Крок да абагульнення

№ 7 (292) 01.07.2007 - 31.07.2007 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» адбылася выстава, прысвечаная творчасці адметнага беларускага мастака Пятра Свентахоўскага. Крыху больш як год таму Пётр Уладзіміравіч пайшоў з жыцця -- заўчасна і трагічна. Выстава яго памяці -- даніна пашаны выдатнаму майстру. Экспазіцыю склалі жывапісныя творы з уласнасці яго сям’і, а таксама эцюды і алоўкавыя накіды розных гадоў, якія гледачы ўбачылі ўпершыню.

Гэта выстава нібыта наноў адкрыла нам майстра, шчырага ў сваіх памкненнях занатаваць радзіму не вокам старонняга назіральніка, а з сапраўдным душэўным хваляваннем. Для П.Свентахоўскага характэрна зачараванасць спакойнымі і мілагучнымі краявідамі, дзе рэдкія постаці людзей успрымаюцца натуральнымі і арганічнымі ў прыродным атачэнні. Мяккі, прыглушаны каларыт алейных палотнаў адпавядаў спакойнаму і разважліваму характару іх аўтара, які не шукаў у сціплых відарысах штучных упрыгожанняў.

 /i/content/pi/mast/4/101/Krok-da-abag1.jpg

Ліпеньскі ранак. Тэмпера. 1990.

П.Свентахоўскі нарадзіўся на Брэстчыне. Першыя крокі ў мастацтве зрабіў пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Пятра Данэліі ў мастацкай студыі Брэста, якую наведваў таксама Мікола Селяшчук. Ішлі пераломныя 1950-я, калі з’явіліся ўмовы для новага бачання свету, не без складанасцей, але пачалі сцвярджацца новыя пластычныя прыёмы, з мінулага былі вернуты забытыя імёны. Творцы імкнуліся ў сваіх палотнах выказваць нязвыклае ім адчуванне свабоды. П.Данэлія таксама актыўна працаваў, асабліва ў жанры пейзажа. Гэта ён «заразіў» студыйцаў творчым неспакоем. Прымушаў іх спаборнічаць адзін з адным. Адкрываў свет імпрэсіянізму, спакушаў эксперыментаваць з колерам. Ці не з тых часоў з’явіліся ў П.Свентахоўскага павага да прафесіі настаўніка моладзі, імкненне самому не спыняцца на месцы, шукаць сябе, сваю манеру, стыль, жывапіснае бачанне свету?
Шлях Пятра Уладзіміравіча да самастойнай творчасці быў тыповым для яго пакалення. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і аддзяленне жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Пасля выкладаў -- у Рэспубліканскай мастацкай школе-інтэрнаце, у Акадэміі мастацтваў, дзе да апошніх дзён жыцця вёў акадэмічны малюнак. Быў сакратаром па арганізацыйных пытаннях у Саюзе мастакоў. Калегі і сябры згадваюць яго з павагай: ён умеў знаходзіць агульную мову, быў шчырым і уважлівым да людзей, да іх праблем і турбот. Вучні, а іх нямала -- У.Вішнеўскі, В.Мікіта, В.Ціханаў, У.Панцялееў, Г.Асташонак ды іншыя, -- гавораць пра яго з цеплынёй, яны і сёння ўдзячны настаўніку за ўважлівыя адносіны і важкія прафесійныя парады.
Вайна, што прайшла праз дзяцінства мастака, натуральны для тых часоў пафас перамогі і павага да вайскоўцаў зрабілі адным з асноўных стрыжняў яго творчасці ваенную тэматыку. Яго першыя замалёўкі занатоўвалі выразныя твары і напружаныя паставы пагранічнікаў і танкістаў. Іх вобразы нібы вылепленыя фарбамі: столькі энергіі ўклаў аўтар у кожны мазок, столькі эмоцый перадаў нават у эцюдах. Гераічнаму змаганню народа ён прысвяціў грунтоўныя шматфігурныя кампазіцыі «Трывога» (1966), «На заданне» (1985), «Подзвіг беларуса І.Ю.Філідовіча» (1985). Выразная тэматычная скіраванасць, дакладна расстаўленыя акцэнты, узважаная кампазіцыя -- усе гэтыя адзнакі тагачаснай сюжэтнай карціны ніколі не прыводзілі мастака да плакатнай спрошчанасці. Яго творы заўжды вылучалі шчырая эмацыянальнасць, імкненне паказаць найперш самаадчуванне чалавека ў экстрэмальных абставінах. Асабліва яскрава гэтая якасць мастакоўскага светапогляду праявілася ў больш позніх творах, калі П.Свентахоўскі зноў -- праз гады -- вярнуўся да ваеннай тэматыкі.

 /i/content/pi/mast/4/101/Krok-da-abag2.jpg

                             Партрэт Л.Д.Шчамялёва. Алей. 1986.

