Вена бальная і цымбальная

№ 8 (353) 01.08.2012 - 31.08.2012 г

Беларуская фіналістка класічнага «Еўрабачання-2012»

/i/content/pi/mast/59/1002/18.jpg

Канцэрт у Філармоніі. Дырыжор Яўген Бушкоў. Мінск. 2011.

Імя беларускай цымбалісткі Аляксандры Дзенісені сёлета пачуў увесь свет: навучэнка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўдзельнічала ў класічным «Еўрабачанні-2012», што адбываецца ў Вене раз у два гады. Прайшоўшы на паўфінале строгі адбор перад тамтэйшым журы, Аляксандра стала адной з усяго сямі фіналістак. У выніку атрымала магчымасць выступіць з сімфанічным аркестрам Венскага радыё — і Еўропа адкрыла для сябе беларускія цымбалы, выканальніцкія магчымасці якіх так разнастайна прадстаўлены ў музыцы нашага кампазітара Уладзіміра Кур’яна.

Саша, якія ўражанні ты прывезла? Што запомнілася?

— Усё! Натхняў ужо сам горад. Дагэтуль я была ў Вене аднойчы, але праездам. Зараз таксама вольнага часу заставалася нямнога: самалёт, атэль, кансерваторыя, дзе нам даваліся класы для заняткаў, рэпетыцыя — і панеслася. Але я змагла ацаніць, наколькі гэты горад... ну, проста неверагодна прыгожы! Будынкі ўзводзіліся ў розныя часы і ў розных стылях, але ўсе дэталі пасуюць адна да другой. Глядзіш — і адразу быццам чуеш музыку венскіх класікаў: усё гарманічна, узнёсла, нішто не парушае адчування завершанасці — класічнасці, іначай і не скажаш. Пасля паўфіналу былі экскурсіі па Дунаі, наведалі мы і дом, дзе жыў Моцарт. Але тым, хто ў фінал не прайшоў, у гэтым сэнсе больш пашчасціла: у іх з’явілася шмат вольнага часу, які арганізатары запоўнілі культурнай праграмай. Фінал быў на адкрытым паветры — на плошчы перад ратушай. І калі я выходзіла на сцэну, прыбудаваную да ратушы, калі бачыла, як на далоні, усю плошчу, безліч людзей на ёй, — адчуванні былі незвычайныя. У такіх умовах мне раней выступаць не даводзілася.

А паўфінал?

— Ён праходзіў у Шубертавай зале, і там абстаноўка была больш камернай. Я іграла сола і са сваім канцэртмайстрам Яўгеніяй Радзюк. На подступах да фіналу дзве першыя рэпетыцыі з аркестрам адбываліся ў Залатой зале, дзе, як нам распавялі, на Каляды заўсёды выступае Берлінскі філарманічны аркестр. Яшчэ адна рэпетыцыя і генеральны прагон — ужо на плошчы. Запомнілася і кансерваторыя, там вельмі цікавыя інтэр’еры — сучасныя, са стыльным дызайнам. Вельмі добрыя, чуллівыя на дотык раялі. А вось цымбалаў нашых беларускіх — вядома, няма!

Як, дарэчы, ставіліся да твайго інструмента іншыя музыканты? У нас, здараецца, пыхлівыя акадэмічныя аркестранты могуць жартам назваць цымбалы нават дровамі — маўляў, прымітыўная канструкцыя! Не тое, што ў тых жа духавых, дзе так многа выгнутых трубак, клапанаў...

— Вы наўмысна крыўдзіце? Не абражайце! Канешне, цымбальны Страдывары ў нас яшчэ, пэўна, не нарадзіўся, але сам па сабе гэты інструмент — з багатымі магчымасцямі. Невыпадкова ён мае так шмат разнавіднасцей: кожны народ адну і тую ідэю — струны, на якіх іграюць палачкамі ці іншымі прыстасаваннямі, — удасканальваў па-свойму. Тамтэйшыя аркестранты беларускіх цымбалаў, вядома, не чулі. І калі я зайграла, некаторыя прыўставалі, каб паглядзець, як гэта атрымліваецца. А калі я зайграла па струнах не палачкамі, як звычайна, а ключом для настройкі інструмента, як гэта прыдумаў кампазітар Уладзімір Кур’ян, дык узнялася ледзь не палова аркестра, твары засвяціліся ўсмешкамі. Сапраўды, гук пры такой манеры ігры атрымліваецца зусім незвычайны, быццам гавайская гітара дзесьці ў касмічнай прасторы.

