Юныя галасы і старыя ісціны

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі

/i/content/pi/mast/59/1006/30.jpg

 «Князь Ігар». У галоўнай партыі Павел Янкоўскі (Расія).

Інтэнсіўнасць жыцця нашага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета ўражвае. Прэм’еры, узнаўленні спектакляў, святочныя канцэрты, адкрыццё эксперыментальнай сцэны і філіялаў у іншых гарадах Беларусі, ІІ Міжнародны Калядны форум — усё гэта падзеі апошняга сезона. Ёсць сярод іх адна, што вымагае дэталёвага разгляду. Гэта Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі, якому былі аддадзены шэсць дзён майскай афішы.

Маладзёжны статус мерапрыемства — ход перспектыўны і прыцягальны ў сэнсе рэкламы. На форум прыехалі самыя працаздольныя салісты-вакалісты ва ўзросце 30—35 гадоў, многія з іх маюць значны сцэнічны вопыт і званні заслужаных. Зусім пачаткоўцаў не было. Але такая гэта прафесія: у ёй позна пачынаюць і доўга сталеюць.

Чым больш высокім аказаўся ўзровень мерапрыемства, тым больш яркімі — уражанні, што засталіся ад яго. Надзвычай цікавымі былі сустрэчы артыстаў з журналістамі, падчас якіх гаворка вялася пра стан маладзёжнай опернай палітыкі ў розных краінах. Высветлілася: такога творчага праекта, які зладзіла Беларуская опера, нідзе больш не існуе. У Кіеве пляцоўкамі для разгортвання маладога крэатыву з’яўляюцца оперная студыя пры Кіеўскай кансерваторыі і тэатр «Муніцыпальная опера», якія праз сваю мабільнасць знаходзяцца ў пэўнай апазіцыі Нацыянальнай оперы, кансерватыўнай па духу, лічыць украінскі музыказнаўца Юлія Бенця. Вялікі плён дало стварэнне на малой сцэне опернага тэатра Харкава эксперыментальнай студыі, адзначыў саліст Сяргей Замыцкі, але недастатковасць фінансавання прыводзіць да масавага ад’езду ўкраінскіх спевакоў за мяжу.

Няшмат магчымасцей раскрыцца ў маладых артыстаў Малдовы: рэпертуар Кішынёўскай оперы, дзе ў свой час зіхацеў талент Марыі Біешу і пачынала будучая зорка Венскай оперы Марыя Чабатар, складаецца пераважна з вялікіх класічных спектакляў. А таму ў маладых салістаў мала партый, якія б паступова развівалі іх, а не прыгняталі надзвычай складанымі вакальна-мастацкімі задачамі, мяркуе спявачка Марына Радзіш.

Наадварот, оперны і балетны рэпертуар Узбекскага тэатра оперы і балета імя Алішэра Наваі агромністы. У артыстаў такія вялікія магчымасці для творчасці, што пытання пра незанятасць маладых кадраў проста не існуе. На жаль (ці на шчасце?), тэатр перапыніў сваю работу на час рамонту, таму шэраг спевакоў з Ташкента, у тым ліку госць форуму тэнар Нажмідзін Маўлянаў, цяпер працуюць у трупах Масквы і іншых гарадоў.

Госці з Санкт-Пецярбурга, Міхаіл Калелішвілі і Кацярына Шымановіч, — выхаванцы Акадэміі маладых спевакоў Марыінскага тэатра пад кіраўніцтвам Ларысы Гергіевай. Яны набылі найкаштоўны вопыт, які наўрад ці яшчэ дзе-небудзь знойдзеш ў галіне опернага мастацтва. Непасрэдная задача акадэміі — гадаваць з выпускнікоў кансерваторый кадры для Марыінскага тэатра, паступова, пачынаючы з малых роляў, уводзіць іх у спектаклі.

