Метамарфозы. Ад неакласікі да contemporary dance

№ 9 (354) 01.09.2012 - 01.01.2005 г

У Оперным — эксперыментальная пляцоўка!

/i/content/pi/mast/60/1013/4.jpg

«Давай паспрачаемся». Наталля Івасенка і Такатошы Мачыяма.

Патрэба ў эксперыментальнай пляцоўцы, дзе маладыя харэографы могуць разгарнуцца і ўвасобіць самыя нечаканыя ідэі, адчувалася надзвычай даўно. Апошнія гадоў дзесяць, а то і пятнаццаць, прычым адчувалася не толькі ў канкрэтным тэатры, але ў краіне ўвогуле. Пра гэта часопіс пісаў неаднойчы, апошні раз — сёлета, у артыкуле «Хто створыць нацыянальны балет?” (№ 5). Рашэнне праблемы — досыць нечаканае і дасціпнае — нарадзілася там, дзе яго менш за ўсё можна было чакаць.

«Пусціць» сучасны танец у будынак і на сцэну, дзе заўжды квітнеў танец класічны і неакласічны, — гэта, на маю думку, сапраўдная рэвалюцыя ў свядомасці. Сведчанне: мяняюцца псіхалогія, філасофія, успрыманне contemporary dance выключна як андэграўнду, не вартага акадэмічнай сцэны, а годнага толькі для прэзентацыі на фестывальных пляцоўках. Усведамленне (і плённае!), што ў пошуках новых жанраў, стыляў, танцавальных вынаходак можна звяртацца да якіх заўгодна крыніц пластычнага натхнення.

Але, як кажуць, больш канкрэтыкі! На 5-м паверсе будынка Тэатра оперы і балета, на сцэне, дзе звычайна ладзяцца рэпетыцыі балетных і оперных спектакляў, адбылося адкрыццё Маладзёжнага эксперыментальнага тэатра сучаснага танца. Першае прадстаўленне, складзенае з работ розных харэографаў, адбылося напрыканцы чэрвеня, другое — па сутнасці, «сольнік» Вольгі Костэль — у верасні, на пачатку сезона.

Зала была перапоўнена. (Дарэчы, яна амаль ідэальная для рэпетыцый, але не зусім ідэальная для прагляду, бо тыя, хто сядзіць па краях, бачаць толькі частку сцэны.) На адкрыццё эксперыментальнага тэатра сабраліся прэса, крытыкі, артысты опернай і балетнай труп, выканаўцы з іншых калектываў.

Рызыкую быць абвінавачанай у адсутнасці патрыятызму, але падчас першай вечарыны найбольшае ўражанне зрабіла харэаграфія Барыса Эйфмана — Юрый Кавалёў прадстаўляў яе урыўкам з балета «Анегін». Танцоўшчыку, безумоўна, пашанцавала, бо мажлівасць «мець доступ» да пластыкі такога ўзроўню надзвычай развівае і разнявольвае творча. Пластычны маналог Анегіна датычыць хутчэй за ўсё яго эмацыйнага стану пасля дуэлі з Ленскім («Им овладело беспокойство, Охота к перемене мест, Весьма мучительное свойство, Немногих добровольный крест...»). У адпаведнасці з асаблівасцямі почырку і інтэрпрэтацыі літаратурных і музычных твораў, Эйфман робіць акцэнт менавіта на пакутлівасці самапачування героя. Заўважу, гэткі Анегін хутчэй падобны да герояў Дастаеўскага, а не Пушкіна, якім уласціва досыць гарманічнае ўспрыманне рэчаіснасці. У любым выпадку, надзвычайная экспрэсіўнасць пластыкі і нечаканасць разумення вобраза ўражваюць!

