Святло свету. Туш, пэндзаль. 1989.
Часам у нашым жыцці з’яўляюцца людзі, надзеленыя асаблівым дарам змушаць нас задаваць сабе складаныя пытанні і шукаць на іх адказы. Сустрэча з імі можа змяніць лёс. Такім быў Уладзімір Кузьміч Ладзік.
Ён нарадзіўся ў 1947 годзе ў Рызе. Дзяцінства і юнацтва праходзілі ў Латвіі, на Калыме, ва Украіне і Беларусі. Любоў да мастацтва і літаратуры праявілася ў дзіцячыя гады, але ўрэшце перамагло жаданне маляваць. Часам сапраўднага свайго нараджэння лічыць прыход да Бога. Дата яго названай смерці — 6 жніўня 2011: прадбачачы свой канец (датуль з дзясятак гадоў, раздумваючы пра вечнасць, спаў у труне), сышоў у любімыя ім лясы.
Каб дасягнуць у сваіх творах асаблівага эфекту свячэння, Уладзімір Ладзік вынайшаў унікальную тэхніку. Але справа не столькі ў ёй, колькі ў асаблівай моцы і цэльнасці яго натуры, якая вызначала творы і ўчынкі, здольныя ўплываць на людзей.
Лёс звёў нас у далёкім 1990-м, і сустрэча была не менш дзіўная, чым расстанне. У той час, к сваім трыццаці гадам, я ўступіў у пару першаснага крызісу сярэдзіны жыцця. Асвоіўшы чарговую — пятую — прафесію (у эпоху развалу сацыялізму гэта было надзвычай распаўсюджанай з’явай), страціўшы амаль усіх блізкіх, але так і не набыўшы новых, я ўсё часцей задумваўся пра неразумнасць светабудовы і ўсяго таго, што адбываецца.
Яшчэ ў дваццацігадовым узросце перада мною рубам паўстала пытанне пра тленнасць жыцця і бессэнсоўнасць знаходжання ў ім. Асаблівы сэнс, новае дыханне надало мне тады знаёмства з Маленькім прынцам — літаратурным героем Антуана дэ Сент-Экзюперы. Аднак маёй фізіка-матэматычнай адукацыі катэгарычна не хапала для тлумачэння як сваіх, так — тым больш — «чужых» глабальных сусветных праблем, да пазнання якіх заўсёды імкнуўся. Геніяльная чароўная казка Экзюперы, «у якой ёсць адказы на ўсе пытанні», падводзіла да інтуітыўнай пабудовы другой — рэальнай карціны свету. Але ўсё ж мне відавочна не хапала эзатэрычных ведаў, строгай і яснай філасофскай канцэпцыі...
Вось тут «...і з’явіўся Ліс»! Усё як у «Маленькім прынцу»!
Лісам для мяне стаў Уладзімір Ладзік.
Усё было натуральна, заканамерна і адначасова незвычайна. Уладзімір Кузьміч быў тады пратэстанцкім прапаведнікам і чытаў свае казанні ў дзіцячым садку, у рамонце якога мы разам удзельнічалі. У працоўны час ён распісваў сцены садка цудоўнымі малюнкамі, па-дзіцячы яркімі і прывабнымі, але па-даросламу шматзначнымі і глыбока адухоўленымі. А пасля працы, калі збіраліся ўсе жадаючыя, «усе струджаныя і прыгнечаныя», гэты чалавек проста мяняўся. Не толькі таму, што апранаўся ў чорную рызу, і не таму, што валодаў найвялікшым дарам красамоўства, — проста нідзе нельга было сустрэць больш адкрытага, непрадузятага абмеркавання любых пытанняў. Такой шчырасці і аб’ектыўнасці не было нават у «Взгляде» — папулярнай усесаюзнай тэлеперадачы «перабудаваўшыхся камсоргаў». Прычына бясспрэчнай пераканаўчасці выступленняў айца Уладзіміра, як высветлілася значна пазней, палягала ў свабодалюбстве і непадкупнай прынцыповасці асобы. У яго былі духоўныя стаўпы-арыенціры, на якія ён раўняўся ў жыцці, — выбітныя асобы ў мастацтве, рэлігіі. Ён не пакланяўся ніякім аўтарытэтам, не ствараў сабе куміраў, больш за тое — наўпрост у адпаведнасці з ідэяй... класічнага марксізму Ладзік усё «падвяргаў сумневу»: чытаў «між радкоў», творча пераасэнсоўваў кожнае слова Святога Пісання і пастулаты філасофскіх плыняў. Гэта