Піліпаў пост — да святак мост

№ 50 (1490) 12.12.2020 - 18.12.2020 г

Як закласці ў гарадскі бюджэт узоры этнаскарбаў мудрых продкаў?
Піліпаўкай называюць шасцітыднёвы перадкалядны пост. Загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа. Самыя старэйшыя жанчыны, каму зараз пад 90 і болей, а таксама тыя, з кім даводзілася гутарыць раней, яшчэ ўдзельнічалі ў вясковых вячорках або попрадках і ўспамінаюць гэтую сумесную працу з асаблівай цеплынёй, як творчую і цікавую, пазнавальную і ўдумліваю пару года. На ўсходзе Беларусі гэты звычай збірацца ў адной хаце ў зімовую пару для прадзення называлі “хадзіць у начлежкі”, бо часта там жа заставаліся начаваць — дадому было ісці страшна. Нават зараз у Чачэрскім і іншых раёнах ваўкі павадзіліся ў вёскі, бо для іх гэта час, калі яны вучаць сваіх ваўчанят здабываць сабе ежу. А некалі засцерагалі дзяцей і моладзь: у Піліпаўку ваўкі ходзяць зграямі, спраўляюць свае вяселлі, таму сустрэча з імі можа быць небяспечнай.

/i/content/pi/cult/828/17690/23.jpgАле вячоркі — не проста сумесная праца, калі вопытныя праллі перадавалі некалі свой працоўны досвед малодшым. Яны паміж сабой спаборнічалі: хто прадзе хутчэй і выводзіць танчэйшую нітку. А старэйшыя прыкмячалі, каторая дзеўка працавітая, акуратная, добра спявае, набрала розуму і гатовая да шлюбу, бо прыглядалі нявест для сваіх сыноў. Для моладзі гэта быў час, калі можна было пачуць легенды, паданні, казкі, былічкі і проста цікавыя праўдзівыя гісторыі пра жыхароў вёскі — цяперашніх і былых. Усё гэта трывала адкладалася ў памяці, нябачным ланцужком звязвала з продкамі. Такое ўсебаковае працоўнае навучанне і сацыяльнае выхаванне дзяўчынак у калектыве аднавяскоўцаў было сапраўднай школай, фарміравала асобу.

Для чаго патрэбны ігрышчы

Тужлівыя песні пра жаночую долю, сямейныя ўзаемаадносіны, а ў пэўныя дні — песні пра святых Піліпа, Андрэя, Кацярыну, Юрая, Варвару, Міколу гучалі ў такт кручэння верацяна або калаўрота. І сёння яшчэ “святыя песні” захаваліся на Тураўшчыне, у Чачэрскім і Веткаўскім, некаторых іншых раёнах — там, дзе некалі хадзілі старцы з лірай і пакінулі сляды манастырскіх песнапенняў і былога навучання сляпых у школах лірнікаў. Вядома, што каля Турава была такая школа — магчыма, у вёсцы Слепцы, пра што сведчыць яе назва. Хрысціянства і дахрысціянскія погляды і звычаі арганічна перапляталіся і трывала замацоўваліся ў памяці падчас піліпаўскіх попрадак. Але не ўсё было так сумна. Часам прыходзілі хлопцы з гармошкай. А там, дзе сёлы былі вялікія і жанчыны збіраліся асобна, а дзяўчаты — асобна, то моладзь пад наглядам толькі гаспадыні хаты магла сабе дазволіць гульні і іншыя забавы. І гэта не супярэчыла задачам сельскай абшчыны. Наадварот, ігрышчы моладзі ў зімовую пару лічыліся неабходнымі, бо забяспечвалі падбор новых шлюбных пар.

Пачыналіся ігрышчы з Піліпаўскіх запускаў 27 лістапада, затым працягваліся на Каляды і Масленіцу. Самыя вядомыя ігрышчы, якія ў жывой традыцыі дайшлі да нашага часу і ўвайшлі ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны, гэта “Ката пячы” — традыцыя Міншчыны, што захавалася ў аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна, а таксама “Жаніцьба Цярэшкі” — калядная гульня моладзі ў Лепельскім раёне, некалі адметная для ўсяго Паазер’я. Падчас ігрышчаў старэйшае пакаленне старалася сфарміраваць новыя шлюбныя пары, каб працягваўся род і ніхто не застаўся адзінокім. Старэйшыя перадавалі маладым свой вопыт жыцця ў мастацкай форме і навучалі іх творчасці.

Агонь на пасвеце

На Тураўшчыне час вячорак і ўвогуле ўсю зімовую пару, прысвечаную вырабу адзення і абутку, распачынаў архаічны абрад “Жаніцьба Коміна (або светача, пасвета)”. А завяршалася гэтая пара на Фаміным тыдні (тыдзень пасля Вялікадня) такім жа абрадам, калі ў хаце апошні час распальвалі агонь на пасвеце і вадзілі вакол яго карагоды, спявалі, сабраўшыся ў апошні раз. Наперадзе — вялікія працоўныя дні ў полі пад яркім, а часам і пякучым сонцам, калі трэба рана ўстаць і позна легчы — дзеля хлеба надзённага на ўвесь год.