Але вернемся да ўласна беларускіх балетмайстраў. На першай вечарыне былі паказаны амаль два дзясяткі мініяцюр у пастаноўцы Раду Паклітару, Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, Вольгі Костэль, Піліпа Мазурава, Дзмітрыя Куракулава, Ганны Ціхаміравай, Дзмітрыя Залескага. Кожны быў адметны па-свойму. Нумары Паклітару мы бачылі, але даўно, таму з радасцю згадалі нечаканыя і крыху парадаксальныя «Баркаролу» і «Мазурку». Шкада, што раптоўная траўма Кузняцова перашкодзіла паказаць аднаактовы балет «Свет не заканчваецца ля дзвярэй дома» (харэаграфія Паклітару). Магчыма, варта было аднавіць поўнасцю (ці часткова) ягоны камедыйны і надзвычай дасціпны балет «In pivo veritas», музычнай асновай якога зрабіліся ірландскія песні.

Работы Дзятко і Кузняцова «Давай паспрачаемся», «Учора, тут...», «Я згубіла...», «Хачу сказаць» цікавыя як спробы артыстаў, што танцавалі шмат сучаснай харэаграфіі, авалодаць зусім новай для сябе прафесіяй. Часцей яны абіраюць замежную музыку, іх цікавяць джазавыя інтанацыі — і ў музычнай аснове, і ў самой пластыцы. Згаданыя нумары таксама вабяць імкненнем перадаць зменлівы эмацыйны стан герояў, экспрэсіўнасць і непрадказальнасць чалавечых адносін. З аднаго боку, адчуваецца ўплыў харэаграфіі Паклітару, які ў свой час шмат ставіў для дуэта, з другога, заўважаеш: супрацоўніцтва істотна паўплывала на іх як перспектыўных пастаноўшчыкаў.

Яшчэ адна катэгорыя мініяцюр — нумары, прыдуманыя айчыннымі харэографамі для нашых артыстаў, якія выпраўляюцца на прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы і павінны прадставіць там сучасную харэаграфію. Гэта «Вечны крохкі рай» (у пастаноўцы гродзенца Дзмітрыя Куракулава) і нумар «Я і Я», пастаўлены Дзмітрыем Залескім для дуэта Кацярыны Алейнік і Ігара Аношкі. Радуешся і за харэографаў, здатных увасобіць арыгінальныя пластычныя ідэі, і за айчынных артыстаў, якія без гэтых нумароў не зрабіліся б пераможцамі, і за сябе, што ты таксама «ў курсе» свежых і новых работ. Думаю, самаацэнку Куракулава і Залескага таксама ўздымае магчымасць паказаць свае работы не толькі аматарам авангардных фестываляў, але і наведвальнікам акадэмічнага тэатра.

Пластычных мініяцюр з харэаграфіяй Вольгі Костэль было шмат на адкрыцці эксперыментальнай сцэны, там яны фактычна дамінавалі, ствараючы своеасаблівы «каркас» відовішча. Мо таму, што ў якасці музычнай асновы пераважалі сачыненні Баха, а сюжэтна мініяцюры ў большасці датычылі антычных міфаў.

Нумары Костэль прываблівалі вынаходлівасцю інтэрпрэтацый, шматпланавасцю («Юнак і смерць»), дасціпнасцю («Выкраданне Еўропы», эмацыйна і элегантна ўвасобленае Наталляй Івасенка і Дзянісам Клімуком, атрымалася, дальбог, больш пераканаўча, чым у аднайменным спектаклі купалаўцаў). Мініяцюра «Pоrgi, amor» запомнілася нечаканым (і ўдалым!) спалучэннем пластыкі і вакалу. Спявачка Дыяна Трыфанава вабіць не толькі прыгожымі фарбамі сапрана, яе пластычная выразнасць прымушала думаць: ці не з’явіліся часам у балетнай трупе вакальна адораныя салісты?

Знаходкі першай вечарыны Вольга развіла ў сольным праекце, калі прадставіла аднаактовы балет (працягласцю амаль гадзіну) на тую ж музыку. «Метамарфозы», пастаўленыя на сюжэт Авідзія, засведчылі многія вартасці пастаноўшчыка — здольнасць натуральна аб'яднаць у адной прасторы танец і спевы, на вядомыя сюжэты паглядзець новым і свежым позіркам, а галоўнае — уменне ў драматургіі і пабудове спектакля дасціпна спалучыць сённяшняе і актуальнае з даўнім і старажытным (у спектаклі «Алімп» — гэта буйны гандлёва-забаўляльны цэнтр, а Юпітэр — яго ўладальнік).

