Дзіцячыя гады
Нарадзіўся Рафал Слізень 9 ліпеня 1804 года ў фальварку Бартнікі, які трымалі ў арэндзе яго бацькі і які доўгі час выконваў ролю цэнтральнай сядзібы гэтай галіны роду. Недзе ў 1807 годзе Рафала і брата Атона (1806-1887) бацькі аддалі на выхаванне да дзядоў па матчынай лініі — Юзэфа і Марцяны з Букоўскіх Мацкевічаў, старадубскіх стражнікаў і гаспадароў маёнтка ў Друцкаўшчыне (Нясвіжскі раён, блізу чыгуначнай станцыі Пагарэльцы). На мясцовых могілках у Друцкаўшчыне захавалася капліца-пахавальня Слізеняў (патрабуе апекі), вакол якой нямала паасобных пахаванняў прадстаўнікоў гэтага роду.
У 1811 годзе бацькі вярнулі хлопцаў на “радзіму” і аддалі ў базыльянскую школу ў Вольнай. У 1814-м Рафал і Атон распачынаюць вучобу ў славутай дамініканскай школе ў Наваградку, дзе ў гэты час вучыліся Ян Чачот і Адам Міцкевіч. А яшчэ праз два гады, у 1816-м, браты ізноў збіраюцца ў дарогу.
Іх універсітэты
Вучоба ў Полацкай езуіцкай акадэміі, куды бацькі адправілі падлеткаў, была раптоўна абарваная 20 сакавіка 1820 года, калі акадэмія была закрыта. Каб завершыць адукацыю, Слізені пераводзяцца ў Віленскі ўніверсітэт, Рафал на факультэт усіх навук маральных і палітычных, а Атон на фізіка-матэматычны (вучыў там фізіку, хімію, заалогію, батаніку і мінералогію). Рафал, як больш схільны да гуманітарнага кірунку, вучыўся яшчэ і на факультэце літаратуры і прыгожых мастацтваў пад кіраўніцтвам славутага мастака Яна Рустэма. Менавіта тады праявіліся яго творчыя здольнасці, і з пад пэндзля і пяра Рафала выйшлі ў свет акварэльныя шматлікія партрэты і карыкатуры, а таксама накіды алоўкам Францішкі з Анцутаў Верашчакі (цётка Ігната Дамейкі) і яе сына Міхала Верашчакі (брат Марылі, каханай Адама Міцкевіча, герой балад Чачота і Міцкевіча). Там, у Вільні, у 1821-1822 гадах браты трапляюць пад апеку Тамаша Зана, які становіцца іх гувернёрам і сябрам сям’і. Зразумела, што не толькі гэта, а таксама зямляцтва з галоўнымі філарэтамі — Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам, Ануфрам Петрашкевічам, Янам Чачотам і інш., — прывяло Слізеняў у філарэцкае кола. У тыя часы вучыцца ва ўніверсітэце і не быць або прамяністым, або філарэтам ці сябрам іншай студэнцкай суполкі было, як падаецца, проста немагчыма. Але афіцыйным сябрам філарэтаў стаў толькі Атон (Ружовы саюз), хоць імя Рафал таксама ёсць у спісах “злачынцаў”.
Таму, калі ў лістападзе 1823 года распачаўся працэс філаматаў-філарэтаў, браты, а таксама іх сябры, трапілі за краты. Праўда, увязненне ў мурах Дамініканскага кляштара не зацягнулася. Ужо ў снежні, дзякуючы бацьку і князю Канстанціну Радзівілу (гаспадару блізкай да Бартнікоў Паланечкі), хлопцаў вызвалілі. Атрымаўшы волю, Слізені арганізавалі ў Бартніках збор фінансавай дапамогі для тых дзясяткаў сяброў, што засталіся за кратамі.
