Хочацца падзяліцца сваімі думкамі наконт падыходаў у менеджменце культурных праектаў. У свой час я вучылася праектнаму менеджменту ў сферы культуры ў Маскве (Расійска-брытанская магістратура), пры гэтым мая дысертацыя прысвечана вывучэнню беларускага, а калі больш дакладна — мінскага вопыту адукацыі ў сферы культурнага менеджменту.
Маё перакананне: навучанне менеджменту культурнай сферы трымаецца на трох кітах. Гэта — пастаянная камунікацыя з экспертамі, паўнавартасная практыка, а таксама фарміраванне сувязей з грамадскасцю. У Беларусі адчуваецца відавочны недахоп камунікацыі з замежнымі экспертамі — не так часта студэнты могуць трапіць на майстар-класы з першакласнымі спецыялістамі. А сама ж практыка часцяком ператвараецца ў фармальнасць. У выніку юныя менеджары не ў курсе рэальных падзей, якія адбываюцца навокал. Таксама далёка не кожны сённяшні выпускнік грунтоўна ведае, як працаваць з бюджэтам, рэсурсамі, выдаткаванымі на правядзенне мерапрыемства. Самае галоўнае — пачаткоўцы не могуць уявіць сабе адразу ўвесь праект цалкам, а не па частках. Адным словам, падрыхтоўцы нашых менеджараў бракуе практычнай арыентаванасці.
У той жа час, еўрапейская адукацыя скіравана на практыку, камунікацыю з экспертамі. Нават у Маскве большую частку заняткаў праводзяць прафесійныя менеджары. Самае галоўнае — такія выкладчыкі могуць падзяліцца не толькі навуковай інфармацыяй, але і рэальнымі кантактамі, фактамі з жыцця.
Што да айчынных студэнтаў-культуролагаў, то яны мусяць пачынаць практычную дзейнасць не на пятым курсе, а як мінімум на трэцім: шукаць варыянты, прыдумляць праекты, а затым зрабіць рэальныя крокі па яе рэалізацыі.
Менеджар культуры — чалавек, які павінен прыдумаць сабе ўсё самастойна. Пакуль ты студэнт, трэба выкарыстоўваць час для міжнародных стажыровак, тым больш, на Беларусі дзейнічае вельмі шмат інтэрнэт-рэсурсаў, да прыкладу adukacyja.info, дзе можна знайсці гранты, стажыроўкі, удзел у адукацыйных праектах на любы густ. Шчыра кажучы, у беларусаў маецца значна больш магчымасцей паехаць на стажыроўку ў Заходнюю Еўропу, у параўнанні з расіянамі.
Іншае пытанне — адкуль браць грошы на рэалізацыю культурнага праекта? Ці зможа адказаць на яго сённяшні выпускнік-культуролаг? А яго выкладчык? На жаль, пра гэта ніхто сур’ёзна не задумваецца. І ў выніку атрымліваецца, што ўсе ўсё робяць практычна бясплатна, асабліва калі гэта датычыцца сацыякультурных праектаў. Гэта можна сказаць і пра мой мінскі тэатральны праект “Backstage”. Усе ўдзельнікі (а гэта прафесійныя акцёры), таксама, як і арганізатары, цягам дзесяці дзён працавалі абсалютна бясплатна.
У нашай краіне, за выключэннем асобных мабільных аператараў, а таксама некаторых банкаў, такіх інтузіястаў вельмі мала. Але і казаць, што ў Беларусі не ажыццяўляюцца крэатыўныя культурныя праекты, нельга. Іншая справа, што пераважная іх большасць — уласная ініцыятыва менеджараў.
У той жа час, арганізацыю расійскага культурнага праекта звычайна фінансуе спонсар. У Маскве, да прыкладу, культурны рынак набірае абароты. Гэтаму, найперш, спрыяе гарадское кіраўніцтва, якое арыентавана на сучасныя падыходы ў развіцці культуры. Праекты скіраваны на прыцягненне маладых ініцыятыўных менеджараў культуры, якім вельмі патрэбна практыка, і самае важнае — яны робяцца не дзеля “птушачкі”.
Зразумела, Глыбокае, Лепель або іншы беларускі райцэнтр не можа параўнацца з Масквой. Тым не менш, і ў гэтых гарадах можна і нават трэба рэалізоўваць цікавыя арт-праекты. Наконт гэтага маю колькі прапаноў. Так, спецыяліст, калі ён прафесіянал, павінен ехаць у той жа Лепель, папярэдне грунтоўна вывучыўшы сітуацыю гэтага райцэнтра. Ён павінен ужо ўяўляць, праект якога кшталту плануе ажыццявіць: сацыяльнай скіраванасці, разлічаны на развіццё тэрыторыі або культуры. Трэба знайсці і тэму праекта, знайсці ці прапрацаваць магчымасці раскруткі ўжо існуючага брэнда. Важна прадумаць і крыніцы на фінансаванне праекта. Пасля гэтага можна ўжо і звязацца з кіраўніцтвам райцэнтра, падзяліцца сваім бачаннем будучага мерапрыемства і пры паразуменні пачынаць праект. Паверце, гэта ўсё рэальна. Існуе толькі адна ўмова: праект трэба рабіць.
І яшчэ адно. Можна колькі заўгодна шукаць вінаватых у сціпласці айчыннага арт-рынку, але, нават пры самых спрыяльных умовах, без уласнай ініцыятывы ніякі праект не атрымаецца.
Фота Кастуся АНТАНОВІЧА