Беларус Павел Янкоўскі, былы выпускнік харавога аддзялення Баранавіцкага музычнага вучылішча, цяпер з’яўляецца вядучым барытонам Новасібірскага тэатра оперы і балета. Гэты тэатр (вядомы як «Сібірскі Калізей» — зусім няпросты для спеваў праз свой маштаб) перыядычна атрымлівае дзяржаўныя гранты на пастаноўкі спектакляў, дзякуючы чаму калектыў мае магчымасці хутка развівацца, заставацца цікавым публіцы, рэгулярна станавіцца ўладальнікам дыпломаў расійскай Нацыянальнай прэміі «Залатая маска».

Адну са звышзадач форуму дакладна акрэсліў Віктар Пласкіна, галоўны дырыжор Беларускай оперы: гэта вяртанне вакальнага «генафонду», артыстаў, якія ў 1990-я гады былі вымушаны праз фінансавыя цяжкасці з’ехаць за мяжу. «Цяпер, — прызнаўся Віктар Міхайлавіч, — у кожным замежным тэатры сустракаеш знаёмага, былога выпускніка Маскоўскай, Кіеўскай, Уральскай кансерваторыі... Намаганні розных пакаленняў неабходна аб’яднаць».

Каласальную цікавасць да форуму праявілі не толькі непасрэдныя ўдзельнікі і кіраўнікі тэатраў, але і музыканты старэйшай генерацыі, для якіх Мінск застаўся горадам буйных оперных фэстаў, сталіцай першага і другога Усесаюзных фестываляў творчай моладзі тэатраў оперы і балета (яны ладзіліся ў 1976 і 1982 гадах). І адзін з іх — вядомы дырыжор, народны артыст Малдовы Аляксандр Самаілэ, цяпер галоўны дырыжор Адэскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Прыехаць у Мінск на сёлетні оперны форум ён згадзіўся адразу: тут 30 гадоў таму яму давялося кіраваць «Аідай». (Прычым адбылася гэта падзея ў дзень смерці Леаніда Брэжнева. «Раз спектакль заканчваецца сумна, не будзем яго адмяняць», — вырашыла кіраўніцтва Міністэрства культуры БССР у час, калі ў знак жалобы замаўчалі ўсе тэатры і філармоніі Савецкага Саюза...)

Менавіта Аляксандру Самаілэ выпаў гонар адкрываць форум. «Кармэн» пад яго кіраўніцтвам захапіла з першых гукаў. Ва ўсіх дынамічных сцэнах аркестр гучаў «артыкулявана», нібы з нюансам marcato — асабліва гэта адчувалася ва ўверцюры і ў антракце да апошняй дзеі. У знакамітым накцюрне маэстра адклаў у бок палачку і дырыжыраваў рукамі, нібыта хорам, імкнучыся зменшыць гук. Больш рэльефна былі выяўлены ўсе лініі драўляных духавых інструментаў, якія і надаюць музыцы «Кармэн» цеплыню. Тры фрагменты гучалі больш павольна, чым звычайна: куплеты Эскамільё, арыёза Кармэн з картамі, дуэт Кармэн і Эскамільё «Si tu m’aimes, Carmen», што ўспрымалася свежа і па-новаму. Аркестр вельмі дакладна кантактаваў са спевакамі.

На правах гаспадароў форуму ў першым спектаклі беларусы ўдала паказалі свае лепшыя выканальніцкія сілы. Героі Аксаны Волкавай і Эдуарда Мартынюка ўспрымаліся разняволенымі і эратычнымі. Кармэн Аксаны Волкавай была не толькі панадлівая ў спевах, але і выразна раўнадушная ў маўклівых момантах. Акруглы цёплы гук без кантральтавай змрочнасці прымушае падумаць, што, магчыма, спявачцы наспеў час раскрыцца ў рэпертуары і манеры Крысты Людвіг. Наадварот, эмацыянальны і выбуховы Хазэ выдатна іграў у моманты адчаю, на эмоцыях ледзь прыкметна завышаючы верхнія гукі. Цудоўнай атрымалася кантылена ў арыі з кветкай. Як заўжды, маючы патэнцыял і здольнасці гераічнага тэнара, Мартынюк разгортвае свае вобразы па ўзыходзячай.

