Кола ідэй

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Лепшыя расійскія спектаклі

/i/content/pi/mast/59/1008/41.jpg

«Дэпо геніяльных памылак» Максіма Ісаева, Паўла Семчанкі. Рускі інжынерны тэатр «АХЕ».

Фестываль «Russian case» звычайна прымеркаваны да асноўных мерапрыемстваў 
Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска». Праходзіць у Маскве штогод 
і ўражвае не толькі змястоўнай і якаснай праграмай, здатнай захапіць бадай што кожнага, але і колькасцю гасцей, запрошаных літаральна з усіх канцоў свету. Можна было б падкрэсліць маштаб падзеі, калі б у нашым кантэксце гэтае слова не набывала крыху спецыфічнае адценне. Тэатральны маштаб па-нашаму — значыць шмат колеру, людзей і рознага кшталту ўпрыгожанняў. Маштаб «Russian case» зусім у іншым. Ён найперш у скрыжаванні тэм, сцэнічных накірункаў, пульсаванні арыгінальнай і жывой думкі, у вынайдзеных тэатральных прапановах, у жорсткай творчай канкурэнцыі за месца пад сонцам, якая прыносіць адчувальны мастацкі плён.

Апрача іншага, «Russian case» — яркі куратарскі праект. Спектаклі ў праграму для замежных гасцей падбіраюцца асэнсавана, у ёй прысутнічае свой сюжэт і пэўна акрэсленая мэта. Сёлетні «кэйс» збірала Алена Кавальская. Крытык і тэатральны аглядальнік часопіса «Афиша» заўсёды дэманструе гатоўнасць несці адказнасць «за зробленае па-свойму». У яе праграмах увогуле не бывае «выпадковых» спектакляў. Гэтым разам усе яны былі дакладна ўпісаныя ў часавы кантэкст. Своеасаблівае трымценне эпохі выявілася не толькі ў шматзначнасці і разнастайнасці адкрытых перад гледачамі праблем, але і ў рознаскіраванасці тэатральных пошукаў, якія ніяк, нават калі вельмі захочацца, немагчыма звесці да адзінага назоўніка.

Тым не менш, сама праграма была дакладна сістэматызавана. У яе ўваходзілі шаснаццаць пастановак. Шэсць з іх па творах рускай і сусветнай класікі, плён працы рэжысёраў, чые імёны даўно на слыху. Астатнія спектаклі праходзілі па графе эксперыментальных. Яны адзначаны пошукамі новых форм і новых, дагэтуль неўласцівых рускаму тэатру тэм. Зрэшты, падзел на «традыцыйнае і эксперыментальнае» ўсё ж такі даволі ўмоўны. Расійскі тэатр, у адрозненне ад нашага айчыннага, увогуле не адчувае сябе заціснутым у рамкі прафесійных абавязательстваў. Калі рэжысёру няма чаго прапанаваць публіцы, калі адсутнічае праславутае «чым будзем здзіўляць?», шанцаў патрапіць у фестывальны паказ, які прэзентуе лепшыя расійскія спектаклі за сезон, няма ніякіх. Сама Алена Кавальская падкрэсліла: «“Russian case” ўзору 2012 года дэманструе з’яву, тыповую для еўрапейскага тэатра ў цэлым: актыўныя свабодныя людзі тэатра шукаюць новыя формы і новыя тэмы на незалежных пляцоўках. А рэпертуарны тэатр рэкрутуе самых таленавітых з іх на пастаноўкі адвечнай класікі, спрабуючы такім чынам унесці крышачку жыцця ў свае састарэлыя сцены».

Рэпертуарны тэатр як камень спатыкнення

Менавіта рэпертуарнаму тэатру сёлета была прысвечана гучная дыскусія на інтэрнэт-партале «OpenSpace», распачатая ў часопісе «Театр». Абмяркоўвалася мэтазгоднасць ягонага існавання. Дарэчы, у нас такіх пытанняў ніхто ніколі не ўзнімаў. Хоць многае на беларускую сцэну па-ранейшаму прыходзіць з Масквы, усё ж самыя апошнія расійскія павевы нам чужыя, для нас незразумелыя. Між тым, гэтыя самыя «рэкрутаваныя рэпертуарным тэатрам рэжысёры» здатныя з лёгкасцю перавярнуць у ім усё дагары нагамі. Сярод іх малады і свабодны ад службовых абавязкаў маскоўскі рэжысёр Канстанцін Багамолаў. Сказаць пра спектакль «Лір. Камедыя», пастаўлены Багамолавым у піцерскім тэатры «Прытулак камедыянта», што ён вельмі далёка адыходзіць ад першакрыніцы, значыць не сказаць анічога. Гэты магутны выбух формы і сэнсу здатны разнесці ўсё ўшчэнт на «свяшчэнных» рэпертуарных падмостках. У нас такія спектаклі не ставяць, іх нават не запрашаюць на фестывалі, бо складана прадбачыць рэакцыю гледачоў. Зрэшты, значная частка публікі абавязкова мусіць пакінуць глядзельную залу. Думаю, яшчэ частка ўвогуле мала што зразумее ў «пералапачаным» класічным сюжэце, куды ўведзены зусім іншыя падзеі і абставіны, дзе адбыліся эпахальныя зрухі ў часе. На падтрымку нашых тэатралаў таксама наўрад ці можна разлічваць. Дарэчы, спектакль «Лір. Камедыя» ў мінулым сезоне перасварыў піцерскіх крытыкаў, але з вялікім поспехам прайшоў на гастролях у Маскве. Хаця паставіў пад сумненне агульнапрынятыя тэатральныя каштоўнасці і быў не без падстаў названы «аплявухай грамадскаму густу». Шчыра кажучы, разумею чаму. Сама ўвайшла ў ступар ад нечаканасці на пятнаццатай хвіліне паказу, калі Лір, седзячы за сталом са сваёй сям’ёй, прамовіў коратка і выразна: п... І далей: «Мовы, б..., вучыць трэба, а то сядзім тут, як м...». Зрэшты, пра тое, што ў спектаклі ўжываецца ненарматыўная лексіка, нас папярэдзілі загадзя. Пра тое, што яго непажадана глядзець асобам да шаснаццаці гадоў, — таксама. Ды справа не ў гэтым. Нават тое, што ўсе мужчынскія ролі выканалі жанчыны, а жаночыя — мужчыны, рэвалюцыяй не назавеш. Галоўнае — тут нічога не робіцца адно толькі дзеля прыёму. Усё выконваецца з прафесійным бляскам, з іроніяй — каралевай любога тэатральнага жанру. Выдатны Лір у выкананні Розы Хайрулінай. Шмат правакатыўных момантаў, ад якіх у непадрыхтаваных гледачоў сапраўды можа паехаць дах. Гарбатая цяжарная Рэгана (Антон Мошачкаў) урэшце вызваляецца ад плоду... цераз плячо. Муж Ганерыллі, ён жа Георгій Малянкоў або Альбані (Ульяна Фамічова), робіць сабе «харакіры» і з адкрытымі кішкамі доўга ляжыць пад сталом, а потым сядае разам з іншымі абедаць. Яму прапануюць першую страву. Альбані бярэ талерку, але не есць. «Не смачна?» — пытаюцца ў яго. «Смачна, але сэнсу няма», — чуем адказ. Гэтае сакраментальнае «сэнсу няма» робіцца адным з самых моцных акцэнтаў у спектаклі Багамолава. А яшчэ Лір выцягвае з-за пазухі чырвонага рака і са здзіўленнем адзначае: «Ой, у мяне рак». Тут жа на сцэну выходзіць актрыса і падкрэслена спакойна каменціруе: «Сцэна метафарычна параўноўвае вярхі дзяржавы з ракавай пухлінай». Такім чынам, сутнасць рэжысёрскай інтэрпрэтацыі палягае ў зоне зместавай трансфармацыі. А складаны гісторыка-філасофскі кантэкст злучаны з агульнай ідэяй спектакля, спосабам рэжысёрскага мыслення, падтрыманы сцэнаграфіяй (мастак Ларыса Ламакіна) і ўсёй гульнявой прыродай сцэнічных вобразаў. Дзея спектакля адбываецца ў 1941–1945 гадах, у СССР і Германіі. Навідавоку ўсе прыкметы мілітарызму. Галава СССР праклінае малодшую дачку Кардэлію, і яна выходзіць замуж за прарока Заратустру. Ад’язджае ў Германію. Сёстры аддаюць Ліра ў вар’ятню, дзе да яго прымяняюцца адпаведныя гэтай установе метады. Каб вызваліць бацьку, камсамолка Кардэлія прыводзіць немцаў да сцен Крамля. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайна. У спектаклі гучаць тэксты Фрыдрыха Ніцшэ, паэта, вязня канцлагера Паўля Цэлана, Самуіла Маршака, Адкрыццё Іаана Багаслова. Пра што ўсё гэта? І пра тое, што ў Вялікай Айчыннай не было пераможцаў, і пра тое, што старой добрай маралі пасля Другой сусветнай людзі больш непадуладныя, і пра далучанасць расійскай гісторыі да агульнай еўрапейскай. А яшчэ пра тое, што Апакаліпсіс ужо надышоў, але ГУЛАГ і Халакост мінулага стагоддзя чалавеку яшчэ неабходна перажыць. Ці перажыве? Прынамсі, нашай беларускай публіцы ўсё гэта ўсвядоміць было б вельмі няпроста, нягледзячы нават на бліскучае ўвасабленне.

