Сёння, каб прывабіць патэнцыйнага слухача народнай музыкай, трэба прыкласці нямала намаганняў. Так, “Купалінка” прыцягвае публіку сваёй адметнасцю — стыльнымі сцэнічнымі касцюмамі, сакавітай беларускай мовай, адлюстраваннем народных звычаяў і традыцый — на сцэне можна ўбачыць і вясельны абрад, і Купалле, і тыя ж Каляды. Усё гэта складае тэатралізаванае дзейства. У адрозненне ад многіх калектываў мы маем, як я лічу, гарманічны сінтэз песні, музыкі, танцавальных элементаў. Усё гэта знітавана ў адной праграме. У выніку, на сцэне перад гледачом разгортваецца сапраўднае народнае свята.
Некалькі дзясяткаў замежных выступленняў гэтаму пацвярджэнне. Летась у нас было толькі 8 канцэртаў у Польшчы. Акрамя таго, “Купалінка” выступала ў Фінляндыі, Расіі, Украіне, Эстоніі, Літве і Францыі. І гэта не лічачы дзясяткаў канцэртаў у Беларусі.
Такая праца дазваляе прывабіць моладзь, якая звычайна складае на нашых канцэртах ці не палову глядзельнай залы. Я сваім артыстам заўсёды кажу: паважайце сябе і не падзяляйце аўдыторыю на сельскую або гарадскую. Заўсёды праграма мае быць прадстаўлена на высокім узроўні. Для нас не можа быць аўдыторыі першага ці трэцяга класа.
Яшчэ адзін сакрэт поспеху: разнастайнасць канцэртных праграм. Я фармірую адмысловую праграму пад кожнае мерапрыемства.
Вядома, трэба рухацца ў нагу з часам. А таму, акрамя канцэртаў, актыўна займаемся і сваім удасканаленнем, творчай працай. Пашанцавала, што дапамагае нам у гэтым Беларуская дзяржаўная філармонія — і касцюмамі, і апаратурай.
А вось чаго не хапае, дык гэта студыйных альбомаў. На жаль, праблему вырашыць не проста. Хацелася б мець дыскі з рознымі нашымі праграмамі: акадэмічнай, фальклорнай, каляднай. Каб былі якасныя прафесійныя фанаграмы, неабходна добрая студыя, майстры па звядзенні. А рабіць няякасна зусім не хочацца. Аднойчы вядомы гукарэжысёр сказаў: з вашымі запытамі едзьце запісваць альбом у Лондан… Задумваліся над рок-аздабленнем аўтэнтычнага фальклору. Рэальна зрабіць якасны музычны прадукт, але, з іншага боку, у Беларусі вельмі цяжка знайсці аранжыроўшчыка, які б змог арганічна звязаць фальклор і сучасную музыку.
Пераканана, што ў любога музычнага калектыву павінен быць і якасны рэкламны матэрыял. Так, мы маем задуму выпусціць сувенірныя майкі з выявамі “Купалінкі”. Але ўсё ўпіраецца ў фінансы… А зрабіць прафесійны кліп без спонсарскай дапамогі сёння ўвогуле нерэальна. Калі прыязджаем на гастролі ў Маскву, адразу пытаюцца — а колькі ў вас спонсараў? І вельмі дзівяцца, калі адказваем, што ніхто, апроч дзяржавы, нас не падтрымлівае...
Яшчэ адзін наш клопат — візуалізацыя сцэны на канцэртах. Той жа відэашэраг дазваляе стварыць адпаведную нашым песням атмасферу, паказаць каларыт народнай творчасці. У нас жа гэтага ўсяго няма, нават на сольных канцэртах у філармоніі. Там адсутнічае вялікі экран, на якім можна было б дэманстраваць відэа. Словам, пакуль няма тэхнічных магчымасцей. А таму даводзіцца ўводзіць у выступленне хаця б гукі прыроды, якія падкрэсліваюць лірычныя матывы беларускай народнай музыкі.