Праўда, перад гэтым былі яшчэ цалкам сабе шчаслівыя 1821-1823 гады, калі сядзіба Слізеняў у Бартніках, з-за блізкасці да Туганавічаў, Завосся, Медвядкі, стала філамацка-філарэцкай Меккай. Тут на вакацыях бавілі час і Зан, Чачот, Дамейка і інш. Ставіліся сіламі саміх студэнтаў тэатральныя пастаноўкі. Менавіта ў Бартніках у якасці актора і рэжысёра-аматара пачынаў віленскі шкаляр Юзэф Сурэвіч, які ў будучыні стаў адным з самых вядомых актораў Віленскага тэатра, а потым вельмі доўгі час быў яго дырэктарам (пра гэту амаль невядомую ў нас асобу мы распавядзем у бліжэйшых нумарах “К”).
Супрацоўнік МУС
Закончыўшы ці ў 1824, ці ў 1826 гадах вучобу ва ўніверсітэце, Рафал пераехаў у Санкт-Пецярбург, атабарыўся на Фантанцы і паступіў на службу ў Міністэрства ўнутраных спраў. Тут, у Пецярбургу, яго сцяжынкі перакрыжаваліся са сцяжынкамі вядомых мастакоў — Аляксандра Арлоўскага і Вінцэнта Смакоўскага (якому Рафал аказваў матэрыяльную дапамогу). Дзякуючы камунікацыі з таленавітымі мастакамі, а таксама магчымасці знаёміцца з багатымі мастацкімі зборамі, у чыноўніку ізноў абудзіўся мастак. Менавіта тады ён узяў у рукі шматок гліны і пачаў ляпіць з яе медальёны. Адзін з іх Рафал прысвяціў славутай піяністцы Марыі Шыманоўскай (будучая цешча Адама Міцкевіча). Вядома ж, не раз бавіліся разам Слізень і Міцкевіч, які ў тыя часы адбываў сваё “выгнанне”, раз’язджаючы паміж Пецярбургам і Адэсай.
Вяртанне на радзіму
У 1830 годзе Рафал Слізень развітаўся са “сталічным светам”, бо стары бацька патрабаваў дапамогі па гаспадарцы. У гэтым годзе на пагорку блізу Бартнікоў была ўзведзена капліца-пахавальня, аб чым сведчыць выбіты на камяні надпіс: “Дом вечнасці. 1830” (гл. “К” № 31, 2021). Верагодна, гэта была першая спроба Рафала Слізеня ў якасці архітэктара. Як сцвярджаюць даследчыкі, пасля вяртання Рафал Слізень актыўна і паспяхова займаўся стварэннем праектаў сядзіб у стылі англійскай готыкі.
У 1832 годзе Рафал Слізень ажаніўся з графіняй Камілай Тышкевіч, дваюраднай сястрой Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў, вядомых сваёй апантанасцю ў зборы гістарычных памятак і беларускага фальклору.
Атон жа, які абраў вайсковую кар’еру, паўдзельнічаў у паўстанні 1831 года, але, каб пазбегнуць рэпрэсій, пасля задушэння паўстання паступіў на службу ў расійскае войска. Выйшаў у адстаўку у 1834-м і стаў гаспадарыць у Друцкаўшчыне, дзе напісаў вельмі цікавыя ўспаміны (часткова надрукаваныя).
Рафал, займаючыся “капітальным будаўніцтвам” для суседзяў, тым не менш знаходзіў час і для ўлюбёнай скульптуры. З гіпсу, гліны і бронзы ён стварыў больш за сотню статуэтак, бюстаў, партрэтных медальёнаў як вядомых дзеячаў гісторыі і культуры, так і свайго блізкага атачэння — сваякоў і сяброў. Сярод іншага ім зроблены медальёны графа Генрыка Жавускага, славутага пісьменніка з беларускімі каранямі, Юзэфа Каранёўскага, Клементыны Гофман, Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў, Тамаша Зана, Яна Чачота, Антона-Эдварда Адынца, Міхала Ромера, прафесара Адамовіча і многіх іншых. Невялічкі бюст Адама Міцкевіча быў падараваны ў 1856 годзе Віленскаму музею старажытнасцей Тышкевічаў. Слізеню прыпісваюць таксама стварэнне мініяцюрных копій саркафагаў уладароў Рэчы Паспалітай.