У партыі Мікаэлы выступіла салістка Латвійскай нацыянальнай оперы, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дана Браманэ — прыгожая, як Барбі, спявачка з адметным голасам. Саліст Армянскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Спендыярава заслужаны артыст Арменіі Геворг Акабян вельмі фотагенічны, але выглядаў крыху абыякавым у адносінах да Кармэн (мо жадаў падкрэсліць самалюбаванне свайго героя?). Спяваў з тэндэнцыяй да запавольвання, буйна выкладваючы ўсе дэталі тэксту. Наогул «Кармэн» зрабілася выдатным пачаткам опернага тыдня.

«Багема» Пучыні належыць да ліку опер, складаных для выканаўцаў, у той жа час яна створана менавіта для маладых, прыгожых, раскаваных артыстаў. Загадкавы тон беларускай «Багемы» задаецца стыльнай работай рэжысёра Георгія Ісаакяна і мастака Людмілы Ганчаровай, у якой, нібы выпадковыя фрагменты быцця, лёгкай рукой раскіданы людзі, рэчы, дэталі французскай партрэтнай і скульптурнай сімволікі.

Рамантычным цэнтрам «Багемы» і адкрыццём для мінчан стала Наталля Петражыцкая ў партыі Мімі. Сапрана з найпрыгожым тэмбрам голасу, роўным, мяккім і моцным адначасова, чутным на кожным піянісіма, яна была цудоўная ў сольных сцэнах, у якіх ёй дапамагала ўзаемаразуменне з дырыжорам Феліксам Корабавым — абодва музыканты працуюць у Маскоўскім акадэмічным музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Лепшым ансамблем спектакля стаў яе дуэт з Марсэлем у другой дзеі — прачулы да кожнай ноты крык душы. З вялікай энергіяй і лірычна праспявала Мюзэту салістка Азербайджанскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Ахундава Інара Бабаева, у гэтай заўсёды выйгрышнай лірыка-каларатурнай партыі яна здолела паказаць эфектныя музычныя і акцёрскія вартасці.

Выявілася і распаўсюджаная «дзіцячая» оперная хвароба — нявывучанасць партыі. Гэтым адзначыўся Рудольф — Медэт Чатабаеў. Ён — адзін з самых заўважных і перспектыўных тэнараў форуму, шчодра адораны прыродай. Медэта, лаўрэата Міжнароднага конкурсу імя Беньяміна Джыльі, называюць «казахскім Павароці», і падставы для гэтага — прыгожы, палётны тэнар з лёгкімі высокімі нотамі, прывабны і шчыры артыстызм, юнацкая харызма. Тым больш крыўдна, што ўласныя магчымасці саліст паказаў «міма аркестра». У сітуацыі, калі партыю можна пачуць у дзясятках добрых запісаў, такія правалы ў тэксце недапушчальныя.

Словы захаплення варта выказаць выканаўцу партыі Марсэля — салісту нашага тэатра Уладзіміру Громаву. Шмат у чым дзякуючы яму складаныя мужчынскія ансамблі з 1-й дзеі не толькі не «разваліліся», але яшчэ і напоўніліся музычна і артыстычна. Высокую якасць выступленню запрошаных салістаў забяспечыў дыхтоўны беларускі кантэкст.

