыла Кіеў да ліку культурных сталіц свету. Другое Кіеўскае міжнароднае біенале сучаснага мастацтва плануецца правесці ў верасні 2014 года.

 

Алеся Белявец