Увогуле створаныя ім медальёны і бюсты маюць вельмі моцнае падабенства з творамі іншага скульптара-самавука Яна Астроўскага, ураджэнца Аршаншчыны (гл. “К” № 42, 43, 2021). Таму аўтарства аднаго і таго ж прадмета зрэдчас прыпісваюць то аднаму, то другому. Даходзіць да кур’ёзаў. Напрыклад, медальён Тамаша Зана мае подпіс Астроўскага, але прыпісваецца Слізеню.
На вялікі жаль, твораў і Астроўскага (які жыў толькі скульптурай), і Слізеня (для якога гэта было хобі) захавалася ў музеях вельмі і вельмі мала, хоць у свой час яны выраблялі бюсты і медальёны ў даволі значнай колькасці. Сёння працы Рафала Слізеня захоўваюцца ў Варшаве, Кракаве, Познані і ў Ракішках (Літва). Але на радзіме Астроўскага і Слізеня шукаць іх працы марна. Чарговы парадокс.
Апякун і настаўнік
Пад апекай Рафала Слізеня пэўны час знаходзіліся згаданы Ян Астроўскі, мастак Вінцэнт Смакоўскі, які з Пецярбурга перабраўся ў Вільню (у яго Слізень набыў некалькі твораў) і “Карупацкі, малады мастак з Вільні”. А вядомы скульптар яўрэйскага паходжання Марк Антокальскі, ужо стаўшы вядомым, аддзячыў памяць настаўніка, развіваючы мастацкі талент дачкі Рафала, Марыі (скульптаркі, якая вучылася яшчэ і ў прафесара Грудэра ў Дрэздэне). У першай палове 1840-х гадоў Слізень распачаў збіраць малюнкі Яна Рустэма і вучняў факультэта літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, маючы намер выдаць іх у рэпрадукцыі разам з жыццярысамі аўтараў. У той самы час Слізень быў абраны ганаровым інспектарам школ у Ігумене.
А яшчэ сталі Рафал і Атон апекунамі Яна Чачота, які ў снежні 1844 года страціў працу ў Храптовічаў у Шчорсах і застаўся без сродкаў для існавання. Нягледзячы на тое, што Чачоты былі даволі разгалінаваным родам, не ў сваякоў, а ў сяброў Ян Чачот знайшоў прытулак. Год пражыў Чачот у Бартніках, потым год у Далматаўшчыне (у Антона Вярбоўскага, сябра-філарэта), а з восені 1846 па вясну 1847 Чачот жыў ужо ў Вольнай у Рафала.
Дарэчы, быў Слізень верным і ўдзячным сябрам Тамашу Зану. Калі той ехаў на сваё вяселле ў Лебедзева, Рафал падараваў яму чацвёрку коней. А потым маладыя падчас шлюбнага падарожжа завіталі і ў Бартнікі, і ў Вольна.
Пад Вільняй у Любава
Апошнія гады жыцця Рафал Слізень разам з сям’ёй жыў у Любаве, непадалёк ад колішняй сталіцы ВКЛ. У даведніках сцвярджаецца, што памёр Рафал 20 мая 1881 года або ў Вольным , або ў Любаве. Знойдзеная метрыка смерці ўсё расстаўляе па сваіх месцах. Смерць напаткала Слізеня 19 мая ў Любаве. Там жа яго і пахавалі — “в пещере под каплицей”. Праўда, узрост Слізеня запісаны памылкова, бо яму было не 86 год, а 76.
Думкі
Улічваючы, што прац Рафала Слізеня і Яна Астроўскага ў Беларусі не захавалася, мо падумаць аб правядзенні выставы, каб пабачыць тое, што захоўваецца па-за межамі Беларусі?