Вольга Скварцова, Дзмітрый Залескі

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Жывыя ў нерухомасці

/i/content/pi/mast/59/1004/24.jpg

 «Homo sapiens».Пастаноўка Дзмітрыя Залескага і Вольгі Скварцовай-Кавальскай.

Мае суразмоўцы здолелі ажыццявіць немагчымае: у сталіцы,дзе моцныя традыцыі акадэмічнага балета і народна-сцэнічнага танца, стварылі калектыў, які пачаў свядома займаццасучаснай харэаграфіяй у яе інтэлектуальна-аўтарскім, а неэстрадна-забаўляльным фармаце. Сёння танцтэатр «D.O.Z.SK.I.»знаходзіцца ў авангардзе айчыннага contemporary dance. Яго мастацкія кіраўнікі — Дзмітрый Залескі ды Вольга 
Скварцова-Кавальская — пачалі супрацоўнічаць у 2005-м. Першы публічны паказ адбыўся 20 чэрвеня 2006 года на сцэне Беларускай акадэміі мастацтваў.

 З першага дня існавання тэатр «D.O.Z.SK.I.» успрымаўся як дзіўнае «адзінства супрацьлегласцей», паспяховы дуэт асоб з рознай адукацыяй і творчай індывідуальнасцю (Вольга скончыла тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў і, дарэчы, з’яўляецца артысткай Купалаўскага тэатра, Дзмітрый скончыў народнае аддзяленне кафедры харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў). Гэта было эксклюзівам, «фішкай» калектыву.

За кароткі час «D.O.Z.SK.I.» зрабіліся сапраўднай з’явай у кантэксце айчыннага харэаграфічнага мастацтва. Дадайце перамогі на прэстыжных конкурсах, удзел у Міжнародным танцавальным кірмашы «Tanzmesse» (Дзюсельдорф), гасцявой праграме Усерасійскага тэатральнага фестывалю «Залатая маска» (Масква).

Здавалася б, усё як мае быць, аднак спектаклі тэатра можна ўбачыць часцей за мяжой, чым у нас. Да таго ж некалькі месяцаў таму ягоныя лідары вырашылі спыніць сумесную працу і займацца ўласнымі праектамі: «D.O.Z.SK.I.» цяпер будзе ўзначальваць толькі Дзмітрый, а Вольга заснавала ўласны калектыў «SKVo’S dance company».

Факт спынення вашага супрацоўніцтва для многіх прыхільнікаў тэатра стане шокам. У чым прычына?

Дзмітрый: У большай ступені гэта рашэнне Вольгі, чым маё...

Вольга: Паміж намі не было канфлікту. Проста ў пэўны момант адчулі, што лепш працаваць асобна. У шматлікіх інтэрв’ю часта пыталіся: «Як у вас атрымліваецца ствараць штосьці разам?» Перманентна складана. Усё роўна, што пісаць палатно ў чатыры рукі. З аднаго боку, абсурд. А з іншага, напачатку ўсё складвалася менавіта так, і да нядаўняга часу іначай сваю дзейнасць не ўяўлялі.

Апошні год я аддавала калектыву значна менш часу, чым Дзіма. Рэпетыцыйны, пастановачны працэс трымаўся на ім, яго работы былі адзначаны ўзнагародамі на прэстыжных конкурсах. Таму лічу, што ставіць сваё імя побач з Дзімавым — значыць грашыць супраць ісціны.

Хачу больш падрабязна распытаць пра досвед сумеснай працы, якая доўжылася амаль шэсць гадоў. З’яўленне танцтэатра «D.O.Z.SK.I.» у наш нестабільны час стала нечаканасцю, падзеяй, што абвергла агульнае меркаванне, згодна з якім Мінск знаходзіцца на перыферыі сучаснага танца. Што падштурхнула да стварэння ўласнага калектыву?

Дзмітрый: Па-першае, і Вольга і я — з Віцебска. Мы ведаем адно аднаго шмат гадоў. У дзяцінстве абое танцавалі ў харэаграфічным ансамблі «Зорка» Наталлі Чарнюк. Потым, вядома, наведвалі Віцебскі фестываль сучаснай харэаграфіі. IFMC на нас не проста паўплываў — ён выхаваў наш густ, мастацкія інтарэсы, паказаў, куды трэба імкнуцца. Таму на момант паступлення ва Універсітэт культуры я ведаў, што хачу займацца менавіта сучасным танцам. Мне пашанцавала: я стаў салістам ансамбля кафедры харэаграфіі, якім кіруе Святлана Гуткоўская. Мы ператанцавалі шмат рознастылёвых праграм, рэгулярна выступалі на IFMC, супрацоўнічалі з амерыканскімі харэографамі... Тады ж пачаў сачыняць першыя танцавальныя нумары, лепшыя з іх выконваліся ансамблем кафедры. Аднак тое быў пошук, спроба пяра.

