А раптам вынясуць гарбуза?

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Беларускае вяселле павінна звяртацца да вытокаў
Вялікая ўвага тэме традыцыйнага вяселля ўдзяляецца ў нашай газеце невыпадкова. У тых выпадках, калі ад былых носьбітаў традыцыі яшчэ можна запісаць песні, музыку, вясельныя гульні, абрады і звычаі, неабходна гэта зрабіць як мага хутчэй — дзеля таго, каб засталася памяць для наступных пакаленняў. Бо цікавасць да спадчыны ўзрастае з года ў год. Забыцца на тое, што назапашвалася народам стагоддзямі, мы проста не маем маральнага права. Там, дзе гэта магчыма, трэба ўключаць у практыку работнікаў культуры хоць бы элементы традыцыйнага вяселля. Некаторыя даволі паспяхова гэта робяць. Другая прычына — насельніцтва нашай краіны стала пераважна гарадскім, таму выкарыстанне этнічных традыцый у гарадскім вяселлі беларусаў становіцца важнай задачай. Назіранне за тым, як праводзяцца вяселлі, прыкладна, у Мінску, засмучае — нейкія надуманыя гульні, спаборніцтвы, каб толькі заняць час у рэстаране або кавярні. Калі лічыцца, што сям’я — ячэйка грамадства, то даўно наспеў час, каб беларускае вяселле было і ў горадзе менавіта беларускім.

А для гэтага патрэбныя веды і стварэнне структуры, якая возьме на сябе клопат прапагандаваць і развіваць сямейныя традыцыі. Магчыма, нават праводзіць вяселлі па замове маладой пары менавіта на аснове спадчыны тых рэгіёнаў, адкуль родам жаніх і нявеста або іх бліжэйшыя сваякі. Для гэтага, безумоўна, трэба перш за ўсё таленавіта выконваць традыцыйныя песні і падрыхтаваць увесь ход урачыстасці разам з бліжэйшымі сваякамі, “весці” яго ад пачатку да канца.

Лельчыцкаму раёну пашанцавала

Этнамузыколаг Зінаіда Мажэйка прысвяціла Лельчыцкаму раёну Гомельскай вобласці некалькі сваіх выдатных этнаграфічных фільмаў, у тым ліку “Палескія вяселлі” (1986 год, рэжысёр Юрый Лысятаў), калі здымкі праводзіліся ў пяці розных вёсках на пяці сапраўдных вяселлях, у тым ліку і ў вёсцы Дзяржынск. Аднак у іх паказаны толькі агульныя абрадавыя і спеўныя рысы і не адлюстраваная каштоўная адметнасць радзілавіцкага вяселля.

/i/content/pi/cult/836/17816/13_1.jpg

Свечку сукала Фаіна Цярэнцьеўна Бабовіч.

З 90-х гадоў XX стагоддзя назіраю за багатай традыцыйнай культурай Гомельшчыны. У дакументальным фільме БТ “Восень на Палессі” (здымкі 1992 года, эфір 1994-га, аўтар — Рэгіна Гамзовіч, рэжысёр Генадзь Нікалаеў) адлюстраваны сюжэт абраду навівання наметкі на вяселлі ў вёсцы Дзяржынск. Да 1931 года вёска называлася Радзілавічы, таму ў кнізе з цыкла дакументальных хронік “Памяць” (за 2002 год) фалькларыст Алесь Лозка змясціў апісанне гэтага вяселля пад назвай “Радзілавіцкае вяселле”. Тут ён працаваў дырэктарам школы, тут і шлюб узяў з мясцовай настаўніцай Уллянай Азярчук. А на аснове фальклорнай спадчыны, якую захоўваў гурт мясцовых спявачак, пісаў дысертацыю і такое неабходнае выданне, як “Беларускі народны каляндар”.

захоўваюцца ў сям’і

У 2017 годзе мне пашчасціла не толькі назіраць, але з дапамогай сяброў і аднадумцаў Аляксея Глушко і Альфрэда Мікуса зафіксаваць у фота- і відэарэпартажы сапраўднае вяселле па даўніх і вельмі архаічных звычаях. Дарэчы, яно — другое ў маёй практыцы пасля мотальскага вяселля ў 1996 годзе (адлюстравана ў фільме з цыкла “Радавод” БТ “Шчаслівая гадзіна — весяліся, радзіна!”). Безумоўна, з дазволу маладых і іх блізкай радні. Яны хацелі, каб найперш пра іх вясельныя традыцыі даведаліся сваты, але таксама, каб захавалася доўгая памяць пра тое, што яны самі збераглі для сябе і для нашчадкаў.

У Дзяржынску традыцыю радзілавіцкага вяселля захаваў шматлікі род Лукашэвічаў. Але не шматлікасць садзейнічала яго захаванню, а музычныя таленты, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Прадзед нявесты Вольгі Лукашэвіч, чыё вяселле адбылося ў 2017 годзе, — Васіль Лукашэвіч — іграў на скрыпцы і дудцы, прабабка Алена спявала, а ўслед за ёй і ўсе дочкі. І хоць раз’ехаліся сямейнікі хто куды ў пошуках працы і лепшага жыцця, без музыкі і песень Лукашэвічы не ўяўляюць для сябе ніводнага свята, тым больш вяселля. Не дзіва, што Наталя Лукашэвіч (па мужу Сівак) стала дырэктарам мясцовага сельскага клуба, спявае і клапоціцца менавіта пра фальклорны накірунак дзейнасці калектыву “Пралеска”.

/i/content/pi/cult/836/17816/13_2.jpg

Каравай месяць утрох...

