Хоць царква ў нас, як і мае быць у цывілізаванай краіне, заканадаўча ад дзяржавы аддзелена і з’яўляецца прыватнай справай грамадзян, духоўнасць, у тым ліку і ў рэлігійнай форме, застаецца адным з важнейшых чыннікаў нашай нацыянальнай тоеснасці, на якой у сваю чару грунтуецца дзяржаўны суверэнітэт. Мы бачым, якім святам становяцца для гарадоў і мястэчак вяртанне храмаў вернікам ці пабудова новых цэркваў і касцёлаў. Падзеяй нацыянальнага маштабу стала ўзнаўленне крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай. У гэтым кантэксце варта разглядаць і вяртанне Тураўскага крыжа, які структурна мае шмат агульнага з крыжам Святой Еўфрасінні, у культурнае, грамадскае і царкоўнае жыццё.
Невыпадкова і высокая ўзнагарода — прэмія “За духоўнае адраджэнне” — аўтарскаму калектыву, намаганнямі якога ўзнаўленне крыжа стала рэчаіснасцю. Гэты калектыў складаюць як непасрэдныя выканаўцы, так і арганізатары працы. Тут спалучаецца творчасць мастака, дзейнасць адміністратара і аналітыка-навукоўца.
Прэміяй узнагароджаныя: кіраўнік праекта, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва — начальнік ўпраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай Праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева; мастак, аўтар эскіза Тураўскага крыжа Алена Андрушчанка; ювелір, які выканаў працу паводле канонаў мастацтва Сярэднявечча, дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю “Залаты платан” Алег Ермаловіч;
Крыж узноўлены ў двух экземплярах. Адзін прызначаны для Тураўскай епархіі, другі будзе захоўвацца ў Нацыянальнай акадэміі навук.