Урачыстае адкрыццё першага пускавога комплексу гродзенскага Старога замка адбылося летась у лістападзе. Прадметам абмеркавання падчас чарговага пасяджэння навукова-метадычнай рады на чале з намеснікам міністра культуры Сяргеем Саракачом зрабіліся нюансы другой чаргі работ па рэстаўрацыі Старога замка, якія закрануць непасрэдна корпус колішняга каралеўскага палаца, збудаванага напрыканцы XVI стагоддзя падчас кіравання караля Стэфана Баторыя.
З усімі нюансамі і дэталямі меркаваных рэстаўрацыйных работ члены навукова-метадычнай рады здолелі азнаёміцца падчас экскурсіі па аб’екце, якую правялі дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, навуковы кіраўнік праекта Алег Шымбарэцкі і загадчык аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч. Увазе ўдзельнікаў экскурсіі і пасяджэння былі прадстаўленыя меркаваныя архітэктурныя і рэстаўрацыйныя рашэнні аднаўлення, вынікі археалагічных даследаванняў і перспектывы музеефікацыі палаца.
Адным з галоўных пытанняў, што разглядаліся падчас выязнога пасяджэння навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры, якое адбылося ў сценах гродзенскага Новага замка, былі пошукі балансу паміж аднаўленнем першапачатковага вобліку палаца Стэфана Баторыя канца XVI стагоддзя і захаваннем аўтэнтычных элементаў, якія дайшлі да нашых дзён у нязменным выглядзе як напамін аб пазнейшых эпохах у гісторыі Старога замка і часах знаходжання Гродна ў складзе Расійскай імперыі, калі ў будынку колішняга каралеўскага палаца размясціліся вайскоўцы, якія перабудоўвалі гэты корпус, прыстасоўваючы яго ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі.
АКНО Ў ДАЛЁКІЯ СТАГОДДЗІ
Навуковы кіраўнік праекта Алег Шымбарэцкі адзначыў, што ў рамках падрыхтоўкі да рэстаўрацыйных работ на будынку колішняга каралеўскага палаца было выкананае 3D-сканаванне, што дазволіла істотна ўдакладніць інфармацыю, якая значна ўплывае на прыняцце гістарычна абгрунтаваных рашэнняў па рэстаўрацыі будынка. Па выніках гэтых работ выконваліся зандажы для высвятлення асаблівасцей канструкцыі, таўшчыні і трываласці сцен і падлогі, месцаў знаходжання цаглянай кладкі розных эпох. Наогул жа захаванасць канструкцый XVI стагоддзя ў палацы складае каля васьмідзесяці працэнтаў.
На першым паверсе былі раскрытыя рэшткі фундамента XV стагоддзя, фрагменты сцяны і гатычнай вежы каменнага палаца, узведзенага яшчэ ў часы ўладарання вялікага князя літоўскага Вітаўта, — будзе разгледжаная магчымасць экспазіцыі гэтых элементаў у будучых музейных інтэр’ерах. Таксама мяркуецца, што для агляду наведвальнікаў будуць раскрытыя ўсе захаваныя варыянты пакрыцця падлогі, выяўленыя ў палацы. На будынку палаца будуць адноўленыя першапачатковыя аконныя праёмы, закладзеныя ў пазнейшыя перыяды. У адпаведнасці з праектам мяркуецца, што два паверхі палаца будуць музеефікаваныя, у мансардным паверсе размесцяцца фондасховішчы, а ў падвале — службовыя памяшканні музея, у тым ліку пакоі для персаналу, а таксама санвузлы і кафетэрый.
ВОБРАЗЫ ЗАМКА БАТОРЫЯ
Як распавёў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, у адпаведнасці з канцэпцыяй музеефікацыі колішняга каралеўскага палаца ўваход у яго будзе ажыццяўляцца праз флігель, размешчаны ў паўночнай частцы замкавага двара, а агляд музейнай экспазіцыі мяркуецца распачынаць з другога паверха будынка, дзе наведвальнікі змогуць пабачыць фрагменты канструкцый паўночнай замкавай вежы. У першай зале госці музея здолеюць азнаёміцца з агульнай інфармацыяй аб гісторыі замка, наступныя два памяшканні будуць аформленыя, у адпаведнасці са звесткамі з захаваных гістарычных дакументаў, як залы пасяджэнняў — тут могуць адбывацца ўрачыстыя мерапрыемствы. За імі размесціцца зала палацавай варты, дзе можна будзе атрымаць уяўленне аб побыце ахоўнікаў караля.
