Вялікі дзякуй Людміле Цвірко — загадчыку аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага раённага Дома культуры! Людміла Казіміраўна імгненна адгукнулася на маю рэпліку, што даўно не было навін са слаўнай Узды. Між тым, 27 сакавіка ў раёне прайшоў раённы фестываль гумару, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка нашай краіны Кандрата Крапівы. Паколькі вёска Нізок, дзе нарадзіўся Кандрат Кандратавіч, пераўтварылася за апошні час ў дачны пасёлак, дык мерапрыемствы ладзіліся ў клубнай установе бліжэйшага і яшчэ актыўнага паселішча Прысынак. “Падчас фэсту, — піша Людміла Цвірко, — можна было сфатаграфавацца з персанажамі баек Крапівы. Тэатралізаваная дзея называлася “Кандратава хата запрашае на свята!”. Тут сабраліся гумарысты з усяго раёна. Хто байкі чытаў, а хто спяваў ды на гармоніку граў. Можна было пачаставацца адмысловымі гурочкамі з Нізаўской бочкі ды кваском з крапівы”.
Прыдумаць цікавае мерапрыемства — гэта амадь як верш пра любоў напісаць. Пра любоў да гледача і слухача. У Свіслацкім раёне, да прыкладу, пастараліся. У Навадворскім сельскім клубе адбыўся раённы конкурс “Я — сяльчанка”. У ім бралі ўдзел прадстаўніцы пяці сельсаветаў. Кожная аформіла выставу сваіх любімых страў. А быў яшчэ конкурс відэа-прэзентацый “Жыву ў вёсцы і гэтым ганаруся”. А потым жанчыны спявалі, танцавалі і чыталі вершы. Лепшай аднадушна прызнана супрацоўніца Поразаўскага сельскага савета Людміла Сабірава. Ёй дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый. Во як трэба вёску любіць!
Чарговая свіслацкая фішка — тэатралізаваная дзея “Сакавіцкая Катавасія”. У Грынкавіцкім сектары культуры і дасугу сабраліся і людзі, і “кацейкі” (менавіта так назвалі любімых котак мясцовыя метадысты). Усе разам танцавалі пад песню “Пра чорнага ката”. Цудоўная інфармацыя! Мая б воля, я б пра катоў пастаянна пісаў. Дома мяне чакае бела-чорная чатырохгадовая каціха, якую сын назваў у гонар футбольнай каманды — “Чэлсі”. Як па мне, дык мой звярок — проста Дуся. Яна — мой галоўны абярэг.
Неяк атрымалася, што шэраг сённяшніх пісьмаў — пра брэндавыя акцыі. Адна з іх — свята “Тэатральныя сустрэчы” ў Трабах Іўеўскага раёна. З аддзела метадычнай работы мясцовага цэнтра культуры і дасугу паведамляюць: “Чаму менавіта Трабы? Ды таму што тут даўно і плённа дзейнічае народны драматычны калектыў “Вячоркі”. На тэатральнай сцэне вызначыліся і аматарскі дзіцячы тэатр “Спадарожнік” з Трабаў, драматычныя калектывы з Іўеўскага ЦК і з аграгарадка Суботнікі, лялечны тэатр з аграгарадка Геранёны.”
А ў Ваўкавыскім раёне добрай традыцыяй стала правядзенне раённага агляду-конкурсу аматарскай творчасці “Беларусь — мая песня”. “Свае канцэртныя праграмы, — распавядае загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры Ларыса Ланіна, — прэзентавалі творчыя калектывы ўстаноў сярэдняй адукацыі раёна. Жанравая шматстайнасць стала ці не традыцыяй. Музыка, эстрада, арыгінальныя жанры дапамагаюць адшукваць таленты і выкарыстоўваць іх з агульнай карысцю”.
Магілёўскі абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы здзіўляе сур’ёзнасцю сістэмнай дзейнасці. Вядучы рэдактар установы Крысціна Башарымава распавядае пра чарговае маштабнае мерапрыемства: абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў калектываў, што працуюць у жанры народнай песні. Ладзіўся ён у Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці. Удзельнікі абмяняліся досведам працы і ідэямі, а таксама — методыкамі папулярызацыі беларускіх народных песень, традыцыйнага фальклору і варыянтамі захавання і развіцця мясцовых выканальніцкіх традыцый. Гаворка ішла і аб падтрымцы самабытных спевакоў і творчых калектываў. “У вобласці тры спеўныя традыцыі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, — піша Крысціна Башарымава. — Гэта песенная спадчына вёсак Галавенчыцы Чавускага, песні вясельнага і хрэсьбіннага абрадаў Паршына Горацкага, вясельныя песні вёскі Клін Хоцімскага раёнаў. Вельмі важкі паказчык. Так што шматлікія майстар-класы вельмі арганічна дапоўнілі семінарскія заняткі”.