Сярод рэжысёраў, чый наступ на рэпертуарны тэатр быў адзначаны «Залатой маскай», — Юрый Бутусаў. Ягоны спектакль «Чайка» пастаўлены ў маскоўскім Тэатры «Сатырыкон» і названы крытыкамі «адной з сенсацый мінулага сезона».

Ідзе амаль што пяць гадзін з трыма антрактамі. Юрый Бутусаў рэальна пераасэнсоўвае ўсе тэатральныя падыходы да класічнай п’есы. Рухаецца навобмацак, выпрабоўвае мноства інтэрпрэтацый, і гульня са стылем ператвараецца ў гульню са зместам. Адна з самых дасціпных характарыстык спектакля, вынайдзеных маскоўскімі крытыкамі: ён — «пра тэатр як пра пачвару, што паядае сваіх дзяцей». Сам Юрый Бутусаў кажа наступнае: «Сэнс жыцця для людзей, насельнікаў выдуманага свету Чэхава, — Тэатр, які больш за жыццё, больш за каханне, які замяшчае ўсё, але прыносіць боль, адзіноту, знішчае і нявеча душы. Людзі, якія аддаюць сябе на службу тэатральнай пачвары, часта бываюць нешчаслівымі, можа быць, нават занадта часта і незаслужана, але, мабыць, яны ведаюць штосьці, чаго не ведае ніхто. Хоць, магчыма, гэта і не так». Дзеянне спектакля разгортваецца як бясконцы экспрэсіяністычны шэраг, у якім адзін і той жа эпізод разыгрываецца па-рознаму, на розныя лады. Здаецца, рэжысёр спрабуе ўзнавіць, вынайсці і вычарпаць усе магчымыя падыходы і трактоўкі. Акцёры мяняюцца ролямі, перакідваюцца сэнсамі, іх эмоцыі і пачуцці палярна супрацьлеглыя ў кожнай ключавой сцэне. Шэрагі аркадзіных, трэплевых, зарэчных яднаюцца на пачуццёвым узроўні. Перадусім — страсць. І сам галоўны інтэрпрэтатар — рэжысёр Юрый Бутусаў, які распачынае спектакль, закрывае кожную дзею, а напрыканцы ладзіць уласны рок-канцэрт са споведдзю Трэплева. Уласнай споведдзю? Спектакль нібы чалавечы лямант, які толькі ўзмацняецца з кожнай сцэнай, — пра жыццё, пра здраду, пра змарнаваны талент і ваяўнічую бяздарнасць, пра немагчымасць спыніцца, пра мастацтва як бясконцую спробу вынаходніцтва і добраахвотнае катаванне. Усе даведзена да адчаю, выгукнута з адчаем, але так і не дасягае дасканаласці. Калі праводзіць паралелі, згадваецца знакамітая карціна Эдварда Мунка «Крык». Ды толькі ўяўляеце сабе КРЫК — цягам амаль што пяці гадзін запар! Было б няправільна змясціць усё ў рэчышча суцэльных эмоцый. Хутчэй, гаворка пра сучасную сцэнічную мову, канкрэтызаваную ў канцэптуальнай сцэнаграфіі Аляксандра Шышкіна, дзе галоўнае — не толькі трансфармацыя дэкарацыі, але і яе лёгкія графічныя выявы, гульня з аб’ектамі, рухомасць павільёнаў, бязважкая зграбнасць канструкцый. Усё аб’ядноўваецца і асэнсоўваецца рэжысёрам у сцэнічнай прасторы. Дзеянне толькі набірае абароты. Створаны адасоблены сцэнічны сусвет. Праз безупынны парад тэатральных форм. Так, «патрэбны новыя формы». Я нават не ведаю, што найбольш уразіла ў гэтым спектаклі. Бадай — апантаная прага творчасці, сфармуляваная праз чэхаўскую «Чайку» як асабістая мастацкая праграма. А таксама магчымасць для самасцвярджэння рэжысёра, прадстаўленая менавіта рэпертуарным тэатрам.

