Нязменны мастацкі кіраўнік конкурсу маладых выканаўцаў — народны артыст Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Фінберг. 11 чэрвеня ў Маладзечне пройдуць другі і трэці туры конкурсу, у якіх прымуць удзел канкурсанты з усіх абласцей Беларусі. Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца ў гэты ж дзень на вячэрнім шоу адкрыцця фестывалю.
Сёлетні фестываль будзе прысвечаны юбілейнай даце і Году народнага адзінства. Рэжысёр-пастаноўшчык урачыстага адкрыцця “Маладзечна-2021” заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ніна Осіпава расказвае:
— Фестываль жыве, развіваецца, і гэты канцэрт будзе мець пэўныя разынкі — у яго праграму мы дададзім юбілейную тэму. Акрамя таго, канцэрт-адкрыццё мы прысвецім творчасці славутага беларускага піяніста і кампазітара Ігара Паліводы, які і напісаў гімн фестывалю “Маладзечна”: у маі будзе адзначацца 70 гадоў з дня яго нараджэння. У праграме Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра — песні на вершы Уладзіміра Караткевіча.
Праграму другога фестывальнага дня — 12 чэрвеня — завершыць вялікі гала-канцэрт, над якім як рэжысёр працуе мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюхоўская. Прадстаўнік рэжысёрска-пастановачнай групы, галоўны рэжысёр Маладзёжнага тэатра эстрады Іван Клешчанка падзяліўся задумай:
— Фестываль у Маладзечне вельмі душэўны дзякуючы гучанню на ім сапраўднай беларускай музыкі. Цырымонія закрыцця пройдзе па сямейнай канцэпцыі. На сцэне за круглымі сталамі будуць сядзець выдатныя паэты-песеннікі, кампазітары, культурныя дзеячы. Мы ўспомнім гісторыю “Маладзечна” не па архіўных звестках, а з вуснаў відавочцаў, што былі пастаяннымі гасцямі фестывалю. Таксама падрыхтуем сумесныя нумары з удзелам маладых артыстаў і прызнаных мэтраў.
Не толькі вялікія канцэрты ў праграме фестывалю, але і многа іншых мерапрыемстваў. Адбудуцца шматлікія творчыя сустрэчы з беларускімі паэтамі, Мінскі абласны драматычны тэатр пакажа пастаноўку “На другі дзень Сёмухі”, плануецца паказ у Маладзечне спектакля “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова анансуе арт-праект “Фестывальны шлях” — на металічнай агароджы ўздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец будзе размешчана 117 банераў з адлюстраваннем самых яскравых і значных момантаў з гісторыі фестывалю і з партрэтамі зорак беларускай эстрады, чые імёны адкрыў фестываль “Маладзечна”.