Намёкі і сэнсы

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

Казкі Андэрсена на сцэне Купалаўскага

/i/content/pi/mast/60/1015/8.jpg

«Лістапад. Андэрсен» Алены Паповай. Сцэна са спектакля.

Беларускі рэпертуарны тэатр часта правакуе ўва мне пачуццё тугі... па ўплывовай пасадзе. Разоў шэсць-сем за сезон у цемры глядзельнай залы мне хочацца быць вялікай начальніцай, каб назаўсёды забараніць як мінімум два тэатральныя прыёмы — зорнае неба і сцэнічны сняжок. Хочаце сняжок на сцэне? 
Дык няхай ён будзе правакацыяй, выклікам, прыхаванай фігай у кішэні — чым заўгодна, але толькі не тым саладжава-меладраматычным штампам, які ў нашай тэатральнай прасторы чамусьці прынята называць метафарай. Апошняе абвастрэнне тугі і мары справакавала прэм’ера Купалаўскага «Лістапад. Андэрсен».

П’есу Алены Паповай па казках Ханса Крысціяна Андэрсена на сцэне ўвасобіў мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. Зыходзячы з ідэі рэжысёра, драматург напісала п’есу пра семярых пенсіянераў, якія штодня збіраюцца ў парку і распавядаюць выхаванцам дзіцячага садка казкі Андэрсена: кожны — пра сваё жыццё. Задума спрыяла таму, каб гэты спектакль, аб’яднаўшы ўсіх зорак тэатра, стаў адной з ягоных візітовак. Хочаш пабачыць легендарнае пакаленне купалаўцаў у пашыраным складзе і галоўных ролях — набывай квіток на «Лістапад. Андэрсен». Аднак мастацкае вырашэнне задумы не спрацавала. І пастаноўку не выратавалі ні вядомыя імёны, ні акцёрскія таленты.

Тэатральны крытык Марына Давыдава зазначыла, што асваенне тэкстаў сучаснага і класічнага — гэта, па сутнасці, дзве розныя прафесіі. Класічны тэкст вымагае інтэрпрэтацыі, трактоўкі, а тэкст сучасны — новых выразных сродкаў. «Лістапад. Андэрсен» — гэта спроба аб’яднаць два падыходы, што абумоўлена структурай п’есы. Але «расчытаць» і выявіць сэнс вынікаў герменеўтычных і метафарычных пошукаў Мікалая Мікалаевіча аказалася зусім няпроста. Ды ўвогуле, з пабачаным можна неяк прымірыцца, калі вырашыць для сябе, што рэжысёр нічога глабальнага, ёмістага, сэнсавызначальнага сказаць не хацеў — пагаварылі так, па дробязях. Але ж — гэта апошнія гады жыцця герояў, гэта філосаф-Андэрсен, гэта развітанне з савецкім мінулым... Узнікае пытанне: чаму развітанне, а не настальгія? Што за развітанні праз дваццаць гадоў? Чаму гэта актуальна сёння? Такія сэнсавыя супярэчнасці ярка праяўляюцца ў метафорыцы спектакля (менавіта перанос значэнняў і сэнсаў Мікалай Пінігін выбраў у якасці асноўнага сродку выразнасці).

Здаецца, толькі мастацкае афармленне — адзіны складнік спектакля, дзе ўсе дзейныя асобы сказалі менавіта тое, што хацелі сказаць: смелая афіша Уладзіміра Цэслера з выявай балерыны  — Зінаіды Зубковай і стойкага алавянага салдаціка — Генадзя Гарбука, густоўная, у завітках і контурах, сцэнаграфія Барыса Герлавана, касцюмы Алены Ігрушы, казачная камп’ютарная графіка Алены Мацюшэўскай.

А пра значэнні і сэнсы Мікалай Мікалаевіч, дарэчы, сказаў колькі тлумачальных словаў у нешматлікіх інтэрв’ю. Так, відэашэраг, якім пачынаецца спектакль (на двух вялікіх экранах гледачы бачаць рэкламу абутку «Белвест», пральнага сродку «Ласка» і фрагмент тэлеперадачы «Контуры», у якім акцёр Веніямін Смехаў чытае вершы Пушкіна), сімвалізуе відэаэкраны, усталяваныя на плошчах Мінска. Цікава, колькі гледачоў счыталі такі ўрбаністычны код? І наколькі сімвалічная гэта праява гарадскога быту?

Метафорыка казак праяўляецца наступным чынам. Напрыклад, адзін з персанажаў п’есы — заслужаны будаўнік Пашкевіч (Генадзь Аўсяннікаў, Арнольд Памазан) — распавядае, як пасля вайны ён узарваў касцёл на плошчы, дзе зараз знаходзіцца Палац Рэспублікі. Пасля знішчэння касцёла там разбілі сквер і паставілі помнік Сталіну. Пры пэўных гістарычных зменах помнік знеслі за адну ноч. Казка, якую расказвае Пашкевіч, называецца «Голы кароль». Трапнасць метафары выглядае досыць сумніўна. Дарэчы, Мікалай Пінігін застаўся верным стылю спектакля-шоу, якога ён прытрымліваецца ў сваіх апошніх пастаноўках. Кароль напраўду паўстае голым, прыкрыўшыся толькі фігавым лісцікам. Прычым настойлівасць яго з’яўлення (сцэна напрыканцы першай дзеі паўтараецца ў пачатку другой) дазваляе аднесці «Лістапад. Андэрсен» да жанру «трусы», вызначанага расійскай крытыкай некалькі гадоў таму: маецца на ўвазе спектакль, у якім акцёр на патрэбу публіцы распранаецца як мінімум да трусоў.

Недакладнасць метафары чаргуецца з яе звышзразумеласцю. Калі Яша (Мікалай Кірычэнка, Сяргей Краўчанка) расказвае казку пра Маленькага і Вялікага Клаўсаў, далейшы ход падзей становіцца зразумелым у першыя хвіліны, а казачны аповед цягнецца куды даўжэй.

Канструкцыя са звышзразумелых і незразумелых метафар хістаецца больш за дзве гадзіны і нарэшце падае пад цяжарам няўцямнага фіналу — вядомай песенькі пра пяць хвілін з «Карнавальнай ночы». Герояў, што стаяць, узняўшы вочы ўгару, і абломкі сэнсаў завейвае сцэнічны сняжок (без ценю іроніі: спачатку лістапад, цяпер снегапад — жыццё). Я адчуваю шостае абвастрэнне тугі за сезон. І прыходжу да высновы, што спіс сродкаў тэатральнай выразнасці хутка перарасце два пункты.

Алена Мальчэўская