Два гады таму ўраджэнец Оршы, прадпрымальнік і мецэнат Андрэй Балабін набыў у сваякоў дом пісьменніка. Стаіць ён на вуліцы, якая раней насіла класічную для савецкіх гарадоў назву Касманаўтаў, а пазней была перайменавана ў гонар Уладзіміра Караткевіча. Дом гэты бацькі пісьменніка набылі на вёсцы ды перавезлі ў Оршу, бо іх уласны быў знішчаны ў вайну. Збіраць хатку на новым месцы дапамагаў бацькам і Уладзімір. Тут прайшлі школьныя гады будучага пісьменніка, тут ён жыў, калі працаваў настаўнікам у аршанскай школе. Сюды ж прыехаў у 1983 годзе, за год да смерці. Гнала яго ў родныя мясціны невыносная туга па памерлых у адзін дзень, 28 лютага, каханай жонцы і любімай цётцы.
Гэты бацькоўскі дом пісьменнік з фатаграфічнай дакладнасцю апісаў у рамане “Нельга забыць”, які ён пачаў пісаць у верасні 1960 года. Назва, пад якой Караткевіч планаваў выпусціць раман у свет — “Леаніды не вярнуцца да зямлі”, савецкая цэнзура не прапусціла. А ў маленькай пуньке, на гарышчы, якая захавалася да нашых дзён, Уладзімір Караткевіч напрыканцы 1950-х гадоў напісаў першы варыянт рамана “Дзікае паляванне караля Стаха”. Іншымі словамі, “тут усё самой гісторыяй дыхае”.
Таму так важна было захаваць гэты дом, даць яму другое жыццё, як музею і культурнаму цэнтру, і Андрэй Балабін даволі некепска з рэалізацыяй анансаваных адносна дома планаў спраўляецца.
Ідэя стварэння мурала ў гонар Уладзіміра Караткевіча таксама належыць спадару Балабіну. Ён жа і фінансуе гэты цікавы праект, які літаральна на вачах пачынае прамалёўвацца на тарцавым баку звычайнага блочнага пяціпавярховіка. Стаіць ён, што важна, па-суседству з домам пісьменніка, на вуліцы, названай у гонар вядомага дзеяча Вялікай французкай рэвалюцыі, лекара і лідара якабінцаў Жан-Поля Марата.
Згодна з эскізам мурал з’яўляецца калажом, які спалучае выяву Уладзіміра Караткевіча, цытаты з рукапісаў і малюнкі самога пісьменніка. Працуе над рэалізацыяй праекта (часам начамі) аршанскі мастак Дзмітрый Таўкачоў.
З улікам 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, дадзены праект набывае яшчэ большую вагу. Не толькі для аршанцаў, але і для ўсіх нас, беларусаў! За што вельмі хочацца падзякаваць яго аўтарам.