З дзіцячых назіранняў за вяселлямі, а таксама тых, у якіх удзельнічала сама як спявачка, дапоўненых звесткамі ад старэйшых жыхароў вёскі, асабліва спявачак гурта “Пралеска”, Наталя Мікалаеўна апісала мясцовае колішняе вяселле поўнасцю. Апошнія 20 гадоў у Дзяржынску падчас вяселляў выкарыстоўваліся толькі некаторыя традыцыйныя элементы. Гурт засвоіў усе песні, абрады і звычаі, дзякуючы гэтаму апісанню і захавальніцам уласных сямейных традыцый Фаіне Бабовіч (1942 г.н.) і Улляне Цяцерыч (1931 — 2019), а таксама выдатнай спявачцы Аляксандры Фёдараўне Бабовіч (1951 г.н.). Таму, калі ў 2017 годзе выходзіла замуж пляменніца Наталлі Сівак, уся радня вырашыла запрасіць гурт “Пралеска” ў поўным складзе. Дазволілі і нам здымаць усё вяселле. На Пярэпыты або Запоіны чужых ніколі не клічуць, а самі ідуць пад вечар, каб ніхто не бачыў: а раптам вынясуць гарбуза (адмовяць)? Мы здымалі поўныя два дні вяселля Вольгі і Андрэя. Не змаглі толькі пабачыць трэці дзень, які тут называюць“Куры”, бо трэба было вярнуцца на працу.

Першы дзень: калоду ў падарунак

У першы дзень праводзілі абрад сукання свечкі і выпякання караваю. Маладая з сяброўкамі рыхтавала свой строй, вянок з барвінку, падарункі сватам і дружкам маладога. Раней на запоінах быў абрад мерання сарочак, а перад вяселлем маладая адпраўляла да маладога падарункі ўсёй яго бліжэйшай радні, каб яны апранулі на вяселле новыя сарочкі. З дапамогай сябровак маладая ў першы дзень складала прыданае, а хлопцы з яе роду паехалі ў лес, каб ссячы ялінку, і пакінулі хлеб-соль лясному духу. Лес займае 60 працэнтаў тэрыторыі раёна. Лічыцца, што кожны мужчына павінен быць бортнікам, паляўнічым і рыбаловам. На некаторых вяселлях і ў наш час маладыя ў падарунак могуць атрымаць калодныя вуллі. А вясельныя песні і абрады цесна звязаны з тэмай лесу, пчол, воску і мёду.

Свечку сукала Фаіна Цярэнцьеўна Бабовіч, а галоўнай каравайніцай была цётка маладой Наталля Сівак.

Абрад сукання свечкі

Пакуль топіцца печка, сукаюць свечку пад спеў абрадавых мелодый, захоўваючы ўсе неабходныя звычаі. І першая ж песня, з якой пачалося вяселле, была звернута да пчол, якіх заклікалі на дапамогу. Як і перад кожнай дзеяй, прасілі благаславення бацькоў, старэйшых з роду і ўсіх прысутных. Песнямі заклікалі і самога Бога паспрыяць маладым: “Зыйдзі, Божа, з неба! Тепер ты нам трэба. Будом свечку сукаці да веселье гуляці. Вы лететь, пчолонькі, у зелёные дубровонькі, прынесеть воску Ольцы на свечку! Пчолкі воску прыдбалі, шоб мы свечку сукалі. Мы всю ночку не спалі, Ольцы свечку сукалі.”.

Каравай — Божы дар

Рыхтуючыся расчыняць каравай, прыносяць лаву бліжэй да печы, ставяць на яе дзежку, а побач кладуць усе неабходныя прадукты. Пад дзяжу трэба абавязкова пакласці грошы для дабрабыту маладых. Звычайна хросная маці першая павінна расчыняць каравай. Месяць каравай з мукі, яек, цукру ў хлебнай дзежцы. Солі не сыплюць, бо будзе салёнае жыццё ў маладых. Не месяць каравай кулакамі, а месяць толькі далонямі. Бо як будуць мясіць кулакамі, то маладую муж будзе біць. Да выпечкі караваю дапускаліся не ўсе жанчыны: клічуць такіх, каб была не разводніца, не ўдава, каб добра з мужам жыла, мела дзетак.

/i/content/pi/cult/836/17816/13_3.jpg

...цяпер можна і пачаставаць усіх.

Распіванне гарэлкі на ўсіх этапах вяселля — гэта ахвяра продкам, з дапамогай якіх замацоўваецца кожная дзея, а таксама частаванне ўсіх удзельнікаў вяселля, каб яно праходзіла весела, бадзёра — каб такім жа было жыццё маладых у шлюбе. Тройчы асадзіўшы каравай пад традыцыйнае благаславенне і песні, урачыста саджаюць на хлебнай лапаце каравай у печ: “Губата месіла, а рылата саджала, а та красна ясна да ў печ загледала. А ў нашое печы да шырокія плечы, шоб було чатыром легчы — коровая сцерэгчы. Наша печ рогоча — коровая вона хоча”.

Як пасадзяць каравай у печ, у песні павінна прысутнічаць рытуальная лаянка, ганьбаванне каравайніц і ўзвялічванне каравая: “Да котора месіла, шоб яе хондзя (ліхаманка) трусіла! А которая ў печ саджала, шоб яе подержала! Рості, короваю, да з Божого дару — на столе шырокі, а ў печы высокі!”

Пакуль пячэцца каравай, нікога ў хату не пускаюць, каб каравай рос у печы, не асеў. Цяпер можна і пачаставаць усіх.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота Альфрэда МІКУСА


Працяг — у наступных нумарах "К".