Вольга: Хоць мы і вучыліся ў розных ВНУ, але не пераставалі танцаваць і прыдумваць штосьці новае. На момант заканчэння Акадэміі мастацтваў я дэбютавала на IFMC, паказаўшы мініяцюру «Гісторыя аднаго чамадана», паставіла пластычны спектакль «Дах», у якім прыняў удзел Дзіма. У пэўны момант мы сустрэліся ў горадзе, разгаварыліся і зразумелі, што жадаем займацца адным і тым жа. Стварэнне тэатра пачалося з размоў. Пэўна, на ўсіх лаўках горада мы абмяркоўвалі пытанні сучаснага мастацтва і сучаснай харэаграфіі. І ў рэшце рэшт вырашылі аб’яднацца.

Ваш першы сумесны спектакль — аднаактовы балет «Зіма» — зрабіў сур’ёзнае ўражанне. Ён адразу рэпрэзентаваў стылёвую адметнасць калектыву, што выявілася ў арганічным сінтэзе тэатральна-драматычнага і харэаграфічнага мыслення, асацыятыўнасці пластыкі і ў той жа час рэжысёрскай дакладнасці мізансцэн.

Вольга: «Зіма» нарадзілася ў Дзімавай галаве...

Дзмітрый: Так, ідэя і рэжысура мае, а харэаграфію стваралі разам.

Вольга: У гэтым спектаклі мы імкнуліся асэнсаваць выразнасць статыкі, пластычнай паўзы, што не азначае спыненне руху, а, наадварот, стварае незаўважную, але адчувальную энергетычную плынь дзеяння.

Энергія — вельмі важны кампанент сучаснага тэатра. Ва ўсходняй тэатральнай традыцыі майстрам лічыцца той, каго можна назваць «жывым у нерухомасці», а Станіслаўскі вучыў сваіх акцёраў «стаяць у правільным рытме», акумуляваць дзеянне ўнутры цела.

Дзмітрый: Згодны. Часам адсутнасць руху, выразная поза, танец не целам, а ўнутры цела маюць значна большы сэнс, чым самая складаная лексіка, хай сабе і бліскуча выкананая.

Што да «Зімы», то гэты твор па-рознаму ўспрымаецца беларускай і замежнай публікай. Нашаму гледачу ён не надта зразумелы. Мы не рызыкуем паказваць «Зіму» ў Мінску, хоць гэта адзіная наша работа, якая была чатыры разы прэзентаваная ў Маскве і нават мае ўзнагароды Міжнароднага фестывалю «Чатыры элементы: музыка, кіно, тэатр, традыцыя». Менавіта «Зіма» была ўключана ў праграму фестывалю тэатраў танца «Цэх». У Еўропе пастаноўка таксама ідзе «на ўра».

Дзмітрый, цябе хвалюе пытанне ўзаемаадносін «свайго» і «чужога» менталітэтаў. Ты нават пластычна даследуеш яго ў сваіх пастаноўках. Маю на ўвазе мініяцюру «Нічога агульнага», дзе ў парадыйна-эксцэнтрычнай форме прапануюцца два варыянты асэнсавання праблемы — еўрапейскі і славянскі. У першым два салісты з сур’ёзнымі тварамі дэманструюць фарсайтаўскае даследаванне рэакцый цела на вонкавыя і ўнутраныя раздражняльнікі. У другім — азартна скачуць пад дзіцячы шлягер «Жили у бабуси два весёлых гуся», разбаўляючы пластычныя дэканструкцыі Фарсайта танцам упрысядкі і «лебядзінымі» позамі. Сапраўды — нічога агульнага...

Дзмітрый: Мы адрозніваемся ад Захаду па многіх параметрах. У Мінску нашы прэм’еры праходзяць не так, як у Еўропе. Там нават «светлавікі» рэагуюць належным чынам, не патрабуючы дадатковых тлумачэнняў. І адчуваецца, што публіка пільна сочыць за кожнай думкай на сцэне. У замежнай харэаграфіі дамінуе гульня з формай, абстрактнае пластычнае выказванне, у якім больш філасофіі, чым танца. А для нашага гледача ў першую чаргу важна, каб усё было зразумела, хутка і прыгожа. Вось я і прапанаваў падобнае развіццё падзей у згаданай табой пастаноўцы. Яе першая частка даўжэйшая і няўцямная: салісты дзіўна рухаюцца пад дзіўныя гукі, якія нават музыкай назваць нельга. Калі ж напрыканцы гледачы чуюць песню «Жили у бабуси...», то радуюцца, як дзеці, бо ім усё становіцца зразумелым: «Гэта ж, аказваецца, пра гусей!».