быў сапраўдны вучоны-шукальнік, гатовы «спусціцца ў самае пекла дзеля любові да Праўды», аднак яна, як заўсёды, знаходзілася «пасярэдзіне», гэта значыць — на скрыжаванні ўсіх поглядаў, праўд і меркаванняў... Вось у гэтай шчырай і лагічнай кампраміснай бескампраміснасці і была прычына на першы погляд парадаксальнай, але выпакутаванай і глыбока ўсвядомленай экуменістычнасці пазіцыі Уладзіміра Ладзіка. Пазіцыі, што не выяўляла стаўленне да праблемы духоўнай або свецкай асобы, але, паўтаруся, была перакананнем вучонага-праўдалюбцы. Словы «Платон мне сябра, але Ісціна даражэй» з поўнай падставай маглі быць «прыпісаны» і яго пяру! Тут, думаецца, і варта шукаць прычыну такіх неадназначных стасункаў Мастака з Планетай людзей. Зрэшты, уся гісторыя чалавецтва стракаціць падобнымі прыкладамі. Як казаў сам айцец Уладзімір: «Чаго чакаць падарункаў ад гэтага свету? Няма ў яго іншых узнагарод для лепшых з лепшых... акрамя цвікоў. Лепшых гэты свет распінае!»
Пазіцыя шукальніка і майстры, пустэльніка і грамадзяніна, які не дапускаў абыякавасці, падкупляла захопленых прыхільнікаў і прыводзіла ў шаленства недалёкіх праціўнікаў. Але менавіта на ёй будаваліся адносіны Уладзіміра Кузьміча з асяродкам духоўным і свецкім: паважаючы (хай і не згаджаючыся, не прымаючы, абвяргаючы!) меркаванне іншых, ён заўсёды меў меркаванне сваё. У лепшых традыцыях аднаго з любімых яго кінагерояў — таго самага Мюнхгаўзена — не мяняўся, прабачце, «з-за кожнага ідыёта». Тым не менш: адпаведна гэтай пазіцыі, якая не ўспрымаецца неспрактыкаваным абывацелем, эвалюцыйна паслядоўна мяняліся духоўна-этычныя філасофскія платформы шукальніка. Ён паступова вырастаў з «кароткіх штонікаў» старых ведаў і старанна, паводле яго выразу, «пераходзіў у наступны клас навучання».
Хто можа запярэчыць логіцы гэтай пераканаўчасці? Але «спецыялістаў», якія не жадаюць слухаць і не ўмеюць разумець, заўсёды знаходзілася больш чым дастаткова. Калі б справа абмяжоўвалася толькі простымі смяротнымі...
Гарадскія ўлады ўвесь час ставіліся да нестандартнай (а хіба можа творчы пошук быць стандартным?), не ад гэтага свету асобе з прыхаванай варожасцю. Ён ствараў добраахвотнае дабрачыннае (што не мае статутнага капіталу) таварыства «Міласэрнасць» з мэтай догляду хворых у бальніцах, бескарыслівай дапамогі слабым і бедным, а гарадское кіраўніцтва спрабавала абкладваць яго падаткамі і забаронамі. «Простым, няхітрым вершам» ён заклікаў да міру і сяброўства паміж людзьмі і народамі, а выклікаў варожыя выпады і нацыяналістаў і інтэрнацыяналістаў, і левых і правых.
Найбольш адэкватнымі ў дачыненні да «неадэкватнай» асобы былі адносіны рускіх старавераў і беларускай уніяцкай царквы. Варта, аднак, заўважыць, што з усіх хрысціянскіх канфесій найбольш блізкім душы Мастака было сакральнае праваслаўе, у якое ён прывёў і мяне дваццаць гадоў таму.
«Арлы не лятаюць зграямі», сведчыць лацінская мудрасць. «Адзінота — доля асобы», абвяшчаў Артур Шапэнгаўэр.
Можа быць, для кагосьці гэтыя думкі і стануць адкрыццём, але чалавецтва даўно прыйшло да высновы, што пры ўсёй разнастайнасці формаў жыцця кожны нараджаецца і памірае ў адзіночку не выпадкова. Кожны прыходзіць у гэты свет з пэўнай — яму прызначанай — місіяй, і ў яе рэалізацыі менавіта ён — першы і галоўны, адзіны і непаўторны выканаўца. І ўсякае адхіленне ад свайго прызначэння — не іншы шлях, а асобасная катастрофа, прычына ўсіх бед цывілізацыі.