У экспазіцыі выставы ўражвае карціна «Невядомы салдат» (2006), дзе мастак паспрабаваў перадаць трагізм лёсу кожнага асобнага чалавека, які прайшоў праз жахі апошняй сусветнай вайны. Ён робіць гэта праз вобраз салдата, які пакутуе ад невыноснага болю і безнадзейнасці -- у жахлівай адзіноце чалавека, што застаўся сам-насам са смерцю.
З 1960 -- 1970-х гадоў П.Свентахоўскага ўсё больш захапляюць гістарычныя падзеі, помнікі дойлідства, родная зямля і людзі на ёй. Накіраванасць яго на рэалістычнае мастацтва была ўмацавана прафесійнасцю малюнка, кампазіцыі, колеравай пластыкі.
Гармонія светабачання, глыбокае адчуванне радзімы, шчымлівы ўспамін пра вясковае маленства вылучаюць многія работы П.Свентахоўскага. У карціне «Ліпеньская раніца» ў блакітна-зеленаватай імгле сядзіць хлопчык. Яго постаць нібы раствараецца ў колеравых мроях. Палатно пакідае шчымліва-цёплае пачуццё, нягледзячы на агульную халаднаватую колеравую гаму. Свет гэтай карціны -- гэта свет успамінаў аб дзяцінстве, аб духоўнай еднасці людзей, якія выйшлі з вёскі, гэта свет самога мастака. Тым не менш П.Свентахоўскі размяжоўвае натурнасць і ператварэнне. Карціна будуецца рухам, супастаўленнем, узаемаўплывам колераў. Адзін колер абумоўлівае другі, стварае эмацыянальную прастору, настрой пачуццяў. Так у карціне «Мінуўшчыны сляды» ўзнікае пластычна выяўленая духоўная дамінанта. Мастак намаляваў разбураныя вежы Наваградскага замка і частку землянога валу. Здаецца, усё вельмі проста. Але сама зямля мае такі багаты колер, што, здаецца, адчуваеш яе жывую пластыку, яе ўнутраныя сокі, што будзяць уяўленне і ажыўляюць старажытныя муры. «Вяселле ў Міры»: ноч, месяц, неба, напісанае шчыльным колерам, а светлыя постаці людзей на фоне палацавых вежаў гавораць пра таемныя сферы жыцця чалавека.
Мастацкая спадчына П.Свентахоўскага вельмі багатая і разнастайная. Мастак спрабаваў сябе і як партрэтыст (згадваю выявы Еўфрасінні Полацкай, Цішкі Гартнага, Леаніда Шчамялёва), пісаў нацюрморты. Ёсць карціны шырокага дыяпазону пачуццяў і настрояў. Такая маштабнасць -- даніна часу, які патрабаваў узбуйнення планаў і манументалізацыі вобразаў. У гэтых работах адчуваюцца і тагачасныя каларыстычныя прыярытэты: танальная збліжанасць, нягучнасць як адзнака далікатнасці і суладдзя.

/i/content/pi/mast/4/101/Krok-da-abag3.jpg

Вяселле ў Міры. Алей. 1984.

Але па сутнасці свайго ўспрымання рэчаіснасці мастак, мне падаецца, быў іншым. І гэта яскрава бачна па камерных работах, эскізах і невялікіх эцюдных творах. Большасць з іх напісана тэмперай, якая дазваляла аўтару дабівацца не проста сугучча колеравай гамы, але празрыстасці, пластычнасці, унутранага ззяння кожнага твора. І толькі цяпер, калі цягам адной экспазіцыі можна прасачыць творчы шлях мастака ад першых накідаў канца 1960-х гадоў да апошніх работ 2000-х, разумееш, што кожны эцюд для Пятра Уладзіміравіча быў мэтанакіраваным крокам да абагульнення. На гэтым шляху мастак удасканальваў свае каларыстычныя магчымасці, паказваў сябе творцам, які шчодра адораны разуменнем колеравых нюансаў. Ён нібыта развітваўся тут са шчыльным, фарміруючым прадметы жывапісам. Колер пачынаў мігцець, фарбы станавіліся імпрэсіяністычна рухомымі, а паветра -- адчувальным на дотык, гэткім жа матэрыяльным, як зямля, вада і неба.
У.Басалыга, старшыня Беларускага саюза мастакоў і бліжэйшы сябар П.Свентахоўскага, адзначыў: «Я заўжды зайздросціў яго смеласці, шырыні натуры, валоданню колерам -- здаецца, не вельмі яркім, але такім магутным па пластычнай напоўненасці. Зямля ў яго ляжыць так, што на яе, здаецца, можна абаперціся нагамі. Ён часта пісаў азёрныя краявіды, далёкія прасторы, неба над возерам. І штораз гэтыя матывы набывалі сваё адметнае гучанне. Я бачыў, як ён працаваў над батальнымі сцэнамі. Адчуваў іх дынаміку, напружанасць. Ён умеў перадаць трагізм. Умеў выказаць і замілаванасць спакойным краявідам.

Ён любіў прыроду, зычліва і спачувальна ставіўся да людзей. Без гэтых уласцівасцей мастакоўскай і чалавечай душы іскрынкі цеплыні не зіхацелі б так выразна на ягоных палотнах».

                                                                                                               Наталля ШАРАНГОВІЧ