Сябры і ворагі

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

Прэм’ера сёлетняй дакументальнай стужкі беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч «Мужчынская справа» падалася выразнай і злабадзённай. Карціна (лагічны працяг фільмаў Г.Адамовіч «Божа мой» і «Завядзёнка») -- пра унікальнае мужчынскае трыо з вёскі на Століншчыне. Дамарослыя шчырыя музыкі граюць на палескіх вяселлях і хаўтурах. І далёка не заўжды першыя пераважаюць па колькасці над другімі. Карціна пранізлівая па простай як хлеб прычыне: няма тут фальшу ў адлюстраванні сённяшняй явы нашага шматпакутнага сяла. У антуражы побытавых пастаральных карцін гучыць настальгічны аповед пра колішнюю беларускую сябрыну-талаку, прапаноўваецца не кан’юнктурны, а больш-менш аб’ектыўны погляд на наш сённяшні і заўтрашні дзень.

Пра сяброўства, але ў міжнародных маштабах, распавядае і дакументаліст Уладзімір Цяслюк. У пачатку чэрвеня на кінастудыі «Беларусьфільм» адбыўся прэс-паказ фільма «Вяртанне Атары». У.Цяслюк малюе партрэт чэмпіёна СССР па барацьбе Атары Асраташвілі. Гэты каларытны грузін калісьці выступаў за нашу зборную (жонка -- беларуска, тры дачкі нарадзіліся ў Мінску), потым вырашыў з’ехаць з сям’ёй у Тбілісі, але нечаканая грамадзянская вайна прымусіла зноў вярнуцца на Беларусь. Цяпер Атары жыве ў Барысаве, трэніруе нашых дзяўчат, мае процьму сяброў… Па-за кадрамі фільма-партрэта -- развагі пра тое, якую зямлю мы павінны называць радзімай, як іншаземец паступова становіцца беларусам і набывае веру ў сваю запатрабаванасць. Тэма актуальная яшчэ і таму, што на абсягах Бацькаўшчыны, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі, далёка не ўсе бежанцы з усходніх ускраін былога Саюза пачуваюць сябе сябрамі беларушчыны…

 /i/content/pi/mast/4/102/Syabry-i-voragi1.jpg

Кадры з фільма М.Мажар «Ворагі».
Г.Гарбук (Дзед Сцяпан).

Цяпер, як падаецца, пра галоўнае. Як вядома, «Залатая галіна» Канаў дасталася румынскаму дэбютанту Крыстыяну Мунджу за малабюджэтную стужку «4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні». Яшчэ адзін доказ, што досвед -- вынік апантанасці, якая не заўжды вызначаецца сталасцю. У гэтым пераконвае і мастацкая карціна беларускага рэжысёра і аўтара сцэнарыя Марыі Мажар «Ворагі», створаная «Беларусьфільмам» і расійскім творча-вытворчым аб’яднаннем «Рок» (прадзюсер Аляксей Учыцель). Стужка -- дэбют выпускніцы ВГІКа ў поўнаметражным кіно (дарэчы, сцэнарый «Ворагаў» атрымаў у 2003-м «Срэбранага Віцязя»). Дык вось, дзіўная рэч (артадаксальныя ветэраны вайны, без сумневу, абурацца): чым далей ад Вялікай Айчыннай, тым болей праўды пра яе ў мастацкіх творах маладых аўтараў. У тым ліку і ў фільме М.Мажар, якую цікавіць не гранічны падзел жыцця на чорнае і белае, сваіх і чужынцаў, а бясконцыя і размаітыя паўтоны жудаснага жыцця на акупаванай фашыстамі тэрыторыі, дзе знітаваліся дабро і зло, подзвіг і здрада, спачуванне і абыякавасць…

 /i/content/pi/mast/4/102/Syabry-i-voragi2.jpg

І галоўнае тут, сапраўды, не дыслакацыі палкоў і дывізій, не кірункі наступленняў і адступленняў, не сцвярджэнні, што фашысты -- вылюдкі, а савецкія -- усе як адзін у белых адзеннях, а матывы кампрамісных паводзін удзельнікаў вайны… Ад маці маёй ледзь не да 1960-х патрабавалі пазначаць ва ўсіх анкетах, што яна 12-гадовым дзяўчом «жыла на акупаванай тэрыторыі». Пазначала і адчувала сябе ледзь не здрадніцай. І быў у час вайны ў яе вёсцы паліцай, які выратаваў ад фашыстаў не адзін дзесятак сялян. І завітаў аднойчы партызан, горшы за рабаўніка. І трапляліся міласэрныя нямецкія салдаты. І набягалі бязлітасныя карнікі… Фільм М.Мажар пра гэта ж: як чалавек -- немец ці беларус -- у любых умовах імкнецца застацца чалавекам. Атрымліваецца, як вядома, не ва ўсіх.
Недахоп у карціны, на мой погляд, адзіны. Пры досыць дакладнай этнаграфічнай выяве -- занадта сучасная руская мова (ледзьве не слэнг) у беларускіх вясковых жанчын. На прэс-канферэнцыі пасля паказу Генадзь Гарбук, які не без поспеху выкарыстоўвае ў стужцы «трасянку», тлумачыў рускамоўнасць астатніх герояў «катэгарычным патрабаваннем расійскага боку». Сапраўды, хіба ж бывае жыццё без кампрамісаў?! Але ўдумлівы погляд на сутнасць чалавечай трагедыі, бліскучая акцёрская ігра Генадзя Гарбука і Віктара Васільева, на маю думку, вылучаюць «Ворагаў» сярод стужак апошніх гадоў пра Вялікую Айчынную. Не відовішчнасцю, не прыгодніцкім сюжэтным, а спробай адчуць тое, што адчулі ў час ліхалецця нашы бацькі.

Яўген РАГІН