Кожны думаючы чалавек і ёсць «заўсёды іншадумец», як пісаў Ладзік! Так, усе нармальныя людзі, надзеленыя свядомасцю, па прыродзе сваёй не могуць не быць мыслячымі. А значыць, павінны быць іншадумцамі ў стаўленні да іншых, мець сваё меркаванне, сацыяльную пазіцыю і ролю.
Мы ж, «дзеці», якія, паводле Экзюперы, «сапраўды разумеем, што такое жыццё», проста пагодзімся з тым, што кожны з нас унікальны па-свойму і таму... парадокс (!) — заўсёды не толькі адзіны, але яшчэ і адрозны ад усіх — «альтэр» (адзін з двух) — па-латыні. Гэта значыць — іншы! І кожны з нас можа быць і адзіным, і адзінокім па форме, таму што па змесце — ён іншы: альтэрнатыўны ўсім.
Такі ўнікальны вобраз альтэрнатыўнасці, індывідуальнасці і нёс у сабе Уладзімір Ладзік. Сапраўды, ён быў адзіны і непаўторны і ў прафесійным, і ў сацыяльным плане. Дастаткова сказаць, што ён распрацаваў уласную, прызнаную прафесійнымі экспертамі тэхніку «сухі пэндзаль», дзякуючы якой яго працы пазнаюцца з першага погляду. А якая глыбіня пранікнення ў сакрэты разнастайных кірункаў выяўленчага мастацтва, пачынаючы з акадэмічнага рэалізму і заканчваючы наівізмам, кубізмам, абстракцыянізмам! У яго творчасці вы не сустрэнеце так званых «прахадных», непаўнавартасных работ. У іх не проста філігранна прапрацоўваецца вобраз да апошніх дробязей, гэта работы, якія нясуць у свет ідэю імкнення, набліжэння да вышэйшай дасканаласці. Без усялякіх кампрамісаў, коснаязыкасці і шор! Магчыма, калі-небудзь наш крывадушны свет...
Уладзімір Кузьміч — не чакаў, не спадзяваўся. Ён проста дарыў свае карціны людзям і ўстановам (аднаму толькі Наваполацкаму музею падорана каля сотні работ). Ён ніколі не прызначаў і цэн на свае карціны, калі іх і хацелі купіць. Як сапраўдны пастыр: што дадуць — прымаў як належнае...
У літаратуры Ладзік быў пачаткоўцам, ён стаў пісаць толькі к сваім пяцідзесяці гадам, а па-беларуску наогул пачаў вучыцца гаварыць і пісаць толькі к шасцідзесяці. Але, думаю, гэта не прымяншае яго паэтычных заслуг.
І калі ўсё чалавецтва, паводле Поля Брэга, сапраўды можна падзяліць на дзве групы: на тых, хто заўсёды нешта хоча зразумець, да нечага імкнецца, і на тых, хто ўжо ўсё «зразумеў» і жыве толькі, каб зэканоміць на ўласным пахаванні, — дык сярод першых быў і Уладзімір Ладзік. Выспаўшыся ў магіле — унікальным ложы, што сцірала ў яго светаўспрыманні грань паміж жыццём і смерцю добры дзясятак гадоў, на сёмым дзясятку зрабіў пераацэнку каштоўнасцей на карысць духоўных знакаў і накіраваўся да новага жыцця, застаючыся сумленным шукальнікам да канца.
...Вечны шукальнік святла ўжо далёка ад нас. Але я веру, што ён знайшоў сваю планету, якая размешчана бліжэй за нашу да Сонца...
І я ведаю: недзе там, на той далёкай планеце, жыве чалавек, які хоць і не любіў, не дазваляў называць сябе духоўным бацькам, але ўсё ж стаў галоўным настаўнікам у маім жыцці. Чалавек, які больш за каго-небудзь з вядомых мне людзей заслугоўвае павагі: як асоба, як майстар, як слуга Божы. Яго душа, што вечна ўхілялася ад неасцярожных поглядаў, усё ж, быццам паводле «Маленькага прынца», выслізнула з гэтага свету...
Але не бясследна! Застаўшыся жыць у маёй душы і ў душах ўсіх тых, хто цягнецца да святла.
Дзмітрый Пугачэўскі