Краявіды памяці

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

У традыцыях суровага стылю

/i/content/pi/mast/60/1014/6.jpg

Дарога майго юнацтва. Алей. 1979.

Выстава заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі старшыні секцыі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Уродніча «Я сёння да світанку ўстану...» была прымеркавана да яго 70-годдзя і 40-годдзя творчай дзейнасці.

Сімвалічна, што адкрыццё выставы адбылося напярэдадні свята вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — той нялёгкі час знайшоў адлюстраванне ў экспазіцыі. Бацька мастака загінуў у 20-гадовым узросце ў 1943-м, калі маленькаму Валодзю было толькі паўтара года. Яго вобраз, створаны паводле фатаграфій, мастак увасобіў на карціне «На хлебаробным полі» — вяскоўцы развітваюцца з роднымі, многія назаўсёды. Высокі прыгожы юнак з вінтоўкай у руцэ — бацька. «Ідучы ад нас, ён спадзяваўся вярнуцца, але гэтага не адбылося. Яго развітальны жэст назаўсёды са мною», — кажа жывапісец.

Уладзімір Уродніч з гонарам падкрэслівае: ён — выхаванец савецкай мастацкай школы, у якой вучыліся на сусветна вядомых узорах рэалістычнага мастацтва.

На выставе «Я сёння да світанку ўстану...» было прадстаўлена больш за дваццаць фігуратыўных кампазіцый, шэраг партрэтаў, нацюрмортаў, звыш шасцідзесяці краявідаў, напісаных у розных кутках Беларусі. У цудоўных пейзажах і сюжэтна-тэматычных карцінах Уладзімір Уродніч увасобіў сваю малую радзіму, што знаходзіцца паміж Гарынню і Прыпяццю, яе гісторыю і людзей.

«Пісаць на пленэры “пейзажыкі” я не хачу, гэта не для мяне, — распавядае Уладзімір Васільевіч. — Трэба заўважыць тэму, развіць думку. Неяк на адпачынку ўбачыў на ўзараным полі дзесяць буслоў — яны сілкаваліся на роднай зямлі перад адлётам у цёплыя краіны... У мясцінах, дзе я нарадзіўся, зайшоў на могілкі — на ўскрайку нехта пасадзіў яблыньку, яна вырасла, яблыкі паспелі, сталі падаць на зямлю... Гэта так кранула маю душу, што я напісаў палатно “Яблынька”».

Паводле ўспамінаў дзяцінства нарадзіліся карціны «Дарога майго юнацтва», «Гоман Палесся», «Раніца тумановая», «У Лучках ідзе дождж», «На хлебаробным полі», «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі», «Рытмы Прыпяці», «Чаканне», напісана серыя краявідаў і партрэтаў, якія ўваходзяць у цыкл «Людзі Століншчыны», адзначаны ў 2005 годзе Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Выяўленчае мастацтва». У 2010-м Уладзімір Уродніч напісаў карціны, якія сёння экспануюцца ў Віцебскім мастацкім музеі, — «Час цвіцення лілей» і «Бярозавы шум». Усе падзеі, што адбываюцца на Палессі, звязаны з рэкамі Гарынь і Прыпяць, жыхарамі вёскі Вялікія Арлы на Століншчыне. Сваім землякам Уродніч прысвяціў шэраг партрэтаў, частка іх — вобразы ветэранаў вайны. Для яго твораў характэрны дакументальнасць, глыбокая індывідуалізацыя, псіхалагічная напоўненасць.

Уладзімір Уродніч — член студыі «Ваенныя мастакі», створанай у 2003 годзе пры Доме афіцэраў. Развіваючы ваенна-патрыятычную тэму, мастакі студыі ўвасабляюць старонкі гісторыі барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вобразы сучасных абаронцаў Айчыны. Жывапісна-пластычная мова карцін Уродніча на тэму вайны суровая і лаканічная. Каларыстычная стрыманасць падкрэслівае манументальнасць палатна «Агні партызанскіх вогнішчаў», напружана гучаць фарбы ў карціне «Памяць», быццам ярка-чырвоныя гарачыя языкі полымя ўзвіваюцца над вогнішчам у трыпціху «Смаляны пах». Сярод апошніх твораў Уродніча на гэтую тэму варта адзначыць «На Магілёўскім напрамку», «Слова Айчыне», «На маршы галоўнага ўдару», «Дарога да Вялікай Мядзведзіцы», «Час цвіцення лілей» — на выставе яны адразу прыцягвалі ўвагу гледача. На адкрыцці мастак Рыгор Сітніца зазначыў, што сюды трэба прыводзіць студэнтаў Акадэміі, каб яны вучыліся ў маэстра Уродніча майстэрству ствараць жывапісныя палотны...

Уладзімір Васільевіч выкладае на кафедры жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. Навучальная ўстанова можа дапоўніць тое, што прырода дала таленавітаму чалавеку, але гэтага мала, лічыць Уродніч: «Я вучу сваіх студэнтаў уважліва ўглядацца ў сённяшні дзень, аналізаваць мінулае і сучаснае. Гэты навык прыходзіць ужо ў сталым узросце. Не трэба бегчы на злом галавы за кожнай “навацыяй”. Выяўленчае мастацтва — не мода, сапраўдныя творцы ніколі не былі “сезоннікамі”. Віктар Астаф’еў калісьці зазначыў: мастак фарміруе сваю пазіцыю ўсё жыццё. Творцы павінны падкрэсліваць лепшыя рысы сучасніка, на якія трэба арыентавацца грамадству, — любоў да традыцый, да чалавека, што жыве побач... »

Галіна Фатыхава