Медзь і “золата” званоў

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Апошнім часам мы ўжо так прызвычаіліся да царкоўнага звону, які суправаджае нас у будні і, асабліва, у святы, што нават не задумваемся, хто так хутка падрыхтаваў цэлую плеяду айчынных спецыялістаў у гэтай справе.

/i/content/pi/cult/250/3669/7kultura14.gif
Богаяўленская царква і званіца. Магілёў. 1909 г.

Школа званароў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, якой днямі споўнілася 10 гадоў, выпусціла больш як 170 кваліфікаваных кадраў, што працуюць не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. Выхаванцы школы неаднойчы станавіліся пераможцамі прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў. А галоўнае — яны змянілі саму гукавую ауру нашых гарадоў і вёсак. Бо яшчэ зусім нядаўна звон можна было пачуць хіба ў гістарычных ці дакументальных кінастужках.

Пасля працяглага вымушанага перапынку званы “загаварылі” ў нас “на ўвесь голас” толькі ў 1988-м — у гонар 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Але на той час захавалася іх няшмат… 

Сёння школа званароў, дарэчы, не толькі навучае, а і дапамагае падбіраць званы, усталёўваць іх, нават праводзіць раскопкі. Але яе дырэктар, магістр мастацтваў Багдан Бярозкін заўсёды падкрэслівае, што на месца археолагаў яны не прэтэндуюць. З дапамогай вайскоўцаў спрабавалі неяк адшукаць у вёсцы Шпакоўшчына, што непадалёк ад Глыбокага, закапаны пад час Вялікай Айчыннай вайны звон. Праўда, тыя пошукі не зведалі поспеху: сведкаў не засталося, бомбашукальнік рэагуе літаральна на кожны цвічок, а ў нашых землях столькі металу! Асабліва з часоў вайны. Дарэчы, той звон таксама ў вайну прыхавалі. Кемлівыя сяляне выкарыстоўвалі яго, каб папярэджваць партызанаў пра фашысцкія аблавы. Немцы, як пра гэта даведаліся, вырашылі яго зняць. Ды хтосьці паспеў расказаць вяскоўцам, і тыя ўначы ўпотай закапалі звон. Але ж колькі гадоў прайшло! Ходзяць чуткі і пра тры вялізныя званы, што паспелі закапаць ужо ў пасляваенны час, калі разбуралі храм у адным з гарадкоў. Савецкія ўлады на тым зруйнаваным месцы адкрылі кірмаш. Ён стаіць там і цяпер. Лічыцца, што званы закапаны дзесьці ля ўвахода. Але няма ўпэўненасці, што пры будаўніцтве кірмашу званы не знайшлі і гэтак жа ўпотай, пад выглядам начных будаўнічых работ, не вывезлі. Дакладнага месца, зноў-такі, не ведае ніхто.

 Затое набытыя веды, колькі ні “закопвай”, абавязкова ўзрастуць. У гэтым “узрошчванні” кваліфікаваных спецыялістаў —  прызначэнне Школы званароў. Тут вучаць ставіцца да мастацтва звону і беражліва, як да традыцыі, і творча, як да магчымасці самарэалізацыі. Бо існуе чатыры віды звону. 

Дабравест, калі звоняць у адзін звон, мае пераважна прыкладны характар: абвяшчае пра пачатак службы. Пахавальны, які вядзецца ад малога звона да вялікага, па-філасофску сімвалізуе этапы чалавечага жыцця і несмяротнасць душы. Вадасвятны (ад вялікага да малога, па сем разоў у кожны) —  сашэсце Божага дару. А вось перазвон, калі “б’юць ва ўсе званы”, не абумоўлены ніякімі канонамі: працягласць звону, рытмічныя і меладычныя малюнкі —  усё залежыць ад самога званара, тут ён можа прадэманстраваць усё сваё майстэрства. Асаблівасць Школы ў тым, што яна вучыць звону не проста як мастацтву, а як неад’емнай частцы праваслаўнай традыцыі. Гэта даўно ўжо адзначылі нашы замежныя калегі. Невыпадкова заднаго расійскага фестывалю беларуская Школа званароў звезла ў свій час усё “золата”: нашы званары атрымалі Гранпры, Першую прэмію, Трэцюю і спецыяльны прыз “За царкоўнасць звону”.

 Асаблівасць школы яшчэ і ў тым, што, адраджаючы і працягваючы званарскія традыцыі, якія складаліся стагоддзямі, яна, разам з тым, закладае свае, новыя традыцыі ў адукацыйнай сферы. Бо раней мастацтва звону перадавалася выключна адным спосабам:  непасрэдна ад майстра да вучня, як у фальклорнай традыцыі, без аніякіх спецыяльных навучальных устаноў. Дый цяпер можна сустрэць меркаванне, што па-сапраўднаму навучыцца можна толькі “з вуснаў у вусны”. 

Але ў Школе званароў лічаць: галоўнае —  было б жаданне. І практыкуюць “безадборную” сістэму навучання — паводле рэкамендацый прыходаў і манастыроў. Прымаюць ва ўзросце ад 18 гадоў без аніякіх іспытаў ці конкурсу атэстатаў, незалежна ад наяўнасці музычнай адукацыі, зыходзячы з меркавання, што самі званарскія традыцыі існуюць у кожным з нас літаральна на генетычным узроўні. 

Пра тое, што мастацтва звону шмат у чым садзейнічала захаванню асаблівасцей славянскай культуры, сцвярджаюць і навукоўцы. На святкаванне 10-годдзя школы званароў з’ехаліся шматлікія госці і прафесура з Расіі, Украіны, Славеніі.  Гісторыі і сучаснасці звона была прысвечана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Быў праведзены майстар-клас, на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся канцэрт: нашы званары і навучэнцы дзіцячай музычнай школы № 9, дзе Б.Бярозкін таксама вядзе клас звону, выступілі разам з харавымі і аркестравымі калектывамі Мінска і Магілёва (з гэтым горадам школу званароў звязвае і неаднаразовы ўдзел у Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа”, і іншыя сумесныя выступленні з Аркестрам рускіх народных інструментаў імя Л.Іванова Магілёўскай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава).

 Надзея БУНЦЭВІЧ