На высокім эмацыйным уздыме прайшлі два вердзіеўскія спектаклі, энергетыку якім задавалі амаль родныя аркестру дырыжоры Віктар Пласкіна і Джанлука Марчыяна. Музычная канва «Рыгалета» разгортвалася імкліва, з тэндэнцыяй скараціць паўзы, прасякнуць унутраным рытмам нават моманты апладысментаў. У «Травіяце», наадварот, адчувалася імкненне распець кожны гук лірычнай сцэны, асабліва ў апошняй карціне. Нягледзячы на адсутнасць у штатным раскладзе нашай оперы пасады запрошанага дырыжора, часты госць Мінска Марчыяна ўжо стаў ім дэ факта.

У кожным са спектакляў лірычную пару сапрана і тэнара выконвалі госці. Два сапрана — дзве розныя гукавыя стыхіі. Салістка Тбіліскага тэатра оперы і балета Марыка Мачыцідзэ, якая выконвала партыю Джыльды, адорана прыгожым, празрыста чыстым і пры гэтым сакавітым тэмбрам голасу і валодае выдатнай італьянскай школай гукавядзення. Прыма Нацыянальнай оперы Малдовы Марына Радзіш у ролі Віялеты ўдала скарыстоўвае вонкавую прывабнасць і грацыю, але голас спявачкі дзіўным чынам спалучае анёльскія верхнія ноты і пласкаватыя ніжнія, якія нібы губляюць вакальную фарманту і пераходзяць на размоўную. У той жа час такая Віялета — яшчэ адзін, вельмі цёплы і жаноцкі ўнёсак у букет уражанняў ад самай папулярнай опернай гераіні.

Розныя ўражанні пакінулі таксама два замежныя тэнары. Саліст Кішынёўскай оперы Іон Цімафці — крыху характарны Герцаг, з яркім голасам, абаяльны не герцагскай прастатой. У кадэнцыі Песенькі ўзяў верхняе до-дыез. Не выключана, што па характары голасу спявак прыдатны, акрамя лірычных партый, для віртуознай барокавай і класічнай музыкі, партый тэнара-буфа.

Нажмідзін Маўлянаў у партыі Альфрэда — сапраўдны вердзіеўскі тэнар, які прываблівае і лёгкім голасам, што не ведае стомы, і ідэальнай постаццю маладога рамантычнага героя. Яго харызма інтэлігентная, стрыманая, свецкая. Другі прыезд спевака ў Мінск для ўдзелу ў «Травіяце» стаў свайго роду спаборніцтвам дзвюх пастановак — мінскай і маскоўскай, паказанай у рамках Каляднага форуму ў снежні 2011 года. У гэтым саперніцтве рэльефна паўсталі кантрасныя рысы талентаў двух удумлівых рэжысёраў — Сусанны Цырук і Аляксандра Цітэля. У стане віртуальнай спрэчкі з героем снежаньскага спектакля Яўгенам Паліканіным апынуўся і Станіслаў Трыфанаў — глыбокі, ідэальна кантыленны Жорж Жэрмон, агромністаму абаянню якога немагчыма супраціўляцца.

Цэнтрам «Рыгалета», безумоўна, зрабіўся Уладзімір Пятроў, побач з якім проста сорамна дрэнна спяваць. Колькі адценняў прадумана ім для свайго героя, колькі момантаў, у якія ён нібы прыхоўвае моц і поўны тэмбр, каб выказацца на паўнюансах. Якая глыбіня, зусім новае інтанацыйнае прачытанне асобных слоў і думак героя! Прызвычаіўшыся да стабільнасці Уладзіміра Пятрова, давядзецца прызвычаіцца і да яго крэатыўнасці, умення знайсці ўласную музычную праўду...

У «Іаланце» Чайкоўскага дарэчы аказаліся «рускія» па тэмбравым фанізме і манеры галасы Таццяны Рагузавай, салісткі пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра, і адэсіта Алега Злакамана. Чула адгукаўся на эмоцыі герояў аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Зноў дапамог выразна прагучаць вобразам галоўных герояў моцны беларускі кантэкст: бездакорны ў арыі караля Рэнэ Андрэй Валенцій, жывы і ўзнёслы Рабэр Ільі Сільчукова, драматычны герой Мікалая Майсеенкі. Наогул жа «Іаланта» падалася бляклай. Сам па сабе твор «без інтрыгі», ён стаў яшчэ і спектаклем «без дзеяння», лаканічнасць рухаў у якім нічым асабліва не тлумачылася.

