Утвораны калектыў быў яшчэ ў 1945 годзе, гэта адзін з найстарэйшых танцавальных ансамбляў Беларусі. Званне народнага і назву “Крыжачок” — па назве беларускага танца, які лічыцца візітоўкай ансамбля, — ён атрымаў у 1969 годзе, а ў 2011-м стаў заслужаным калектывам — такім чынам былі адзначаны высокая якасць выканання і значны ўклад у развіццё беларускай культуры. Нягледзячы на аматарскі статус “Крыжачка” і на тое, што ў яго складзе — студэнты і выпускнікі БДУ, стаўленне да захавання беларускай танцавальнай спадчыны і да ўзроўню харэаграфіі ў ім сапраўды прафесійнае: на працягу многіх дзесяцігоддзяў ансамблем кіравалі вядомыя і прызнаныя харэографы, якія напаўнялі рэпертуар фальклорнымі танцамі з розных рэгіёнаў нашай краіны. Калектыў аб’ядноўвае людзей, захопленых не толькі харэаграфічным мастацтвам, але і менавіта беларускім фальклорам, многія і пасля заканчэння ўніверсітэта застаюцца вернымі ансамблю. Цяпер у складзе “Крыжачка” працуе каля 40 чалавек, у ім ёсць танцавальная і аркестравая трупы — выступленні адбываюцца ў суправаджэнні жывой музыкі.
Амаль 15 гадоў ансамблем кіруе заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ігар Музалеўскі, вядомы калісьці і па працы ў Дзяржаўным ансамблі танца Рэспублікі Беларусь. Ігар Музалеўскі сведчыць, што галоўная задача “Крыжачка” — захаванне і прапаганда беларускіх танцаў і беларускай культуры ўвогуле, хаця ў рэпертуары ансамбля ёсць і вялікая колькасць танцаў іншых народаў свету.
— Мы вельмі сур’ёзна займаемся сваёй справай, у нас вельмі моцны і адданы танцу калектыў, — гаворыць Ігар Музалеўскі. — Але мы няспынна працягваем удасканальвацца, і кожнае нашае выступленне заўсёды адбываецца на мяжы магчымасцей. Гэта і было адзначана, бо ансамбль працуе эфектна, прафесійна, надзейна: прыгожыя постаці, прыгожыя твары, прыгожыя касцюмы. Мы маем высокі аўтарытэт у прафесійнай харэаграфічнай супольнасці Беларусі.
Ансамбль “Крыжачок” можна ўбачыць на самых значных сцэнах Беларусі, выступленні ансамбля ўпрыгожваюць канцэртныя праграмы буйных дзяржаўных мерапрыемстваў і фестываляў, у тым ліку фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Летась ансамбль выступаў нават на такой вялікай пляцоўцы, як “Мінск-арэна”. Акрамя таго, “Крыжачок” можа пахваліцца ўзнагародамі і прэміямі міжнародных конкурсаў, канцэртамі ў многіх краінах свету.