Сама мастачка назвала гэту сваю выставу “Ступені”, бо прадстаўляе грамадзе тое, што, на яе думку, найбольш выразна характарызуе той шлях, які яна ўжо прайшла, і перспектыву, што адкрываецца на даляглядзе. Зразумела, што кожнаму хочацца бачыць сваю дарогу не блуканнем, а ўзыходжаннем. Але ў дадзеным выпадку яно так і ёсць. Летась яна скончыла нашу мастацкую акадэмію, а сёння па ўсіх прыкметах спадарыня Дарына — сталы майстар. Падкрэслю, нягледзячы на малады ўзрост. Гэта сапраўды ўзыходжанне. Свой талент, падмацаваны выключнай працавітасцю, яна прадэманстравала яшчэ ў часы вучобы. Зусім невыпадкова студэнтка ў 2017-2018 гадах стажыравалася як рэстаўратар у Варшаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў. На выставе прадстаўлены фотаматэрыялы, якія раскрываюць гэтую іпастась творчасці спадарыні Дарыны. Мастачка — удзельніца нацыянальных і міжнародных выстаў, прызёр творчых конкурсаў.
На вернісажы.
У экспазіцыі “Ступеняў” ёсць партрэты, нацюрморты, краявіды, сюжэтныя карціны, іканапіс, копіі шэдэўраў славутых майстроў. Пра гэтыя копіі прысутны на вернісажы настаўнік Дарыны, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ Уладзімір Зінкевіч сказаў, што яны лепшыя за арыгіналы. Гэта можна ўспрымаць як жарт, але спадар Уладзімір удакладніў, што сапраўдны майстар, робячы копію, усё адно ўносіць у яе нешта сваё. Бо такая прырода творчасці.
Гэтую выставу можна разглядаць як адлюстраванне сённяшніх тэндэнцый манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларусі. Творы спадарыні Дарыны — высокай якасці станкавізм, між тым мастачка мае дыплом манументаліста. Здавалася б, пасля засваення навучальнай праграмы ёй бы ісці шляхам, пратораным такімі майстрамі, як Гаўрыла Вашчанка ці Аляксандр Кішчанка, развіваць запачаткаваную імі эстэтычную плынь, доўжыць традыцыю, якая ўжо з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам. Аднак не. І — невыпадкова. Гэта не першы выпадак, калі нашы таленавітыя манументалісты абараняюць дыпломы фактычна станковымі работамі, а пазней, так бы мовіць, і зусім пераходзяць ў іншы творчы цэх. Тэндэнцыя, як мне падаецца, назіраецца з таго часу, калі кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў БДАМ узначаліў Уладзімір Зінкевіч. Ягоная роля як творчай асобы з уласнымі эстэтычнымі прыярытэтамі тут прысутнічае, але не яна вызначальная. На тое ёсць прычыны грунтоўныя.
"Дзяцінства”.
Па-першае, такая трансфармацыя абумоўлена грамадскай сітуацыяй. Пачаўся гэты працэс, лічы, з так званай перабудовы, а потым і ўвогуле знік Савецкі Саюз з ягонай брутальнай ідэалогіяй і, адпаведна, мастацтвам — прынамсі манументальным, якое гэту ідэалогію эстэтычна аздабляла. А вось нацыянальны кантэнт, які мусіў бы запоўніць вызваленую прастору, у афіцыйнай культурніцкай палітыцы нашай дзяржавы неяк не выяўлены. Што ні кажы, але за часы Незалежнасці не з’явілася манументальных аб’ектаў, роўных тым, што на рахунку згаданых вышэй мэтраў. Лагічна, што манументаліст ідзе ў станковае мастацтва.
Фрагмент кампазіцыі “4 стыхіі, альбо Тыпы тэмпераментаў”.
Па-другое, калі і надараецца праца манументальнага характару, дык замоўцам часта з’яўляецца прыватная асоба, што можа дазволіць сабе такую раскошу, альбо нейкая, зноў жа не бедная, карпарацыя. У такіх выпадках запатрабаваная не колішняя стылістыка, даволі брутальная, памятная нам з савецкіх часоў, але ўласцівыя станкавізму псіхалагізм, пачуццёвасць, камернасць. У трэндзе сёння зусім не тое мастацтва, што звяртаецца да грамады ўвогуле, а тое, што можа закрануць пачуцці чалавека як асобы. Скажу так: страціўшы шырыню ахопу глядацкай грамады, мастацтва скіравалася ў глыбіню чалавечай натуры. Ніякай дэградацыі не адбылося, проста вызначыўся іншы вектар. І калі нарэшце зноў будуць запатрабаваны буйнамаштабныя манументы, фрэскі і мазаікі, за гэту працу возьмуцца творцы, што ўзбагаціліся досведам псіхалагізму і ўспрымання асобы як самадастатковай каштоўнасці.
“Гульня”.
Хочацца верыць, што спадарыня Дарына, якая сёння знайшла сваё творчае “я” ў мастацтве станковага фармату, яшчэ ўразіць нас у іпастасі, што занатавана ў яе дыпломе. Яе талент вымагае манументальнай прасторы.