Беларусу чамусьці абавязкова трэба ва ўсім адшукаць канкрэтны сэнс. А нас не трэба разгадваць! Проста глядзіце і ўспрымайце. Бо нават размаўляючы на адной мове, можна не зразумець субяседніка, а глядач спрабуе залезці да мяне ў галаву і даведацца, што са мной адбывалася падчас стварэння пастаноўкі. Гэта нерэальна!

А якім бачыцца ваш глядач?

Вольга: Той, хто прыйдзе на паказ тэатра «D.O.Z.SK.I.», — гэта чалавек, які шукае. Таму што, напрыклад, у сённяшнім драматычным тэатры дамінуе публіка, якая прыходзіць нібыта паглядзець тэлевізар. Яна хоча паплакаць, парагатаць, убачыць мыльна-оперныя жарсці. Аднак тэлевізар ёсць дома! Наш тэатр чакае людзей, якія задаюць сабе пытанні.

Дзмітрый: А з іншага боку, не хочацца працаваць выключна для «сваёй» публікі. Нам, як і іншым беларускім калектывам сучаснага танца, не хапае выхаду за межы вузкай глядацкай аўдыторыі.

Вольга: Крыўдна: агульная маса ў нас не мае ўяўлення, што такое сучасная харэаграфія. У Беларусі яшчэ не сфарміравалася інфармацыйнае поле вакол сучаснага танца. І гэта нягледзячы на амаль 25-гадовы стаж віцебскага фестывалю! Многія і дагэтуль лічаць, што сучасная харэаграфія — гэта хіп-хоп ці эстрадны танец.

Дзмітрый: Часам гэта тычыцца і тых, хто мэтанакіравана займаецца харэаграфіяй. Я выкладаю ў БДУ культуры і мастацтваў дысцыпліну «Сучасныя накірункі ў харэаграфіі» — і, на жаль, аказваецца, што многім студэнтам увогуле невядома пра існаванне такіх кірункаў. Гэта сорамна! Хочацца, каб сучасная харэаграфія выйшла на іншы ўзровень. Вялікая праблема ў сённяшнім становішчы беларускага contemporary dance — адсутнасць школы, лабараторыі. Дзякуючы «Цэху» танцуе ўся Расія. А што ў нас?..

На апошнім IFMC у Віцебску Раду Паклітару назваў цябе, Дзмітрый, харэографам міжнароднага ўзроўню. Сапраўды, яшчэ ніводны з беларускіх калектываў сучаснага танца не быў ганараваны такімі высокімі ўзнагародамі і запрашэннямі на прэстыжныя фестывалі. Згадаю XXI IFMC, дзе твая аднаактоўка «Сталасць» у межах міжнароднага конкурсу «выбухнула» 1-й прэміяй — у той час як раней нашы калектывы нават у фінал не праходзілі. Потым было шмат запрашэнняў, у тым ліку на фестываль танцавальных тэатраў «Zawirowanіe» ў Варшаве...

Дзмітрый: У Варшаве ў нас было шмат выступаў, у тым ліку і на сцэне Нацыянальнай оперы, у Каралеўскім замку, дзе мы паказалі паўнавартасныя канцэртныя праграмы. Сапраўдным прарывам для нас аказаўся віцебскі фестываль...

Важным для прафесійнай самаацэнкі аказаўся і VII Міжнародны конкурс балета імя Сержа Ліфара ў Данецку, дзе я атрымаў 2-ю прэмію як харэограф за пастаноўкі «Сталасць» і «Пра балет». Узровень конкурсу стане зразумелым, калі скажу, што журы ўзначальваў легендарны Юрый Грыгаровіч. Трэцяе месца атрымаў маскоўскі Вялікі тэатр, а першае — «Кіеў мадэрн-балет» Раду Паклітару. Гэта, дарэчы, не першы конкурс, дзе нам дастаецца ўзнагарода следам за Паклітару.

Услед за конкурсам у Данецку нас запрасілі выступіць на XVIII Міжнародным фестывалі «Зоркі сусветнага балета» (у тым жа горадзе), які збірае балетных знакамітасцей з усіх кантынентаў. Прынялі ўдзел у гала-канцэрце і паказалі сольны вечар сучаснай харэаграфіі. Нам давялося выступаць на адной сцэне з Марыхіры Івата, Уладзімірам Малахавым, Мікалаем Цыскарыдзэ, Люсіяй Лакара, Нінай Ананіяшвілі (дарэчы, яна запрасіла нас прыняць удзел у святкаванні свайго юбілея). Пры гэтым у Беларусі наш афіцыйны статус — гурток сучаснага танца пры Нацыянальным цэнтры дзяцей і моладзі. У хуткім часе выправімся на міжнародны балетны конкурс у Гановер. Там вельмі строгія ўмовы і крытэры адбору: тры гады запар я дасылаў заяўку, і толькі цяпер яе прынялі.