Далей — пакой з каралеўскай прыбіральняй, дзе расповед пойдзе аб развіцці асабістай гігіены ў XVI — XVIІІ стагоддзях, а таксама аб загадцы скону фундатара палаца, вялікага князя літоўскага і польскага караля Стэфана Баторыя — як вядома, ён памёр у снежні 1586 года пасля таго, як атрымаў траўму, упаўшы, калі вяртаўся ў свае пакоі ўначы з гэтай самай прыбіральні. За ёй размяшчаецца, уласна, кабінет Стэфана Баторыя — у ёй і наступнай зале гаворка пойдзе аб гісторыі замка падчас уладарання гэтага караля і яго наступнікаў. У кутняй зале размяшчалася каралеўская спальня, якая таксама будзе адпаведным чынам музеефікаваная. Адсюль праз вестыбюль наведвальнікі палаца будуць трапляць ва ўжо дзейную сёння экспазіцыю першай чаргі, дзе, акрамя тэматычных залаў, будуць адноўленыя інтэр’еры капліцы, каралеўскай лазні, так званая алебастравая зала і жытло каралеўскага сакратара.
Вярнуўшыся назад па галерэі і спусціўшыся па лесвіцы на першы паверх, госці зноў апынуцца ў каралеўскім палацы, але ўжо на першым яго паверсе — у невялікім вестыбюлі, дзе мяркуецца экспанаванне рэшткаў падлогі і фрагментаў сцен XV стагоддзя, якія дайшлі да нашых дзён ад замка Вітаўта. Далей размешчаная каралеўская скарбніца, дзе, верагодна, можна будзе азнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай скарбам, адшуканым у розныя часы на Гродзеншчыне, — іх у фондах музея налічваецца сямнаццаць.
Наступныя залы могуць змясціць тэматычную экспазіцыю, прысвечаную найвышэйшай судовай інстанцыі Вялікага Княства Літоўскага, створанай Стэфанам Баторыем, — Галоўнаму трыбуналу. Яшчэ дзве тэматычныя залы плануюць прысвяціць гісторыі Гродна падчас войнаў XVII — XVIII стагоддзяў, у тым ліку тут мяркуецца стварэнне арсенальнай залы, дзе можна будзе пабачыць арыгінальныя гарматы і іншыя віды старадаўняй зброі. Завяршыцца экспазіцыя залай, прысвечанай гісторыі навуковых даследаванняў мінуўшчыны Старога замка, карані якіх варта шукаць у ХІХ стагоддзі.
ЗБЕРАГЧЫ СЛЯДЫ МІНУЛАГА
Намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Святлана Краюшкіна зрабіла шэраг удакладненняў па меркаваных рашэннях аб рэстаўрацыі і музеефікацыі палаца, падкрэсліўшы, што ўсе яны мусяць абавязкова абапірацца на гістарычныя крыніцы пры іх параўнаўчым аналізе. У якасці адмоўнага прыкладу, калі такія патрабаванні не былі выкананыя, згадвалася гісторыя аднаўлення на пачатку 2000-х наверша вежы палаца Радзівілаў у Нясвіжы, канструкцыю якой у выніку давялося пазней істотна змяняць, наблізіўшы да гістарычнага выгляду.
Таксама было прапанавана звярнуць увагу на магчымасць аднаўлення ў музейнай экспазіцыі палаца інтэр’ераў архіўнага сховішча і памяшкання шатні, дзе знаходзіўся каралеўскі гардэроб, — іх размяшчэнне дакладна вядомае са старадаўніх дакументаў. Акрамя таго, удзельнікі рады звярталі ўвагу на неабходнасць захавання ў палацы архітэктурных элементаў XVII — XX стагоддзяў, якія могуць таксама быць каштоўнымі сведчаннямі аб гісторыі гродзенскага замка ў яго развіцці. Застаецца спадзявацца, што гэтыя рэкамендацыі будуць пачутыя, і адроджаны каралеўскі палац зможа даць гасцям уяўленне аб усім багацці і разнастайнасці свайго гістарычнага шляху.