Сярод выканаўцаў апошняга спектакля форуму, «Князя Ігара» Барадзіна, пераважалі замежныя вакалісты. Нядзіўна, што мінчане найбольш «хварэлі» за суайчыннікаў, якія цяпер прадстаўлялі Расію, — Паўла Янкоўскага і Кацярыну Шымановіч. Выканаўца партыі Яраслаўны пачынала вучыцца спевам у Мінску, дзе яе як вакалістку адкрылі Адам Мурзіч і Валянціна Раговіч, а скончыла навучанне ўжо ў Пецярбургскай кансерваторыі. Абое «піцерскія беларусы» ўразілі высокім майстэрствам, стабільнасцю, роўнасцю і спеласцю галасоў. Арыі Ігара «О, дайце, дайце мне свабоду» апладзіравалі з такой апантанасцю, нібы надышоў фінал спектакля.

Адбыўся і заўжды чаканы ад «Князя Ігара» «фэст басоў». Нізкі бас Міхаіл Калелішвілі, што спяваў партыю Канчака, — грунтоўны, акуратны і маларухомы. Уладзімір Галіцкі ў выкананні высокага баса Сяргея Замыцкага запомніўся адметным голасам і выразнымі, нібы ў піяніста, рукамі, якія таксама «ігралі» ў спектаклі. Цэнтральны сольны нумар Галіцкага неяк не супаў з аркестрам, што, уласна, на такіх зборных спектаклях не здзіўляе.

Выканаўцы партый закаханых — саліст нашай оперы Юрый Гарадзецкі і кіргізская спявачка Асель Бекбаева — выдатныя самі па сабе, дысанавалі як знешне, так і па тэмбрах. Светлы, свежы, лемешаўскі тэмбр тэнара апяваў маладое каханне і водар паўднёвай ночы. Цёмны, цяжкі, «пародзісты» тэмбр драматычнага мецца, які падыходзіць для вялікай сцэны, хутчэй узнаўляў у памяці спевы вердзіеўскіх варажбітак ці Кармэн, але не зусім пасаваў да філіграннай арнаментыкі арыі Канчакоўны. Як кульмінацыя і кода ўсяго форуму прагучала заключная сцэна оперы са знакамітым хорам пасялян. Калі ўзіраешся ў іх твары, разумееш, што асноўны цяжар форумнага тыдня вынес на сабе менавіта хор — а там таксама шмат маладых, таленавітых і вельмі працавітых спевакоў...

Правядзенне міжнароднага форуму, як і асобнага спектакля, немагчымае без удзелу салістаў розных пакаленняў. Непазбежная змена генерацый і «міграцыя» партый у рэпертуары кожнага з артыстаў адбываецца ў Беларускай оперы натуральна і без заўважных крызісаў. А таму галоўная мэта фэсту не столькі ў тым, каб паказаць і паглядзець моладзь, колькі ў тым, каб даць ёй інтэнсіўны, часам стрэсавы майстар-клас у сумеснай працы з вопытнымі мэтрамі жанру. Старая, як опера, выснова...

У перспектыве можна чакаць, што маладзёжным на форуме зробіцца парад не толькі выканаўцаў, але і дырыжораў, а мо і рэжысёраў — калі з’явіцца магчымасць прывозіць сюды асобныя спектаклі. Падставы спадзявацца на пашырэнне форумных мерапрыемстваў дае і фінансавая падтрымка Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Мінская публіка са свайго боку аддзячыла артыстам — усе спектаклі прайшлі з аншлагамі і выклікалі надзвычайны інтарэс.

 Алена Лісава