Сёлета дзяўчаты падрыхтавалі чарговы бібліятэчны “магніт”, які, без сумневу, прыцягне дадатковых чытачоў. 27 лістапада ў Дзіцячай бібліятэцы № 1 адкрыецца выстаўка кніжных вясельных сукенак “Bride-to-read”. Назва — англійская, але галоўныя героі акцыі — літаратурныя персанажы кніг пра каханне, створаных беларускімі пісьменнікамі. Інтрыга? Самая сапраўдная! Пра гэта — і гаворка з начальнікам аддзела маркетынгу сталічных дзіцячых бібліятэк Вольгай ВОЎК.
— Поспех аддзела ў тым, што ў складзе яго — маладыя дзяўчаты, якім не лянотна думаць?
— Так, мы маладыя: мой намеснік Аляксандра Ашкінадзэ, супрацоўніцы Тоня Вінаградская, Вікторыя Бародзіч. Сярэдні ўзрост — крыху больш за 25 гадоў. І вынаходзіць ідэі нам сапраўды цікава.
— А патлумачце, калі ласка, “тэхналогію” выніковага думання.
— “Нарадзіць” праект нескладана. Складана яго рэалізаваць. Тым больш, пры адсутнасці фінансавання.
— Але з рэалізацыяй у вас праблем няма. Чаму яны ўзнікаюць на сяле?
— Я думаю, прычына тут крыецца ў тым, што ва ўстановах аграгарадкоў, у сельскіх бібліятэках няма адпаведнага штату. Аддзел маркетынгу не займаецца абслугоўваннем чытачоў. А ў бібліятэкара — план па кнігавыдачы.
— Так і атрымліваецца на практыцы. Пры раённых бібліятэчных структурах дзейнічаюць маркетынгавыя аддзелы. Але на кожную сельскую бібліятэку яны свой крэатыўны ўплыў, як падаецца, распаўсюдзіць не здольныя. Дзейнічае, відаць, прынцып “свой розум у чужую галаву не ўкладзеш”… Бібліятэчны маркетолаг, у ідэале, — парушальнік чытацкага спакою?
— У нашым выпадку, не толькі дзіцячага, але і дарослага. Ёсць попыт на нашы акцыі, і мы яго бясплатна задавальняем.
— Як часта выдаеце на-гара праекты з удзелам акцёраў, музыкаў, спевакоў, пісьменнікаў?
— Вялікія праекты, разлічаныя на прэсу і розгалас, — прыкладна раз у год. Не забывайцеся, што мы займаемся і ўнутранымі справамі. Сёлета наладзілі заняткі Школы бібліятэчнага лідарства, якая займаецца павышэннем кваліфікацыі бібліятэчных супрацоўнікаў. “К” пра гэта пісала.
— Медыйныя персоны, адчуваючы сацыяльную адказнасць, ахвотна з вамі супрацоўнічаюць?
— Так. Гэта яшчэ і сябры нашых сяброў. З сёлетнім праектам, да прыкладу, нам вельмі дапамаглі пісьменнікі Жэня Пастарнак і Андрэй Жвалеўскі. Яны — таксама нашы чытачы і частыя госці.
— Як узнік новы праект?
— Тут і мазгавога штурму не спатрэбілася. Наша дзяўчына выходзіла замуж, выбірала вясельную сукенку… Ідэя кніжнага вясельнага ўбрання ляжала на паверхні… А апранаць яго мы будзем на гераінь твораў Наталлі Батраковай, Тамары Лісіцкай, Леаніда Дранько-Майсюка, Алены Брава… Да справы падключыўся малады дызайнер Марта Касцюкевіч — дзяўчына з арыгінальным бачаннем сучаснай моды і сучаснай літаратуры.
— Чым яшчэ будзе адметная выстаўка кніжных вясельных сукенак?
— Абмеркаваннем нестандартных ідэй па правядзенні вяселляў, аўтограф-сесіямі пісьменнікаў, літаратурнымі варыяцыямі на тэму hand-made (майстар-класы па вырабе паштовак і дызайнерскіх упрыгожанняў)… Словам, пастараемся звесці ў адно кнігі і сукенкі. Усё разам павінна пераўтварыцца ў модна-вясельна-літаратурнае свята ў сценах сталічнай Дзіцячай бібліятэкі № 1. Працягнецца яно да 3 снежня.
— Я не чуў пра аналагі вашай “вясельнай” ідэі. Як збіраецеся абараняць аўтарскія правы?
— Ведаеце, чым больш у нас скрадуць, тым багацейшай будзе бібліятэчная справа. Мы рады дзяліцца.
— Вас матэрыяльна стымулююць за крэатыў?
— Мы атрымліваем за яго заработную плату.
— Няма задумы адкрыць прыватнае крэатыўнае бюро?
— Любоў да кнігі не надта стасуецца з камерцыяй…