Непаразуменняў не было? Бо саліст можа хацець аднаго, дырыжор — іншага, а тут яшчэ і кампазітар, які таксама, ведаю, з вамі ездзіў.

— 9 мая ён пайшоў на плошчу святкаваць Дзень Перамогі разам з аўстрыйцамі. Расказваў, там было і шмат рускіх. Нейкі мясцовы музыкант іграў на акардэоне. Кампазітарская душа не вытрымала. Уладзімір Кур’ян узяў у яго інструмент — і пачаў «запальваць» самымі знакамітымі мелодыямі ваенных гадоў. Кажа, публіка была ў захапленні! А з уладальнікам інструмента яны пасябравалі. Што ж да фіналу, дык я вельмі ўдзячна дырыжору і ўсім аркестрантам — паміж намі склаўся сапраўдны «дуэт згоды». Кампазітар хіба падкарэктаваў тэмпы. Перамовы вяліся па-англійску. Перакладчык быў, але мы змаглі дамовіцца і без яго: у музыцы «пасрэднікі», бывае, толькі замінаюць.

А сцэнічны строй? Чаму ўсе дзяўчаты-фіналісткі былі ў ружовым? Таксама дамова?

— Ды не, так атрымалася выпадкова — проста супала. Звычайна я іграю ў чорным — строга, акадэмічна. Але для гэтай паездкі (усё ж фестываль, адкрытая пляцоўка, тэлетрансляцыя) вырашылі пашыць адмысловую канцэртную сукенку. Арганізатары не ставілі ніякіх спецыяльных умоў. Адзінае — яны самі размеркавалі, хто за кім будзе выступаць. І калі я даведалася, што буду выходзіць першай... Гэта ж якая адказнасць! Але паспрабавала знайсці ў тым і плюсы. Выступаю першай — значыць, абавязкова запомнюся. І змагу паслухаць усіх астатніх.

І хто ўразіў?

— Усе музыканты — цудоўныя. Уражанні — самыя лепшыя. Дый на самім конкурсе мы не адчувалі сябе канкурэнтамі, хутчэй — сябрамі. Шмат для гэтага зрабілі і арганізатары. Я ўжо заўважыла, што калі на конкурсе ўсё працуе, як гадзіннік, калі не толькі каардынуецца агульны план правядзення, а яшчэ і прадугледжваецца кожная дробязь, калі адбываецца ўсё зладжана і своечасова, дык гэта і стварае тую самую добрую псіхалагічную атмасферу. Асабіста ж мяне больш за ўсё зацікавіў канон — армянскі народны інструмент. Ён чымсьці падобны да цымбалаў, але канфігурацыя крыху іншая. А галоўнае, там і струны іншыя, і, адпаведна, манера ігры на іх. Даведалася многа новага!

А мінскіх сяброў не давялося пераацэньваць? Бывае, чужыя поспехі не толькі не радуюць, але і падштурхоўваюць да ўсялякіх дробных паскудстваў. Дый самі музыканты часта заўважаюць, што на чужой сцэне выступаць бывае куды ўтульней, чым на сваёй: там чакаюць ад цябе музыку, а тут часам — каб ты нарэшце памыліўся.

