Славуты маскоўскі тэатр прыемна здзіўляе размахам, вектарам і сваёй скіраванасцю. І гэта нягледзячы на тое, што многія з матэрыялаў праекта, па сцвярджэнні Паўла Руднева, знаходзяцца на стадыі праверкі і тэхнічнай дапрацоўкі. Дарэчы, электронныя версіі кніг з медыятэкі МХАТа павінны з’явіцца ў фондах Бібліятэкі Кангрэса ЗША, у расійскіх і міжнародных бібліятэчных сістэмах.
Падумалася: а чаму б не аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых асоб, спецыялістаў і стварыць падобны інтэрнэт-праект, прысвечаны гісторыі беларускага тэатра, пачынаючы ад яго першых крокаў, станаўлення і заканчваючы нашымі днямі? Па ўсіх напрамках: драматычны тэатр, лялечны, дзіцячы, оперны, балетны, музычны. Гэты праект можа сумяшчаць функцыі як бібліятэкі, так і энцыклапедыі. Тут можна размясціць шматлікія даследаванні, артыкулы нашых тэатразнаўцаў, прысвечаныя знакавым персонам, з’явам і падзеям беларускага тэатра. Не бачу нічога дрэннага ў тым, каб кнігі, выдадзеныя аднойчы абмежаванымі тыражамі, атрымалі электронны варыянт і знаходзіліся б у вольным доступе, каб каштоўнай інфармацыяй, якая ў іх закладзена, скарысталіся б журналісты, тэатразнаўцы, гісторыкі — ды хто заўгодна. І — у любой кропцы зямнога шара.
Нядрэнна было б прыцягнуць да праекта не толькі сталічныя, абласныя, але і рэгіянальныя тэатры. На сваіх персанальных старонках яны змаглі б самастойна выкласці гісторыю калектываў, указаўшы на важныя факты, звязаныя са станаўленнем той або іншай трупы.
Яшчэ. Возьмем, напрыклад, тэатральныя фестывалі. Ад узніклага на нашых вачах “Лялькі над Нёманам” да зніклых з фестывальных карт ці адкладзеных на нявызначаны час. Гэта Фестываль маладых тэатральных талентаў у Гродне, Рэспубліканскі фестываль “Маладзечанская Сакавіца”, Міжнародны фестываль монаспектакляў “Я”. Як бы хто да іх ні ставіўся, няўжо гэта не факт гісторыі?
Аднойчы ў сацыяльнай сетцы я знайшоў групу пад назвай “Блог пра беларускі тэатр”. Энтузіясты сабралі і выклалі 62 запісы спектакляў. Яны розныя па ўзроўні, па змесце і па харэаграфіі: Мінск, Магілёў, Віцебск... У калекцыі ёсць і “Паўлінка” 1952 года. Гэта цудоўная, на мой погляд, ідэя, што патрабуе асэнсавання і больш абгрунтаванага падыходу прымяняльна да інтэрнэт-праекта.
У загаловак артыкула мною спецыяльна вынесена шэкспіраўская цытата. Вельмі цікава даведацца, у які бок перацягнуць шалі вагаў. Запрашаю ўсіх на абмеркаванне ідэі! Зрабіць гэта можна на старонках сацыяльных сетак штотыднёвіка: facebook.com/kimpressby і vk.com/kimpressby.
Аналагічную прапанову для рэгіянальных устаноў культуры агучыў дырэктар СДК з Асіповіччыны Мікалай Забаўскі тут.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА