Як праз восемдзесят гадоў сучасныя пакаленні еўрапейскіх народаў разам захоўваюць памяць аб тых трагічных падзеях і імкнуцца не дапусціць іх паўтарэння, даследчыкі гісторыі Другой сусветнай вайны абмяркоўвалі 9 снежня падчас анлайн-мерапрыемства “Транснацыянальная памяць аб мінскім гета і Малым Трасцянцы”, зладжаным Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау і Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна.
Агулам з 11 лістапада 1941 і да 9 кастрычніка 1942 года ў мінскае гета альбо адразу ў Малы Трасцянец былі дэпартаваныя дваццаць тры тысячы яўрэяў з трох згаданых краін Еўропы. Як адзначыў мадэратар сустрэчы, гісторык Сяргей Новікаў, удзельнікі абмеркавання спрабавалі знайсці адказы на пытанні, што яшчэ неабходна зрабіць для захавання памяці аб гэтай трагедыі, якія магчымасці для вывучэння ландшафту гвалту на месцах масавых забойстваў у Малым Трасцянцы яшчэ неабходна выкарыстаць, якія новыя методыкі ў адукацыі і музейнай справе могуць дапамагчы даследчыкам у справе мемарыялізацыі, у тым ліку ў лічбавай форме.
ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ
Загадчык аддзела гісторыі партызанскага руху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч, распавядаючы аб працы з медыяфарматамі, якая вядзецца ў гэтай установе, падкрэсліла, што яшчэ ў 1980-я гады ў экспазіцыі музея працавалі пяць кінаўстановак: паказвалі хроніку ваенных гадоў па тэмах, якім была прысвечаная тая ці іншая музейная зала. Таксама там можна было пабачыць дзве электронныя карты, прысвечаныя развіццю партызанскага руху і падзеям вызвалення Беларусі. Аднак галоўным аб’ектам прыцягнення ўвагі для наведвальнікаў музея была дыярама, прысвечаная лагеру ў Малым Трасцянцы, створаная на рубяжы 1960-1970-х гадоў, якая ўжо мела гукавыя і святлодынамічныя эфекты і працавала ў першым будынку музея на працягу больш чым трыццаці гадоў.
Сітуацыя змянілася ў лепшы бок з пераездам музея ў новы будынак у 2014 годзе, і цяпер у яго залах працуюць каля сарака мультымедыйных прылад. У зале, прысвечанай рэаліям нацысцкага акупацыйнага рэжыму, працуе пяць мультымедыйных прылад: інтэрактыўны інфатэрмінал з базай звестак аб спаленых вёсках, электронная кніга памяці ваеннапалонных, якія загінулі ў шталагу 352 у Масюкоўшчыне, інтэрактыўная панэль аб нацысцкіх лагерах на тэрыторыі Еўропы, відэапраектар, які дэманструе фотаздымкі ахвяр лагера ў Малым Трасцянцы, а таксама відэасцяна, на якой дэманструецца эпізод спалення вёскі са знакамітага фільма “Ідзі і глядзі”. Наяўнасць у музеі якасных сканераў дазваляе праводзіць работу па пераводзе дакументаў у лічбавы фармат — так, сёлета былі алічбаваныя тысяча дзвесце пяцьдзясят артэфактаў з фондаў.
ПАДРЫХТОЎКА ДА ВІЗІТУ
Сёння ўжо створаная і апублікаваная анлайн-версія перасоўнай выставы “Лагер смерці Трасцянец: трагедыя і памяць”, якая была вынікам беларуска-нямецкага праекта супрацоўніцтва, над якім з 2014 года сумесна працавалі гісторыкі з Беларусі, Германіі, Аўстрыі і Чэхіі. Выстава прызначаная не толькі ўшанаваць памяць ахвяр Малога Трасцянца, але і адначасова паказаць, якім чынам у Беларусі, Германіі, Аўстрыі ды Чэхіі захоўваецца памяць пра ахвяр нацызму. Адкрыццё выставы адбылося 8 лістапада 2016 года ў Гамбургу, і з таго часу яна дэманстравалася больш чым у трыццаці гарадах свету.
Алічбаванне выставы і пераклад яе матэрыялаў на англійскую мову сталі наступным важным крокам, які дазволіць пазнаёміць з гісторыяй лагера смерці Трасцянец яшчэ шырэйшую міжнародную аўдыторыю. Акрамя таго, працягваецца распрацоўка мабільнага дадатку-правадніка па месцах памяці ў Малым Трасцянцы — бо, вядома, лічбавыя праекты не могуць і не мусяць цалкам замяніць азнаямленне з гістарычнымі мясцінамі трагедый у рэальнасці. Такія праекты толькі дазволяць атрымаць уяўленне аб гэтых лакацыях і дапамогуць падрыхтавацца да візіту. Стваральнікі лічбавай версіі выставы спадзяюцца, што яна будзе прадстаўленая і ў інфармацыйным цэнтры мемарыяльнага комплексу ў Малым Трасцянцы, калі ён з’явіцца. Выстава дасяжная на беларускай мове, неўзабаве мусяць з’явіцца таксама версіі на нямецкай, рускай і англійскай мовах. Азнаёміцца з матэрыяламі выставы можна па адрасе trostenez.org.
КАРАНІ ТРАГЕДЫІ
Аб дакладных лічбах забітых у Трасцянцы дагэтуль вядуцца дыскусіі — рэч у тым, што нацысты не вялі поўнай статыстыкі аб колькасці знішчаных людзей. З гэтай жа прычыны вядомыя далёка не ўсе імёны ахвяр лагера: калі прасачыць біяграфіі забітых тут яўрэяў з Еўропы магчыма дзякуючы дакументам аб іх дэпартацыі, то аналагічных дакументаў аб лёсе мясцовых яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцей папросту не захавалася. Так ці іначай, з вясны 1942 да лета 1944 года Малы Трасцянец быў найбуйнейшым месцам масавага знішчэння на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза. Хаця першыя памятныя знакі на месцах забойства і пахавання ахвяр лагера з’явіліся ў Трасцянцы яшчэ ў 1945 годзе, асноўная тэрыторыя лагера была добраўпарадкаваная толькі некалькі год таму — у 2015-м тут адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу.
Уводныя часткі выставы прысвечаны гісторыі станаўлення палітыкі нацысцкага тэрору і тым працэсам, якія прывялі да развязвання Другой сусветнай вайны і пачатку “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”, як цынічна называла нацысцкая прапаганда планы поўнага знішчэння яўрэяў. Першы выпадак поўнага знішчэння яўрэйскага насельніцтва здарыўся ўжо праз пару месяцаў пасля пачатку Другой сусветнай вайны, калі 11 лістапада 1939 года былі расстраляныя ўсе жыхары польскага горада Остраў-Мазавецка. На ўсёй тэрыторыі рэйха і акупаваных ім краін была створаная сістэма лагераў смерці, дзе падлягалі поўнаму знішчэнню не толькі яўрэі, але таксама цыгане, пацыенты псіхіятрычных клінік і людзі з прыроджанай інваліднасцю. Таксама траплялі ў лік ахвяр і ўдзельнікі антынацысцкага руху супраціву альбо западозраныя ў дапамозе ім.
ТАПАГРАФІЯ ПАМЯЦІ
Далейшыя раздзелы выставы прысвечаны вайне на знішчэнне супраць Савецкага Саюза, якая мела найбольш жорсткі характар, а таксама акупацыйнай палітыцы ў Беларусі і стварэнню мінскага гета. Асноўны блок матэрыялаў, прысвечаны гісторыі лагера ў Малым Трасцянцы, пераважна заснаваны на сведчаннях, сабраных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па расследаванні нацысцкіх злачынстваў, члены якой прыбылі ў Трасцянец ужо 14 ліпеня 1944 года. У анлайн-версіі, акрамя фотаздымкаў і дакументаў камісіі, прадстаўленыя і кадры кінахронікі, якія зафіксавалі яе дзейнасць па даследаванні месцаў масавых забойстваў і пахаванняў у ваколіцах Малога Трасцянца, а таксама відэазапісы сведчанняў вязняў лагера.
Карты і фотаздымкі пасляваенных гадоў, зробленыя падчас следчых дзеянняў, дазваляюць атрымаць уяўленне аб структуры і тапаграфіі лагера смерці, які складаўся ўласна з лагера прымусовай працы, месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Благаўшчына і месца спалення цел ахвяр ва ўрочышчы Шашкоўка. Акрамя таго, у лагеры рыхтавалі агентаў для высочвання партызанскіх груп. Асобны раздзел прысвечаны так званай “Аперацыі 1005”, якую нацысты распачалі ў пачатку 1943 года, калі зразумелі непазбежнасць адступлення з акупаваных тэрыторый і вырашылі замесці сляды сваіх злачынстваў, знішчаючы целы забітых. Гэтай працай займаліся вязні працоўнага лагера СД, якіх пасля таксама забівалі, каб не пакідаць сведак. Наступныя раздзелы выставы прысвечаны гісторыі ліквідацыі апошніх вязняў лагера 30 чэрвеня 1944 года і пасляваенным судам над гітлераўскімі злачынцамі, датычнымі да трагедыі Трасцянца.
УВАГА ДА ЛЁСАЎ
Вялікае месца ў структуры выставы займаюць біяграфіі вязняў лагера — тут прадстаўлены лёсы дзесяці чалавек. Сярод іх мінчанка Цыра Гольдзіна, дырэктар гімназіі з Кёльна Эрых Клібанскі і пісьменніца з Вены Лілі Грун, Лея і Пінкас Рэнерты з Букавіны — усе яны былі забітыя ў Благаўшчыне ў 1942 годзе. Лекар Яўген Клумаў, які за дапамогу падполлю быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, загінуў тут разам з жонкай у 1944 годзе. Сярод ацалелых вязняў — ваеннапалонны чырвонаармеец Фёдар Шуваеў і чэшскі яўрэй Хануш Мюнц, якім пашчасціла ўцячы з лагера ў 1943 годзе і далучыцца да партызан, а таксама чыгуначнік Мікалай Валахановіч, якому ўдалося выжыць падчас расстрэлу ў чэрвені 1944 года.
Завяршае выставу расповед аб гісторыі мемарыялізацыі месца лагера ў Малым Трасцянцы і аб захаванні памяці пра падзеі, якія тут разгортваліся ў гады акупацыі, а таксама аб культуры памяці пра гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі і Германіі. Толькі захаванне сведчанняў аб трагедыі, пакаянне за злачынствы і недапушчэнне паўтарэння падобных падзей у будучыні могуць стаць плённым вынікам агульных высілкаў усіх еўрапейскіх народаў, якія перажылі жахі нацызму.