Экіпаж Homo Ludens

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Мёртвыя і жывыя фігуркі ў Магілёўскім тэатры лялек

/i/content/pi/mast/60/1016/8.jpg
 
«Калі я быў маленькім, — распавядае акцёр і рэжысёр Юрка Дзівакоў, — я любіў вылепіць з пластыліну вялікі самалёт, у ім —кабіну, у кабіне — пілота, а потым шпурнуць гэты самалёт у сцяну. І больш за ўсё мяне цікавіла: што стала з чалавекам унутры кабіны?» На аўтарскім спектаклі Юркі і Таццяны Дзіваковых «Мёртвыя ды жывыя фігуркі», які гледачы змаглі пабачыць у рамках эксперыментальнага праекта Магілёўскага абласнога тэатра лялек «Другая сцэна», ва ўяўнай кабіне самалёта-дзеі апынуліся і выканаўцы, і гледачы. Што стала з намі?

Пару маленькіх драўляных фігурак — жанчыну і мужчыну — Дзіваковым прывезла ў падарунак сяброўка, якая вандравала па Чэхіі. Яна вытаргавала іх у мясцовага цыгана — і дзве пацёртыя, пабітыя жыццём лялечкі прыехалі ў Беларусь, дзе сталі прататыпамі герояў спектакля. Дзея размножыла персанажаў: Мужчына ў гарнітуры і Жанчына ў яркай сукенцы з’явіліся перад гледачамі ў розных маштабах — маленькія лялькі, большыя, відэапраекцыя шлюбнага фота і самі героі-выканаўцы ў такіх жа, як лялькі, строях.

Спектакль пачынаецца яшчэ ў фае са своеасаблівага рытуалу-гульні. Маўклівы Мужчына (Юрка Дзівакоў) дамагаецца ад публікі, каб яна палічыла да трох, і саступае месца Жанчыне (Таццяна Дзівакова), якая малатком разбівае бутэльку з малаком, дзе схаваны ключ. Гэтым ключом адмыкаецца скрыня, у якой ляжаць жэтончыкі з нумарамі месцаў. На ўваходзе ў залу вы далучаецеся да рытуалу: выцягваеце жэтончык, займаеце месца і такім чынам у нязначнай, але дастатковай для сакральнага дзеяння меры выпрабоўваеце лёс.

У глядзельнай зале, дзе першы з нешматлікіх шэрагаў так набліжаны да сцэны, што ў некаторых гледачоў у яе літаральна ўпіраюцца каленкі, вы займаеце сваё месца і паспяваеце прачытаць у рукатворнай праграмцы: «Калі прадумаць да канца ўсё, што мы ведаем пра чалавечыя паводзіны, яны пададуцца нам толькі гульнёю». Гульня пачынаецца!

Шукаць у дзеянні сэнсавы стрыжань ды сюжэт — марны занятак. Круты густоўны замес з міфалагічных сюжэтаў, дзіцячых успамінаў ды думак пра жыццё прадмета, якое імгненна заканчваецца — толькі выпусці з рук, скіраваны не на тое, каб распавесці нам гісторыю, а на тое, каб заставіць нас адчуць пэўную эмоцыю ў пэўны час. Дзейства пазбаўлена эпічнасці, але працята адчуваннямі. Некаторыя з іх ты знаходзіш у сабе нечакана. Аказваецца, калі перарэзаць вяроўку і сапраўднае — з плоці і крыві — параненае сэрца пляснецца перад тваімі вачыма на сцэну, то ты не адчуеш амаль нічога, толькі адзначыш сімвалічнасць таго, што адбываецца, ды ледзь не аўтаматычна падбярэш некалькі значэнняў для сімвала. Па вялікім рахунку, што з таго, калі перад чалавекам, выхаваным культурай перформансаў, арт-інсталяцый ды іншымі фізічнымі праявамі сучаснага мастацтва, долу падае кавалак мяса? Але калі на першую з трох аднолькавых лялечак з пап’е-машэ герой апусціць камень і расплюшчыць яе пад ім, ты гатовы будзеш аддаць што заўгодна, абы ён пакінуў «у жывых» дзве фігуркі, якія засталіся. Бо яны — тваё сэрца. Але мужчына апусціць на іх камень.

«Мёртвыя ды жывыя фігуркі» сатканы з такіх мастацкіх замалёвак і дзіцячых уяўленняў пра свет. Вось на сцэне выстройваецца шэраг — таблічкі з назвамі дзён тыдня, на якія з фігурак, прывязаных да штанкету, праліваюцца ды прасыпаюцца рэчывы ды прадметы: вада, пясок, каменне, грошы, параненае сэрца... Вось герой (а падчас асноўнага дзеяння на сцэне застаецца толькі Юрка Дзівакоў) трапляе ў лабірынт — вандруе, збірае рэчы, што сустракаюцца яму на шляху, рассоўвае іх па кішэнях. Вось ён выходзіць на авансцэну і працягвае глядачцы крэйду, каб згуляць у крыжыкі-нулікі. Вось дзве лялькі страляюцца на дуэлі і заліваюць усё вакол сябе чырвоным. Вось Адам і Ева стаяць у райскім садзе, а сучасныя мужчыны і жанчыны сядзяць у кавярні. Вось Сізіф штурхае ўгару свой камень...

У нагледжанай публікі міфалагічныя матывы «Фігурак» могуць справакаваць асацыяцыі са спектаклем «Sine loco» піцерскага Рускага інжынернага тэатра «АХЕ», дзе гледачы на вазку праязджаюць уздоўж ілюзійных сцэн са старажытнагрэчаскага жыцця. Аднак пры агульнасці «сродкаў вытворчасці» (выкарыстанне ў афармленні спектакля «прыродных матэрыялаў» — вады, пяску, камення, мяса жывёл, — якія здольныя выклікаць моцныя эмоцыі ў гледача) у «Фігурках» праяў тэатра мастака значна менш і даследуецца там, хутчэй, не прастора ілюзіі, уяўлення, а прастора гульні і тое, як яна змяняе чалавека. Пластылін, самалёт, сцяна — ну, вы памятаеце?

Мэта эксперымента — заставіць гледача перажыць ваганні эмоцый у досыць шырокай амплітудзе: ад жаху да шчасця — дасягнута. Да таго ж, незапланавана быў пацверджаны тэзіс пра тое, што беларускі лялечны тэатр па-ранейшаму застаецца ў авангардзе тэатральнага працэсу і самыя цікавыя рэчы сёння адбываюцца менавіта на яго пляцоўках. Палёт прайшоў нармальна. Пры сутыкненні са сцяной бясфабульнасці і пачуццёвага ўспрыняцця ні адзін глядач не пацярпеў.

Алена Мальчэўская