Што ні кажы, а гастрольны графік артыстаў складаны і патрабуе пэўнай маральнай выкладкі. Выезд са сталіцы быў запланаваны на 7:30, і праз дзве гадзіны аўтобус быў на месцы. Суботні дзень для жыхароў Бабруйска пачынаўся павольна, а акцёры тым часам займалі грымёркі і рыхтаваліся да першага спектакля — “Гісторыя шакаладнага дрэва”. Неўзабаве будынак тэатра пачаў запаўняцца дзіцячай публікай.
У казачнай гісторыі, якая разгарнулася на сцэне, два эльфы палівалі шакаладнае дрэва, але перастараліся і вычарпалі з суседняга возера ўсю ваду. Прыгажуня-русалка, тамтэйшая жыхарка, засталася безабароннай перад даўнім ворагам, уладаром сухмені. Каб выратаваць русалку, эльфы адправіліся да яе бацькі, марскога цара, які навучыў, як вярнуць ваду ў возера. Але па дарозе нашы героі сустрэлі шмат нягод. Якіх? Можна даведацца, пабываўшы на спектаклі ў Купалаўскім тэатры. Гісторыя ідэальная для дзяцей і ідзе крыху менш за гадзіну, што дазваляе малечы заставацца зацікаўленай тым, што адбываецца на сцэне.
Акцёр Ілья Крук, які выконваў ролю аднаго з эльфаў, у той дзень расслабляцца права не меў. Увечары яму трэба было граць ролю чыноўніка Падкалёсіна ў спектаклі “Жаніцьба” паводле п’есы Мікалая Гогаля. І тут і там — галоўная роля. Але Ілья прызнаўся, што працэс змены вобразаў яму вельмі цікавы, узнікае здаровы азарт. Канешне, маладому чалавеку хацелася ярка праявіць сябе і ў вячэрнім спектаклі, і, калі атрымаецца, падарыць дарослай публіцы сапраўднае свята. Летась трупа, паводле слоў Ільі, шмат разоў выбіралася на гастролі: у Наваполацк, Брэст, Маладзечна, Гомель, Барысаў, Шклоў, Салігорск. І яшчэ шмат гасцявых візітаў запланавана Купалаўскім тэатрам сёлета.
Актрыса Святлана Гулевіч, якая іграла адмоўнага персанажа ў “Гісторыі шакаладнага дрэва”, у “Жаніцьбе” таксама задзейнічана. Святлана кажа, што прачынацца падчас гастроляў даводзіцца рана, ды і пераезды стамляюць, але, калі любіш сваю справу і бачыш, што гледачы захапляюцца дзеямі на сцэне, прыходзіць усведамленне сваёй запатрабаванасці, і нягоды пераносяцца лягчэй. У калектыве Купалаўскага — добразычлівая атмасфера, і такія паездкі гуртуюць акцёраў яшчэ больш. А ў перапынку паміж пастаноўкамі маладыя таленты дамовіліся прагуляцца па Бабруйску.
Але на шпацыр было зусім мала часу. Калі першы спектакль скончыўся ў 13:00, то рэпетыцыя “Жаніцьбы” пачыналася ў 15:30. Рэжысёр Данііл Філіповіч на гастролях з купалаўцамі ўпершыню. Гэты спектакль, на яго думку, ужо напрацаваны імі. Інакш быць не магло, бо сталічны глядач назіраў за пастаноўкай з мінулага года, а значыць, акцёры добра ведаюць свае ролі. П’еса “Жаніцьба” “чапляе” арыгінальнасцю, тымі тэмамі, якія гучаць у ёй. Вечная класіка актуальна і сёння.
Тым часам у тэатры зноў рабілася шумна, прыходзілі дарослыя бабруйскія тэатралы. У 18:00 пагасла святло, спектакль пачаўся. Чыноўнік Іван Падкалёсін мроіць, што нядрэнна было б ажаніцца. У гэтым яму гатовы дапамагчы яго сябар Качкароў. У той жа час купецкую дачку Агаф’ю Ціханаўну пераконваюць, што пара замуж. Свацця Фёкла адшукала ёй пяць жаніхоў, усе асаблівыя на свой лад, сярод якіх і Падкалёсін. Качкароў бярэцца прыбраць канкурэнтаў свайго неспрактыкаванага сябра. Але ў момант, калі герой з гераіняй гатовы ісці вянчацца, Падкалёсін пачынае задумвацца…
Данііл Філіповіч выкарыстоўваў вялікі арсенал мастацкіх сродкаў у спектаклі, музычныя, танцавальныя элементы. Акцёрам, якія выкладваліся на ўсе сто, хацелася верыць. Таму арыгінальная пастаноўка ў два акты прайшла на адным дыханні, але прымусіла задумацца, галоўным чынам пра інфантылізм дарослых людзей.
Намеснік дырэктара па працы з гледачом Бабруйскага тэатра Ларыса Капусціна з захапленнем выказалася пра спектакль. Іх адміністрацыя запрашае калектывы з усёй рэспублікі, але купалаўцаў тут заўсёды прымаюць выдатна. Гасцявым візітам у апошні час замінала пандэмія, бо нельга было збіраць поўныя залы, таму бабруйчане згаладаліся па спектаклях. На люты ў Бабруйску запланавана дваццаць гастрольных спектакляў, на сакавік — дваццаць два. З гастролямі ў гэты перыяд прыедуць Палескі драматычны тэатр, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, ансамбль народнай музыкі “Бяседа”. У гэтым годзе тут плануюцца восем уласных новых пастановак…
У 23 гадзіны аўтобус з артыстамі быў ля Купалаўскага тэатра. Заставалася колькі часу, каб даехаць дадому і адпачыць. Што ні кажы, а купалаўцы гэта заслужылі, бо яны падарылі станоўчыя эмоцыі цэламу гораду. А самі атрымалі досвед уласнай добрай працы. Напэўна, менавіта такія дні напаўняюць сэнсам жыццё любога артыста.