Мяне ўразіў факт, што цябе, Дзмітрый, Барыс Эйфман запрасіў супрацоўнічаць у якасці кансультанта па сучаснай пластыцы...

Дзмітрый: Не толькі мяне, але і артыстку нашага тэатра Кацю Квяткоўскую. Прычым у якасці супастаноўшчыкаў — мы дапамагалі ставіць новы спектакль «Радэн». Запрашэнне адбылося праз Маю Янсан, якая раней танцавала ў трупе нашага Музычнага тэатра, а цяпер працуе адміністратарам у Эйфмана. Напачатку Барыс Якаўлевіч паставіўся да мяне насцярожана: маўляў, пасядзі ты, хлопец, лепей убаку. Але потым, калі ўбачыў, як я працую з яго артыстамі, кардынальна змяніў меркаванне. У выніку асобныя пастаўленыя мной лексічныя эпізоды, знаходкі ўвайшлі ў балет «Радэн». Напрыканцы Барыс Якаўлевіч наогул не хацеў мяне адпускаць.

Канечне, я ведаў, што Эйфман фанатычна адданы прафесіі, але не ўсведамляў ступені адданасці: ён літаральна жыве тэатрам і ў тэатры. Нават калі знаходзіцца ў працоўным кабінеце, не перастае сачыць за тым, што адбываецца ў рэпетыцыйнай зале, — дзякуючы ўсталяваным відэакамерам. Што да яго артыстаў, то ім уласціва фантастычная працаздольнасць! Яны «не вылазяць» з тэатра з дзесяці раніцы да адзінаццаці вечара. На мае майстар-класы прыходзілі кожны дзень і прасілі яшчэ.

Творчыя шляхі Вольгі Скварцовай і Дзмітрыя Залескага цяпер разышліся. У якім напрамку думаеце рухацца далей?

Вольга: Вельмі хачу, каб удзельнікі «SKVo’S dance company» затанцавалі. Гэта дзяўчаты без прафесійнай харэаграфічнай падрыхтоўкі, якія хадзілі да мяне займацца чатыры гады. Я ўжо паставіла на іх перфаматыўны танцспектакль «Happy Valentine», прэм’ера якога адбылася 3 красавіка ў РТБД, і задумала новы. Хачу спрабаваць як мага больш: іграць у драматычным тэатры, у пластычных спектаклях Яўгена Карняга, самой ставіць і танцаваць. Мне вельмі блізкі еўрапейскі — праектны — тып творчага існавання.

Дзмітрый: Не першы год імкнуся, каб «D.O.Z.SK.I.» атрымалі дзяржаўную падтрымку. Складана існаваць у фармаце андэграўнду, калі не ведаеш, дзе будзеш паказваць новы спектакль, ці хопіць грошай на арэнду памяшкання, на ганарары. У рэшце рэшт мае намаганні да нечага прывялі: з новага года мы станем дзяржаўным калектывам на базе Маладзёжнага тэатра.

Хочацца быць запатрабаваным у сваёй краіне. Можа тады ў афіцыйных колах зменіцца стаўленне да сучаснага танца і ён пазбавіцца маргінальнасці. Падставы для гэтага ёсць. Да прыкладу, у апошні час я ствараю шмат нумароў для навучэнцаў Беларускага харэаграфічнага каледжа, бо ніводны балетны конкурс сёння не абыходзіцца без твораў сучаснай харэаграфіі. Нядаўна балерына нашага Тэатра оперы і балета Кацярына Алейнік на конкурсе ў Хельсінкі паказала маю кампазіцыю «Я і Я».

У Беларусі надышоў час для папулярызацыі сучаснага танца. Але на гэта павінна працаваць уся сістэма: і Міністэрства культуры, і ВНУ, і тэлебачанне, і арт-менеджары. Памятаю, як пасля рэкламнага тэлесюжэта пра наш канцэрт адзін з калег запытаўся: «А вы, выпадкам, не запапселі?» Чаму? Таму што звярнуліся да шырокай аўдыторыі? Вось распаўсюджанае ўспрыманне сучаснага танца. Маўляў, калі гэта contemporary dance, так толькі для абранага гледача. Ды хопіць ужо сядзець у падполлі!

Святлана Уланоўская