Наталля Анашкевіч — класны кіраўнік 8 Б класа Лідскай сярэдняй школы № 11 — становіцца нашым сталым пазаштатным аўтарам. Дзякуй за павагу! Вось пра што распавядае спадарыня Наталля: “Турыстычныя маршруты нашых вучняў прайшлі праз Навагрудак, Дзятлава, Слонім, Іўе, Ашмяны, Смаргонь, Астравец. Чарговае падарожжа прывяло ў Гродна — маладзёжную сталіцу краіны 2021 года. Мы пабывалі ў музеях, зрабілі пешы шпацыр па старадаўніх вулачках, наведалі храмы”. Культурная актыўнасць, вартая грунтоўнага пераймання ў іншых рэгіянальных установах адукацыі.
Палац культуры Ліды стаў цэнтрам правядзення адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу дзіцячай аматарскай творчасці “Крыштальны чаравічак-2021”. Сёлета ў конкурснай праграме было заяўлена 40 нумароў. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі дастатковы ўзровень артыстызму і выканальніцкага майстэрства.
Цяпер — пра справы бібліятэчныя. Вы ведаеце, што ў краіне існуе Школа творчага ўдасканалення, развіцця моладзі (“Штурм”)? Між тым галоўным каардынатарам яе дзейнасці і яе кіраўніком выступае Бярэзінская раённая бібліятэка. “Штурм”, па словах загадчыка аддзела маркетынгу і кіраўніка згаданай школы Тамары Круталевіч, распачаў дзейнасць падчас вясновых вакацый. У складзе новага фармавання — вучні гарадскіх і сельскіх школ. Галоўная мэта — творчая самарэалізацыя. Гэта, як сцвярджае аўтарка ліста, не бяскрылае эксперыментатарства, а жывая справа. Хацелася б верыць!
Ушанаванне пераможцаў конкурсу “Кнігалюб” адбылося падчас Тыдня дзіцячай кнігі, што ладзіўся ў Шчучынскай дзіцячай бібліятэцы. Пра гэта паведаміла бібліятэкар установы Ганна Карповіч. У маім дзяцінстве такіх конкурсаў не было. Шкада!
Агляд кніжных навінак наладзілі ў Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэцы. Загадчыца ўстановы Людміла Хілімончык пераконвае, што такія выставы спрыяюць актывізацыі чытання. Цалкам з гэтым згодны! У час маёй маладосці пра новыя паступленні бібліятэкары паведамлялі толькі самым актыўным чытачам. І гэты сакрэт ніхто не выдаваў.
Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская піша пра выхаваўчую ролю кнігі. Па яе словах, шмат у гэтым кірунку зрабіла Вольга Багдановч, якая працуе ў бібліятэцы аграгарадка Міхалішкі. Днямі яна запрасіла вучняў мясцовай школы на прававую віктарыну. А раней былі мерапрыемствы, прысвечаныя абаронцам Айчыны, хатынскай трагедыі.
Магістр гістарычных навук і краязнаўца Андрэй Струнчанка напісаў, што споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння гісторыка, краязнаўцы, археолага і грамадскага дзеяча Аляксея Сапунова, жыццё якога непарыўна звязана з Прыдзвінскім краем. Пэўны час ён жыў у фальварку Кахоўка, што знаходзіцца непадалёк ад Мазалава. З гэтай нагоды ў Мазалаўскай сельскай бібліятэцы ладзілася выстава літаратуры, прысвечанай Аляксею Парфёнавічу. Прайшла і вечарына.
Лідская гарадская бібліятэка № 4 падрыхтавала рэтра-сустрэчу “Стары патэфон”. На мерапрыемства запрасілі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага абслугоўвання Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова запэўніла, што чытачы мелі магчымасць вярнуцца ў сваю маладосць і адпачыць душой.
Ёсць у Зэльвенскім раёне Елкаўская сельская бібліятэка. Тут, піша Вольга Камякевіч, прайшла выстава-канструктар. Дзеці мелі магчымасць майстраваць домікі для птушак. Шпакі засталіся задаволеныя.
Пішыце пра цікавае і здзіўляйце!
Сустрэнемся праз тыдзень.