Прасачыць за гістарычнымі калізіямі і цікавымі аспектамі ўзнікнення і развіцця гэтай установы немагчыма без знаёмства з яе архівам, дакументы якога інфармуюць не толькі пра дзейнасць Акадэміі, пачынаючы ад часоў Інбелкульта, але і змяшчаюць артэфакты значна больш ранняга часу. Да прыкладу, маюцца матэрыялы за 1910 год, складзеныя з чарнавікоў, рукапісаў, дзе адлюстраваны першыя геалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі.
Фонд Інбелкульта налічвае 37 спраў. Такая невялікая колькасць дакументаў звязана з тым, што гэтыя матэрыялы нават у час Вялікай Айчыннай знаходзіліся ў сценах (пад канец вайны — напаўразбураных) Акадэміі навук. Іх не эвакуіравалі, а фашысцкім захопнікам, што, па ўспамінах відавочцаў, на першым паверсе Акадэміі зрабілі стайню.
Міхаіл Смальянінаў у архіве НАН Беларусі. |
Аднаўляць усё практычна з нуля давялося першаму пасляваеннаму загадчыку архіва Акадэміі Міхаілу Коўтуну-Дударчыку. Так, з ацалелых пад час Вялікай Айчыннай дакументаў было сфарміравана 925 спраў.
“Нявыкананыя, але патрэбныя”
А вось і самі цудам захаваныя дакументы. Сёння можна ўбачыць, патрымаць у руках пратаколы пасяджэнняў Прэзідыума, якія захаваліся, праўда, толькі з 1924 года. У першым з іх, за подпісамі Івана Цвікевіча і Мікалая Грамыкі, на рукапісным аркушы пажоўклай паперы можна прачытаць пра тагачасныя надзённыя клопаты вучоных — абмеркаванне даклада Краязнаўчай камісіі на маючай адбыцца канферэнцыі, абмеркаванне спісу членаў Інбелкульта. Былі зроблены таксама выпіскі “нявыкананых, але патрэбных пастаноў Інбелкульта”, прагледжаны праект статута ўстановы.
У шматтомных справах архіва адлюстраваны разгляд пытанняў аб стварэнні камісій па розных галінах навукі. Як можна заўважыць нават пры павярхоўным аглядзе
Выпіскі, пастановы, службовыя запіскі, пасведчанні, біяграфічны матэрыял, некаторыя распрацоўкі навуковых тэм, перапіска з вучонымі і навуковымі ўстановамі, матэрыялы лекцый... Усё гэта складае каштоўны фонд, дзякуючы якому можна прасачыць за ходам працэсу развіцця айчыннай навукі. З дакументаў можна даведацца пра аддзелы Інбелкульта, імёны тых, хто там працаваў. Так, сярод заснавальнікаў сучаснай беларускай навуковай сістэмы згадваюцца Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Мікола Шчыкаціхін, Якуб Колас, Язэп Дыла...
Як зазначае Міхаіл Смальянінаў, каштоўная менавіта сама інфармацыя, змешчаная ў архівах, па якой можна ўзнаўляць этапы развіцця айчыннай навукі. Сведчыць яна і пра навуковыя дасягненні, партнёрскія сувязі з замежнымі калегамі. Зрэшты, як даводзяць дакументы, прасачыць можна за кар’ерным ростам кожнага ад малодшага навуковага супрацоўніка да члена-карэспандэнта і акадэміка.
Падрабязна нават пра адпачынак
Чытаючы напісаныя алоўкам чарнавыя дакументы, разумееш, што дзякуючы гэтым архіўным запісам можна атрымаць звесткі пра плённую працу пачынальнікаў акадэмічнай навукі, некаторыя з якіх, у тым ліку Якуб Колас, Янка Купала, каб утрымліваць сям’ю, вымушаны былі падпрацоўваць у іншых установах. Дарэчы, з рукапісных справаздач можна даведацца і пра іх тагачасныя заробкі.
Вялікую цікавасць уяўляюць і асабістыя справы супрацоўнікаў НАН Беларусі. На сённяшні дзень іх налічваецца ўжо 22 303. Часам гэта адзіная крыніца звестак пра жыццё асобы. Возьмем, напрыклад, першага вядомага па дакументах загадчыка Архіва Івана Ляпіча, прызначанага на гэтую пасаду віцэ-прэзідэнтам АН Якубам Коласам у 1938 годзе. Зазірнуўшы ў асабістую справу гэтага чалавека, можна дазнацца пра яго навуковую і грамадскую дзейнасць, частку жыццёвага шляху, можна ўбачыць і яго “паслужны спіс”— тагачасную працоўную кніжку.
Вось, напрыклад, справа Якуба Коласа. Яна была паўторна сфарміравана ў 1953 годзе. У шэрай папцы захоўваецца ліст па ўліку кадраў, які пісьменнік запаўняў яшчэ ў лютым 1945-га, пасля вяртання Акадэміі ў Мінск з эвакуацыі. Цікава пазнаёміцца і з аўтабіяграфіяй Коласа-навукоўца. Ёсць там і выпіскі з пратакола пасяджэння Прэзідыума аб яго вылучэнні ў правадзейныя члены Акадэміі навук СССР у 1943 годзе. Дарэчы, з асабістай справы славутай асобы можна даведацца нават пра такія падрабязнасці, як, напрыклад, адпачынак.
Як зазначае Міхаіл Мітрафанавіч, за апошнія гады назіраецца істотнае павелічэнне колькасці зваротаў да архіўных матэрыялаў з боку айчынных і замежных навукоўцаў. Да таго ж, сёння надзённым клопатам архівістаў з’яўляецца праца па стварэнні электроннай базы, што дазволіць больш дэталёва вывучаць архіўную інфармацыю.
Канстанцін АПАНОВІЧ
Фота аўтара