Пасвет — гэта рашотка або бляха, на якой гарэла лучына, а дым ішоў праз комін з мешкавіны, абмазанай глінай і пабеленай, на гарышча. Часам Комін, які паўтараў абрысы пячнога, рабілі з лазы, дошак або бляшаны. У традыцыйнай культуры беларусаў год дзеліцца на дзве паловы — зімовую і летнюю, дык вось зімовую пару на Палессі маркіруе менавіта гэты абрад. Яго памятаюць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага і ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёнаў. Лічылася, што Коміна жэняць з жаночай працай ў хаце, калі прадуць і ткуць пры асвятленні лучынай.

У Любані аднавілі звычай з вёскі Закальное, які некалі тут існаваў: на Загавіны перад Вялікім постам выносяць на вуліцу бляшаны зімовы свяцільнік, які тут называюць лучнік, і падвешваюць на бярозу. Кожная жанчына раней прыносіла па жменьцы кастрыцы і спальвала на лучніку, што азначала, што пара прадзення скончылася. А на бярозу закідалі пасмы ільну ад кудзелі: хто вышэй закіне, у той на наступны год будзе лепшы ўраджай ільну.

І павук круціўся…

За два тыдні да Каляд ужо можна было спяваць абрадавыя песні. Іх паўтаралі, размяркоўвалі ролі на час калядных абыходаў. Выразалі на вокны сняжынкі, як робім мы і зараз, абнаўлялі фіранкі ў выглядзе выстрыганак, бо пад вокны на Каляды прыходзілі спяваць калядкі. А на Шчодры вечар у двары і ў хаце адбываўся калядны карнавал з традыцыйнымі маскамі, песнямі, жартамі, сцэнкамі, таму акно іграла важную ролю ў абрадавых дзеях. У кожнай сям’і чыста прыбіралі хату, мылі падлогу, засцілалі святочныя посцілкі і вешалі чыстыя ручнікі на абразы, а ў Чырвоны кут над сталом падвешвалі саламянага павука. Ад гарачых страў падымалася пара, і павук круціўся. Гэта было не толькі прыгожа і забаўна для малых дзетак. Павук — сімвал Сусвету, таго створанага Богам-творцам, які быў страчаны людзьмі. Бога параўноўвалі з ткачом-павуком, а працэс стварэння Сусвету — з вырабам тканіны.

Саламяны павук для сям’і — яе ахоўнік, які забяспечвае дабрабыт і лад. Шкада, што ў сучасных гарадскіх кватэрах не кожны гаспадар і гаспадыня могуць дазволіць сабе такое сімвалічнае ўпрыгожанне. Раней жа ў беларусаў не было традыцыі прыносіць з лесу ў хату зялёную ялінку, але быў саламяны павук. Зразумела, можна зрабіць сваімі рукамі саламяныя цацкі — атрымліваецца прыгожа. Праўда, той сімволікі, якую меў некалі павук, яны не створаць… Сёння традыцыйная культура, якая захавалася ў жывой традыцыі, змагла выжыць толькі ў сем’ях, дзе яе лічаць каштоўнасцю. І за рэдкім выключэннем — у вясковай супольнасці.

Адрадзіць гарадскі карнавал

Там, дзе яшчэ спраўляюць абрады калядавання і шчадравання, перыяд падрыхтоўкі да іх сплочвае ўдзельнікаў духоўна і творча. Паднаўляюцца або робяцца новыя маскі, развучваюцца абрадавыя песні, сцэнкі жывой батлеі, запрашаюцца музыканты. Цяпер ужо не ходзяць з батлейкай, але спектаклі паказваюць у клубах і музеях, на школьных ранішніках і ў дзіцячых садках. Калядны карнавал — вясёлая забава для дзяцей і дарослых. Прыкладам местачковага карнавалу можа служыць традыцыя ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна, якая мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі. Шкада, што карнавальныя звычаі па народных традыцыях шырока не аднаўляюцца ў нас у гарадскім асяроддзі. Навагодняя ноч у сталіцы на арганізаваных пляцоўках праходзіць не заўсёды цікава. Моладзь стараецца дадаць жару і шуму петардамі, што небяспечна. Між тым у Мінску, абласных цэнтрах і гарадках Беларусі шмат творчых людзей. Усё залежыць ад жадання кіраўніцтва распрацаваць канцэпцыю свята на аснове народных этнічных традыцый і закласці сродкі на іх падрыхтоўку ў гарадскія бюджэты. Выдаткі акупяцца, бо няма нічога больш важнага, як зберажэнне сваёй культуры, створанай мудрымі продкамі.

Наш скарб!

Напісанае — не проста экскурс у мінулае, настальгічнае ўздыханне і туга па страчанай спадчыне. Хачу нагадаць: традыцыйная культура беларусаў — вечны напамін пра тое, што мы павінны захаваць у сваім жыцці, у сваіх сем’ях, у нашым сучасным грамадстве. Гэта наш скарб, наша адметнасць, якую мы проста не маем права забыць.

Беларусы маюць сваю багатую і старажытную культуру, вясковыя этнічныя традыцыі і гарадское высокаразвітае тэатральнае, музычнае мастацтва, музейнае асяроддзе, турыстычныя паслугі. І гэта даступна кожнаму. Давайце не будзем прыніжаць сябе і свой народ, пераймаючы чужое нізкапробнае “мастацтва для шырокіх мас”. Трэба часцей папулярызаваць і развіваць уласную культуру, замацоўваць усё карыснае і добрае, што йдзе спрадвеку ад нашых продкаў, пазбягаць непрыгожых аднадзённых штампаў.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота аўтара.