Фотакола жыцця

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава завяршылася выстаўка “Паміж белым і чорным” фотамастака, загадчыка аддзела фотаілюстрацый газеты “Культура” Юрыя Іванова. Экспазіцыя прысвячалася 100-годдзю з дня нараджэння бацькоў аўтара, бо, па яго словах, менавіта бацькі закладваюць у чалавека тое, што дапамагае стаць асобай і дасягнуць жыццёвых вышынь.

 /i/content/pi/cult/200/2276/Ivanov.jpg
Да Магілёўшчыны ў Юрыя Іванова асаблівыя адносіны: на працягу чатырох гадоў ён працаваў практычна на ўсіх фестывалях, якія праводзіліся ў вобласці. Як зазначыў на адкрыцці начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, удзел у свяце гэтага выдатнага фотакарэспандэнта адразу надае мерапрыемству статус і значнасць.
На працягу трох тыдняў магіляўчане маглі пазнаёміцца з 250 фотаработамі. У аб’ектыў аўтара патрапілі палітычныя, эканамічныя, маштабныя культурныя падзеі, арыгінальна падмечаныя замалёўкі паўсядзённага жыцця, прыроды.
— Кожны з наведвальнікаў знайшоў “Паміж белым і чорным” нешта сугучнае сваёй душы. Аб гэтым яскрава сведчыць кніга водгукаў, поўная ўражанняў неабыякавых гледачоў, іх шчырых пажаданняў аўтару, — падзяліўся сваімі назіраннямі дырэктар Магілёўскага абласнога музея Аляксандр Хахракоў. — Асабліва мяне захапіла глыбіня вобразаў, створаная Юрыем Івановым. Фотамастак у новым ракурсе раскрыў постаці Пятра Машэрава, Уладзіміра Мулявіна, Міхаіла Дрынеўскага, Леаніда Шчамялёва і многіх іншых асоб, што стварылі славу і гонар Беларусі.
У маі выстаўка “Паміж белым і чорным”, па прапанове Гродзенскага аблвыканкама, будзе экспанавацца ў горадзе над Нёманам.

Людміла МАКОЎСКАЯ