Як вядома, Наталля Клімко ўжо даўно адраджае традыцыйнае мастацтва выцінанкі-выбіванкі, якая ў 2014 годзе атрымала статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А ў пачатку 2021 года па рашэнні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры краіны Наталлі Клімко прысвоілі статус народнага майстра.
Як кажа Наталля Аляксандраўна, яна сама пераняла і працягнула мастацтва выбівання ажурных фіранак на паперы ад майстрыхі Ніны Пятроўны Шурак. Пачала займацца гэтым відам дзейнасці майстрыха яшчэ ў 2009 годзе, а з 2015 года яна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Цяпер яна працягвае традыцыі рамёстваў Наваградчыны, сама стварае сапраўдныя творы мастацтва і навучае гэтаму майстэрству дзяцей. Мастацтва выцінанкі-выбіванкі, паводле яе слоў, цяпер набыло новае жыццё, тым больш што ў раёне ёсць маладыя прадаўжальнікі гэтай адметнай мясцовай традыцыі.
Варта дадаць, што Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў пад кіраўніцтвам Наталлі Клімко актыўна прымае ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх святах і фестывалях, неаднаразова атрымліваў узнагароды за працу з майстрамі, за лепшыя калекцыі традыцыйных рамёстваў і за высокі ўзровень прадэманстраваных на выставах работ.
Да слова, і ў асабістай скарбонцы ў Наталлі Клімко таксама ёсць шмат узнагарод. Так, яна лаўрэат розных конкурсаў сярод майстроў па выцінанцы. Акрамя таго, у 2015 годзе за добрасумленную працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання культуры Беларусі яна была ўзнагароджана Падзякай Міністэрства культуры краіны, а ў 2018 годзе — Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Няўрымслівая і творчая жанчына, Наталля Клімко ўзначальвае таксама і клуб майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка”, які пачаў сваю дзейнасць у 2012 годзе. У склад аб’яднання на сёння ўваходзяць блізу 30 чалавек, якія ствараюць адметныя творы ў розных галінах традыцыйных рамёстваў — бандарства, вышыўкі, віцінанкі, лозапляцення, саломкапляцення і многіх іншых. Склад калектыву пастаянна папаўняецца новымі майстрамі, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, што ладзяцца ў Навагрудскім раёне і далёка за яго межамі.
Як прызнаецца Наталля Клімко, для яе быць прадаўжальнікам справы, носьбітам традыцый вырабу выцінанкі-выбіванкі — надзвычайна пачэсна і вельмі важна. Таму ўсе свае ўменні і навыкі яна намагаецца перадаць вучням, расказваючы ім пра тэхналогію выбівання выцінанак, а таксама пастаянна ладзіць майстар-класы для школьнікаў і гасцей Цэнтра. Што ж, мабыць, так і павінна быць, каб не згасла традыцыя, каб майстэрства, вядомае на Наваградчынне не адно дзесяцігоддзе, і далей радавала ўсіх аматараў унікальных беларускіх народных рамёстваў.