У сёлетняй праграме «Russian case» бачная перавага была аддадзена піцерскім рэжысёрам. Яе безумоўна ўпрыгожыў і спектакль Александрынскага тэатра «Шчасце». Сцэнічная версія Андрэя Магучага і Канстанціна Філіпава паводле «Сіняй птушкі» Марыса Метэрлінка. Рэжысёр Андрэй Магучы, які цягам апошніх гадоў становіцца знакавай фігурай сярод рэжысёраў паўночнай сталіцы, мае міжнароднае прызнанне. Ён лаўрэат еўрапейскай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Новая тэатральная рэчаіснасць». «Шчасце» паказвалі на сцэне МХТ імя А.П.Чэхава, у зале была спрэс маскоўская тэатральная эліта. Агульнавядома, спектакль «Сіняя птушка» ў пастаноўцы Станіслаўскага зрабіўся культавым для ягонага тэатра і дагэтуль захоўваецца ў рэпертуары. Таму павышаная цікавасць сярод тэатралаў да сучаснай версіі п’есы цалкам натуральная. Урэшце, ніхто не быў расчараваны, публіка выказала суцэльнае захапленне.

Распавесці пра гэты татальны парад тэатральных інавацый бадай што немагчыма. Здаецца, уся моц сучаснай сцэнічнай інжынерыі абрынулася на гледачоў. Наўрад ці спектакль надта транспартабельны, хоць яго ўсё ж такі ўдалося прывезці ў Маскву. Выбітны віртуальны асяродак, вынайдзены мастаком Аляксандрам Шышкіным і рэжысёрам Андрэем Магучым, ахоплівае велізарную сцэнічную прастору. Увесь яе надзвычайны аб’ём запоўнены дарэшты, знізу даверху, па вертыкалі і гарызанталі. На ўзроўні звычайнага дзіцячага пакоя, дзе ўладкаваліся Цільціль і Міціль, і на ўзроўні дзіцячага(!?) уяўлення, амаль пад каласнікамі мхатаўскай сцэны. Гульня аб’ёмаў, маштабаў (у велізарных, ростам з пяціпавярховы дом, ляльках адкрываецца акенца, дзе звычайныя чалавечыя постаці выглядаюць зусім мізэрнымі), спалучэнне рэальнага і віртуальнага (уражальныя скокі відэапраекцый, віртуальная сцэнічная трансфармацыя ў рэальным асяродку), каляровыя плямы, выразныя маскі на тварах галоўных герояў як нейкае сэнсавае абагульненне. Безупынная плынь вобразаў. Зноў-такі, рэальных і ўяўных. А яшчэ — феерычны выбух тэатральнасці. Але пра што імкнуцца іграць?! Андрэй Магучы сцвярджае, што разам з Канстанцінам Філіпавым яны паспрабавалі зрабіць твор у форме дыялогаў паводле ўласных адчуванняў ад гісторыі, якую распавёў Метэрлінк. «“Сіняя птушка” ставіць такія складаныя, глабальныя пытанні, адказы на якія прасцей за ўсё знайсці дзецям. І галоўнае з іх — што такое каханне? Яно спараджае масу новых пытанняў. Наколькі кожны з нас умее любіць? Дзе межы нашага эгаізму? Ці здатныя мы аддаваць людзям часцінку саміх сябе? І адказы, вынайдзеныя дзецьмі, прымушаюць паверыць у іх сапраўднасць. Ува мне, напрыклад, умацоўваецца перакананне, што ўменне любіць ёсць перш за ўсё ўменне аддаваць. Увогуле, сюжэты, якія я вычытваю ў “Сіняй птушцы”, зводзяцца менавіта да сямейных каштоўнасцей. Для мяне асабіста сям’я — нейкая крэпасць са сценамі, якія абараняюць любоў. Любоў, на мой погляд, здатна жыць толькі за гэтымі сценамі». Такім чынам прадстаўнік расійскага тэатральнага авангарда напаўняе трапятлівымі пачуццямі свае самыя «прасунутыя» тэатральныя ўвасабленні. Форма і гэтым разам ніколькі не саступае зместу. Варта згадаць і выдатныя акцёрскія работы, у тым ліку ролю Міціль, выкананую Янінай Лакоба ў востра гратэскавай манеры з тонкімі псіхалагічнымі нюансамі.

