Яшчэ колькі часу таму я пісаў пра “гучных” клубнікаў і “ціхіх” бібліятэкараў. Мне пашчасціла: я стаў сведкам няўхільнай эвалюцыі. Бібліятэкары пачалі набываць артыстычную спрактыкаванасць, арганізоўвалі тэатры (не толькі лялечныя), пачыналі спяваць ды танчыць. Цяпер, як падаецца, наспеў час клубнага апгрэйду. Нават сельскі клубнік павінен не толькі чытаць, але і пісаць. У першую чаргу — сцэнарыі. На мясцовым матэрыяле, на той фактуры, пра якую не ведаюць ні ў раёне, ні ў вобласці. Такія сцэнарыі ў іншых паселішчах не рэалізаваць, а вось вучыцца на іх можна і трэба.
У мяне тут, даруйце, свая “метадычная” тэорыя. Раённыя ды абласныя метадысты абагульняюць станоўчы досвед, бяруць пад увагу характэрныя памылкі для таго, каб іх не паўтараць, ладзяць вучобу і прафарыентацыю. А сельскія работнікі культуры пішуць сцэнарыі самі. Іх якасць — доказ прафесійнай якасці самога клубніка. Ніхто не выключае метадычнай падтрымкі з раёна ці з вобласці, але сельскі клубнік павінен развівацца самастойна, з усведамленнем таго, што місія работніка культуры — надзвычай высакародная: развіццё нацыянальнага мастацтва на падставе пераемнасці традыцый. І тут галоўнае не сфальшывіць — ні мне, ні работніку культуры. Інакш сур’ёзную справу можна пераўтварыць у пустую забаўку.
ПАКЛАСЦІ ЗЕРНЕ Ў РАЛЛЮ
Цалкам згодная з дадзенай высновай вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч. Вось што яна піша нам: “Калі з любоўю пакласці зерне ў раллю, тады і колас вырасце з любоўю да цябе, вялікі і наліўны. Менавіта з любоўю трэба займацца і справай хлебаробскай, і нашым культурна-асветным клопатам… Першы выхад у поле лічыўся святам. Араты падымаўся на золку, апранаў чыстую кашулю… Так, сельгаспраца сёння механізаваная, аднак старадаўні абрад першай баразны захаваўся ў сельскагаспадарчым кааператыве “Свіслач”. Ладзяць яго штогод. А адрадзіў свята народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці. Сёння абрадавыя дзеянні ведаюць і ўдзельнікі аматарскай творчасці Свіслацкага цэнтра культуры. Больш за тое, да справы далучыліся дзеці, моладзь”. Гэта і называецца пераемнасцю пакаленняў.
ЗАЎЖДЫ МАЛАДАЯ ДУША
Метадыст Смаргонскага раённага цэнтра культуры Вольга Крывянкова паведаміла: “Народны хор ветэранаў нашай установы, якім кіруе Аляксандр Лях, прыняў удзел у абласным фестывалі народнай творчасці ветэранскіх калектываў. Гэты хор — адзін з лепшых творчых калектываў Смаргоншчыны. З 1976 года ён дзейнічаў пры заводзе аптычнага станкабудавання, а з 2017-га — пры Смаргонскім РЦК. Журы вырашыла, што хор прадставіць вобласць на рэспубліканскім фэсце ветэранскіх калектываў”.
Пра яшчэ адзін хор распавяла Аліна Беліцкая. Калектыў Ашмянскага РЦК прыняў удзел у конкурсе народнай творчасці, які адбываўся ў Іўі. Прызам журы адзначана салістка хору Джэма Жураўлёва. Удзельнікі калектыву Іосіф Зінкевіч, Ганна Грышан, Аляксей Самусеў атрымалі падарункі ад абласнога аддзялення Фонду міра.
Хор ветэранаў Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці называецца “Сузор’е”. У рэпертуары, як распавядае метадыст Ірына Русак, песні Вялікай Перамогі і песні пра любоў да роднай зямлі.
Пастаянны аўтар “К” Андрэй Струнчанка з Віцебскага раёна напісаў пра важкую падзею аграгарадка Вымна. З дня заснавання мясцовага народнага хору споўнілася 60 гадоў.
КРЫХУ ТЭОРЫІ
Свіслацкі цэнтр культуры і народнай творчасці правёў семінар “Прасоўванне паслуг культуры праз інтэрнэт-рэсурсы”. У мерапрыемстве бралі ўдзел работнікі клубных устаноў раёна. “Удзельнікі абмяркоўвалі станоўчую ролю рэкламы ў Сеціве, — патлумачыла метадыст Ірына Русак. —Гаворка ішла таксама пра рэалізацыю праектаў “Святы і абрады Свіслацкага раёна”, пра абслугоўванне маланаселеных і аддаленых вёсак…”
Падрабязней пра творчае жыццё рэгіёнаў чытайце ў газеце "Культура" №14 за 2 красавіка.