Пра тое, што жыхары старадаўніх Полацка, Віцебска, Мінска, Брэста збіралі грыбы, сведчаць некаторыя археалагічныя знаходкі. Напрыклад, у час раскопак трапляліся рэшткі посуду менавіта для такога занятку: берасцянкі, лубкі, кашы. Але, каб трапляліся самі грыбы, пра тое наўрад ці хто думаў.
Між тым, у культурным слоі сярэднявечнага Віцебска, які вельмі добра захоўвае рэчы арганічнага паходжання, у пласце XІІІ - XIV стст. знойдзены грыбы-порхаўкі. Расліны гэтыя добра захаваліся, маюць карычневы колер. Іх памеры - 3,5-4 на 4,2-5,5 сантыметра. З якой мэтай ужываліся гэтыя грыбы? З народнай медыцыны вядома, што порхаўкамі загойвалі раны, парэзы, язвы. Хутчэй за ўсё, з гэтай нагоды збіраліся яны і ў той час.
Але, бадай, найбольш цікавай з'яўляецца знаходка грыба ў пласце XІ - XIІ стст. з раскопак старажытнага Слуцка. Па вызначэнні старшага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Г.І. Сяржанінай, знойдзены ў Слуцку грыб адносіцца да так званых "пеўнікаў". Гэта ядомы грыб, але рэдкі. Народныя назвы гэтага грыба - "пеўнік", "курачка", "лось". Па знешнім выглядзе гэтыя грыбы падобны да лісічак, але большых памераў, маюць карычневы колер і цёмна-карычневыя лусачкі на версе шапачкі. З адваротнага боку шапачка грыба мае светла-карычневыя ці крэмавыя шыпікі. Расце такі грыб пераважна ў сухіх хвойных лясах. Знойдзены ў Слуцку пры раскопках ласіны грыб добра захаваўся. Яго вышыня - 5 сантыметраў, памеры шапкі - 9 на 9,5 сантыметра, таўшчыня ножкі - 2,5 на 3 сантыметры. Варта адзначыць, што ласіныя грыбы па смаку не саступалі сённяшнім баравікам ды падбярозавікам. А ўжывалі іх у вараным і смажаным выглядзе, а таксама - салілі. Не выключана, што гэтыя грыбы пастаўляліся і на экспарт.
Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
кандыдат гістарычных навук, археолаг
На здымках: ласіны грыб з раскопак Слуцка XІ - XIІ стст.