Звычайнае і нам зразумелае

Выхад піцерскай рэжысуры ў маскоўскую тэатральную прастору сёлета быў на самай справе эфектным. Апрача Андрэя Магучага і Юрыя Бутусава, у намінацыі «Лепшая работа рэжысёра» былі прадстаўлены спектаклі Валерыя Фокіна, Анджэя Бубеня, Льва Додзіна і Льва Эрэнбурга. Таму, хто мае хоць нейкае ўяўленне аб сучасным тэатральным працэсе ў Расіі, каментарыі непатрэбны. Суквецце талентаў, інакш не скажаш. Кожны — з ярка выяўленай творчай індывідуальнасцю. Здатнасцю расійскіх рэжысёраў ствараць непадобныя і ашаламляльныя тэатральныя сусветы можна толькі захапляцца. Беларускія гледачы мелі магчымасць пабачыць спектаклі Андрэя Магучага, Анджэя Бубеня і Льва Эрэнбурга. Апошні прыязджае ў нашу краіну найчасцей. Ягоныя спектаклі былі паказаны на «Белай Вежы», на «Панараме». У 2012 годзе «Тры сястры» Невялікага драматычнага тэатра перамаглі ў большасці намінацый на магілёўскім «М.аrt кантакце». Не ўсё, што цэняць расіяне ў творчасці Льва Эрэнбурга, прымаецца беларускімі гледачамі. Многім ягоная рэжысура падаецца занадта эпатажнай, асабліва гэта тычыцца апантана-натуралістычнага «На дне» па п’есе М. Горкага. Ягоны «Іванаў» моцна абурыў тонкіх знаўцаў чэхаўскай драматургіі, якім ужытыя тэатральныя прыёмы падаліся занадта грубымі. Цяжка было не прыняць надзвычайнага хараства «Навальніцу» па п’есе Аляксандра Астроўскага, асабліва пасля гучнага поспеху на еўрапейскіх падмостках. Ды толькі і гэтаму спектаклю чамусьці было адмоўлена нашымі рэжысёрамі. Можна сказаць, што мы саспелі толькі на «Трох сёстрах». Пастаноўка Льва Эрэнбурга, таксама пазначаная элементамі натуралізму, у нас была ўспрынята як годны ўзор традыцыйнага псіхалагічнага тэатра. І нават сталася пэўным апанентам робкім «навадрамным» пачынанням. Гэта сведчыць якраз пра тое, як далёка мы адышлі ад таго, што так пераканальна спавядаем.

Гэты выдатны спектакль не так эфектна, як у Магілёве, прагучаў у праграме «Russian case». Магчыма, адыграў сваю ролю эмацыйна-пастановачны выбух, які адбыўся тут гэтай вясной. Але ж «Тры сястры» паказалі на камернай пляцоўцы. Гэта дазволіла адкрыць у спектаклі зусім іншыя нюансы. Адзначыць дакладнасць знакаў-сімвалаў, якія скрупулёзна ўлучаныя ў чэхаўскі тэкст. Дамінуючымі, як і ў Чэхава, становяцца тры тэмы: дом, кветкі, птушкі. Кожная з іх мае ўласнае развіццё, замацаванае ў вонкавых вобразах. Дом, збудаваны мастаком Валерыем Палуноўскім, агорнуты па перыметры казарменнымі вешалкамі з пустымі кручкамі — відавочна для шынялёў. Парасткі хатніх кветак прыносіць на дзень нараджэння Ірыны Наташа. І яны вырастаюць на нашых вачах, цягам дзеяння ператвараюцца ў ладную галінастую расліну. Зямля з вазона прасыпаецца долу, калі Ірына перасаджвае кветкі. Яна выпацкае рукі, а потым пяшчотна правядзе далонню па твары Тузенбаха. Перапэцканы зямлёй твар барона ўспрымаецца як прадвеснік няшчасця. Ірына з вялізнай белай хусткай на плячах нагадвае прыгожую падстрэленую птушку. Яна кульгае і ходзіць з мыліцай. На вялізны святочны стол накінута белае покрыва. І абрысы бутэлек пад ім нагадваюць ногі нябожчыка. Вольга абдымае іх са слязьмі і істэрыкай. Хворы на булімію Андрэй паўсюль хавае відэльцы. Зрэшты, робіцца амаль жудасна ад няспыннай плыні рэчаў-сімвалаў з выразна акрэсленым сэнсам. Здаецца, яны распавядаюць асобную гісторыю, якая таксама ўспрымаецца адэкватна. «“Тры сястры” мне падабаюцца, — зазначае Леў Эрэнбург, — больш за іншыя чэхаўскія п’есы. Асабліва жорсткай праўдай пра чалавека. У “Трох сёстрах” Чэхаў бясконца жорстка гаворыць пра здольнасць чалавека падманвацца, пра тое, як ён падманвае сябе і іншых». Гэты рэжысёрскі пасыл у спектаклі спалучаны са словам ненаўмысна. У звышнатуральнай адданасці герояў адно аднаму выяўлены боль. Нічога ніколі не спраўдзіцца. А прыгожыя сказы проста не вартыя ўвагі. Сёстры жывуць нібыта дарэмна. І словы: «У Маскву, у Маскву!» у гэтым спектаклі гучаць неяк другасна. Ніхто нікуды не паедзе. Цягам усёй сцэнічнай гісторыі героі даводзяць гэта апантана, істэрычна. «Трэба жыць, мілыя сёстры», — прамовіць Вольга, галоўная з сясцёр у гэтым спектаклі, і яны стануць побач, з надзеяй прыціснуцца адна да адной. У гэтым пранізлівым позірку ў будучыню — бездань смутку і жалю.

Проста калейдаскоп

У шчодрай на яркія ўражанні праграме была прадстаўлена і шырокая панарама сучаснай драматургіі, штораз з нечаканымі і новымі ідэямі. У Тэатры «Практыка» глядзелі «Ілюзіі» Івана Вырыпаева і «Бабулек» Святланы Земляковай. У апошнім спектаклі была прад’яўлена акцёрская школа Алега Кудрашова, вядомага педагога ГІТІСа, вартая самай высокай пахвалы. Вядомы парушальнік тэатральнага спакою Кірыл Сярэбранікаў у «Сёмай студыі» паставіў спектакль «Адмарозкі» паводле рамана Захара Прылепіна пра маладых нацыянал-бальшавікоў. Глядзелі рок-н-рольны спектакль Сашы Дзянісавай і яе каманды «Запалі мой агонь», фестываль «Любімаўка» паказаў спектакль у пастаноўцы Віктара Рыжакова па п’есе Сельмы Дзімітрыевіч «Багі палі», які нарадзіўся падчас фестывалю маладой драматургіі, і цяпер яго іграюць на рэдакцыйнай кухні часопіса «Афиша». Піцерскі Рускі інжынерны тэатр «АХЕ» выбухнуў вынаходкамі ў спектаклі пра незвычайныя навуковыя гіпотэзы нашага часу «Дэпо геніяльных памылак» і пэўна накрэсліў адзін з магчымых, інавацыйных шляхоў развіцця сучаснага тэатра. Томас Остэрмаер паставіў у адноўленым Тэатры Нацый «Фрэкен Жулі» Аўгуста Стрындберга з Чулпан Хаматавай і Яўгеніем Міроновым так, што давялося яшчэ раз атрымаць асалоду ад высокага акцёрскага мастацтва.

Можна скончыць нататкі вельмі банальна, маўляў, немагчыма перадаць усе ўражанні ў невялікім артыкуле невялікага часопіса. Толькі хочацца спыніцца на галоўным. Сучасны тэатр развіваецца вельмі дынамічна. Ён не ведае недахопу ідэй і ўзнімаецца на адчувальную вышыню. Сучаснаму тэатру ўсё па плячы. Варта толькі захацець.

Людміла Грамыка