Той мастацкі вынік, які прадэманстравала Костэль, сведчыць: яна невыпадкова курыруе Маладзёжны эксперыментальны тэатр сучаснага танца. Уменне дыхтоўна пабудаваць харэаграфічны спектакль было б немагчымым без вопыту выканаўцы, наяўнасці класічнай і неакласічнай школы, а таксама і без адукацыі балетмайстра, набытай у Берліне, прызнаным цэнтры сучаснага танца.

Выніковыя меркаванні аказаліся розныя — захопленыя аматары харэаграфіі кожны нумар і фрагмент успрымалі горача і эмацыйна, апладысменты не сціхалі пасля кожнай мініяцюры. Прафесіяналы-скептыкі выглядалі спакайней: «Вялікіх адкрыццяў не заўважылі...» Магчыма, прычына ў пэўнай творчай рэўнасці (маўляў, «Чаму ім пляцоўку далі, а мне не?» або «Мы раней і не такое бачылі!»). Думаю, больш мудра не рабіць катэгарычныя высновы. Дзіця толькі нарадзілася. Яно павінна падгадавацца, і тады стане зразумела, яно вельмі таленавітае, прыгожае і разумнае, альбо — проста таленавітае, прыгожае і разумнае.

«Плюсоў» у правядзенні такіх вечарын шмат, і яны выяўляюцца не толькі ў павышанай глядацкай цікавасці. Невялікія партыі, якія выконваюць маладыя балерыны і танцоўшчыкі ў спектаклях бягучага рэпертуару, далёка не заўсёды даюць магчымасць запомніць іх надоўга. А тут магчымасцей для індывідуальнага росту (і для таго, каб вылучыць пэўнае імя) непараўнальна болей. Запомніліся надзвычай пластычныя Наталля Івасенка, Такатошы Мачыяма, Паліна Русецкая, Іван Савянкоў. Не здзіўлюся, калі ў наступных вечарынах будуць заняты не толькі маладыя артысты, але і вядучыя салісты. Працэс стварэння новых мініяцюр і спектакляў, пошукі харэаграфічнай выразнасці надзвычай спрыяюць мастацкаму развіццю выканаўцаў, пашырэнню пластычнага дыяпазону. Выдатна, што з’явілася пляцоўка для пошукаў і эксперыментаў. Спадзяюся, такія вечары стануць традыцыяй.

Праект можа набыць і міжнародны маштаб. У праграмах, якія прэзентуюцца раз або два на месяц, маглі б з’яўляцца нумары запрошаных танцоўшчыкаў або харэографаў (як здаралася, напрыклад, на вечарыне Марыны Вежнавец і Юрыя Кавалёва, дзе выступаў Ігар Колб — саліст Марыінкі, або на вечарыне Андрыса Ліепы, калі Фарух Рузіматаў танцаваў нумар у харэаграфіі Марыса Бежара). Кантакты між салістамі нашай трупы і тэатрамі Расіі, Усходняй і Заходняй Еўропы існавалі заўжды, іх можна выкарыстоўваць, каб пашыраць кола імёнаў.

Мяркую, такія праекты варта паўтараць на вялікай сцэне. Голад на свежую, «не затанцаваную» харэаграфію, цікавасць да яе як філасафічнага мастацтва і відовішчнай дзеі такія значныя, што наталіць іх цяжка. Пераканана: вялікая зала будзе поўная, публіка з задавальненнем «з’есць» ды яшчэ папросіць!

На кастрычнік — лістапад запланавана прэм’ера аднаактовага балета «Зала чакання» (музыка беларускага кампазітара Алега Хадоскі), які ставяць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. Эксперыментальны тэатр развіваецца і выклікае павышаны інтарэс. Спадзяюся, з’явяцца нагоды, каб чакаць, сачыць, а потым аналізаваць...

 Таццяна Мушынская