— Ну, што вы! Калі ішла прамая трансляцыя з Вены, дык маіх аднакласнікаў запрасілі ў тэлестудыю і яны разам «хварэлі» за мяне, давалі свае каментарыі, віншавалі. Я адчувала іх падтрымку! У Вене ж была крыху іншая публіка — фестывальная: там проста атрымлівалі асалоду ад музыкі, адпачывалі, лавілі імгненні жыцця і радаваліся ім. Спалучэнне такіх трох энергетык (заспакоена-ўзнёслай — з плошчы, зацікаўлена-салідарнай — з аркестра, усхвалявана-ўпэўненай — ад усёй нашай дэлегацыі і, шырэй, з Беларусі, дзе слухалі маё выступленне) і стварала, пэўна, тую агульную атмасферу класічнага «Еўрабачання», якую я і адчувала. Свой унёсак у такую аўру добразычлівасці зрабіў і былы навучэнец нашага каледжа Іван Карызна: два гады таму ён таксама прайшоў у фінал «Еўрабачання», а праз год стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага, сачыць за якім можна было з любога куточка свету, бо ў інтэрнэце вяліся прамыя трансляцыі. Так што высокі статус беларускага акадэмічнага выканальніцкага мастацтва — не пустыя словы.

Конкурс скончыўся, і замест адпачынку ці прынамсі звыклых заняткаў у каледжы ты паехала на чарговыя спаборніцтвы — у Брэст: што называецца, літаральна па дарозе з Вены ў Мінск.

— Гэта быў Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча. Ён праходзіць у два туры...

... і перамога на ім дае магчымасць паступіць у нашу Акадэмію музыкі без іспытаў. А вось выхад у фінал «Еўрабачання» такой магчымасці не дае. І гэта, у сваю чаргу, дазваляе цалкам небеспадстаўна сцвярджаць, што статус нашага конкурсу — вышэй! А ты ж у Брэсце атрымала Гран-пры.

— Параўнанне сапраўды вельмі кідкае: я ніколі да такога не дадумалася б. Але яно, скажам шчыра, навукова некарэктнае. Кожны конкурс вызначаецца сваімі адметнасцямі, кожны шукае менавіта свайго пераможцу.

Тады можна без аніякіх ваганняў сказаць, што цябе адшукалі і прынялі як сваю многія конкурсы. Ужо, мабыць, больш за дзясятак...

— Я ўдзельнічаю ў іх з шасці гадоў. Кожны — гэты нейкі крок наперад. Бо конкурсу папярэднічае вялікая падрыхтоўка, ён дае дадатковы стымул, адчуванне ўпэўненасці.

Дзяцінства «ў абдымку» з цымбаламі — гэта добра ці дрэнна?

— Гэта — нестандартна. Бацькі ў мяне не музыканты: маці — урач, бацька — інжынер. Мама хацела, каб я іграла на фартэпіяна. Але не ўзялі: маўляў, пальцы маленькія. Так што цымбалы, мабыць, самі мяне абралі. І я ўдзячна лёсу, што ў пачатковых класах патрапіла да выкладчыцы Ларысы Ляўковіч, якая не адбіла ў мяне гэту ахвоту, а ўжо ў каледжы — да знакамітай Таццяны Сергяенка, якая выхавала безліч найталенавітых музыкантаў і сярод іх — сусветна вядомага Міхаіла Лявончыка. Тут пачаўся ўжо зусім іншы ўзровень.

Няўжо ніколі не хацелася кінуць усё — і... Што далей?

— Было ўсялякае, але — збалансавана. Летам, калі адпачываць ехалі, цымбалы, бясспрэчна, бралі з сабой. Затое потым уся вёска збягалася — «на канцэрт». А з-за аднаго канцэрта (праўда, на іншай сцэне — у Палацы Рэспублікі) я не патрапіла на свой дзень нараджэння. Мне тады 10 гадоў спаўнялася, і такі «юбілей» вырашылі адсвяткаваць у макдональдсе. Я запрасіла сяброў, яны сабраліся, а мой выхад у гала-канцэрце раптоўна перанеслі. Што рабіць? Пачалі адзначаць без мяне — без мяне, так здарылася, і скончылі. Затое я, можна сказаць, адсвяткавала на сцэне. Што можа быць лепей?..

 Надзея Бунцэвіч